Вы тут

«Трэба берагчы сваё, каб не быць спаленымі ў гэтых адрынах». Аб чым Прэзідэнт гаварыў у Хатыні


Падчас паездкі ў Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь» Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з журналістамі. Падчас размовы былі закрануты такія пытанні, як інфармацыйная бяспека, роля нашай краіны ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, узаемадзеянне з Кітаем. Расказаў кіраўнік дзяржавы і аб выніках уборачнай кампаніі. Якія яшчэ тэмы падымаліся падчас размовы, у нашым матэрыяле. 


«У Беларусі не будзе ніякай мабілізацыі!»

На пачатку прадстаўнікі мас-медыя паднялі адну з рэзанансных тэм — новы этап спецыяльнай ваеннай аперацыі Расійскай Федэрацыі ва Украіне, звязаны з частковай мабілізацыяй расіян. Журналісты пацікавіліся, ці не скажацца гэта нейкім чынам на нашых грамадзянах. Пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі на гэты конт адназначная: вайна ва Украіне — не наша вайна, і мы ваяваць там не будзем. «У Беларусі не будзе ніякай мабілізацыі! — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Гэта хлусня! Мы не збіраемся мабілізоўваць. Нам гэта не трэба!» У той жа час кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што ў нашай краіне абавязкова будуць рэагаваць на магчымыя знешнія пагрозы, у тым ліку спробы здзяйснення актаў тэрарызму. Для гэтага на рэгулярнай аснове праводзяцца шматлікія вучэнні, у тым ліку антэрарыстычнай скіраванасці. Каб людзі ведалі свае абавязкі і мелі неабходныя ваенныя навыкі, да падобных вучэнняў прыцягваюцца грамадзяне, прыпісаныя да канкрэтных ваенкаматаў. «Раптам нешта здарыцца, што мы па ўсей краіне будзем шукаць гэтых людзей і вучыць іх, — заўважыў Прэзідэнт. — Гэтыя людзі ўжо цяпер павінны ведаць, што будуць абараняць». 

У кантэксце спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўрокі з гэтай вайны здабываюцца. «Глядзім, якая нам зброя патрэбна, — удакладніў беларускі лідар. — Аказваецца, верталёты, самалёты, суперсучасныя ракеты — гэта добра, але лепш, калі ў нас будць „Грады“, „Ураганы“, „Смерчы“, супрацьтанкавыя гранатамёты, аўтаматы, кулямёты. Кожны павінен умець валодаць зброяй, хаця б стралковай, каб сям’ю абараніць. Усё гэта актуальным аказалася». 

«У аснове павінны ляжаць праўда і факты»

Адказваючы на пытанне, якія змяненні чакаюць інфармацыйнае поле з улікам сучасных выклікаў і пагроз, беларускі лідар падкрэсліў, што ў аснове інфармацыйнай палітыкі павінны быць праўда і факты. «У свеце развязана і ідзе інфармацыйная вайна, праводзяцца інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, — удакладніў ён. — І ў гэтай сітуацыі ні ў якім выпадку нельга чакаць, патрэбна адказваць. На экране не павінна быць адкрытай хлусні. У аснове павінны ляжаць праўда і факты. Першапачаткова павінна быць праўда». 

Пры гэтым, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, беларусам важна ўмець за сябе пастаяць. «Калі нешта адбылося, з-за вугла паглядзім, пабаімся, каб не пакрыўдзіць кагосьці, — заўважыў ён. — Гэта добрая якасць, але не для сучаснасці, не для гэтага часу. Калі пачынаюць „мачыць“, трэба адказваць». 

