Вы тут

Касарычы — першая вёска ў свеце, якая выпусціла NFT-калекцыю карцін


На мінулым тыдні мы распавядалі пра вёску Касарычы ў Глускім раёне. У прыватнасці, пра выкуплены і адрэстаўраваны Андрэем Уфімцавым мясцовы клуб, у якім месяц таму пад цяжарам снегу абваліўся дах. Аднаўляць яго ўзімку той яшчэ квэст. Але мясцовыя жыхары замет таго, каб сумаваць і апускаць рукі, крэатывяць. 


— У культурным цэнтры вёскі «Макар-клубе» на гэты год запланавана шмат цікавых бясплатных мерапрыемстваў для вяскоўцаў і іх гасцей, у тым ліку другі плёначны кінафестываль, — кажа Андрэй. — Каб іх правесці, трэба аператыўна паставіць дах на месца. На аднаўленне яго патрэбна сума ў памеры каля 11 тысяч долараў. Частку мы ўжо сабралі пры дапамозе неабыякавых людзей, і аплацілі будматэрыялы. Для таго, каб знайсці астатнюю суму прыдумалі калекцыю NFT-карцін. 

Яна называецца «Як у Макара паехаў дах» і ўключае 10 сюжэтаў коштам ад 20 да 11 тысяч долараў у эквіваленце. Кожная выява абыгрывае нейкую мясцовую ідыёму, у прыватнасці: «з дубу рухнуць», «з Луны зваліцца», «сесці на каня», «маку аб’есціся», «несці пургу»... 

— Мы стварылі NFT пры дапамозе штучнага інтэлекту з выкарыстаннем архіўных фотаздымкаў Макара Лаўрыновіча — майго прадзеда і паважанага мясцовага жыхара, які пражыў у вёсцы 100 год. У гонар яго і названы вясковы культурны цэнтр. Усе грошы ад продажу карцін пойдуць на рамонт даху ў «Макар-клубе», — паведаміў Андрэй.

Першыя вынікі ўжо ёсць — куплена адна карцінка. Касарычане спадзяюцца, што гэта толькі пачатак. Разам з тым, дзякуючы крэатыўнасці вяскоўцаў пра «Макар-клуб» цяпер ведае значна больш людзей. Некаторыя з іх працягваюць дапамагаць больш звыклым спосабам, пераводзячы грошы на картку. Ёсць ахвотныя прынесці карысць і рукамі. Дарэчы, на гэтым тыдні валанцёрская дапамога ў Касарычах будзе не лішняй. Усіх валанцёраў мясцовыя жыхары абяцаюць накарміць і прадставіць дах над галавой. 

Даведка

«Макар-клуб» — культурны цэнтр Касарычаў, важнае месца памяці і сустрэч старажылаў вёскі. На больш як 200 кв. м. размясціліся прасторная грамадская гасцінная, каворкінг, сучасная бібліятэка, буккросінг, кіна-канцэртна-выставачная зала, першы ў Беларусі Музей індзейца, а таксама гістарычны музей з ткацкім станком, маляванкамі і архіўнымі фотаздымкамі вяскоўцаў. За год працы ў цэнтры прайшоў фестываль плёначнага кіно, творчы летнік для дарослых, майстар-класы для дзяцей, а таксама грамадскія абмеркаванні з мясцовымі жыхарамі наконт далейшага развіцця вёскі. Дзверы «Макар-клуба» адкрытыя для любых творчых культурных праектаў. 

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.