Вы тут

Як інавацыйныя распрацоўкі Купалаўскага ўніверсітэта ўкараняюцца ў рэальны сектар эканомікі


ГрДУ імя Янкі Купалы — цэнтр навукі і інавацый Гродзенскага рэгіёна. Ён валодае сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай, на аснове якой выконваюцца як фундаментальныя, так і прыкладныя даследаванні па шырокім спектры кірункаў. А ўдзел у эксперыментальным праекце па ўкараненні канцэпцыі «Універсітэт 3.0» якраз і скіраваны на прадпрымальніцтва. Гэта прадугледжвае і стратэгія інавацыйнай дзейнасці, якая распрацавана ва ўніверсітэце да 2030 года.


Яе называюць стратэгіяй апераджальнага развіцця. Згодна з ёю, вышэйшая навучальная ўстанова выбрала не працэсавы, а праектны падыход, рэалізоўваючы, у першую чаргу, праекты ў рамках канцэпцыі «Інавацыйна-ўспрымальны ўніверсітэт».

У значнай ступені гэтаму садзейнічае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Тэхналаб», якое атрымала статус тэхнапарка. Сёння Цэнтр трансферу тэхналогій універсітэта з'яўляецца мосцікам паміж ВНУ і вытворчымі прадпрыемствамі, распрацоўкамі і іх укараненнем.

У сярэдзіне студзеня на базе тэхнапарка з'явіліся яшчэ два новыя інавацыйныя прадпрыемствы, якія сталі яго рэзідэнтамі. Дарэчы, трэцяя частка рэзідэнтаў — студэнты, выпускнікі альбо выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта. Цікавыя ідэі заўсёды знаходзяць дапамогу з боку кіраўніцтва ВНУ. У 2019 годзе створаны фонд інавацыйнага развіцця для падтрымкі прадпрымальніцтва. Фонд фінансуе работы студэнтаў і выкладчыкаў па стварэнні прадукту для яго далейшай камерцыялізацыі. Навука павінна прыносіць даход. Такі прынцып, дарэчы, з'яўляецца адным з кірункаў стратэгіі інавацыйнай дзейнасці на найбліжэйшыя сем гадоў. Менавіта такі падыход павінен забяспечыць універсітэту ўстойлівае развіццё, лічаць у ВНУ. Гаспадарча-дагаворная дзейнасць у тым ліку разлічана і на работу з замежнымі заказчыкамі. Напрыклад, праект у нафтагазавай сферы распрацаваны для расійскіх партнёраў, навуковае абсталяванне — для ўніверсітэта Казахстана.

Адукацыя — навука — вытворчасць: менавіта такі ланцужок прадугледжвае эксперыментальны праект Мінадукацыі «Універсітэт 3:0». А тэхнапарк стварае пэўную інфраструктуру для развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва, дапамагае навукоўцам даводзіць іх прадукт да прадпрыемстваў. Тут размешчана высокатэхналагічнае абсталяванне, якое даецца ў арэнду рэзідэнтам парка па аказанні паслуг у 3D-мадэляванні, 3D-прататыпіраванні, лазернай рэзцы, інфармацыйных паслуг і іншых.

Але не толькі. Тут могуць аказаць неабходную кансультацыйную дапамогу ў ажыццяўленні распрацовак.

— Пры Цэнтры трансферу тэхналогій універсітэта створана студыя праектаў і стартапаў, дзе студэнтаў навучаюць інавацыйнаму прадпрымальніцтву на гадавых курсах. Як правіла, многія прыходзяць са сваімі праектамі, якія ў далейшым бяруць удзел у конкурсе «ІнНаСтарт», дзе кожны год прапанавана да 70-80 інавацыйных студэнцкіх праектаў, — расказаў прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Праневіч.

Якія гэта праекты? Аказалася, абмежаванняў не існуе. Праекты могуць быць у розных сферах — сацыяльнай, вытворчай; ІТ- і бізнес-праекты; ажыццяўляюцца нават футурыстычныя ідэі. У далейшым найбольш цікавыя з іх універсітэт накіроўвае на конкурс «100 ідэй для Беларусі». Напрыклад, сёлета на міжуніверсітэцкі конкурс «купалаўцы» заявілі ажно 16 праектаў, пяць з якіх прадставяць Гродзеншчыну на заключным рэспубліканскім этапе. Праект «Праметэй» — адзін з сацыяльна арыентаваных.

