Вы тут

Вальфовіч: «Мігрантаў няма, а напружанасць засталася»


Цяпер архітэктура міжнароднай бяспекі разбураная, і аднапалярнаму свету ў любым выпадку ўжо не быць, будуецца шматпалярны свет. Акцэнт на гэтым зрабіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч на сустрэчы з працоўнымі калектывамі Гомельскай вобласці па пытаннях ваенна-палітычнай абстаноўкі ў краіне і за мяжой, паведаміла БелТА.


Фота: БелТА

«Абстаноўка цяпер у свеце насычаная падзеямі і, на жаль, характарызуецца абвастрэннем супрацьстаяння. Усё гэта наступствы барацьбы Усходу і Захаду, двух лагераў. З аднаго боку стаіць Расійская Федэрацыя, Кітай. З другога боку — калектыўны Захад на чале з ЗША, якія не хочуць саступаць у разбурэнні аднапалярнага свету, што існаваў да гэтага часу», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Ён звярнуў увагу: амерыканцы, дзе з'яўляюцца, спрабуюць стварыць ачагі напружанасці. «Дзе з'яўляюцца амерыканцы, усюды ўспыхваюць канфлікты, усюды войны, слёзы, разруха, смерць. Гэта і далёкая дуга, і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, і Сярэдняя Азія, і Еўропа», — пералічыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі. — Галоўная мэта амерыканцаў — прыбраць галоўнага канкурэнта — Расійскую Федэрацыю».

Ваенна-палітычная абстаноўка вакол Беларусі накіравана на тое, каб уцягнуць краіну ў канфлікт. Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што з боку калектыўнага Захаду на чале з ЗША ідзе ўдушэнне Расійскай Федэрацыі з усіх бакоў. «Гэта і той ачаг напружанасці, які адбыўся ў сувязі з вывадам амерыканскіх войскаў з Афганістана. Вялікая колькасць узбраення, тэхнікі, боепрыпасаў кінута, пакінута на тэрыторыі Афганістана. Гэта стварэнне напружанасці на таджыкскай граніцы ў сувязі з тым. Даўно тлеючы канфлікт Арменія — Азербайджан. Пастаянныя канфлікты на кіргізска-таджыкскай граніцы», — пералічыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі. Ён нагадаў, што ў пачатку года на тэрыторыі Казахстана была спроба перавароту і стварэння ачага напружанасці.

Даўняя мэта, якая дасягнута амерыканцамі, — стварэнне напружанасці на тэрыторыі Украіны з уцягваннем Расійскай Федэрацыі, дадаў Аляксандр Вальфовіч. «У 2020 годзе была моцная спроба, якая сарвалася, уцягнуць Беларусь у гэтую чараду падзей і самкнуць кола вакол Расійскай Федэрацыі, сціснуць да апошняга. Усё гэта не можа не турбаваць. І сёння ўся ваенна-палітычная абстаноўка, спробы амерыканцаў, якія ўсё больш праяўляюцца, накіраваны на тое, каб Беларусь уцягнуць у канфлікт», — падкрэсліў ён.

На гэта была накіравана і міграцыйная сітуацыя летась, і пад выглядам яе ўрэгулявання стварэнне ваеннай напружанасці, ваеннай актыўнасці на тэрыторыі Польшчы, Літвы. «Мігрантаў няма, а напружанасць засталася, буйныя групоўкі засталіся, вучэнні засталіся, загаварылі аб прымяненні ядзернай тактычнай зброі. Абстаноўка сапраўды складаная», — звярнуў увагу Аляксандр Вальфовіч.

Аднак ніякай мабілізацыі ў Беларусі няма і не прадбачыцца, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі. «Цяпер мы нейтралізуем пагрозы нашай нацыянальнай бяспецы, ваеннай бяспецы існуючым камплектам сіл і сродкаў сістэмы нацыянальнай бяспекі, ваеннай арганізацыі дзяржавы, — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. — Мы спраўляемся. Але каб яны [Узброеныя Сілы] былі боегатовымі, яны павінны быць укамплектаваны». Дзяржсакратар адзначыў, што ідзе планавая прызыўная восеньская кампанія: «Няхай хлапчукі, хто не служыў у войску, атрымаюць вопыт, памужнеюць, знойдуць сяброў. Служыць у арміі сёння ганарова».

Страціць усё тое, што створана ў Беларусі, беларусы проста не маюць права, лічыць Аляксандр Вальфовіч. «Супраць Беларусі развязана гібрыдная вайна, а на яе фоне інфармацыйная вайна, у якой спрабуюць, перш за ўсё амерыканскія спецслужбы, спецслужбы калектыўнага Захаду, праз інтэрнэт укараніць у [свядомасць] людзей, што яны (ЗША, Захад. — Рэд.) усе белыя і харошыя, і ўсё, што ні робяць, гэта добра», — звярнуў увагу Аляксандр Вальфовіч. Ён падкрэсліў, што сёння інтэрнэт поўнасцю кантралюецца Захадам. Блакуюцца каналы інфармацыі, якія не патрэбныя ім. «Але тую інфармацыю, якую яны хочуць [данесці] у тым выглядзе, у якім ім гэта цікава, пад патрэбным ім соусам укараняюць у мазгі людзей. Перш за ўсё ў мазгі моладзі», — канстатаваў ён. Па словах дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, сёння беларускія СМІ навучыліся аператыўна рэагаваць на абстаноўку. «Але, на жаль, усе мы сёння не так уважліва, напэўна, глядзім і слухаем блокі навін. Чамусьці больш аддаём перавагу інтэрнэту», — звярнуўся да прадстаўнікоў працоўных калектываў Аляксандр Вальфовіч.

Менавіта таму кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне данесці праз падобныя сустрэчы да людзей інфармацыю аб тым, што цяпер адбываецца, якія мэты ў Захаду, што робіцца ў краіне, каб нейтралізаваць выклікі і пагрозы, каб жыццё ў Беларусі было мірным. «Каб нашы людзі маглі працаваць на заводах, фабрыках, прадпрыемствах, настаўнікі — вучыць дзяцей, урачы — лячыць у камфортных умовах», — заўважыў дзяржсакратар. — А ўмовы ў Беларусі сёння сапраўды камфортныя. Мы прывыклі да такога жыцця і не бачым, што адбываецца ў постсавецкіх рэспубліках, якая там абстаноўка ў плане камфорту. Многія засталіся на ўзроўні 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Як было пабудавана, так усё і засталося. Беларусь рушыла далёка наперад. І страціць усё гэта мы проста не маем права».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.