Вы тут

«Калі яны зробяць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткі»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з замежнымі і беларускімі журналістамі распавёў, хто не хоча міру ва Украіне і ў якім выпадку Беларусь будзе гатовая задзейнічаць войска, перадае БелТА.


«Я гатовы разам з расіянамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль выпадку: калі адтуль хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей. Калі яны зробяць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткі. І вайна набудзе зусім іншы характар», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта тычыцца не толькі Украіны, але і іншых суседзяў.

Адказваючы на пытанне журналіста BBC, ён нагадаў, што яшчэ да пачатку Расіяй спецыяльнай ваеннай аперацыі па тэрыторыі Беларусі з боку Украіны рыхтаваўся ўдар ракетнымі сістэмамі залпавага агню. «Гэта былі наўмысныя дзеянні ўкраінскага боку. Не ведаю толькі, навошта гэта трэба было. Яны ў першыя хвіліны былі падвергнуты ўдару з тэрыторыі Беларусі. Гэта было за некалькі хвілін — раніцай перад пачаткам спецыяльнай ваеннай аперацыі», — сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ з 2020 года Украіна фактычна першай увяла санкцыі ў дачыненні да Беларусі, яшчэ нават да заходніх краін. «Не ЗША, не англасаксы, не Заходняя Еўропа. На жаль, наша родная Украіна. Неба закрыла, правакацыі пачалі здзяйсняць, рыхтавалі баевікоў», — пералічыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама нагадаў пра заявы заходніх палітыкаў, што Мінскія пагадненні былі выкарыстаны як магчымасць падрыхтаваць ўкраінскую армію да вайны.

«Вы кажаце — „уварванне“. Думаю, не ўварванне. Гэта не ўварванне. Украінскія ўлады самі справакавалі гэтую аперацыю. Вось падобнымі дзеяннямі. Я іх толькі некалькі назваў. Трэба было тады дамовіцца з Расіяй, каб не было гэтай вайны. Але ўсё было нацэлена, пачынаючы ў тым ліку з мінскіх пагадненняў, каб развязаць вайну, — канстатаваў беларускі лідар. — Ніякага ўварвання не было. Я лічу, гэта абарона інтарэсаў Расіі і тых людзей, якія там жылі, — рускіх людзей».

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб дзеяннях ўкраінскіх уладаў у Данбасе і гісторыю з спаленнем людзей у Адэсе.

Прэзідэнт упэўнены, што Украіна была толькі падставай для развязвання вайны, да якой штурхаў Захад. Больш таго, там ёсць цікавасць да расчлянення Украіны. «Вы вінаваціце Расію. О, гэта вы хочаце рукамі палякаў расчляніць Украіну», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў да мірных перамоваў: «Хочаце міру ва Украіне — давайце з заўтрашняга дня пачнём гаварыць аб міры. І гарматы перастануць страляць. Але вы ж гэтага не хочаце (Захад. — Заўвага БелТА). Вы сёння віноўнікі эскалацыі. Сёння гінуць людзі. Давайце спынім гэта. Усё зараз для гэтага ёсць. Не. Вы гэтага не хочаце. І я нават не скажу вы — Еўропа да гэтага гатовая, яна ведае, што можа быць. Амерыканцы не хочуць гэтага. І нахілілі Еўропу, паставілі яе ў позу і робяць з ёй усё, што хочуць».

Вяртаючыся да пытання, ці магчымая «агрэсія» з боку Беларусі, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз паўтарыў: «Мы мірныя людзі. Што такое вайна. Мы не хочам вайны. І мы ні ў якім выпадку не збіраемся ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Украіны. Калі толькі вы адтуль не здзейсніце агрэсію на тэрыторыю Беларусі. Вось мой адказ. Ён дадзены даўно».

Прэзідэнт таксама нагадаў, што Расія з’яўляецца саюзнікам Беларусі, у краін ёсць сумесная ваенная групоўка. Але нават пры гэтым Расія ніколі не прасіла, каб Беларусь пачала вайну супраць Украіны.

Беларусь у дадзеным выпадку забяспечвае бяспеку на заходнім кірунку. Аляксандр Лукашэнка агучыў дадзеныя разведкі аб тым, што Захад хоча ўцягнуць Беларусь у вайну і літаральна марыць пра гэта, што дазволіла б з улікам працягласці межаў Беларусі дадаткова расцягнуць фронт на 2,5 тыс. кіламетраў, што ўскладніла б абстаноўку для войскаў Беларусі і Расіі.

«Правільны разлік. Але пусты, бесталковы. Мы Вам гэтага шанцу не дадзім. Але калі толькі вы адважыцеся ступіць на нашу зямлю, адказ будзе страшным. Заходнікі ведаюць, як і якой зброяй», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў Беларусі толькі ва ўмовах мірнага часу 75 тыс. у войску. Але ў некалькі этапаў пры неабходнасці ва ўмовах вайны можна нарасціць яе колькасць да паўмільёна.

«Вайна нікому не патрэбна. Пакуль сёння няма пашырэння гэтай агрэсіі, давайце дамаўляцца аб міры», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён лічыць, што Захад і Украіна пакуль не гатовыя да гэтага. «Вы не проста не гатовыя, гэта было б для вас страшнай трагедыяй і катастрофай, калі б цяпер пачаліся мірныя перамовы. Вам патрэбна вайна», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на яшчэ адзін момант — менавіта Захад адпраўляе ва Украіну ваяваць наёмнікаў, ужо больш за 20 тыс. чалавек. «Колькі Лукашэнка туды паслаў чалавек? Колькі? Нуль! І вы мяне папракаеце. Я туды не пасылаю людзей і не збіраюся гэтага рабіць», — адзначыў Прэзідэнт.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.