Вы тут

Як вучацца і развіваюцца ў сваёй рабоце дэпутаты Гомельшчыны


Ніводны орган кіравання ў адзіночку не справіцца з вырашэннем усяго шэрагу сацыяльна значных пытанняў. Забяспечыць супрацоўніцтва паміж органамі мясцовага кіравання і самакіравання, уладай, рэальным сектарам эканомікі, сацыяльнай сферай і жыхарамі населеных пунктаў — першачарговая задача для дэпутатаў у рэгіёне. Аб цікавым вопыце работы народных абраннікаў, які дапамагае павышаць якасць жыцця людзей, развіваць раёны вобласці, размаўляем са старшынёй Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, дэпутатам Бярэзінскай выбарчай акругі № 55 Кацярынай Зенкевіч.


— Пяць гадоў таму Гомельшчына пачала ўкараняць практыку правядзення пашыраных сустрэч рознай тэматыкі з удзелам прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання, органаў улады, жыхароў населеных пунктаў. Абласны Савет дэпутатаў актыўна працягвае правядзенне навучальных семінараў для старшынь Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Гомельскай вобласці. Раскажыце, калі ласка, наколькі эфектыўныя такія формы работы?

— Важнасць падобнай практыкі цяжка пераацаніць. У кожным раёне вобласці сфарміраваны свой асаблівы стыль работы, свая сістэма ўзаемадзеяння паміж органамі ўлады і мясцовымі жыхарамі. Выязныя сустрэчы дэпутатаў рэгіёна дапамагаюць дзяліцца дзейснымі падыходамі работы на месцах, напрацоўваць новы досвед. Падчас нашых выязных сустрэч дэпутаты базавага ўзроўню маюць магчымасць таксама паназіраць за работай парламентарыяў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі і членаў Саветаў Рэспублікі, якія таксама далучаюцца да мерапрыемстваў. Прымаюць удзел у семінарах і прадстаўнікі органаў улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

— Якім чынам вызначаюцца тэмы выязных сустрэч, што дэпутаты разглядаюць у тым ці іншым раёне?

— Кіраўнікі раённых Саветаў дэпутатаў могуць самі выступіць з ініцыятывай, якое сацыяльна значнае пытанне можна разгледзець на прыкладзе іх раёна. Тэмы выязных семінараў самыя розныя: ад вырашэння сацыяльна-эканамічных пытанняў да ажыццяўлення праектаў захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Узаемадзеянне органаў мясцовай улады, развіццё грамадзянскай ініцыятывы, шляхі заахвочвання да прадпрымальніцкай актыўнасці — гэта толькі частка актуальных тэм. Разглядаюцца, безумоўна, і пытанні аховы працы, занятасці насельніцтва, інвестыцыйнага патэнцыялу тэрыторый, праблемы энергазберажэння, навядзенне парадку на зямлі. Толькі з пачатку гэтага года тэмамі для вывучэння ў раёнах сталі выкананне Дырэктывы Прэзідэнта № 1, рэалізацыя мясцовых ініцыятыў, роля інфармацыйнай работы з насельніцтвам, значэнне маладзёжнай палітыкі, развіццё інфраструктуры для забеспячэння камфортнага пражывання. Таксама дэпутаты аналізавалі вопыт па эфектыўным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, укараненні высокапрадукцыйных тэхналогій, павышэнні экалагічнай культуры насельніцтва, захаванні багаццяў прыроды беларускага Палесся і патрыятычным выхаванні моладзі. Пасля выязных семінараў дэпутаты абмяркоўваюць, што адзначылі для сябе падчас наведвання раёнаў. Праходзіць актыўны абмен меркаваннямі. Важна, што дэпутаты — удзельнікі падобных пашыраных выязных сустрэч — цесна ўзаемадзейнічаюць з мясцовымі жыхарамі ў сваіх раёнах і могуць пасля з імі падзяліцца цікавай інфармацыяй з розных пунктаў рэгіёну.

— Увогуле, наладжваць канструктыўны дыялог паміж органамі мясцовай улады і жыхарамі дапамагае сістэмная работа са зваротамі грамадзян. Кацярына Анатольеўна, чаго ў асноўным датычацца звароты жыхароў вобласці, якія адрасуюцца дэпутацкаму корпусу рэгіёну?

— Перш за ўсё адзначу, што на такі важны складнік дзейнасці дэпутатаў, як работа са зваротамі грамадзян, робіцца акцэнт у тым ліку падчас выязных семінараў, што арганізуе Гомельскі абласны Савет дэпутатаў. Бо, наведваючы той ці іншы раён, папярэдне вывучаеш праблемныя пытанні, якія паступілі ад мясцовых жыхароў. Для іх вырашэння абавязкова прыняць удзел у сустрэчах запрашаем вузкіх спецыялістаў, кіраўнікоў арганізацыі, супрацоўнікаў адказных ведамстваў. Што датычыцца тэматыкі зваротаў людзей на адрас дэпутатаў, то гэта часцей за ўсё пытанні камунальнай гаспадаркі, землекарыстання, працаўладкавання, навядзення парадку на зямлі. Але паступае і шмат простых «жыццёвых» зваротаў, просьбаў ад дапамозе. Усе адрасаваныя пытанні застаюцца на кантролі да поўнага іх вырашэння. Сустрэчы ў працоўных калектывах, сельскія сходы, адзіныя дні інфармавання, дыялогавыя пляцоўкі, прыёмы грамадзян, дні дэпутата, сельсаветаў, наведванне грамадзян па месцы жыхарства, правядзенне тэлефонных ліній... Усё гэта формы той сістэмнай работы са зваротамі грамадзян, што праводзіць дэпутацкі корпус Гомельшчыны. Сёлета дэпутатамі пярвічнага ўзроўню разгледжана звыш пяці тысяч зваротаў. Да работы з насельніцтвам у раёнах заахвочваем і актывістаў маладзёжных саветаў пры райсаветах дэпутатаў. Моладзь ўдзельнічае ў сесіях, прыёмах грамадзян, аказвае дапамогу састарэлым людзям, выступае ініцыятарамі розных акцый.

