Вы тут

Газета «Звязда» — лаўрэат конкурсу Мінабароны


У Міністэрстве абароны падвялі вынікі штогадовага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Сумесны праект рэдакцыі і абароннага ведамства — «Плацдарм», за выпуск якога адказвае рэдактар аддзела палітыкі Вераніка Канюта, — адзначаны першай прэміяй у намінацыі «Спецыяльны праект».


Фота: БелТА.

Сярод лаўрэатаў — журналісты вядучых друкаваных выданняў, інфармацыйных агенцтваў, радыё і тэлебачання. Як адзначыў падчас цырымоніі ўзнагароджання прадстаўнікоў масмедыя міністр абароны Віктар Хрэнін, сёння ў няпростых умовах ваенна-палітычнай абстаноўкі, калі супраць нашай маладой рэспублікі ідзе інфармацыйная вайна, менавіта такія каштоўнасці як бяспека і мір набываюць асаблівы сэнс.

— Вы, паважаныя журналісты, у адным страі з ваеннаслужачымі беларускай арміі і прадстаўнікамі іншых сілавых структур знаходзіцеся на перадавой, абараняючы і адстойваючы інтарэсы нашай роднай Беларусі, — звяртаючыся да прадстаўнікоў СМІ, заўважыў кіраўнік абароннага ведамства. — Беларускі народ штодзень, дзякуючы вашай прафесійнай дзейнасці, даведваецца аб тым, што робіцца ў нашай краіне для забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы.

Па словах міністра абароны, ва многім, дзякуючы творчасці журналістаў, у нашай краіне і далёка за яе межамі добра ведаюць магчымасці і патэнцыял сучасных Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. «Дзякуючы вашым аб’ектыўным і дакладным рэпартажам і публікацыям аб арміі, нашы нядобразычліўцы асцерагаюцца размаўляць з нашай краінай з пазіцыі сілы, — маючы на ўвазе лаўрэатаў конкурсу, адзначыў Віктар Хрэнін. — Менавіта дзякуючы вашым сюжэтам, тысячы беларускіх хлапчукоў мараць стаць сапраўднымі абаронцамі Айчыны. Сёння мы маем права гаварыць аб высокай эфектыўнасці і рэзультатыўнасці супрацоўніцтва Узброеных Сіл і сродкаў масавай інфармацыі».

Кіраўнік ваеннага ведамства выказаў падзяку прадстаўнікам масмедыя за важкі ўклад у забеспячэнне ваеннай бяспекі краіны. Ён упэўнены ў тым, што дзейнасць журналістаў і надалей будзе адрознівацца аб’ектыўнасцю і высокім прафесіяналізмам, а тэмы будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл, абароны Айчыны, патрыятычнага выхавання і ў па-ранейшаму будуць займаць годнае месца на старонках выданняў, тэле- і радыёэфіры.

Па словах намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага, у Год міру і стварэння, аб’яўлены ў нашай краіне, конкурс гучыць як ніколі востра і важна. «Перад намі стаіць сумесная задача — усвядоміць, як рухацца далей: якім чынам развіваць сродкі масавай інфармацыі, як садзейнічаць забеспячэнню бяспекі нашай краіны», — падкрэсліў намеснік міністра. І ў гэтай сувязі, па яго меркаванні, многае залежыць ад журналістаў: ключавая задача — дзейнічаць пяром, каб не пайшлі ў год гарматы, ракеты.

Ігар Бузоўскі адзначыў, што інфармацыйная бяспека сёння вельмі важная і актуальная не толькі для вузкапрофільнай дзейнасці асобных галін міністэрстваў і ведамстваў, але і для ўсёй дзяржавы і кожнага чалавека паасобку. «Неабходна напрацоўваць медыяпісьменнасць не толькі праз метадычныя дапаможнікі, але і праз зносіны са спецыялістамі, абменьвацца вопытам, — лічыць ён. — Кожны карыстальнік інтэрнэту — гэта ўдзельнік інфармацыйнага поля. Таму важна разумець, што адбываецца ў сетцы, ведаць, як правільна дзейнічаць і адстойваць свае інтарэсы ў інфармацыйным полі».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.