Вы тут

Аналізуем, як змяніўся айчынны тэніс


Пяць гадоў таму ў лістападзе 2017 года ўся Беларусь, здавалася, жыла тэнісам. «Чыжоўка-Арэна» прымала фінал Кубка Федэрацыі. У вырашальным матчы сустракаліся каманды Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі. Пасля серыі перамог у Кубку Федэрацыі на ўздыме былі ўсе: балельшчыкі, арганізатары, журналісты і, вядома, самі дзяўчаты. Лёс фіналу вырашаўся ў парнай сустрэчы. На жаль, цуд не здарыўся. Трафей дастаўся амерыканскім тэнісісткам. Але засмучаным тады не быў ніхто. Беларускія тэнісісткі разам са сваім капітанам Эдуардам Дубровым зрабілі тое, што раней падавалася немагчымым. З таго фіналу прайшло пяць гадоў, але ўспаміны засталіся такія ж яркія. Фінал Кубка Федэрацыі, здаецца, падзяліў гісторыю беларускага тэніса на да фіналу і пасля яго.

Успамінаем той гарачы лістапад і аналізуем, як змяніўся айчынны тэніс, разам з генеральным сакратаром Беларускай тэніснай федэрацыі Кацярынай Лісіцай.


— Кацярына, у 2017 годзе вы былі ў эпіцэнтры арганізацыі фіналу Кубка Федэрацыі ў Мінску. Што згадваецца праз пяць гадоў?

— Шчыра прызнацца, я не веру, што прайшло пяць гадоў. Такое ўражанне, што ўсё гэта было ўчора. У псіхалогіі ёсць такое паняцце, як «посттраўматычны сіндром». А ў нашай каманды — «постфінальны сіндром». Здаецца, ён не прайшоў і па сёння. Колькі было праведзена работы, колькі наладжана новых камунікацый, колькі мы прайшлі выклікаў, колькі людзей было аб'яднана з мэтай правесці гэта мерапрыемства на самым высокім узроўні!. Прысутнічаў кіраўнік дзяржавы, кіраўнікі Міжнароднай тэніснай федэрацыі, Жаночай тэніснай асацыяцыі, топ-менеджары кампаній-спонсараў — гэта была вялікая падзея не толькі для спорту, але і для краіны. Было вельмі адказна працаваць над арганізацыяй такога турніру, але я вельмі ўдзячная за гэты досвед. За больш чым дзесяць гадоў працы ў тэнісе я такога яшчэ не сустракала. Але самае галоўнае і самае класнае — гэта людзі, каманда ад кіраўніка аргкамітэта да валанцёраў. Усю гэтую прыгажосць і гісторыю зрабілі людзі. І такі захапляльны матч — літаральна пара памылак на тай-брэйку вырашылі яго вынік. Нашы дзяўчаты тады стварылі гісторыю.

Я вельмі ўдзячная нашым тэнісістам за тое, што яны заўсёды адгукаліся на запрашэнне выступіць за краіну. У 2017 годзе адзін за адным ішлі матчы Кубка Дэвіса, Кубка Федэрацыі і потым фінал у лістападзе. Самы галоўны вынік гэтай гонкі — прыток новых людзей у тэніс. Іх стала ў разы больш. Дзеці сталі цікавіцца тэнісам, бацькі павялі іх у секцыі. Тыя, хто ўжо займаўся, сталі трэніравацца больш сур'ёзна, убачылі, якіх вышынь можна дасягнуць. Колькасць праглядаў трансляцый матчаў у інтэрнэце паказала, што больш людзей стала сачыць за тэнісам. Стала больш і тых, хто вырашыў займацца тэнісам як хобі. Адбыўся своеасаблівы тэнісны бум. І гэта выдатна.

— Калектыў Беларускай тэніснай федэрацыі правядзеннем фіналу задаў вельмі высокую планку. Але на такім узроўні вельмі цяжка замацавацца...

