Вы тут

Леанід Анфімаў: «Гульні краін СНД — новы этап супрацоўніцтва»


Падрыхтоўка да буйных спартыўных мерапрыемстваў пачынаецца задоўга да таго, як пра іх даведваецца грамадскасць. Распрацоўка канцэпцыі, планаванне, прагноз вынікаў — усё гэта можа здацца нецікавым, але без гэтага этапу не адбудзецца ніводная маштабная падзея. Сёння, калі спорт немагчыма ўявіць незалежным і адасобленым ад жыцця грамадства, буйныя спаборніцтвы становяцца пляцоўкай для гуманітарнага міжнацыянальнага супрацоўніцтва. Гульні краін СНД — гэта адначасова працяг савецкай спартыўнай гісторыі і разам з тым пачатак новай спартыўнай старонкі для суверэнных дзяржаў. Чаму гэты форум мае важнае гуманітарнае значэнне? Што ён значыць для Садружнасці Незалежных Дзяржаў? Чаго чакаць ад гульняў, якія прыме Беларусь? На пытанні карэспандэнта «Звязды» адказаў першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта СНД Леанід Анфімаў.


— Леанід Васільевіч, якія ўражанні ў вас засталіся ад І Гульняў краін СНД у Казані? Якія ўрокі падрыхтоўкі і правядзення гэтага форуму ўлічваюцца пры арганізацыі Гульняў 2023 года ў Беларусі?

— Падобныя спартыўныя форумы заўсёды пакідаюць прыемныя ўражанні, асабліва калі яны праводзяцца ўпершыню. Гульні краін СНД у Казані прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, мы назіралі маштабныя яркія спаборніцтвы. Знамянальна, што яны праходзілі падчас 30-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Гэта стала своеасаблівым падарункам да юбілею. Рашэнне аб правядзенні Гульняў краін СНД было прынята ў 2019 годзе, і планавалася, што яны адбудуцца ў 2020 годзе. Але пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэкцівы, і Гульні краін СНД, як і многія іншыя спаборніцтвы, былі перанесены на 2021 год. Арганізатарам было дастаткова двух гадоў, каб правесці мерапрыемства на высокім узроўні. Гэта было відовішча, якое чакалі не толькі ў Расійскай Федэрацыі, але і ва ўсіх краінах СНД, і яно чаканняў не падманула.

Пры арганізацыі Гульняў краін СНД у Беларусі быў улічаны адзін важны ўрок. Спаборніцтвы ў Казані праводзіліся ў верасні, а гэта пачатак навучальнага года, у студэнцкіх інтэрнатах жылі спартсмены, таму прыйшлося зрушваць расклад заняткаў. Гульні праводзіліся ў адным горадзе, і як бы ні імкнуліся арганізаваць рух грамадскага транспарту, моцна не ўмешвацца ў жыццё горада, нараканні ўсё ж былі, узнікалі шурпатасці. У Беларусі спаборніцтвы разнесены па розных гарадах, я мяркую, яны не выклічуць асаблівага дыскамфорту ў іх жыхароў, а наадварот — стануць для іх вялікай падзеяй.

— Але ці выклічуць спаборніцтвы ў рэгіёнах такую ж цікавасць, як і ў сталіцы?

— Сталіца ўсё ж больш распешчаная культурнымі, спартыўнымі мерапрыемствамі. Я думаю, што цікавасць да спаборніцтваў у рэгіёнах у людзей будзе вельмі высокай. Гэта не проста мерапрыемства рэгіянальнага ўзроўню, гэта маштабны міжнародны форум. І тыя людзі, якія захапляюцца спортам, абавязкова прыйдуць паглядзець на спаборніцтвы, дзеці, якія займаюцца спортам, абавязкова захочуць на свае вочы ўбачыць турніры. Рэгіёны валодаюць сучаснай спартыўнай інфраструктурай і кваліфікаванымі кадрамі. Таму я перакананы, што ў якім бы горадзе ні праходзілі спаборніцтвы, яны будуць адпавядаць самым высокім спартыўным стандартам. У Беларусі для гэтага ўсё ёсць.

