Вы тут

Унікальная ліпавая алея расце ў Грабаўцы


Вёска Грабаўка Гомельскага раёна па праве лічыцца адной з «жамчужын» рэгіёна, бо старадаўні парк з курганам і старажытнымі валунамі, які мае статус гісторыка-культурнай і прыроднай каштоўнасці, авеяны арэолам містычных легенд. Мясцовыя жыхары імкнуцца захаваць і прымножыць спадчыну продкаў, таму закладка алеі «Адзінства» на тэрыторыі парка стала не толькі знакавай, але і сімвалічнай падзеяй для Грабаўкі і ўсяго Гомельскага раёна.


Пасланне будучым пакаленням

Алея ў вёсцы Грабаўка стала сімвалам пераемнасці пакаленняў і захавання гістарычнай памяці. Бо ў яе стварэнні прынялі ўдзел нашчадкі тых, хто дзесяцігоддзі таму пасадзіў першыя дрэўцы на тэрыторыі сядзібнага парка, а 70 саджанцаў, якія ўпрыгожылі ўчастак вёскі каля возера, — маладыя парасткі старых ліп. Каб пасадзіць дрэвы на алеі «Адзінства», у Грабаўку прыехалі прадстаўнікі дэпутацкага корпуса Гомельскага раёна, грамадскіх арганізацый і працоўная моладзь.

Як расказала карэнная жыхарка вёскі, дырэктар Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Таццяна Мацюшэнка, грабаўчане захоўваюць і памнажаюць спадчыну сваіх продкаў:

— Мы ганарымся гісторыяй нашай вёскі, у шматвяковым летапісе якой нямала слаўных старонак, — адзначыла Таццяна Ігараўна. — Адна з іх звязана са шляхецкім родам Фашчоў, якія валодалі Грабаўкай больш за стагоддзе. У школьным гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца некалькі рэліквій, якія расказваюць пра іх уклад у развіццё нашай вёскі.

У прыватнасці, менавіта ім належала ідэя акультурыць наваколлі маёнтка і закласці сядзібны парк, папулярны ў асяроддзі памешчыкаў у канцы XVIII — сярэдзіне XIX стагоддзяў.

— Да нашых дзён захавалася толькі малая частка сядзібнага парку, на тэрыторыі якога цяпер размяшчаецца школа, і славутасць Грабаўкі — ліпавая алея, — распавяла Таццяна Мацюшэнка. — Пад яе цяністымі разгалістымі кронамі не адно пакаленне маладых грабаўчан прызнавалася дзяўчатам у каханні.

Таму, каб захаваць прыродную каштоўнасць роднай Грабаўкі, мясцовыя жыхары наводзяць на тэрыторыі сядзібнага парка парадак, а на ліпавай алеі штогод высаджваюць новыя дрэвы.

— Гэта наш абавязак у адносінах да дзядоў і прадзедаў, вынікам працы якіх любуецца ўжо не адно пакаленне вяскоўцаў, — сцвярджае Таццяна Ігараўна.

Жывая гісторыя Грабаўскага краю

Ёсць такая вёсачка Грабаўка.
Тут, даруйце, нікога не грабілі
Тут рачулка цякла, гэтую назву дала.
Вакол грабы раслі. Іх тут былі гаі,
Хараством, цішынёй сваёй вабілі...

Гэтыя радкі, прысвечаныя Грабаўцы, напісаў яе ўраджэнец Пётр Чарняўскі. Доўгія гады аўтар зборніка вершаў «Вясковая сцяжынка» выкладаў у мясцовай школе. І часта на ўроках расказваў юным аднавяскоўцам шматвяковую гісторыю вёскі.

Упершыню Грабаўка згадваецца ў XVII стагоддзі як адна з 14 слабод, заснаваных стараверамі. А амаль праз стагоддзе паселішча ў ліку іншых населеных пунктаў ужо з’яўляецца ўладаннем польскага роду Фашчоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё Грабаўкі. Пры іх былі пабудаваны сядзібны дом, маслабойня, бровар, цукровы завод, развівалася гарбарная вытворчасць, працавалі некалькі млыноў. Па ініцыятыве Фашчоў у вёсцы была адкрыта школа, а ў 1818 годзе пабудавана каталіцкая капліца. Праз шэсць дзесяцігоддзяў у вёсцы з’явіўся і праваслаўны храм.

Але галоўная спадчына роду Фашчоў, якая часткова дайшла да нашых дзён і якой прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, — садова-паркавы ансамбль. Як сведчаць захаваныя чарцяжы, яго аснову складалі пладовыя дрэвы, падзеленыя на некалькі квадратаў іншымі насаджэннямі. Побач з ім было створана і штучнае возера, для чаго пашырылі і паглыбілі рачулку Грабаўку, прыток ракі Цярухі. Да гэтага часу захаваліся курган (цяпер гэта тэрыторыя школьнага двара) і валуны з петрагліфамі.

У 2014 годзе ў Грабаўцы праводзіліся археалагічныя раскопкі, аднак іх аб’ём быў невялікі. Таму навукоўцы і музейныя работнікі выказваюць намер правесці больш дбайныя пошукі і даследаванні кургана і петрагліфаў на валунах з мэтай устанавіць дакладную дату іх з’яўлення на тэрыторыі паселішча старавераў.

Зрэшты, адну з версій выказала дырэктар установы адукацыі Таццяна Мацюшэнка:

— Няма ніякіх дакументальных сведчанняў, што гэты курган старэйшы за парк. Хутчэй за ўсё, ён быў насыпаны адначасова з закладкай алей і пасадкай пладовых дрэў. На карысць гэтай версіі гаворыць той факт, што ўладальнікі маёнткаў захапляліся аматарскім тэатрам, а артыстамі часта былі прыгонныя сяляне. Як мяркуецца, за курганам былі густыя насаджэнні, якія адцянялі «сцэну», але да нашых дзён яны не захаваліся.

Так яно было ці не, адказ дадуць вучоныя, але некалькі гадоў таму курган сапраўды стаў тэатральнай сцэнай: на працягу двух гадоў тут праходзіў адкрыты рэгіянальны фестываль «Грабаўская інтэрмедыя».

Падчас закладкі новай алеі «Адзінства» грабаўчане ўспомнілі ўдалы вопыт тэатралізаваных пастановак і ажывілі гісторыю свайго краю: аб планах уладкавання садова-паркавага ансамбля прысутным распавёў... сам пан Фашч і дзве вытанчаныя паненкі, якія яго суправаджалі.

Ролі заснавальнікаў будучай славутасці вёскі Грабаўка выканалі навучэнцы мясцовай школы. Яны ж узнавілі і мясцовую легенду — пра панну Ядзвігу, якая бесцялесным ценем блукае па ваколіцах парка.

— Панна Ядвіга была добрай жанчынай, якая дапамагала блізкім, нягледзячы на саслоўныя адрозненні, таму жыхары Грабаўкі яе любілі і паважалі. Так што і прывіда яе ніхто не баіцца, зрэшты, і ўбачыць яго могуць толькі мужчыны, — дзеліцца мясцовай легендай Таццяна Мацюшэнка.

Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што закладка новай алеі і вялікая зацікаўленасць у аднаўленні і захаванні спадчыны продкаў дазволяць хаця б часткова ўзнавіць старажытны садова-паркавы ансамбль, гордасць вёскі Грабаўка.

Ірына ГРАМЫКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

Друкуцецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.