— Той год нас многаму навучыў, было шмат спрэчных момантаў, цяжкасцяў. І гэты досвед стаў вельмі карысным падчас пандэміі, крызісу, у сённяшніх умовах, калі нашых спартсменаў адхіляюць ад міжнародных стартаў. Мы аказаліся гатовыя да выклікаў. Да ўсіх гэтых цяжкасцяў нашу працу высока ацэньвалі. У 2019 годзе Tennіs Europe прызнала Беларусь краінай, якая дынамічна развіваецца ў тэнісе. Мы задалі вельмі высокую планку і апусціць яе не можам.

— Атрымліваецца, што, акрамя брэнда беларускіх тэнісістаў, існуе і брэнд Беларускай тэніснай федэрацыі?

— Нясціпла, але можна і так сказаць. Тэнісісты на кортах, федэрацыя ў офісе робяць адну справу — развіваюць і папулярызуюць тэніс. Федэрацыя наўрад ці можа дапамагчы ў развіцці асабістага брэнда Арыны Сабаленкі ці Максіма Мірнага — там і без нас усё добра. Але федэрацыя можа і павінна дапамагаць развіццю брэнда маладых перспектыўных спартсменаў. Дапамагчы ў заваёўванні прыхільнасці аматараў праз наш афіцыйны сайт і сацыяльныя сеткі, дапамагчы з пошукам спонсараў.

Ужо трэці раз мы праводзім турнір на прызы Аляксандры Сасновіч, яна сама пры магчымасці на яго прыязджае, сустракаецца з дзеткамі-ўдзельнікамі. І кожны, каму Саша пакінула аўтограф ці зрабіла з ім сэлфі, будзе і далей сачыць за яе поспехамі. Асабісты брэнд працуе. Вікторыя Азаранка праводзіла майстар-класы, кэмпы для дзяцей. Арына Сабаленка рэгулярна праводзіць майстар-клас для вучняў сваёй роднай школы «Змена». Беларуская тэнісная федэрацыя актыўна дапамагае ў правядзенні мерапрыемстваў. І ўсё гэта працуе на развіццё брэнда не толькі самога спартсмена, але і федэрацыі ў цэлым.

З камандай Кубка Федэрацыі.

— Зразумела, што на майстар-клас Вікторыі Азаранкі ці Арыны Сабаленкі дзеці пойдуць натоўпам. А што наконт пакуль не такіх медыйных, але вельмі перспектыўных тэнісістаў?

— Наша задача — павышаць іх медыйнасць, актыўна расказваць пра іх поспехі. Менавіта з такой мэтай Беларуская тэнісная федэрацыя запускае новы праект пад агульнай назвай «Мытэніс». Мы плануем расказваць пра нашых спартсменаў і іх першых трэнераў, паказваючы, што вялікім тэнісістам можа стаць кожны. У рамках праекта па ўсёй краіне будуць размешчаны білборды з беларускімі тэнісістамі. Спадзяюся, што білборды з фота Аляксандры Сасновіч, Крысціны Дзмітрук і іншых гульцоў натхняць дзяцей, гэта стане для іх добрай матывацыяй. Гэтая рэкламная кампанія беларускага тэніса стартуе ў снежні.

— Матывацыя дзяцей — гэта вельмі добра, але неабходны і ўмовы, асабліва ў рэгіёнах. Як вырашаецца гэтае пытанне?

— Гэта наш галаўны боль. Вялікая праблема тэніса — матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, корты. Наш клімат не дазваляе тэнісістам трэніравацца круглы год на вуліцы, таму неабходныя крытыя корты, што патрабуе нямала сродкаў. Паступова праблема вырашаецца. Сёння тэніс нядрэнна развіваецца ў Мінску, Гомелі, Гродна. Стаіць задача ахапіць Віцебск і Брэсцкую вобласць, пабудаваць корты там. Сёлета мы ўдзельнічалі ў фестывалі «Вытокі», аб'ехалі ўсе рэгіёны і ўбачылі вялікую зацікаўленасць дзяцей і іх бацькоў у нашым відзе спорту. Але пакуль упіраемся ў корты.

