Вы тут

Неапраўданая рызыка. Наводзячы парадак на зямлі, задумайцеся аб наступствах


Нягледзячы на тое, што дзе-нідзе яшчэ ляжыць снег, пачатак вясны — нагода пагаварыць пра навядзенне парадку. Нашы людзі такія: як толькі прыгрэе першае сонейка, распачынаюць генеральную прыборку на прысядзібных участках. На жаль, не заўсёды пры гэтым выконваюць элементарныя правілы бяспекі.


Менавіта з наступленнем вясны пачынаецца пажаранебяспечны перыяд. Кожны год, наводзячы парадак каля хат, спальваюць смецце і мінулагоднюю траву, а ратавальнікі выязджаюць на сотні, а то і тысячы пажараў, звязаных з сезоннымі работамі на зямлі. Як паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, летась у краіне адбылося 7990 пажараў у прыродных экасістэмах, у выніку якіх загінулі 17 чалавек. З іх 7258 выпадкаў гарэння травы і кустоў адбылося на плошчы больш чым 1,82 тысячы гектараў. Асноўнымі прычынамі ўзгаранняў, як паведамляюць ратавальнікі, традыцыйна з'яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас спальвання сухой расліннасці.

Як паведамiў афiцыйны прадстаўнiк Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Яўген БАРАНОЎСКI, сёлета першыя ўзгараннi ў экасiстэмах былi зафiксаваны ў лютым. Пiк падобных узгаранняў, па яго словах, прагназуецца на сакавiк-красавiк. «Для таго каб пазбегнуць падобнай сiтуацыi, як у мiнулым годзе, усе органы i падраздзяленнi па надзвычайных сiтуацыях праiнфармаваны аб праблематыцы, прымаюцца неабходныя меры па прафiлактыцы такiх узгаранняў, прыведзены ў гатоўнасць сiлы i сродкi, эксплуатацыя тэхнiкi забяспечана на высокiм ўзроўнi, — адзначыў Яўген Бараноўскi. — Сёння мы гатовы да таго, каб рэагаваць на магчымыя наступствы, але разам з тым усё залежыць ад людзей, ад выканання iмi элементарных правiлаў бяспекi».

Ахопленыя полымем

Як правіла, ахвярамі пажараў, што ўзнікаюць падчас спальвання травы, становяцца пенсіянеры, якія наводзяць парадак на сваіх участках. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. 25 жніўня 2022 года адбыўся пажар — у вёсцы Дзмітрыеўка Добрушскага раёна. Як высветлілася, 77-гадовы мужчына спальваў каля свайго ўчастка смецце, з-за чаго загарэліся пажніўныя рэшткі ў полі. Спрабуючы самастойна патушыць пажар, пенсіянер атрымаў апёкі і быў шпіталізаваны.

Большасць трагедый адбываецца, калі пры спальванні смецця людзі выкарыстоўваюць лёгкаўзгаральныя вадкасці. У прыватнасці, 4 чэрвеня мінулага года недалёка ад вёскі Аксакаўшчына Мінскага раёна атрымала апёкі 32-гадовая жанчына. Яна наводзіла парадак на тэрыторыі дачнага ўчастка ў садовым таварыстве «Крыніца-2009»: спальваючы смецце, палівала яго лёгкай на загаранне вадкасцю. Жанчына не паспела і заўважыць, як расліннасць навокал загарэлася. У лічаныя хвіліны і сама гаспадыня была ахоплена полымем — на ёй загарэлася адзенне. Пасля ў пацярпелай дыягнаставалі тэрмічныя апёкі 18 % цела І, ІІ, ІІІ і ІV ступеняў.

— Заканамернасць такіх пажараў у тым, што людзі наўмысна спальваюць сухую траву і смецце, не задумваючыся аб наступствах, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Іх жаданне такім чынам навесці парадак на сваім участку часцей за ўсё нясе толькі разбурэнні і матэрыяльныя страты. Полымя, якое разбушавалася, цяжка спыніць, а пацярпець можа не толькі маёмасць, але і сам падпальшчык.

На жаль, вядомыя выпадкі, калі выпальванні сухой травы прыводзілі да самых цяжкіх наступстваў — гібелі людзей. У сярэдзіне жніўня трагедыя здарылася ў вёсцы Запясочча Жыткавіцкага раёна. Пасля таго як агонь знішчыў 15 сотак іржышча на ўчастку прыватнага домаўладання, ён перакінуўся на насаджэнні пшаніцы сельгаспрадпрыемства, дзе знішчыў 0,03 га хлебнай культуры. Супрацоўнікам МНС удалося выратаваць 11,97 га пшаніцы. Гаспадара ўчастка знайшлі на пшанічным полі. Мужчыну шпіталізавалі ў бальніцу з апёкамі спіны, грудзей, абедзвюх рук і жывата рознай ступені. Як потым высветлілася, 82-гадовы пенсіянер вырашыў навесці парадак на прысядзібным участку, выпальваючы пажніўныя рэшткі і ржышча пасля ўборкі збожжавых, і не заўважыў, як агонь перакінуўся на пшанічную ніву. Гаспадар спрабаваў сам патушыць узгаранне і атрымаў апёкі. Пазней ад атрыманых траўм пацярпелы памёр у бальніцы.

За выпальванне травы — да крымінальнай адказнасці

Рызыкуючы ўласным здароўем і нават жыццём, многія нават не падазраюць, якую шкоду наносяць навакольнаму асяроддзю, калі з дапамогай агню спрабуюць прыбраць леташнюю траву. Травяныя палы хутка распаўсюджваюцца, асабліва ў ветранае надвор'е. Агонь раздзімаецца імгненна, яго вельмі складана ўтрымаць і спыніць. Спальванне смецця на прысядзібным участку ці проста паблізу будынкаў можа стаць прычынай узгарання і нанесці шкоду пабудовам, а то і ўвогуле іх знішчыць.