Кажучы аб інфармацыйнай палітыцы, Аляксандар Лукашэнка заўважыў, што ў гэтай сферы трэба ўдасканальвацца, пастаянна мадэрнізавацца. «Трэба ўставаць і абараняць свой дом, — лічыць беларускі лідар, кажучы аб інфармацыйнай вайне. — Аднак у гэтай барацьбе ні ў якім выпадку нельга выкарыстоўваць фэйкі: раней ці пазней ісціна будзе высветлена». Пры гэтым Прэзідэнт лічыць памылковым меркаванне, што супрацьстаянне ў інфармацыйным полі поўнасцю перайшло ў інтэрнет-прастору. «Аднак не выкарыстоўваць яе — глупства: хочам мы таго ці не, але ўся моладзь сядзіць там, — канстатаваў ён. — Там жа і тэлебачанне глядзіць. Тэлебачанне таксама адыгрывае важную ролю і запатрабавана ў беларускім грамадстве». Пры гэтым, як лічыць беларускі лідар, трэба выкарыстоўваць і новыя каналы сувязі і інфармавання грамадства. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы чакае прапаноў і ініцыятыў ад журналісцкай супольнасці. Галоўнае, па яго словах, не спыняцца. 

«Мы не павінны ўпусціць момант»

Закраналіся падчас размовы і перспектывы Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка ўдзельнічаў у саміце ШАС, які праходзіў у Самаркандзе). «Усе праходзілі гэты шлях, за выключэннем заснавальнікаў, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі, кажучы пра ўступленне нашай краіны ў гэтую аўтарытэтную міжнародную арганізацыю. — Наступнае пасяджэнне — у Індыі, і мной пастаўлена задача ўсім органам улады і МЗС (Міністэрству замежных спраў. — „Зв.“) перш за ўсё, каб мы гэты шлях прайшлі за год — раней не збярэцца арганізацыя». 

Згодна з палажэннем аб прыёме новых членаў у ШАС, дзяржава-заяўнік павінна далучыцца да міжнародных дагавораў (а іх каля 40), якія дзейнічаюць у арганізацыі. Адпаведна, патрэбна будзе ўнесці неабходныя змяненні ў нацыянальнае заканадаўства. Напрыклад, Ірану на гэта спатрэбілася год і сем месяцаў. «Мы за год зробім, — падкрэсліў беларускі лідар. — І як толькі мы прымем усё, што там у іх напрацавана, яны ўсю гэту інфармацыю збяруць і ў Дэлі --- на стол кіраўнікам дзяржаў, для таго, каб Беларусь стала паўвартасным членам ШАС. Прымаюць рашэнне, як і па Іране. Ёсць — мы становімся членамі. Адразу немагчыма, так не бывае. Гэты шлях усе павінны прайсці».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз заявіў, што калі раней ШАС была рэгіянальнай арганізацыяй, то цяпер ператвараецца ў глабальную структуру. Далучыцца да ШАС ужо хочуць краіны з іншых рэгіёнаў, і гэта дастаткова багатыя дзяржавы. «Мы не павінны ўпусціць момант, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны не проста застацца на віду, а даць шанс для людзей, для многіх краін. Калі „тармазіць“ не будзем, за ШАС — вялікая будучыня. Калі мы разам, мы непераможныя. Думаю, што мы не памыліліся, зрабіўшы крок у гэтым кірунку».

Расказваючы аб сустрэчы лідараў Беларусі і Кітая ў Самаркандзе, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што падчас саміта ШАС былі вырашаны пытанні на мільярды долараў. Па ўсіх паднятых падчас сустрэчы пытаннях былі прыняты станоўчыя рашэнні. Гэта датычыцца і біятэхналогій, і ўзбраення. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пытанне аб вытворчасці беларускіх рэактыўных сістэм залпавага агню, якія ў далейшым атрымалі назву «Паланэз», упершыню было закранута на такім жа саміце. У далейшым Кітай падтрымаў Беларусь у гэтым пытанні. Цяпер гэтае ўзбраенне мы робім самастойна.

Падчас саміту ШАС Прэзідэнт правёў шэраг сустрэч з многімі кіраўнікамі дзяржаў: гэта і афіцыйныя перагаворы, некаторыя сустрэчы прайшлі кулуарна. «Я і з Азербайджанам абмеркаваў пытанні, і з Турцыяй — Рэджэпам Эрдаганам, — расказаў ён. — Калі ты там, у гэтым бурным катле, знаходзішся, ты адчуваеш нерв планеты ўсёй. Гэта ж для Прэзідэнта вельмі важна. Мне ж трэба ўбудоўваць Беларусь у гэтую сістэму сусветных міжнародных адносін». 