— Кацярына, як на беларускі тэніс уплывае тое, што цяпер спартсмены хоць і не адхілены ад міжнародных стартаў, але там не ўказваецца краіна, якую яны прадстаўляюць?

— Пасля Алімпійскіх гульняў 2012 года, калі Максім Мірны і Вікторыя Азаранка сталі чэмпіёнамі ў міксце, увесь свет убачыў, хто такія беларускія тэнісісты. З песні слоў не выкінеш. Усё ведаюць, што Арына Сабаленка, якая сёння ўваходзіць у топ-5 сусветнага рэйтынгу, родам з Беларусі. Так, зараз няма сцяга перад прозвішчам нашых тэнісістаў, але ўсе і так ведаюць, адкуль яны. Галоўнае, што нашых спартсменаў не адхілілі ад турніраў. Гэта вельмі важна для іх саміх і для маладога пакалення тэнісістаў. Вельмі цяжка знаходзіць матывацыю, калі перад вачыма няма прыкладу выступленняў куміра. І, на жаль, цяпер мы бачым адток маладых спартсменаў. Таму нам трэба старацца як мінімум захаваць тую моладзь, якая ўжо займаецца тэнісам.

— Беларускія тэнісісты адхілены ад удзелу ў камандных турнірах Кубка Дэвіса і Кубка Білі Джын Кінг. Ці ёсць магчымасць выступаць у гэтых спаборніцтвах, але пад нейтральным сцягам, калі і так усе ведаюць, адкуль яны?

— Гэты момант прапісаны ў Статуце Міжнароднай тэніснай федэрацыі. Там сказана, што прымаць удзел у Кубку Дэвіса і Кубку Білі Джын Кінг могуць толькі краіны — члены гэтых арганізацый. Паколькі наша членства ў ІTF прыпынена, мы нават пад нейтральным сцягам не можам выступаць. У мінулым годзе расійская каманда, якая выступала пад нейтральным сцягам з-за допінгавых праблем, перамагла ў Кубку Дэвіса. Шанцы на вяртанне нашых тэнісістаў ёсць. Мы чакаем рашэння Міжнароднага арбітражнага суда па нашай справе супраць Міжнароднай тэніснай федэрацыі наконт аднаўлення нашых правоў і сімволікі. І яшчэ адзін варыянт — падчас фіналу Кубка Дэвіса будзе праходзіць штогадовая генеральная канферэнцыя ІTF — мы спадзяёмся, што адным з пытанняў стане вяртанне нашай краіны як мінімум у членства міжнароднай федэрацыі.

З Арынай Сабаленкай.

— Кацярына, доўгі час вы займалі пасаду прэс-сакратара Беларускай тэніснай федэрацыі. У чым асаблівасці інфармацыйнага развіцця гэтага віду спорту?

— З 2009 года, калі я пачала працаваць у тэніснай федэрацыі, кардынальна змяніліся інструменты работы. Думаю, тое заўважыў кожны. Сёння я магу весці сайт і сацыяльныя сеткі федэрацыі з кожнага пункта зямнога шара, і гэта дапамагае. Але з'яўляецца іншая задача — пастаянна быць у трэндзе, быць на крок уперадзе. Асноўныя тэндэнцыі інфармацыйнага суправаджэння: аператыўнасць, трэнды для кожнай аўдыторыі і статыстыка. З аператыўнасцю ўсё зразумела. У ідэале сайт тэніснай федэрацыі павінен першым даваць навіны аб выступленні сваіх спартсменаў. Гэта цяжка, але мы стараемся. Далей — трэнды. У кожнай аўдыторыі свае пажаданні. Адны любяць кароткія паведамленні, другім патрэбныя разборы матчаў, трэцім — інтэрв'ю са спартсменамі. Трэба адчуваць сваю аўдыторыю і задавальняць яе патрабаванні. Ну а наколькі эфектыўна тое атрымліваецца, пакажа статыстыка праглядаў, рэпостаў, колькасць каментарыяў. І гэта датычыцца не толькі спартыўнай сферы, але і любой іншай, якая прасоўвае сябе ў інтэрнэце. Калі вярнуцца да тэніса, то сёння яму цяжка канкурыраваць не столькі з іншымі відамі спорту, колькі з іншымі актыўнасцямі. Асабліва гэта датычыцца моладзі, якая ў інфармацыйнай прасторы бачыць безліч усяго цікавага. І самае складанае — прыцягнуць яе ўвагу да тэніса.

