Вы тут

Спорт без спартсменаў Беларусі і Расіі— гэта фізкультура


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры адзначае юбілей. Адзінай профільнай установе вышэйшай адукацыі ў краіне, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне фізічнай культуры, спорту і турызму, спаўняецца 85 гадоў. Інстытут фізічнай культуры БССР заснаваны ў 1937 годзе пасля рэарганізацыі Беларускага тэхнікума фізкультуры. У 1993 годзе ўстанова адукацыі была пераўтворана ў Акадэмію фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, а сучасную назву ўніверсітэт атрымаў у 2003 годзе.


З 85-гадовым юбілеем БДУФК павіншаваў Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. Кіраўнік НАК Беларусі адзначыў, што з моманту ўтварэння галоўнай мэтай універсітэта застаецца развіццё спартыўнай галіны і падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў гэтай сферы ў Беларусі. Віктар Лукашэнка таксама падкрэсліў, што БДУФК з невялікага тэхнікума вырас у адну з найбуйнейшых ВНУ ў галіне фізічнай культуры, спорту і турызму ў СНД, а з яго сцен выйшлі многія знакамітыя трэнеры і спартсмены, чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў і сусветных першынстваў. «Прафесарска-выкладчыцкі склад і супрацоўнікі беражліва захоўваюць і працягваюць найлепшыя традыцыі ўніверсітэта. Сучасная трэніровачная база і высокапрафесійныя спецыялісты дазваляюць весці якасную падрыхтоўку і забяспечваюць адукацыйны працэс на высокім узроўні. У кожнага са студэнтаў ёсць магчымасці для самарэалізацыі, атрымання неабходных ведаў, якія яны могуць прымяніць на практыцы», — гаворыцца ў віншаванні.

У рамках святкавання 85-гадовага юбілею БДУФК у Мінску прайшоў ІІ Міжнародны навуковы кангрэс «Каштоўнасці, традыцыі і навацыі сучаснага спорту». Праграма форуму ўключала тэматычныя выставы, адкрытыя дыскусійныя пляцоўкі, майстар-класы, прэзентацыі, круглыя сталы і семінары-практыкумы. Удзел у кангрэсе прынялі міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук і міністр спорту Расійскай Федэрацыі Алег Матыцын. Сяргей Кавальчук у сваім выступленні падкрэсліў, што палітыка сёння стаіць вышэй за спорт, дзеячы спрабуюць праз спорт ціснуць на людзей і ўкараняць свае так званыя каштоўнасці. Але, па словах міністра, спорт патрэбны для таго, каб аб'ядноўваць людзей. Ён заўважыў, што ў алімпійскай хартыі МАК прапісаны гэтыя прынцыпы. «Але людзі, якія сёння кіруюць вялікім спортам, нешта пераблыталі ў гэтым жыцці. Замест таго каб аб'ядноўваць народы і рабіць спорт пляцоўкай для дружбы, яны ўмешваюць туды палітыку, хоць спорт без спартсменаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі — гэта фізкультура, турніры рэгіянальнага ўзроўню, асабліва спаборніцтвы па веславанні, мастацкай гімнастыцы, скачках на батуце, барацьбе, ды і па многіх іншых відах», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук. Міністр спорту адзначыў важнасць беларуска-расійскіх адносін у сферы спорту, сяброўства паміж краінамі. «Раней калегіі Мінспорту Беларусі і Расіі праводзіліся раз на два гады, а сёння — кожныя тры месяцы. І мы бачым станоўчую дынаміку. Для спартсмена галоўнае — спаборніцкая практыка, добрая канкурэнцыя і ўзнагарода, і ўсё гэта створана. У расійскіх калег ёсць добры тэрмін — імпартаапераджэнне, і мы сапраўды ідзём у гэтым кірунку. На нашых сумесных спаборніцтвах шматлікія вынікі вышэйшыя, чым на еўрапейскіх першынствах. Мы — самадастатковыя дзяржавы, і трэба зрабіць так, каб мы ні ад каго не залежалі, каб ніхто не дыктаваў умовы. Калі мы выкарыстоўваем цяперашнюю сітуацыю дакладна, то выведзем наш спорт на новы ўзровень», — дадаў Сяргей Кавальчук.

Міністр спорту РФ Алег Матыцын пагадзіўся са сваім беларускім калегам. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі вялікі патэнцыял супрацоўніцтва. Па словах Алега Матыцына, работа беларускіх і расійскіх спартыўных федэрацый у адной звязцы з'яўляецца прыкладам для многіх краін. «Мы ганарымся, што ў нас ёсць такі надзейны партнёр, мы рады вашым поспехам і таму факту, што Прэзідэнт краіны ўдзяляе спорту вялікую ўвагу», — сказаў ён. Міністр спорту РФ падкрэсліў, што сусветны спорт шмат што страціў з-за адхілення беларусаў і расіян. «Узровень гасціннасці ў нашых краінах вельмі высокі: дзяржавы, якія здольны гэтак жа кампетэнтна правесці спаборніцтвы, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Гэта разумеюць усе, у тым ліку і Міжнародны алімпійскі камітэт. Відавочна, што фінансавы складнік без удзелу нашых спартсменаў зараз ідзе ўніз», — сказаў Алег Матыцын. Ён выказаў спадзяванне, што беларускія і расійскія спартсмены будуць дапушчаны да Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы: «Палітызацыя спорту далей немагчымая, яна спараджае крызіс усяго алімпійскага руху».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.