Кажучы пра ўзаемадзеянне Мінска і Пекіна, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў адносінах паміж краінамі няма нейкага дзялення па прынцыпу «старэйшы» і «малодшы». «Настолькі акуратныя, настолькі карэктныя — кітайцы ў гэтых адносінах малайцы», — адзначыў беларускі лідар. У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка праанансаваў сустрэчу з Сі Цзіньпінам. «Самае галоўнае, у рабочым парадку сесці і паразмаўляць, паглядзець, як выконваюцца даручэнні ў розных сферах: ад сумесных прадпрыемстваў да фінансавых пытанняў», — прыадкрыў некаторыя планы беларускі лідар і прызнаўся, што нават не думаў, што кітайцы на такім высокім узроўні будуць супрацоўнічаць з намі. Пры гэтым, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не баіцца «экспансіі» Кітая, бо суверэнітэт Беларусі — паняцце непарушнае.

«Палякі не дурні»

Узгадалі журналісты і папулярнае відэа ў інтэрнэце, на якім Аляксандр Лукашэнка коле дровы для таго, каб не даць Еўропе змерзнуць. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што знята гэта відэа было выпадкова: для Прэзідэнта гэта звычайная справа. Вядома, не ўсе ўпрынялі гэты палітычны жарт. 

Што датычыцца наступстваў для звычайных людзей санкцый, хоць пакуль Польшча ў меншай ступені пакутуе з-за санкцыйнага супрацьстаяння Еўрасаюза з Расіяй і Беларуссю, то польскі народ, па словах Прэзідэнта, яшчэ спытае са сваіх кіраўнікоў. Беларускі лідар закрануў іншую тэму: «Адносіны немцаў да палякаў вядомыя. Аднак яны (палякі. — „Зв.“.) яшчэ больш абвастрылі адносіны — патрабуюць кампенсацыі. Калі ласка, няхай патрабуюць. Можа, і нам яны павінны. Аднак устае пытанне: а якую шкоду да 1939 года яны нам прынеслі? Гэта немалыя грошы. Вы як думаеце гэта кампенсаваць? З галавой трэба сябраваць. Перш чым ты патрабуеш ад немцаў кампенсацыі, ты падумай, што ты ж таксама камусьці павінен. Гэта такая бязмозглая сітуатыўная палітыка. Гэта можна зразумець у сувязі з тым, што яны напярэдадні грандыёзнага шухера — у іх выбары. І яны гэтую чашу, як мы ў 2020 годзе з іх падачы, вып’юць да дна. Але толькі не з нашай падачы, мы іх не будзем чапаць, але народ з іх спытае, таму і палітыка зменіцца. Гэта чужая польскаму народу палітыка, якую праводзіць цяперашняе кіраўніцтва Польшчы. Палякі не дурні. Гэта людзі, абсалютная падобныя да нас — у нас шмат палякаў жыве. Але калі палякі ўвогуле „ачумеюць“ і дзесьці вайнушку развяжуць — гэта канец краіне. Аднак, думаю, да гэтага не дойдзе, таму што польскі народ не дазволіць». Аляксандр Лукашэнка і журналісты шмат часу і ўвагі ўдзялілі санкцыйнай тэматыцы. Паколькі гэта тэма хвалюе многіх. Але, як запэўніў кіраўнік дзяржавы, усё пад кантролем. 

