Вы тут

Лукашэнка: Найлепшыя традыцыі нашых продкаў жывуць у кожным пакаленні


У Палацы Незалежнасці на мажорнай ноце правялі стары год. У Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшоў традыцыйны навагодні баль для моладзі. Сцены Палаца звычайна бачаць дарослых сур’ёзных людзей у дзелавых касцюмах. Але ў гэты вечар Палац зіхацеў усмешкамі дзяўчат у бальных сукенках, якіх суправаджалі сур’ёзныя маладыя людзі ў смокінгах і фраках. Усяго ў Палацы Незалежнасці сабраліся 320 таленавітых маладых людзей з усёй краіны. Білетам на гэтае свята для іх сталі актыўны ўдзел у навуковым і грамадскім жыцці сваёй навучальнай установы, плённая навуковая праца, спартыўныя і творчыя вынікі. 


Адна з традыцый навагодняга балю — дрэс-код. Незамужнія юныя ўдзельніцы абавязкова ў белым. Усе астатнія дамы — у бэжавых, персікавых, крэмавых сукенках. Мужчыны — традыцыйна ў фраках і смокінгах. Танец адкрыцця — паланэз.


Усе прыгажосці навагодняга балю — у фотарэпартажы


Традыцыйна, удзельнікаў навагодняга балю прывітаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 

«Вельмі сімвалічна, што мы завяршаем 2022-й — Год гістарычнай памяці — на такой яркай і пазітыўнай ноце», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў нашай гісторыі было шмат пераломных падзей — і драматычных, і лёсавызначальных. Па словах Прэзідэнта, у адыходзячым годзе да іх была прыкавана ўся ўвага экспертаў, журналістаў, палітыкаў, усіх людзей Беларусі. Абмяркоўвалі, спрачаліся, аднаўлялі гістарычную справядлівасць.

«Але сённяшні вечар мы прысвячаем культурнай спадчыне, створанай нашымі продкамі, нягледзячы на войны, нягоды і іншыя выпрабаванні. Іх было нямала. Прысвячаем яго стваральнай прыгажосці, якая ў цяжкія часы давала надзею на будучыню. Мы бачым яе ў архітэктурных і літаратурных творах, жывапісных і музычных шэдэўрах, у той жа бальнай традыцыі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — За гады нашай незалежнасці, а іншымі словамі — за той час, пакуль вы раслі і сталелі, шмат зроблена, каб захаваць помнікі нашага старажытнага і сучаснага мастацтва, памяць нашых землякоў, якія заслужылі сусветнае прызнанне працай і талентам».

Беларусі лідар заўважыў, што нам сапраўды ёсць чым і кім ганарыцца. Звяртаючыся да ўдзельнікаў балю, ён заўважыў, што яны годна працягваюць нашу незвычайна багатую і яркую гісторыю. Працягваюць поспехамі ў вучобе, творчасці, спорце. Многія знаходзяць час для валанцёрскай дзейнасці. Па поклічы сэрца, абсалютна бескарысліва дапамагаюць дзецям, якія засталіся без бацькоў, адзінокім пажылым людзям, інвалідам. А хтосьці клапоціцца пра братоў нашых меншых.

«Усё гэта гаворыць аб тым, што лепшыя традыцыі нашых старажытных продкаў, якія ніколі не пакідалі ў бядзе сваіх блізкіх, жывуць у кожным новым пакаленні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт адзначыў, што ў бальны вечар Палац Незалежнасці належыць маладым людзям. «Не раз казаў і паўтару, што ён адчынены для ўсіх, хто імкнецца сумленна і добрасумленна служыць сваёй Айчыне і народу. Тут ствараецца гісторыя сучаснай Беларусі, прымаюцца стратэгічна важныя рашэнні. У іх абмеркаванні ўдзельнічаюць людзі, якія не баяцца браць на сябе адказнасць за лёс краіны. І наша сённяшняе свята — гэта таксама старонка гісторыі нашай Радзімы», — сказаў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, у гэтай зале прысутнічаюць курсанты — будучыя афіцэры, якія ўжо могуць і самі распавесці пра абавязак Айчыне, пра патрыятызм. Гэта ў іх у крыві, раз абралі такую высакародную прафесію — Радзіму абараняць. 

«Час сёння патрабуе ад кожнага з нас думаць не толькі аб сабе, але і аб краіне, як бы пафасна гэта ні гучала. Незалежна ад таго, носім мы пагоны ці не, працуем у дзяржустанове ці пішам карціны, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Напярэдадні Новага года я хачу вам пажадаць захаваць усё найлепшае, што ёсць у нашым жыцці. Будзьце разважлівымі, вывучайце розныя погляды на жыццё, розныя меркаванні, але рабіце самі свае высновы. Рухайцеся да вызначаных мэт імкліва, але не забывайце аглядацца назад. У шматвяковай гісторыі беларускай зямлі вы заўсёды знойдзеце мудрыя парады, якія дапамогуць прыняць правільныя рашэнні ў вашым лёсе, у лёсе Беларусі», — сказаў Прэзідэнт. 

«Я хачу, каб гэта мерапрыемства было яркай старонкай у гісторыі вашага жыцця. Будзьце заўсёды здаровыя і шчаслівыя. Няхай будуць вашыя родныя і блізкія таксама здаровыя і шчаслівыя. Няхай вочы ў іх свецяцца радасцю, гледзячы на вас. Са святам вас!», — пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Як у казцы...»

Удзельнікі навагодняга балю падзяліліся сваімі ўражаннямі ад гэтага незвычайнага вечара. «Каб апынуцца тут было праведзена шмат працы, год быў вельмі прадуктыўны. Сама я з’яўляюся старшынёй Каардынацыйнай студэнцкага савета ўніверсітэта. Шмат часу ішло і на вучобу, і на грамадскае жыццё. І вельмі прыемна, што нас заахвочваюць, гэта вельмі каштоўна. Апынуцца тут — гэта як апынуцца ў казцы, гэта незабыўныя эмоцыі, якія я буду памятаць усё жыццё. І калі пападаеш сюды, з’яўляецца яшчэ больш сіл на новыя здзяйсненні», — падзялілася Вольга Мацука, студэнтка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

«Я чула аб навагоднім балі і заўсёды марыла сюды патрапіць і вось мара спраўдзілася. Было патрачана шмат часу і сіл на падрыхтоўку танцаў. Але гэта таго варта», — адзначыла Юлія Макарэвіч, студэнтка Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта

«Не адразу прыйшло ўсведамленне таго, наколькі ўсё сапраўды маштабна. Мне да гэтага часу не верыцца, што я тут знаходжуся. І дзякую ўсім, хто ў мяне паверыў і дапамог стаць часткай усяго гэтага», — падзяліўся Данііл Домрачаў, студэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.