Вы тут

Дробязі асабістага жыцця. Не будзі ліха...


«Не вучыце мяне жыць, — любіць паўтараць Таццяна Барысаўна ў размове. — Я ўжо навучаная!» І прыгадвае такую гісторыю.


— Было гэта даўно. Я яшчэ ў школу хадзіла, у пяты клас. Аднойчы ў нас захварэла настаўніца матэматыкі, і дзяцей з апошняга ўрока адпусцілі. Ад школы да дома было недалёка — я дабегла хвілін за дзесяць. Паднялася на свой чацвёрты паверх, дастала ключы і пачала адмыкаць дзверы... Час быў абедзенны, але бацькі ніколі не прыходзілі дадому на абед: бегалі ў сталоўку кожны на сваім месцы працы або бралі ежу з сабой. Таму ўявіце маё здзіўленне, калі з пакоя выскачыў... тата. Уразіла мяне не толькі яго з’яўленне, але і выгляд. Увесь нейкі ўскудлачаны, разгублены, у майцы, надзетай задам наперад, у штанах, зашпіленых на адзін гузік. У руках ён трымаў кашалёк, з якога імгненна дастаў грошы і нейкім не сваім голасам загадаў, каб я хуценька бегла ў краму па хлеб, бо дома, маўляў, няма ні кавалка, а яму трэба тэрмінова паабедаць і вярнуцца на працу. «І цукерак сабе купі!» — дадаў ён, адчыняючы ўваходныя дзверы і выстаўляючы мяне на лесвічную пляцоўку.

За спінай клацнуў замок. Уражаная ўсёй гэтай сцэнкай, яшчэ пару хвілін не магла скрануцца з месца. І раптам... Як цяпер бы сказалі, «пазлы сышліся». Усё ж нешта ў гэтым жыцці я разумела. Замест таго, каб спусціцца ўніз, я паднялася на паверх вышэй і заняла пазіцыю, з якой добра праглядалася наша лесвічная пляцоўка. Чакаць доўга не давялося. Хвілін праз дзесяць дзверы кватэры адчыніліся, і адтуль выбегла незнаёмая мне дама ў ружовым капялюшыку, зашпільваючы на хаду паліто. Пакуль яна спускалася на першы паверх, бацька, стоячы ў дзвярах, нецярпліва пазіраў на гадзіннік. Праз пару хвілін унізе бразнулі дзверы, усё сціхла, і ён вярнуўся ў кватэру.

Безумоўна, я расказала пра гэта маме, ледзь дачакаўшыся яе вяртання з працы. Калі б ведала, чым усё скончыцца, дзесяць разоў падумала б!.. А тады... Мяне аж распірала ад нецярпення!.. 

Што было потым? Скандал, слёзы... Развод, размен кватэры, пераезд... Я засталася, лічы, без таты і вельмі сумавала. Ён быў добрым чалавекам, заўсёды клапаціўся пра нас з мамай. «Ларысачка, сонейка, каток», — так да яе звяртаўся. А мяне як шкадаваў!.. І тут усё раптоўна абвалілася... Бацька праз нейкі час пераехаў у іншы горад, потым — у іншую краіну, там ажаніўся і праз год памёр. Мама таксама выйшла замуж, але шчаслівай з новым мужам не была — і раўнаваў, і абражаў, і руку на яе падымаў. Зноў развод. Да гэтага часу адна жыве і ўсё тату ўзгадвае — што характэрна, добрымі словамі.

— І якая мараль, Барысаўна? — пытаюцца звычайна суразмоўцы.

— А такая... Я тут нядаўна з адной крамы вярталася. Вырашыла да наступнага прыпынку пешшу прайсціся. Бачу — кавярня, так прывабна агеньчыкамі зіхаціць. Ну і зайшла — чаму б з марозу гарачай кавы не папіць? Стаю ў чарзе, разглядаю вітрыну, людзей навокал... І тут мяне як токам ударыла — за столікам у дальнім кутку свайго зяця ўгледзела. Сядзіць сабе, каву папівае, ды не адзін, а з маладухай — прывабнай такой бландзінкай, стройненькай, як я сама некалі была. І так яны міла гамоняць, галоўку да галоўкі прытуліўшы, усміхаюцца... Я каўнер наставіла, галаву ў плечы і на выхад. Толькі мяне і бачылі! Дадому прыехала, дачка мяне сустрэла, кажа: «Распранайся, мамачка, вячэраць будзем. Толькі Ігарка пачакаем — ён крыху на працы затрымаўся, хутка прыедзе!»

— Няўжо не карцела ёй расказаць?