«Трэба помнікі захоўваць, а не скідаць»

Гаворачы аб важнасці патрыятычнага выхавання сярод падрастаючага пакалення, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што трэба берагчы сваё, прывіваць, пачынаючы з дзіцячага ўзросту, любоў да сваёй краіны і Радзімы. «Сёння мы з вамі тут знаходзімся і гэта робім, — удакладніў беларускі лідар. — Нам што, трэба было ўкладваць немалыя грошы, каб гэта ўсё неяк узняць на больш высокі ўзровень? Але мы ж бачым, што гэта ўсё руйнуецца, і трэба яго прывесці ў парадак. А ў імя чаго? У імя таго, каб мы сваіх дзяцей і ўнукаў сюды прыводзілі, каб яны, ведаючы вось гэтае гістарычнае развіццё нашай краіны, разумелі, колькі за гэта жыццяў паклалі, нявінных людзей колькі загінула. Каб яны гэта шанавалі і бераглі ў сваёй памяці, пераносілі гэта на краіну». 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што часткова гэту работу ў свой час упусцілі, думаючы, што ўсё прыйдзе само сабой. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць правільнай адукацыі дзяцей, пачынаючы з ранняга ўзросту, і нагадаў аб праблемах, узнятых на прыкладзе невялікай прыватнай школы Мінска, аб чым кіраўнік дзяржавы згадваў на нядаўняй сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вольфавічам. «Лепш затраты панесці цяпер на адукацыі гэтых дадатковых (школьнікаў. — „Зв.“), якія недзе па прыватных школах боўтаюцца, чым мы потым будзем іх перавыхоўваць. Таму вось адтуль гэта ўсё ідзе — ад дзіцячага садка, ад школы. І вось на такіх прыкладах трэба паказваць... Колькі тут (у Хатыні. — „Зв.“) дзетак загінула! Яны ў чым вінаватыя?! Яны таксама хацелі жыць. А яны згарэлі. За што? Таму трэба сваё берагчы, каб не быць спаленымі ў гэтых адрынах. Таму трэба гэта захоўваць, а не скідаць помнікі, як гэта робяць ачмурэлыя ў нашых суседзяў». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры вызваленні той жа Польшчы загінула некалькі соцень тысяч савецкіх салдат, сярод якіх шмат было і беларусаў, а цяпер улады ў гэтай краіне топчуць памяць аб іх.

«Я лёсамі людзей не гандлюю»

Падчас размовы журналісты прасілі Прэзідэнта пракаментаваць некаторыя меркаванні наконт некаторых з’яў, што знаходзяцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, заяўленні аб тым, што амністыя і памілаванне нібыта з’яўляюцца аб’ектам палітычнага торгу з Захадам для беларускіх улад. «Я не гандлюю людзьмі. Я ніколі так не рабіў і рабіць не збіраюся. Таму ніякага гандлю не будзе. Я не буду таргавацца, нават калі за гэтым будзе нейкая выгада. Я ніколі на гэта не пайду. Але там, дзе можна пайсці на нейкі кампраміс, трэба ісці. Гэта ж наша грамадства, яны рана ці позна ўсё роўна выйдуць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што на імя Прэзідэнта пастаянна прыходзяць просьбы аб памілаванні. А амністыя, як вядома, аб’яўляецца да пэўных значных выпадкаў. «Амністыя не значыць, што ўсе выйшлі на волю — камусьці тэрмін зменшым», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, да кожнага выпадку трэба падыходзіць індывідуальна. Але сапраўдным злачынцам даравання быць не павінна. «Той, хто павінен сядзець — павінен сядзець. За грошы ці яшчэ за нешта я лёсамі людзей не гандлюю, я да гэтага не прывучаны. Ніколі. Чужога не бяры і не крыўдзі чалавека. Справядлівасць, справядлівасць і яшчэ раз, наколькі гэта магчыма ,справядлівасць», — канстатаваў ён. 

«Можна і ад нашай зямлі зарабіць і працаваць»

Не страчвае сваёй актуальнасці тэма ўборачнай кампаніі. Актыўная фаза ўжо скончылася, але ў аграрыяў яшчэ хапае працы. Журналісты прэзідэнцкага пула, якія разам з кіраўнікам дзяржавы сачылі за ўборкай ураджаю, не пакінулі гэта без увагі. Як не пакінулі і заявы аб пагрозе сусветнага голаду. 

