Вы тут

Качанава: Дзеці з аўтызмам мусяць і далей жыць у соцыуме, працаваць, ствараць сем’і


Пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай прайшло чарговае пасяджэнне кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па пытаннях адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Мерапрыемства было арганізавана на базе рэсурснага цэнтра ранняга ўмяшання для дзяцей ранняга ўзросту 19-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.


У абмеркаванні пытанняў прынялі ўдзел міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, міністр адукацыі Андрэй Іванец, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Богдан, члены Савета Рэспублікі, урачы і педагогі, спецыялісты па ранняй дыягностыцы і рэабілітацыі.

Наталля Качанава нагадала, што тэма трапіла ў поле зроку кіраўніцтва Савета Рэспублікі пасля зваротаў бацькоў дзяцей з асаблівасцямі, у прыватнасці растройствамі аўтыстычнага спектру. Ужо праведзена некалькі пасяджэнняў кансультатыўнага савета. 

— З аднаго боку, дзяржава зрабіла ўсё, ствараючы такія рэабілітацыйныя цэнтры, дзе дзеці вучацца новым навыкам, праходзяць рэабілітацыю. Кодэкс аб адукацыі прадугледжвае інтэграцыйнае навучанне ў школе. Сем’ям, якія выхоўваюць такіх дзяцей, аказваецца ўсебаковая дапамога. Аднак разам з тым, некаторыя бацькі сутыкаюцца з рознымі праблемамі на розных этапах, — адзначыла Наталля Качанава.

Яна дадала, што колькасць дзяцей з аўтызмам павялічваецца, і гэта характэрна для многіх краін свету. Таму на гэту праблему нельга не звяртаць увагу.

— Гэта грамадзяне нашай краіны, якія і далей мусяць жыць у соцыуме, працаваць, ствараць сем’і, — падкрэсліла спікер Савета Рэспублікі. — Сёння мы наведалі ўстанову аховы здароўя, у наступны раз паглядзім установу адукацыі, а далей будзем працаваць над тымі пытаннямі, якія з’яўляюцца ў бацькоў. 

У 2022 годзе ў краіне працавала 50 цэнтраў ранняга ўмяшання: у Мінску — 7, у Брэсцкай вобласці — 15,у Віцебскай— 5 , у Гомельскай — 3, у Гродзенскай — 7, у Мінскай — 8, у Магілёўскай — 5. У пачатку 2023 года з’явіліся яшчэ тры: два — на базе дзіцячых паліклінік Мінска, адзін — на базе Гомельскага абласнога дома дзіцяці. Запланавана адкрыццё яшчэ 5 цэнтраў на базе цэнтральных раённых бальніц — Століна, Кобрына, Смаргоні, 14-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска і Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы.

Алена КРАВЕЦ

Фота: ТГ-канал Савета Рэспублікі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.