Не трэба забываць, што правядзенне Гульняў краін СНД у рэгіёнах раскрые турыстычны патэнцыял Беларусі, адкрые яе для гасцей. Міністэрства спорту і турызму распрацоўвае насычаную турыстычную праграму. Акрамя мэты правесці спаборніцтвы на высокім узроўні, краіна мяркуе паказаць сябе ва ўсёй красе. Я спадзяюся, што госці не будуць абмяжоўвацца толькі спартыўнай арэнай, але і з задавальненнем наведаюць беларускія славутасці. Напрыклад, госці Салігорска змогуць спусціцца ў шахту, у Брэсце — палюбавацца прыгажосцю Белавежскай пушчы і сутыкнуцца з гераізмам абаронцаў Брэсцкай крэпасці. У любым горадзе і рэгіёне, дзе будуць праводзіцца гульні, ёсць на што паглядзець, каб адкрыць для сябе Беларусь.

Падчас адкрыцця першых Гульняў краін СНД у Казані. 2021 г. Фота: cis.minsk.by

Мяркую, што досвед правядзення Гульняў краін СНД у такім фармаце будзе, па-першае, добрым прыкладам для арганізатараў будучых мерапрыемстваў, а, па-другое, стане для беларусаў каштоўным вопытам у арганізацыі найбуйнейшых міжнародных спаборніцтваў.

— Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка запрасіў краіны ШАС узяць удзел у дадзеным форуме. Чаму было прынята рашэнне зрабіць ІІ Гульні краін СНД адкрытымі?

— Гэтае пытанне абмяркоўвалася яшчэ на стадыі распрацоўкі праекта Палажэння аб Гульнях краін СНД, якое было зацверджана Саветам кіраўнікоў урадаў СНД у 2019 годзе. У верасні 2022 года Савет па фізічнай культуры і спорце ў Ташкенце ўзгадніў прапанову Міністэрства спорту і турызму Беларусі запрасіць каманды дзяржаў, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі СНД. Гульні краін СНД — добрая пляцоўка, на якой маладыя спартсмены могуць набрацца спаборніцкага вопыту, псіхалагічна загартавацца. Я лічу, чым больш камандаў возьме ўдзел у гульнях, чым больш сур'ёзная будзе канкурэнцыя спартсменаў, тым вышэйшы будзе ўзровень спаборніцтваў і цікавейшая барацьба за медалі. Разглядаюць свой удзел Куба і Манголія, думаю, дададуцца і іншыя краіны. Мы не адмовім ніводнай камандзе, якая захоча ўдзельнічаць у Гульнях краін СНД. Для маладых спартсменаў гэта бясцэнны вопыт і добры задзел для ўдзелу ў будучых спаборніцтвах высокага ўзроўню.

— Чаму на першых Гульнях краін СНД у Казані было вырашана, што гэта спаборніцтвы для спартсменаў, маладзейшых за 23 гады, а не для дарослых атлетаў?

— На тое ёсць некалькі прычын. Па-першае, паколькі першапачаткова гульні планавалася праводзіць у 2020-м алімпійскім годзе, улічваліся інтарэсы спартсменаў, якія павінны былі планамерна, спакойна рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў у Токіа, іх не хацелі адцягваць ад падрыхтоўкі да галоўных стартаў. Па-другое, для маладых спартсменаў не так шмат комплексных спаборніцтваў, у якіх яны на роўных са сваімі аднагодкамі могуць змагацца за медалі. Таму было вырашана ў алімпійскі год правесці мультыспартыўны форум для маладых спартсменаў з усімі традыцыямі і атрыбутамі Алімпійскіх гульняў. У Казані мы назіралі эфектныя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, медалістаў узнагароджвалі ва ўрачыстай абстаноўцы, удзельнікі жылі ў «алімпійскай вёсцы». Спецыялісты пазней адзначалі, што гульні сталі своеасаблівай праверкай для маладых спартсменаў і далі ім неацэнны вопыт. Упэўнены, што ён дапаможа ім у будучыні падчас удзелу ў Алімпійскіх гульнях.

— Але ў 2023 годзе Алімпійскія гульні не праводзяцца...

— Будзе несправядліва, калі масціты дасведчаны спартсмен будзе спаборнічаць з маладым атлетам, які толькі набіраецца вопыту. Павінен быць выкананы прынцып справядлівасці. Таму ўдзельнікамі ІІ Гульняў краін СНД будуць пераважна спартсмены, не старэйшыя за 23 гады. Але арганізатары абмяркоўваюць з партнёрамі прыцягненне да ўдзелу ў спаборніцтвах па асобных відах спорту асноўных саставаў нацыянальных і зборных камандаў. Гэта павінна надаць значнасці спартыўнай праграме і павысіць цікавасць балельшчыкаў і СМІ. Пакуль плануецца, што дарослыя каманды будуць удзельнічаць у спаборніцтвах па каратэ, пляжным футболе, цяжкай атлетыцы, самба і хакеі на траве.