Нярэдка на вачах вінаватых у пажарах агонь перакідваўся на жылыя дамы і пабудовы. Такі выпадак адбыўся год таму ў вёсцы Руда Ліпічанская Мастоўскага раёна. 26 сакавіка каля 16 гадзін дня гаспадары аднаго з дамоў вырашылі навесці парадак на сваім падворку: у вялікую кучу было сабрана ўсё назапашанае «дабро», чыркнула запалка — а далей пайшло не па плане. Моцны вецер у лічаныя секунды разнёс полымя на дзясяткі метраў, тут жа схапілася сухая трава. Гаспадары патэлефанавалі ў МНС тады, калі агонь ужо перакінуўся на пабудовы. Каб суняць полымя, ратавальнікам спатрэбілася больш як дзве гадзіны, дзесяць пажарных разлікаў. Акрамя таго, у тушэнні ўзгарання былі задзейнічаны работнікі лясгаса і мясцовага сельгаспрадпрыемства на спецтэхніцы. Пажарам былі знішчаны два жылыя і тры нежылыя дамы, 17 гаспадарчых пабудоў.

Пры выбары спосабу ўтылізацыі смецця ратавальнікі рэкамендуюць аддаваць прыярытэт бяспечным. Калі вы ўсё ж вырашылі развесці вогнішча ў сябе на падворку, то не варта грэбаваць простымі правіламі бяспекі. Па-першае, калі ўжо і спальваць смецце, то абавязкова ў зацішнае надвор'е. Вогнішчы лепш разводзіць удалечыні ад будынкаў, лясоў ці сціртаў саломы. Катэгарычна не дапускаецца выпальваць сухую расліннасць, іржышча, разводзіць вогнішчы на тарфяных грунтах, пад кронамі дрэў, выкарыстоўваць для распальвання вогнішчаў і вугалю лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцяў (за выключэннем вадкасцяў, спецыяльна прызначаных для распальвання).

Трэба заўважыць, што парадак наводзяць не толькі на асабістых падворках, але і на прыдарожных тэрыторыях. У выніку такіх «генеральных прыборак» часам пакутуе прыпаркаваны паблізу транспарт. Пры парывістым ветры агонь распаўсюджваецца вельмі хутка — і ліквідаваць яго няпроста. 14 красавіка 2022 года ратавальнікам паступіла паведамленне аб узгаранні сухой расліннасці на Барысаўскім тракце ў горадзе Лепелі. Калі падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прыбылі да месца выкліку, там гарэла не толькі сухая трава, але і легкавы аўтамабіль «Мэрсэдэс Віта». Ратавальнікі ліквідавалі ўзгаранне, ніхто не пацярпеў. У выніку гарэння травы былі пашкоджаны тры аўтамабілі.

Як нагадваюць у МНС, у нашай краіне выпальванне сухой расліннасці забаронена законам. Згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў, а таксама ржышча і пажніўных астаткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. За развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана накладанне штрафу да 12 базавых велічынь. У выпадку прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць.

Што трэба ведаць аматарам шашлыкоў

Ратавальнікі нагадваюць пра яшчэ адну вясновую «праблему», маючы на ўвазе аматараў адпачынку на прыродзе. І ўсё было б добра, калі б, адпраўляючыся на «шашлыкі», грамадзяне выконвалі правілы бяспекі пры развядзенні вогнішчаў, прыбіралі пасля сябе тэрыторыю. Як паказвае практыка, аб гэтым адпачывальнікі думаюць у апошнюю чаргу або не клапоцяцца ўвогуле: забываюць патушыць вогнішчы, кідаюць у траву недакуркі. І мала хто задумваецца аб тым, што недакурак на полі з сухой травой правакуе ўзгаранні на значнай плошчы. Парывамі ветру агонь разносіцца на вялікія адлегласці, знішчаючы ўсё на сваім шляху.

— Каб адпачынак на прыродзе быў сапраўды бяспечным, выкарыстоўвайце мангал або грыль толькі пры ўмове забеспячэння бесперапыннага кантролю за працэсам гарэння і тлення, — звяртае ўвагу Анастасія Швайбовіч. — Пры распальванні не выкарыстоўвайце гаручыя вадкасці. Не пакідайце ў месцах адпачынку непатушаныя вогнішчы, запалкі, недакуркі, шкляныя бутэлькі (на сонца яны працуюць як павелічальнае шкло, факусіруюць сонечнае святло і падпальваюць траву). І калі вы сталі сведкамі ўзгаранняў у экасістэмах, не праходзьце міма! Пры немагчымасці патушыць пажар самастойна, паведамляйце аб гэтым ратавальнікам па нумары 101 або 112.


Асноўныя правілы пры развядзенні вогнішчаў, спальванні смецця:

  • разводзіць вогнішчы варта пры ўмове забеспячэння бесперапыннага кантролю за працэсам гарэння і тлення;
  • месца для развядзення вогнішчаў павінна быць ачышчана ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці;
  • у даступнасці неабходна мець ёмістасць з вадой, пяском ці вогнетушыцель, каб хутка патушыць полымя;
  • працэс гарэння павінен ажыццяўляцца такім чынам, каб полымя і іскры не траплялі на гаручыя элементы будынкаў і збудаванняў, дзе захоўваюцца гаручыя рэчывы і матэрыялы;
  • сыходзячы, неабходна затушыць вуглі да поўнага спынення тлення.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.