Вы тут

У Акадэміі МУС адбыўся Дзень адкрытых дзвярэй


Каб пазнаёміцца з навучальнай установай і пачуць аб арганізацыі вучэбнага працэсу з першых вуснаў, у галоўную міліцэйскую ВНУ краіны прыехалі старшакласнікі з усіх рэгіёнаў. Зараней цікавяцца прафесіяй вартавых правапарадку і малодшыя школьнікі, якія наведалі акадэмію разам з бацькамі.


Падрабязна з тонкасцямі прафесіі міліцыянера хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся падчас агляду адпаведных экспазіцый. А паколькі акадэмія рыхтуе спецыялістаў не толькі для сістэмы МУС, даведацца аб будучым месцы службы выпускнікоў можна было і на тэматычных пляцоўках Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

На пляцы ВНУ сваё майстэрства прадэманстравалі супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Дапамаглі ім у гэтым службовыя сабакі. Акрамя таго, для гасцей установы была арганізавана выстава тэхнікі і ўзбраення АМАП і Дзяржаўтаіспекцыі. Школьнікі маглі і ў аўтамабілі ДАІ пасядзець, і прымераць на сабе некаторыя элементы міліцэйскай экіпіроўкі. Пункты дактыласкапіі, фіксацыі слядоў злачынства, складанне фотаробата, розныя прыборы і прыстасаванні, узоры дакументаў — прадстаўнікі кафедр і курсанты адказвалі на пытанні дапытлівых наведвальнікаў і дэманстравалі ўстройствы ў рабоце.

Да слова, упершыню дзень адкрытых дзвярэй адбыўся ва ўзаемадзеянні са Спецыялізаваным ліцэем МУС. Кадэты паказалі ідэальную страявую выпраўку і прэзентавалі сваю ўстанову адукацыі.

Для важнага дыялогу з кіраўніцтвам ВНУ госці сабраліся ў актавай зале. Паколькі іх было шмат, дадаткова для прысутных арганізавалі анлайн-трансляцыю і ў лекцыйнай зале. Відэаролікі сфарміравалі ўяўленне аб кожным факультэце акадэміі, а курсанты студыі цэнтра культурна-выхаваўчай работы выступілі з творчымі нумарамі.

Начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Аляксандр Васільеў расказаў аб ВНУ, матэрыяльна-тэхнічнай базе, прафесарска-выкладчыцкім складзе, навучальным працэсе, навуковых і спартыўных дасягненнях курсантаў.

— Наша традыцыйнае мерапрыемства, дзень адкрытых дзвярэй, карыстаецца шырокай папулярнасцю, — заўважыў ён. — Школьнікі, кадэты, ліцэісты актыўна цікавяцца жыццём акадэміі, нашым побытам, вучобай. З задавальненнем сёння мы расказалі аб новых правілах прыёму ва ўстанову адукацыі, аб патрабаваннях да здароўя і медыцынскіх паказанняў. У хлопцаў і дзяўчат вочы гараць! Гэта нас радуе больш за ўсё!

Аб асаблівасцях паступлення ў Акадэмію МУС у 2023 годзе праінфармавала начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення палкоўнік міліцыі Алена Катэнка. Афіцэр расказала аб спецыялізацыях, напрамках навучання, праходжанні службы пасля заканчэння ВНУ.

— Пад вялікім уражаннем ад акадэміі, не чакаў, што будзе столькі людзей, — падзяліўся Раман Лемешаў, які заканчвае сярэднюю школу № 2 Полацка. У Мінск школьнік прыехаў усім 11-м юрыдычным класам. «Планую паступіць сюды, бачу, што канкурэнцыя будзе большая, — кажа ён. — Але я даўно зацікавіўся праваахоўнымі органамі, зраблю ўсё магчымае, каб папоўніць іх шэрагі».

Дзевяцікласніца Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча Наталля Свістуновіч таксама будзе спрабаваць паступаць у акадэмію. Дзяўчынка расказала, што яе заўсёды прыцягвала служба ў крымінальным вышуку. На жаль, цяпер на гэты факультэта набору дзяўчат няма. Аднак Наталля падумае над іншай спецыялізацыяй.

Пасля карыснага дыялогу кіраўніцтва акадэміі з гасцямі адбылася экскурсія па факультэце крымінальнай міліцыі.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Акадэміі МУС

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.