— Нараўне з Алімпійскімі гульнямі раз на чатыры гады праводзяцца і Юнацкія алімпійскія гульні, важнай часткай якіх з'яўляецца адукацыйная і культурная праграма для юных спартсменаў. Ці магчыма такое і пры правядзенні Гульняў краін СНД?

— Безумоўна. У рамках ІІ Гульняў краін СНД будзе праходзіць навукова-практычная канферэнцыя ў галіне фізічнай культуры і спорту. Пройдзе пасяджэнне Савета па фізічнай культуры і спорце. Будуць арганізаваны выставы культур краін — удзельніц СНД. Антыдопінгавае агенцтва падрыхтуе для спартсменаў адукацыйную праграму.

Што да культурнай праграмы не толькі для спартсменаў, але і для гледачоў, то тут самымі знакавымі падзеямі стануць цырымоніі адкрыцця і закрыцця. Свае культурныя праграмы падрыхтуюць рэгіёны. У аргкамітэце сфарміравана асобная падгрупа арганізацыі цырымоній і культурнага забеспячэння гульняў. У яе рабоце актыўна ўдзельнічае Міністэрства культуры Беларусі. Але па традыцыі ўсе падрабязнасці цырымоній гульняў будуць трымацца ў сакрэце.

— У лістападзе адбыўся ІX Міжнародны фестываль школьнага спорту краін СНД. Ці можна сказаць, што ў СНД развіваецца свая спартыўная сістэма?

— Вы справядліва адзначылі, што ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў развіваецца свая сістэма спартыўных спаборніцтваў. І што асабліва прыемна, яна развіваецца з высокай зацікаўленасцю дзяржаў — удзельніц СНД. Гледзячы на дынаміку развіцця гэтай сістэмы, можна з упэўненасцю гаварыць, што ў бліжэйшай будучыні ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў спартыўнымі спаборніцтвамі будуць ахоплены ўсе катэгорыі ўдзельнікаў і віды спорту. Магчыма, тым самым мы паціху набліжаемся да адраджэння сістэмы фізічнай культуры і спорту, якая існавала ў СССР. Вынікі савецкіх спартсменаў на галоўных стартах паказвалі эфектыўнасць той сістэмы. Гульні краін СНД, на мой погляд, можна лічыць працягам Спартакіяды народаў СССР, толькі для спартсменаў маладога ўзросту. Гэта быў наймацнейшы турнір, выйграць які часам было больш складана, чым чэмпіянат Еўропы ці свету. Дык, можа, варта адрадзіць гэтую сістэму?

— І першым крокам зрабіць правядзенне першынстваў, чэмпіянатаў, кубкаў СНД па розных відах спорту на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці, тым больш што такія прапановы ўжо паступалі?

— А чаму б і не. Ініцыятыва па правядзенні чэмпіянатаў, першынстваў, кубкаў СНД па асобных відах спорту сапраўды была агучана на выніковым пасяджэнні рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні І Гульняў краін СНД у 2021 годзе. Быў падрыхтаваны праект Палажэння аб гэтых спаборніцтвах, яго адобрыў Савет па фізічнай культуры і спорце на пасяджэнні ў Ташкенце. Цяпер дакумент дапрацоўваецца экспертамі, пасля чаго будзе вынесены на разгляд вышэйшых органаў Садружнасці. Аналагічныя чэмпіянаты і кубкі рэгулярна праводзіліся ў часы існавання СССР і мелі высокі статус. Мяркую, што на постсавецкай прасторы мы павінны адрадзіць найлепшыя спартыўныя традыцыі. На жаль, у некаторых відах спорту ўзровень нацыянальных чэмпіянатаў недастаткова высокі і ў лідараў няма канкурэнцыі ўнутры краіны. А ўнутраныя чэмпіянаты савецкай сістэмы давалі спартсмену магчымасць канкурыраваць з больш моцнымі сапернікамі і павышаць сваё спартыўнае майстэрства. Сёння такую магчымасць могуць даць чэмпіянаты і першынствы на прасторы СНД. А для беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія зараз адхілены ад міжнародных стартаў, гэта выдатны шанц не страціць форму і спаборніцкую практыку.

