Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Яшчэ ў брэсцкім універсітэце працавалі класныя вучоныя-батанікі. Я з вялікім задавальненнем чытаў іх кнігі пра флору нашай краіны. Яны ж абсталявалі ва ўніверсітэце аранжарэю, але з часам для іх работы яна стала цеснай. Таму рэктар Часноўскі прыехаў у міністэрства з просьбай прафінансаваць рэканструкцыю гэтага аб'екта, сцвярджаючы, што якраз яна стане ўпрыгожваннем горада Брэста. Прывёз з сабою маляўнічы эскіз. Ён быў такі прыгожы, што я пайшоў з ім прасіць грошы на дадзенае будаўніцтва ў прэм'ер-міністра С. С. Сідорскага. І яму ён спадабаўся! Сідорскі знайшоў для рэканструкцыі аранжарэі грошы. Два мільярды! Але запатрабаваў іх асваення да канца каляндарнага года. Я быў, безумоўна, рады не меней, чым рэктар Часноўскі, аднак нават і падумаць не мог, што яшчэ тут мяне чакае.


Кантралюючы асваенне фінансавых сродкаў у брэсцкім універсітэце, я заўважыў, што будаўніцтва аранжарэі спынілася. Запрашаю ў Мінск Мечыслава Эдвардавіча для тлумачэнняў. Ён і кажа:

— Вы чулі пра дугу Струвэ?

— Канешне. Гэта геадэзічная дуга, якая вызначаецца 265 трыангуляцыйнымі знакамі ад Нарвегіі да ўзбярэжжа Чорнага мора. Акадэмік Васіль Якаўлевіч Струвэ з дапамогай гэтай дугі праводзіў вызначэнне параметраў Зямлі, яе формы і памераў.

— Частка гэтай дугі праходзіць праз заходнія раёны і нашай краіны, і адзін з трыангуляцыйных знакаў, які захаваўся, знаходзіцца якраз каля нашай аранжарэі.

— І што ж за праблема?

— Гэты знак мае гістарычную каштоўнасць! Будоўлю гарадскія ўлады прыпынілі. Думаем, што рабіць.

— Думайце хутчэй! Да канца года трэба асвоіць грошы. І важна выкарыстаць сітуацыю, якая ўзнікла, на карысць. Пагадзіцеся, аранжарэя набывае і каласальную гістарычную каштоўнасць. Сюды можна будзе накіроўваць экскурсійныя групы, нават замежныя. Вы на гэтым яшчэ і заробіце.

Кожны ўніверсітэт добры сам па сабе, але ў кожным павінна быць свая разынка. У брэсцкім — гэта аранжарэя з экзатычнымі раслінамі і трыангуляцыйным знакам дугі Струвэ.

Рэктарам у брэсцкім універсітэце прафесар Часноўскі працаваў да 2014 года. З узростам яго ізноў пацягнуў да сябе Мінск, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мечыслаў Эдвардавіч вярнуўся ў сваю альма-матар загадваць кафедрай міжнародных адносін. Да рэктарскай пасады падрыхтаваў і рэкамендаваў свайго першага прарэктара — доктара педагагічных навук, прафесара Ганну Мікалаеўну Сендэр. Энергічны, разумны кіраўнік. Я гэта дакладна ведаю, таму што бачыў іх супрацоўніцтва з Мечыславам Эдвардавічам і ўдзельнічаў у навуковым станаўленні Ганны Мікалаеўны. Яна была ў дактарантуры майго старэйшага таварыша прафесара-франтавіка Мікалая Капітонавіча Сцепаненкава, і я апаніраваў яе доктарскай дысертацыі.

