Вы тут

Каляндар для мамы


Як толькі выпаў снег, чую ад розных мам адно і тое ж пытанне: «А ты ўжо зрабіла адвент-каляндар для сына?», «А я Мішу купіла гатовы — з дыназаўрамі, — дзеліцца былая аднакурсніца, — старэйшая ж дачка папрасіла з упрыгажэннямі». Як той казаў, попыт нараджае прапанову, таму сёння ў крамах хапае розных адвент-календароў на любы густ і кашалёк — з мініяцюрнымі шакаладкамі, пластыкавымі жывёлінкамі, фігуркамі Lego на кожны дзень чакання Каляд ці Новага года. І, шчыра прызнацца, я спачатку ледзь не паддалася ўсеагульнай паніцы. Але потым расслабілася і замест таго, каб бегаць па крамах, скупляючы непатрэбныя дробязі, штовечар гуляю з Сымонам у яго ўлюбёныя «кошкі-мышкі». Бо, колькі б мы ні набывалі сваім дзецям цацак ды цукерак, яны ніколі не заменяць самага галоўнага. «Насамрэч, няважна, ці ёсць у сына новыя красоўкі, паступіў ён у каледж сваёй мары і ці хопіць у вас грошай, каб купіць яму дарагую цацку, — піша Мэг Мікер у кнізе «Мама і сын». — Усё гэта цудоўна, але рэчы не зробяць з дзіцяці шчаслівага чалавека. Што сапраўды прыносіць яму шчасце — час, які вы правялі з ім твар у твар». Менавіта таму, калі я і буду рыхтаваць адвент-каляндар, дык толькі так, як тое робіць мама Льва. Яна на кожны дзень чакання Каляд прыдумала для свайго сына цікавыя заданні. З таго, што мне запомнілася, — правесці рэвізію цацак і адкласці неактуальныя для іншых дзетак; намаляваць калядныя паштоўкі бабулям і дзядулям, патэфанаваць ім і распавесці, што падабаецца ў іх больш за ўсё...


Днямі я размаўляла са сваёй сяброўкай. Яна падзялілася, што цэлы месяц дачушка хварэе, таму ў яе зусім не было часу запоўніць усе кішэнькі вечнага адвент-календара, які пашыла летась з тканіны. Таму падкладвае малечы сюрпрызы дзень у дзень. Адчувалася, што сяброўка (якая, як і большасць з нас, імкнецца быць ідэальнай мамай і ўсё паспяваць) з-за гэтага вельмі перажывае. Але, як для мяне, цудоўна, што жыццё прымусіла яе пакінуць месца для экспромта. Тым больш сумняваюся, што дзіцяці ў тры гады хопіць цярпення, каб не зазірнуць ва ўсе кішэнькі адразу.

Ды і наогул... Мне здаецца, што для таго, каб стварыць у доме чароўную атмасферу падчас чакання свят, зусім не абавязкова не спаць начамі, каб арыгінальна аформіць 24 (некаторыя робяць 31!) пакуначкі і прадумаць, чым іх запоўніць. Гэта ўсё — вонкава прыгожанькае, «інстаграмнае» — патрэбна збольшага мамам, а не дзецям. Асабліва калі апошнім два, тры ці чатыры гадкі. У прыватнасці, мы з Сымонам, нягледзячы на адсутнасць адвент-календара, апошнія два гады таксама рыхтуемся да зімніх свят. Малюем ліст Зюзю і адносім яго ў лес. Разам замешваем цеста і пры дапамозе формачак выразаем імбірнае печыва. Упрыгожваем драўляную ёлку, якую зрабіў муж, драўлянымі сняжынкамі, а дрэвы ў двары — самаробнымі ледзянымі цацкамі. Робім снежных анёлаў па дарозе на навагоднія спектаклі. Але ўсё гэта не «жалезна», па адвент-календары, а спантанна, «пад натхненне».

«Я сваім дзецям і хроснікам сёлета куплю квіткі пад ёлачкі, — падзялілася планамі наконт навагодніх падарункаў Алёна. — 12-годку павяду ў тэатр музкамедыі, малодшых — у музей, дзяцей кумоў адпраўлю ў цырк на навагодняе прадстаўленне. Склад цацак усіх ужо стаміў, буду дарыць эмоцыі і сумеснае баўленне часу».

А наогул, як ні круці, найлепшы падарунак для дзіцяці — рэсурсная (у сэнсе нервовых клетак) мама. Таму перад Новым годам я вырашыла паклапаціцца ў тым ліку і пра сябе. І зладзіць уласны адвент. Якраз на дзень нараджэння сяброўка падарыла мне кнігу Вольгі Прымачэнкі пра тое, як цаніць і берагчы сябе. У канцы яе — марафон пяшчоты да сябе, разлічаны на 31 дзень. Адмыслова для гэтага я завяла асобны нататнічак. І вось ужо восьмы дзень выконваю розныя рэсурсныя заданні. Напрыклад, сёння папрашу свайго мужа пабыць маім «добрым люстэркам» і напісаць, што яго ўва мне захапляе, у чым, на яго погляд, мой дар. А потым абавязкова сама падпішу такую паштоўку сілы для кагосьці са сваіх знаёмых.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.