«Мы сёлета атрымалі небывалы ўраджай. Ніколі такога не было. Ну вось паварушыліся і ёсць вынік. Мы атрымалі добры ўраджай. Пік прайшлі. Але ў нас у полі бульба не ўся выкапана. Мы зараз капусту, моркву, буракі прыбіраем зараз. Гэта таксама трэба і гэта трэба ўжываць. Ні чызбургер ці гамбургер. Папраўдзе кажучы, я іх ні разу і не каштаваў. І ў мяне дома малодшы і старэйшыя дзеці неяк да гэтага не прывучаны», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што трэба ўжываць тое, што расце на нашай зямлі. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з пункту гледжання харчавання ў Беларусі ўсё ёсць сваё, асабліва стратэгічныя прадукты: соль, цукар ці хлеб. «Парыцца пра тое, што нехта галадае ў свеце, гэта не пра нас — гатовы падзяліцца. Мы ўсяго, што вырабляем — палову, ну няхай 60 працэнтаў ,з’ядаем, астатняе на экспарт. У гэтым годзе больш як $8 млрд можам атрымаць толькі ад продажу прадуктаў харчавання. Гэта значыць, можна і ад нашай зямлі зарабіць і прадаць», — рэзюмаваў Прэзідэнт. Таксама, як нагадаў кіраўнік дзяржавы, працягваецца пасяўная кампанія. «Работы яшчэ больш засталося, чым мы зрабілі. Прайшлі гэты небяспечны пік, калі трэба было ў сухое цёплае надвор’е ўбраць збожжавыя каласавыя і рапс. Нядрэнна спрацавалі. І зараз работы ідуць, галоўнае, каб спаду не было», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што цяпер галоўнае — максімальна закласці вырашчаную прадукцыю на склады, каб можна было забяспечыць патрэбнасці гандлю і экспарту ў міжсезонне. 

«Справядлівасць перш за ўсё»

У размове з Прэзідэнтам журналісты не баяліся задаваць і вострыя пытанні. Адно з іх тычылася таго, што людзі, узрушанныя пасля 2020 года, пры адсутнасці адзінага ворага ў выглядзе бчб, кідаюцца адзін на аднаго. У Прэзідэнта спыталі, што з гэтым рабіць, нагадаўшы яго цытату «Закон адзін для ўсіх». Калі не прымаць ніякіх мер — можна прыйсці да «індульгенцыі на безпакаранасць за патрыятзм».

Адказваючы на гэта пытанне, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да ўсіх, хто працуе побач з ім, у тым ліку і да журналістаў прэзідэнцкага пула, прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. Гэтыя людзі нясуць асаблівую адказнасць за свае ўчынкі. «Калі б вы нешта здзейснілі супрацьпраўнае, а я б вам дараваў, што грамадства падумае? „А, сваім можна“. Дык ведайце, што свае больш за ўсё будуць адказныя», — падкрэсліў беларускі лідар. Па словах Аляксандр Лукашэнка, акрамя патрабаванняў закона, ёсць вышэйшае паняцце справядлівасці. І вось яно галоўнае. Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што ўсё павінна быць справядліва. «Справядлівасць перш за ўсё. Нельга нягоднікам дараваць. Але нельга крыўдзіць людзей, нават аблудных», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы параўнаў працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі пасля 2020 года з паслярэвалюцыйнымі падзеямі ці грамадзянскай вайной пачатку ХХ стагоддзя, калі «брат брата забіваў». «Вось мы нешта падобнае перажылі, толькі без стральбы. У нас хапіла розуму і вытрымкі ў гэтым плане. Цяпер гэты перыяд. Ён павінен пайсці, ён ідзе. Галоўнае — нам гэта давядзецца перажыць. Гэта проста перыяд, дзе нехта на кагосьці будзе валіць, накатваць, кагосьці крыўдзіць, абражаць... Гэта такі перыяд, ён сыходзіць», — растлумачыў ён.