Баранавічы — адзін з буйных прамысловых цэнтраў нашай краіны. Патрэба ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй там заўсёды была высокай, і задаволіць яе спрабавалі за кошт розных магчымасцяў. Да часу майго прыходу на працу ў міністэрства ў гэтым горадзе ўжо функцыянаваў вышэйшы педагагічны каледж (з вельмі ініцыятыўным дырэктарам дацэнтам Пятром Пятровічам Шоцкім), філіял БНТУ, філіял Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна і нават філіял прыватнай установы адукацыі «Беларускі інстытут правазнаўства». І пасля сыходу на месца новай дыслакацыі школы міліцыі ў Баранавічах засталася іх вучэбная база, заўважу, у неблагім стане. І тады губернатар Брэсцкай вобласці Канстанцін Андрэевіч Сумар, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Анатоль Афанасьевіч Тозік (ён быў яшчэ і ўпаўнаважаным Прэзідэнта па гэтым рэгіёне) і мэр горада Баранавічы Віктар Іванавіч Дзічкоўскі загарэліся ідэяй аб'яднаць гэтыя вучэбныя ўстановы, разумна скарыстацца вучэбнай базай школы міліцыі і адкрыць універсітэт. Гэтая прапанова выглядала лагічнай і ў пэўнай ступені абгрунтаванай. Дасканала вывучыўшы яе ў міністэрстве, мы вырашылі падтрымаць праект. Падрыхтавалі адпаведную дакладную запіску на імя Прэзідэнта. Аляксандр Рыгоравіч запатрабаваў дадатковай аргументацыі і прызначыў па гэтым пытанні асобную нараду, на якую былі запрошаны ўсе зацікаўленыя. Пытаў Прэзідэнт заўсёды строга. Пасля майго даклада ён з усёй прамалінейнасцю запытаўся:

— Дык ты што, у кожнай беларускай вёсцы будзеш адкрываць універсітэт?

Пытанне прагучала рэзка, але ж па сутнасці. У нас у краіне такіх гарадоў, як Баранавічы, нямала — хоць бы Бабруйск, Орша, Жлобін, Ліда, Маладзечна, Барысаў. Яны ж таксама пачнуць патрабаваць адкрыцця ў сябе ўніверсітэтаў. Адказвай, міністр, трымай удар!

Адказвалі ўсе разам. Прэзідэнт з нашымі довадамі пагадзіўся. Указам ад 23 чэрвеня 2004 года баранавіцкі ўніверсітэт быў адкрыты, з першага верасня 2004 года ён павінен быў пачаць вучэбны працэс. Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што сам прыедзе на афіцыйнае адкрыццё першага ў гісторыі незалежнай Беларусі дзяржаўнага ўніверсітэта.

Рашэнне прынята, але працы было хоць ты разарвіся. Мы з Анатолем Афанасьевічам усё лета, кожны тыдзень ездзілі ў Баранавічы і дэталёва кантралявалі ход рамонтных і падрыхтоўчых работ да пачатку навучальнага года. Для непасрэднага кіраўніцтва ўсімі гэтымі працэсамі тэрмінова патрэбен быў рэктар. І вось тут мы сутыкнуліся з праблемай. Я чарговы раз пераканаўся, наколькі высокія патрабаванні да гэтай пасады і наколькі яна адказная. Я працягваў прытрымлівацца прынцыпу, што рэктар павінен быць доктарам навук. І хацелася б, каб ён меў вопыт кіраўніцкай працы. Стаў запрашаць кандыдатаў на гэтую пасаду. Найперш з мінскіх ВНУ. Пачаў з прарэктараў, пасля стаў размаўляць з дэканамі, нават з вопытнымі і аўтарытэтнымі загадчыкамі кафедр. І надзвычай насцярожыўся! Адмаўляюцца! Баранавіцкі гарвыканкам для рэктара выдзеліў 120-метровую кватэру ў цэнтры горада, з Мінска на аўтамабілі ехаць туды крыху болей за дзве гадзіны, можна і на электрычцы, горад вялікі і цікавы, задача па фарміраванні сучаснага ўніверсітэта прывабная — але не ідуць! Размаўляю з доктарам тэхнічных навук, прафесарам, загадчыкам кафедры з БНТУ:

— У вас аднапакаёвая кватэра, трое дзяцей і з вамі яшчэ жыве цешча. Перспектывы стаць хоць бы дэканам факультэта у вас ружовыя. Вы аўтарытэтны вучоны і вопытны выкладчык ВНУ, узначаліце ўніверсітэт, раскрыеце свой патэнцыял, праявіце арганізатарскія здольнасці на самастойным участку працы. Так, гэта не сталіца, але ж усе ўмовы для працы і жыцця для вас там відавочна лепшыя, чым у Мінску.