Акрамя гэтага, на пасяджэнні савета ў Ташкенце была падтрымана ініцыятыва Расійскай Федэрацыі аб заснаванні летніх і зімовых спартакіяд дзяцей-інвалідаў краін СНД. Мяркуецца, што такія спаборніцтвы будуць праводзіцца раз на чатыры гады пачынаючы з зімовай Спартакіяды ў 2024 годзе і летняй Спартакіяды ў 2026 годзе.

— Леанід Васільевіч, наколькі вялікая роля Гульняў краін СНД ва ўмацаванні гуманітарнага супрацоўніцтва на прасторы СНД?

— Складана назваць больш маштабнае мерапрыемства ў галіне гуманітарнага супрацоўніцтва краін Садружнасці, чым Гульні краін СНД. Яны спалучаюць у сабе каштоўнасці алімпійскага руху, энергетыку папулярных у Садружнасці відаў спорту, традыцыі нашых краін. Гульні краін СНД, безумоўна, новы этап супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у галіне фізічнай культуры і спорту. У праграме Гульняў краін СНД, якія пройдуць у Беларусі, 20 відаў спорту. Мы чакаем, што ў спаборніцтвах будуць удзельнічаць мінімум дзве тысячы спартсменаў. А з імі прыедуць трэнеры, суддзі, спартыўныя службоўцы, журналісты, заўзятары. Я ўпэўнены, што большасць з іх з'едзе з Беларусі з самымі цёплымі ўражаннямі, падзеліцца імі са сваімі суайчыннікамі, і яшчэ больш людзей захочуць убачыць Беларусь на свае вочы. Мы расцэньваем Гульні як адзін са стымулаў умацавання супрацоўніцтва ў рамках СНД у галіне гуманітарнай дзейнасці і ў цэлым умацавання адзінства народаў краін СНД.

— На ваш погляд, якія віды спорту самыя папулярныя ў краінах — удзельніцах СНД?

— Нягледзячы на тое што нашы футбалісты прайграюць усюды, дзе толькі можна прайграць, усё ж футбол застаецца самым запатрабаваным відам спорту на прасторы СНД. Не саступае па папулярнасці і хакей. Мусіць, гэта ідзе па інерцыі яшчэ з часоў СССР, калі савецкія каманды грамілі ўсіх і ўся. І мы падсвядома чакаем вяртання тых вынікаў. Магчыма, некалі мы прыйдзем да стварэння зборнай каманды краін СНД па футболе ці хакеі. Можа быць, у далейшым будуць створаны лігі па розных відах спорту накшталт КХЛ ці НХЛ. У развіцці спартыўнай сістэмы СНД, аб якой гаварылі раней, мы абсалютна адкрыты для новых ідэй. Не можа быць нічога застылага ў гуманітарным супрацоўніцтве. Вядома, нехта жадае бачыць нас зусім незалежнымі, стэрыльнымі дзяржавамі, якія жывуць і «варацца» толькі ва ўласных межах. Але краіны — удзельніцы СНД гістарычна прызвычаіліся трымацца разам. І сёння нам трэба шукаць новыя формы супрацоўніцтва, пашыраць яго, тады мы зможам гаварыць аб больш сур'ёзнай інтэграцыі ва ўсіх сферах дзейнасці народаў краін СНД.

— Леанід Васільевіч, чаго асабіста вы чакаеце ад ІІ Гульняў краін СНД?

— Мне хочацца наведаць як мага больш спаборніцтваў па розных відах спорту. Яны ўсе будуць цікавымі, і хацелася б убачыць іх на свае вочы. Але ў першую чаргу я чакаю высокай ацэнкі ад тых, хто прыедзе ў нашу краіну. Упэўнены, што беларусы не ўдараць у гразь тварам, праявяць сваю знакамітую гасціннасць і пакажуць традыцыі, побыт, славутасці нашага народа. Я спадзяюся, што ІІ Гульні краін СНД пакажуць, што Беларусь адкрытая, транспарэнтная, гатовая да супрацоўніцтва. Калі нашы госці з'едуць з такімі ўражаннямі — будзем лічыць, што місія выканана.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.