Па словах Прэзідэнта, у гэты складаны час журналісты, працоўныя калектывы павінны быць актыўнымі, павінны бачыць, каб нікога не крыўдзілі. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што сёння нельга дапусціць расколу ў краіне. Але пры гэтым неабходна адсеяць мярзотнікаў. «Тут трэба вельмі акуратна разбірацца. Ні ў якім выпадку не павінна быць дзікага радыкалізму», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

«Захад — ён розны»

Адносіны Беларусі і Захаду сёння цяжка назваць сяброўскімі. журналісты параіліся з Прэзідэнтам, ці варта сёння людзям катэгарычна казаць, што Захад гэта вораг, асабліва ў рабоце з маладым пакаленнем. Але Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння гэта не варта рабіць. Такая катэгарычнасць у адзін момант, па яго словах, людзям «не зойдзе». На думку кіраўніка дзяржавы, гэта трэба даносіць да людзей паступова выключна на канкрэтных гістрачных прыкладах. 

«Захад — ён розны. Нешта ёсць на Захадзе, што мы абавязкова павінны ўзяць. Вось немцы нас папракаюць у тым, што „дыктатура“ і іншае. Такой дыктатуры, у сэнсе парадку, няма нідзе, як у немцаў. Я памятаю, сорасаўцы задавалі пытанне, што б я ў каго хацеў запазычыць. Я сказаў: у немцаў і ў шведаў.Наколькі я ўяўляў тады: шведская сацыяльная сістэма, клопат аб старых і іншае. А ў немцаў парадак, жалезны парадак. Там дыктатура яшчэ якая! Гэта цяпер гэтыя шольцы і іншыя — якія гэта кіраўнікі?... Жах, што адбываецца ў Германіі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу, што разам з тым, Захад далёка не такі ідэальны, якім яго ўяўляюць. У прыклад прывёў Англію з яе дэмакратыяй, судамі і знакамітым англійскім правам. «Ніякага там права няма. Хто заплаціць, таму і вырашаць. Гэта права да пары да часу. Арыштуюць твае актывы і забудуцца, што такое права і прыватная ўласнасць» , - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён канстатаваў, што заўсёды трэба глядзець, як лепей для нашай краіны. І не перагінаць, а заўсёды быть акуратнымі. 

«Трэба адсеяць, каб былі нармальныя людзі»

Яшчэ адной тэмай размовы беларускага лідара з журналістамі стала патэнцыйнае вяртанне дадому «беглых». Некаторыя з іх хочуць вярнуцца, паколькі за мяжой цяжка жыць, але разам з тым баяцца адказнасці, якая будзе чакаць іх у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на ўзроўні Прэзідэнта прыходзіць шмат зваротаў па гэтым пытанні. І гэтым трэба займацца, гэты працэс трэба прайсці. «Можа і працэнт мярзотнікаў вярнуцца. Ёсць і завербаваныя. Мы ж бязвіз увялі і глядзім, хто заехаў, і хто выехаў. Шпіёны не шпіёны — мы іх знойдзем. Галоўнае, каб тут не ўтварыліся тэрарыстычныя ячэйкі», — сказаў ён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, нікуды не дзецца ад таго, што прыйдзецца прымаць людзей, якія хочуць вярнуцца. Але іх трэба адсеяць, каб гэта былі нармальныя людзі. «А тыя, хто здзейснілі злачынства, яны прасіцца назад не будуць», — падкрэсліў ён, — «Хутчэй за ўсё просяцца людзі, якія зразумелі, што на чужыне дрэнна. Тут дыктатура, але электрычнасць ёсць і ў душ можна схадзіць. Іх не трэба адпрэчваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што ён прыхільнік індывідуальнага падыходу. 

Напрыканцы, Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу, што зараз усе перажываюць няпросты перыяд. Але яго трэба зараз прайсці, каб потым не было балюча: «Трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі. Трэба нармальна жыць, каб потым не было сорамна перад дзецьмі». 

Валерыя СЦЯЦКО

Вераніка КАНЮТА

Лагойскі раён

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.