Не! Ён спасылаецца на атрыманы навуковы грант (займаецца праблемамі метрабудаўніцтва), нежаданне жонкі мяняць месца жыхарства, на прывязанасць да калектыву сваёй кафедры... Іншыя прэтэндэнты знаходзяць яшчэ і іншыя прычыны. Можа быць, не жадаюць выязджаць з Мінска? Я нават прыгадаў размову з гэтай нагоды з мужам маёй старэйшай дачкі Наталлі Аляксандрам Ігнаценкам. Ён працаваў у партах Расіі, яны некалькі разоў мянялі гарады, дзе трэба было жыць, і, нарэшце, іх запрасілі на працу ў Маскву. Доўга жылі на здымных кватэрах, і Саша не пераставаў здзіўляцца:

— У Маскве шмат адзінокіх людзей, якія жывуць у вялікіх кватэрах. Утрымліваць іх вельмі дорага. Можна ж за 500 тысяч долараў прадаць такую кватэру ў Маскве, а за 100 тысяч долараў купіць неблагое жыллё, напрыклад у Туле. На жыццё застанецца прыстойная сума грошай. Чаму так ніхто не робіць?

З гэтай нагоды мне прыгадаўся яшчэ адзін эпізод. Мяне запрасілі працаваць намеснікам міністра адукацыі. А я толькі разгарнуўся як рэктар. Мяне прызнаў на гэтай пасадзе калектыў, у сям'і ў мяне ўсё ўладкавана, праца цікавая, мяняць яе на іншую не хачу — і я засумаваў. Убачыўшы мой стан, памочнік рэктара ў прыёмнай Лідзія Пятроўна вырашыла мяне супакоіць:

— Вы, Аляксандр Міхайлавіч, дарэмна перажываеце. Пагаджайцеся! З Мінска ў Магілёў яшчэ ніхто не вяртаўся!

У Мінску я рэктара для баранавіцкага ўніверсітэта не знайшоў. Стаў шукаць у рэгіянальных універсітэтах. І там усе дактары навук адмовіліся. І вось тады я зразумеў асноўную прычыну іх адмоў — адказнасць! На кафедры, у дэканаце, нават на прарэктарскай пасадзе, ім цікава, а адказнасць там не дужа абцяжарвае, ды і да ўсяго астатняга яна размеркаваная. А рэктар навідавоку і адказвае ва ўніверсітэце асабіста за палітыку, навуку, фінансы, дысцыпліну, кадры, заробак, набор студэнтаў і іх уладкаванне на працу, аказванне платных паслуг, будаўніцтва ці рамонт памяшканняў, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый... Сапраўды, лепей метро капаць — прыбыткова і цябе ніхто не бачыць. Часткова і з гэтай прычыны я вырашыў расказаць пра рэктараў. Асаблівыя яны людзі.

Рэктара баранавіцкага ўніверсітэта я знайшоў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Доктар навук, прафесар Васіль Іванавіч Качурка працаваў там дэканам агранамічнага факультэта. У яго за плячыма быў вялікі вопыт кіраўніцтва, навуковай і выкладчыцкай працы (напрыклад, у свой час ён нават узначальваў Крычаўскі райкам партыі), былі ў яго і асабістыя прычыны паехаць з Горак на іншую працу. Уключыўся ў дзейнасць Васіль Іванавіч з першых дзён і напоўніцу. Да пачатку вучэбнага года былі прыведзены ў парадак вучэбныя карпусы, атрымана і зманціравана вучэбнае абсталяванне, ажыццёўлены набор студэнтаў. На першым часе з адкрыццём новых спецыяльнасцяў не спяшаліся, дастаткова было і тых, па якіх у Баранавічах ужо ішла падрыхтоўка. Ды і спектр іх аказаўся немалы: ад выхавальнікаў дзіцячага сада да інжынераў-механікаў. Васіль Іванавіч з калегамі нават зрабіў архітэктурны праект галоўнага вучэбнага корпуса і трох інтэрнатаў для студэнтаў. На базе былой школы міліцыі вымалёўваўся прыгожы і ўтульны ўніверсітэцкі гарадок. Усё было падрыхтавана да візіту Прэзідэнта.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 15 кастрычніка.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.