Экскурсiя па вучэбнаму цэнтру Беларускага металургiчнага завода падчас выязнога семiнару старшынь райсаветаў дэпутатаў Гомельшчыны.

— Вельмі заўважна актыўная інфармацыйная работа дэпутатаў у сацыяльных сетках.

— І не толькі... Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі — чаты і групы ў сацыяльных сетках, удзельнікі якіх — старасты, старшыні сельвыканкамаў, дэпутаты і актывісты ініцыятыўных груп — выкарыстоўваюцца для аператыўнага абмену інфармацыяй, вырашэння праблемных пытанняў. Па ўсіх кірунках работы дэпутацкага корпуса матэрыялы 

Дырэктар Нiсiмкавiцкай базавай школы Чачэрскага раёна Iван Перавознiкаў прадставiў дэпутацкаму корпусу Гомельшчыны праекты па захаваннi ваеннай гiсторыi.

— Летась на ініцыятыве аблсавета была створана Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Адным з першых сацыяльна значных праектаў гэтай некамерцыйнай арганізацыі стаў конкурс грамадзянскіх ініцыятыў. Наколькі актыўна адгукнуліся і дэпутаты, і жыхары рэгіёна на такую форму падтрымкі?

— Адзначу, што ўвогуле жыхары Гомельшчыны з года ў год актыўна падтрымліваць самафінансаванне добраўпарадкавання тэрыторый сваіх населеных пунктаў. Штогод сумы добраахвотных пералікаў ад мясцовых жыхароў толькі павялічваюцца. Пры гэтым на мясцовых сходах самі жыхары вызначаюць, на што пойдуць гэтыя сродкі, і самі ўсё кантралююць. Між тым дэпутацкі корпус рэгіёна вельмі актыўна падтрымлівае ўсе грамадзянскія ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця людзей, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і ўвогуле развіццё патэнцыялу той ці іншай тэрыторыі. Конкурс грамадзянскіх ініцыятыў — гэта выдатная магчымасць ажыццявіць задуманыя ідэі. Сваё праекты на конкурс прапанавалі жыхары 14 раёнаў вобласці, 18 грамадзянскіх ініцыятыў былі прызнаны лепшымі. Ужо цалкам рэалізавана 11 праектаў.

Варта адзначыць і ролю Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў для дадатковай актывізацыі дзейнасці ў раёнах. Сёння ёсць магчымасць аказваць метадычную дапамогу раённым Саветам дэпутатаў па пытаннях мясцовага самакіравання, узаемадзеяння з рознымі дзяржаўнымі органамі, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў дапамагае каардынаваць дзейнасць Саветаў дэпутатаў у сферы развіцця мясцовага самакіравання, праводзіць тэматычныя мерапрыемствы з удзелам галіновых спецыялістаў, што спрыяе абмену вопытам і ведамі, неабходнымі дэпутатам у рабоце на мясцовым узроўні.

Дэпутаты базавага ўзроўню Гомельшчыны падчас наведвання прадпрыемстваў Хойнiцкага раёна.

— Кацярына Анатольеўна, пад пільным кантролем дэпутацкага корпуса рэгіёна, усіх органаў кіравання і самакіравання знаходзіцца навядзенне парадку на зямлі. Вяртанне пакінутай некалі дзяржаўнай маёмасці ў эканоміку — гэта пытанне, па якім Гомельшчына таксама можа дзяліцца вопытам з іншымі рэгіёнамі...

— Сапраўды, сёння Гомельшчына вызначаецца самымі высокімі ў краіне паказчыкамі па прыцягненні ў гаспадарчы абарот аб'ектаў нерухомай маёмасці, што раней не выкарыстоўвалася. Як паказаў аналіз работы, мясцовыя органы кіравання ў раёнах аператыўна прымаюць рашэнні не толькі аб продажы такіх аб'ектаў, але і разглядаюць магчымасць бязвыплатнай перадачы маёмасці пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. На Гомельшчыне створана каля дзвюх тысяч новых працоўных месцаў на прададзеных і перададзеных аб'ектах нерухомасці, якія раней не выкарыстоўваліся. Пераканана, што эфектыўнае выкарыстанне нерухомай маёмасці і яе ўключэнне ў гаспадарчы абарот — дадатковы рэсурс для забеспячэння парадку на зямлі і далейшага эканамічнага развіцця раёнаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.