— Прылада распрацавана студэнтам для людзей з інваліднасцю па зроку, — тлумачыць Андрэй Францавіч. — Дзякуючы відэакамеры чалавек з інваліднасцю па зроку можа самастойна хадзіць па горадзе. Трэба толькі задаць шлях, а весці яго будзе галасавы памочнік. Калі ўзнікае праблема, можна звязацца з валанцёрам, які ў рэжыме анлайн падкажа, як яе вырашыць. Сацыяльны праект створаны пры ўзаемадзеянні з таварыствам людзей з інваліднасцю па зроку.

Пакуль гэта толькі прапанова. Галоўнае дасягненне ў навуковых распрацоўках — эканамічны эфект. Толькі за мінулы год тут заключана і рэалізавана 180 гаспадарчых дагавораў з агульным аб'ёмам фінансавання 150 тысяч рублёў.

У ліку найбольш значных называюць устаноўку сістэмы біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў прамысловых прадпрыемстваў, якая зроблена на ААТ «Гродна Азот».

Па заказе прадпрыемства «Радыёхваля» выканана трохвымернае сканіраванне, прататыпіраванне і распрацоўка канструктарскай дакументацыі на прамысловыя дэталі і вырабы. Для рэспубліканскіх ландшафтных заказнікаў «Котра» і «Азёры» распрацавана стратэгія па развіцці экалагічнага турызму і ўладкавання экалагічнай сцежкі.

Ёсць у «купалаўцаў» і знакавы ці нават брэндавы навукова-тэхнічны праект, у межах якога распрацаваны вакуумныя пакрыцці на аснове карбідаў і вугляродных нанаструктур, што дазваляе павялічыць устойлівасць металаапрацоўчых інструментаў. Як паказалі выпрабаванні на прадпрыемстве «Белкард», інструменты аказаліся ў 3,5 раза больш устойлівымі, чым без пакрыцця. Атрыманыя вынікі даюць падставу для стварэння новых нанатэхналагічных абаронных пакрыццяў для іншых вырабаў. Распрацоўка была прадэманстравана на рэспубліканскіх і міжнародных выставах-кірмашах і выклікала зацікаўленасць прамысловых прадпрыемстваў Расійскай Федэрацыі. А летась на конкурсе ў Санкт-Пецярбургу праект атрымаў сярэбраны медаль і дыплом ІІ ступені.

Цяпер у межах дзяржаўнай праграмы праводзіцца работа па распрацоўцы апаратна-праграмнага комплексу па вывучэнні метадаў і тэхналогій аналізу атмасфернага паветра і паветра, якое выдыхаецца. Для ўдзелу ў абласным конкурсе інавацыйных праектаў ГрДУ рыхтуе прадставіць праект кардыякампрэсара для масажу сэрца пры транспарціроўцы пацыента, а таксама апарат для інтэнсіўнага лячэння отарыналарынгалагічных захворванняў. Пры атрыманні сродкаў абласнога інавацыйнага фонду, навукоўцы гатовыя выпусціць доследную партыю прэпаратаў.

На чарзе — новы праект, які ў ВНУ лічаць прарыўным, бо ён звязаны са стварэннем электрамабіляў і праводзіцца сумесна з Універсітэтам грамадзянскай абароны МНС.

— Мы будзем распрацоўваць трэнажор для навучання ратавальнікаў дзейнічаць па ліквідацыі надзвычайных сітуацый ва ўмовах ДТЗ з удзелам электрамабіляў. Трэба ведаць, як пазбегнуць наступстваў пры здарэнні, напрыклад, пры замыканні, — тлумачыць суразмоўнік. — Праект складаецца з ІТ-начынкі ў фармаце 3D, каб супрацоўнік МНС на планшэце мог з гэтым аўтамабілем папрацаваць, паглядзець на стан правадоў і прыняць правільнае рашэнне ў канкрэтнай сітуацыі. Начынкай 3D будзе займацца наш студэнт, які з'яўляецца таксама і рэзідэнтам тэхнапарка. Гэта першы навуковы праект, звязаны з электратранспартам. Такі кірунак стаў магчымы дзякуючы адкрыццю ў ГрДУ імя Янкі Купалы спецыяльнасці «аўтаномны электратранспарт». Для студэнтаў закуплены адзіны ў Беларусі трэнажор для навучання — гэта рэальны электрамабіль, які можна разабраць і сабраць.

Праект ажыццяўляецца ў межах дзяржаўнай праграмы, прайшоў дзяржэкспертызу і сёлета плануецца да рэалізацыі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота ГрДУ імя Я. Купалы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.