— Няма дурных! Сказала ж: я ўжо навучаная. А можа, гэта яго, Ігарка, калега была, і яны нейкія справы абмяркоўвалі? А можа, аднакласніцу сустрэў — зайшлі па-сяброўску кавы выпіць?.. Ды і ўвогуле... Не тая сям’я шчаслівая, дзе не ходзяць «налева», а тая, дзе не ведаюць, што нехта з іх ходзіць «налева». А для сябе я таксама выснову зрабіла: няма чаго салідным цёткам па кавярнях цягацца! Сядзі ў хаце, глядзі тэлевізар ды ўнукаў няньчы — здаравей будзеш. Вось і ўся мараль!

А ён і павёўся!..

Аднойчы дзве прыяцелькі (адна з іх у хуткім часе збіралася выйсці замуж) выправіліся на вячэрні праменад. Зайшлі ў кавярню, выпілі па кактэйлі, потым яшчэ па адным, і яшчэ... І тут адной з іх — той, што збіралася замуж — прыйшла ў галаву ідэя. Дарэчы, усялякія «ідэі» пачынаюць раіцца ў жаночых галовах ужо пасля першага кактэйлю. Але гэта зусім не азначае, што іх трэба зараз жа, не сыходзячы з месца, увасабляць у жыццё. А тут было выпіта тры порцыі, і стоп-сігнал не спрацаваў...

«А давай мы яго праверым!» — прапанавала без пяці хвілін жонка. «Каго?» — удлакладніла сяброўка. «Майго будучага мужа... Бяры тэлефон!»

План быў да крыўднага прымітыўным. Набраць яго нумар, сказаць, што памылілася, знайсці зачэпку, каб прадожыць размову і прапанаваць яму сустрэцца... Сяброўцы што? Узяла і патэлефанавала. Памурлыкала з ім, навешала локшыны пра тое, які ў яго прыемны голас — амаль як у вядомага тэлевядучага. (Мужчыне ж у пацвярджэнне таго, што ён самы цудоўны, шмат не трэба!) Ён і павёўся. Угаворваць доўга не давялося — праз паўгадзіны прыехаў у кавярню. Папаўся, як той казаў, на гарачым. Патэнцыяльная жонка — у слёзы: маўляў, вось ты які! А які ж ён пралюбадзей? Проста цікаўны мужчына. У кожным мужчыне, каб вы ведалі, жыве дух даследчыка. Яго цікавіць усё новае. Але гэта зусім не азначае, што ён гатовы аўтаматычна развітацца са старым. І закатваць яму з гэтай нагоды істэрыку проста саде даражэй...

Дзякуй богу, усё скончылася добра, віну сваю малады чалавек загладзіў узорна-паказальнымі паводзінамі. І вяселле ўсё ж адбылося. Толькі вось сяброўку маладая не запрасіла... Так ёй, сяброўцы, і трэба — не будзе ў наступны раз паддавацца на правакацыі.

Страшная літара

Ёсць і мужчыны, якіх хлебам не кармі — дай разыграць жонку ў даволі рызыкоўнай манеры. Адзін такі мужчына (назавём яго І. Разгуляеў) паехаў з калегамі на двухдзённы семінар, які адбываўся на базе пансіянату непадалёку ад вялікага горада. Ужо вяртаючыся дадому, мужчына раптам падумаў, што неяк нецікава проста ўзяць і з’явіцца ў хаце. Захацелася разыграць жонку. На дапамогу прыйшлі фантазія і... шарыкавая ручка. У пансіянаце наведвальнікам выдавалі квітанцыі. І там было напісана прыкладна так: «Пакой 213. Пражываючыя: І. Разгуляеў, М. Вясёлкін». Наш герой проста прыпісаў да прозвішча свайго суседа літару «а». Квітанцыю ж паклаў у кішэню курткі такім чынам, каб яна пры зручным выпадку абавязкова вывалілася на падлогу ў вітальні. Так яно і здарылася. Краем вока Разгуляеў заўважыў, што жонка квітанцыю падняла, прачытала і... злёгку змянілася тварам. Але яна была жанчынай разумнай. Падчас вячэры распытвала ў мужа: як прайшоў семінар, хто ўдзельнічаў, хто выступаў... І кожны раз чула ў адказ, што ўсё было на ўзроўні, але сумнавата, таму што кампанія сабралася выключна мужчынская. «Так ужо і ніводнай жанчыны?» — удакладніла жонка. — «Ды ў каго хочаш запытай!» — шчыра адказваў муж. І тады жонка вырашыла, што надышоў час яе трыумфу. «А гэта што?! — усклікнула яна, трасучы ў паветры квітанцыяй. — Хто такая Вясёлкіна?»

Муж, калі ў яго прайшоў прыступ рогату, усё патлумачыў, але гэты розыгрыш жонка доўга не магла яму дараваць.