— У Беларускай тэніснай федэрацыі, якая мае старонкі ва ўсіх сацыяльных сетках, з'явіцца акаўнт у TіkTok?

— Так, сёння гэта самая папулярная пляцоўка. Але для яе неабходны яркі, незвычайны кантэнт, каб зацікавіць аўдыторыю. Калі б у нас цяпер праходзілі буйныя міжнародныя спаборніцтвы, мы б з задавальненнем здымалі цікавыя ролікі з лепшымі тэнісістамі, яны б не засталіся без увагі. Але пакуль няма такой магчымасці. Дарэчы, аб рабоце з моладдзю. Мне вельмі падабаецца кейс калег з хакейнага клуба «Дынама-Мінск» і іх «Аддзел трэндаў». Запрасіць дзяцей папрацаваць у клубе — смела і арыгінальна. У іх можна многаму павучыцца ў плане маркетынгу і інфармацыйнага суправаджэння.

— Хакейны клуб можа праводзіць маркетынгавую палітыку: ён прадае білеты на матчы, мае свой мерч. Спартыўнай федэрацыі з такім цяжэй...

— А гэта чэлендж, які стаіць перад спартыўнымі федэрацыямі: зрабіць так, каб стаць камерцыйна паспяховым прадуктам. Праўда, давядзецца мяняць і кадравую палітыку, і юрыдычныя аспекты. Гэта глабальная перабудова. Але заўсёды можна пачаць з сябе. Федэрацыя можа зрабіць камерцыйна паспяховым адзін турнір, знайсці спонсараў. Мы цяпер працуем над такім праектам, які стартуе ў пачатку наступнага года. Вяртаючыся да брэнда спартсмена і федэрацыі: без моцнага брэнда спартсмена і федэрацыі тое зрабіць складана. І, зноў жа, усё ўпіраецца ў інфармацыйнае суправаджэнне.

— Ёсць ідэі, як яго развіваць?

— Я чытаю лекцыі ў БДУФК спартыўным менеджарам і бачу, што дадзены кірунак ім вельмі цікавы. Магчыма, патрэбна нейкая школа для спартыўных прэс-сакратароў, для людзей, якія займаюцца інфармацыйным суправаджэннем. У нас прэс-сакратары не толькі арганізоўваюць работу з прэсай на мерапрыемствах — яны яшчэ і спічрайтары, фатографы, дызайнеры. І маладым спецыялістам такая школа дапамагла б.

— Кацярына, ад глабальных тэм да штодзённых. У мінулым месяцы прайшоў фінал рэспубліканскага турніру «Залатая ракетка». Якія ўражанні засталіся ў арганізатараў?

— «Залатая ракетка» — адзін з самых паспяховых прыкладаў аб'яднання нашых спартсменаў, павышэння матывацыі юных тэнісістаў. Сёлета ўдзельнічала рэкордная колькасць камандаў — 15. Самае галоўнае — змяніўся фармат, мы прыблізілі яго да фармату правядзення летняга і зімовага чэмпіянатаў Еўропы. Сёлета нашы гульцы на ім не выступаюць і, на жаль, не могуць адчуць той камандны дух. Але мы далі ім такую магчымасць у «Залатой ракетцы». Столькі станоўчых водгукаў мы не чулі, мабыць, з фіналу Кубка Федэрацыі. Дзеці мэтанакіравана рыхтаваліся да турніру. Гэта ўжо мерапрыемства са сваім брэндам, і тут таксама кропка росту. Мы плануем павялічыць колькасць удзельнікаў. І на наступны, юбілейны, год сабраць прадстаўнікоў усіх школ, прадставіць своеасаблівы зрэз нашага маладога пакалення.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.