За што змагалася...

Адна разумная жанчына-псіхолаг некалі сказала мне: чым мацней ты будзеш нацягваць «ланцуг», на які «навязаны» твой мужчына, тым далей ён адляціць, калі вырвецца. Прыкладаў — колькі заўгодна...

Людміла, мая былая суседка па пад’ездзе, у вольны час любіла пагартаць запісную кніжку мужа, спадзеючыся знайсці там «кампрамат» у выглядзе незнаёмых жаночых імёнаў і нумароў тэлефонаў. Рабіла яна гэта віртуозна, падчас наведвання мужам туалета ці ваннага пакоя, паколькі іншай магчымасці не было — патрэбны блакнот заўсёды ляжаў у яго сумцы. І, як кажуць, за што змагалася, на тое і нарвалася: аднойчы ўбачыла незнаёмыя ініцыялы — «П.С.», якія адразу падаліся падазронымі, а побач — нумар. Ледзь дачакаўшыся, пакуль муж зноў схаваецца ў запаветнай кабінцы, Людміла кінулася да тэлефона. Але па нумары ніхто не адказаў... Праз некаторы час яна паўтарыла спробу, потым яшчэ раз і яшчэ. Вынік быў нулявы. Бліжэй да апоўначы, даведзеная да адчаю сваімі ж хваравітымі фантазіямі і да глыбіні душы абураная тым, што нехта асмеліўся паквапіцца на яе «ўласнасць», Людміла вырашыла пайсці ў наступленне. Прыціснуўшы мужа да сценкі (у прамым і пераносным сэнсе), яна хіба што не абцугамі спрабавала выцягнуць з яго імя. Муж не здаваўся — бажыўся, што ўяўлення не мае, каму належаць гэтыя праклятыя «П. С.» Праз гадзіну допытаў ён не вытрымаў — скочыў з балкона, балазе гэта быў першы паверх... Толькі раніцай, гадзін у восем, на тым канцы «П. С.» зняла трубку. Зусім не загадкавы, а раздражнёны жаночы голас паведаміў Людміле, што яна патэлефанавала ў пашпартную службу (што, відавочна, і азначала «П. С.»). Інцыдэнт быў вычарпаны, а вось муж да Людмілы вярнуўся не так хутка...

..Дарэчы, тая мая знаёмая псіхолаг, паводле яе ўласных слоў, ніколі ў жыцці не запыталася ў мужа: «Дзе ты быў?», кіруючыся мудрым правілам: не хочаш пачуць хлусню — не задавай правакацыйных пытанняў.

Самае цікавае, што муж пачынаў нервавацца з-за гэтай яе «абыякавасці» і хутчэй спяшаўся расказаць, як прайшоў дзень... Магчыма, крыху хлусіў. «Але ж, — казала яна, — рабіў ён гэта, каб зберагчы мой спакой і нашы адносіны. А ўсё іншае не так ужо і важна». 

Мудрасці гэтай жанчыны можна толькі пазайздросціць...

«Аддай каўбасу»

Напярэдадні святаў у супермаркеце я блукала ўздоўж прылаўкаў, запаўняючы «спажывецкі кошык» звыклым наборам прадуктаў. І раптам адчула на сабе нечы пільны позірк. Высокі цёмнавалосы мужчына нетаропка ішоў ззаду, маскіруючы сваю здаровую натуральную цікавасць нездаровым пакупніцкім азартам. Я ў малочны аддзел — і ён ў малочны, я ў рыбны — і ён тут як тут, перабірае замарожаныя хвосцікі...

Якой жанчыне не будзе прыемнай увага прадстаўніка процілеглага полу? Спінку выпраміла, жывоцік уцягнула, носік — уверх... Апошні «рубеж» — каўбасны прылавак. Краем вока заўважаю — мой «цень» ужо тут, усміхаецца.

«Узважце, — прашу ў дзяўчыны-прадаўца, — калі ласка, вунь той сімпатычнай каўбаскі».

Прадавец кладзе на вагі ружовы кавалачак і гучна паведамляе камусьці ў падсобку: «Аляксееўна, Доктарскай» больш няма!"
І тут упершыню падае голас мой таямнічы незнаёмы: «Чакайце, чакайце! Як няма? Тады гэта мой кавалак! Я знарок прапусціў жанчыну (г. зн. мяне) наперад, але калі такая справа, то няхай будзе па справядлівасці! Давайце каўбасу мне!»

Прадаўцу ўсё роўна — а я і не спрачалася. Яна ўзважыла і аддала. Мужчына паклаў каштоўны здабытак у кошык і хуценька пакрочыў да касы...

Наталля УЛАДЗІМІРАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.