Першага жніўня ўвайшла ў сілу пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя No 34 ад 27.06.2022, згодна з якой забаронена трымаць і разводзіць у няволі ў кватэрах шматкватэрных і блакіраваных жылых дамоў, аднакватэрных жылых дамах і на іх прыдамавых тэрыторыях, у садаводчых таварыствах, дачных кааператывах асобныя віды жывёл. Таксама яна змяшчае пералік відаў дзікіх жывёл, якіх дазволена ўтрымліваць у кантактных заапарках. Патрэба ў такім дадатковым дакуменце была агаворана крыху раней асобным пунктам закона «Аб жывёльным свеце». Адразу хочацца заспакоіць: дзікія жывёлы, якія былі набыты да 1 жніўня і цяпер трапілі пад забарону, могуць заставацца ў сваіх уладальнікаў да наступлення натуральнай смерці.
— Пасля 1 жніўня жывёл, забароненых для ўтрымання і развядзення пастановай No34, стане нявыгадна набываць. Прадугледжаныя штраф за парушэнне заканадаўства, а таксама працэдура па канфіскацыі самой жывёлы, — растлумачыла кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова.
У пералік забароненых увайшлі каралеўская кобра, асобіны пітонаў, даўжыня якіх перавышае 4 м, усе прадстаўнікі сямейства мядзведжых, леў, тыгр, пума, расамаха, афрыканскі страус, усе віды марскіх чарапах, роду шымпанзэ, а таксама жураўліных, і іншыя.
— Спіс даволі вялікі. Але, калі скласці пералік жывёл, якіх дазволена ўтрымліваць у няволі, ён быў бы яшчэ большым. Таму мы пайшлі ад адваротнага і зацвердзілі спіс забароненых жывёл, — удакладніла субяседніца.
Навуковае абгрунтаванне прычын для забароны ўтрымання або развядзення тых ці іншых жывёл зрабілі супрацоўнікі Навуковапрактычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. Яны ўлічвалі тры паказчыкі: інвазіўнасць нетыпічных для нашай краіны звяроў, якая пагражае біялагічнай разнастайнасці, небяспечнасць драпежнікаў і атрутных відаў паўзуноў для людзей, а таксама немагчымасць стварэння адпаведных умоў для ўтрымання пітомцаў, якіх вылучылі з дзікай прыроды.
Спіс жывёл, якіх забараняецца ўтрымліваць у няволі, узгадняўся з Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду, Міністэрствам лясной гаспадаркі і харчавання, Міністэрствам аховы здароўя і іншымі дзяржаўнымі органамі. Вывучаўся і вопыт Расійскай Федэрацыі.
— У выніку дакумент атрымаўся такім, які ён ёсць. Пры неабходнасці пералік забароненых жывёл можа скарачацца або дапаўняцца, — заўважылі ў Мінпрыроды.
Апошнім часам грамадзяне ўсё часцей пачалі заводзіць у якасці пітомцаў дзікіх і экзатычных для нашай краіны жывёл. Гэтая акалічнасць была заўважана падчас іх рэгістрацыі, якая вядзецца Мінпрыроды з 2007 года. З таго часу да цяперашняга зарэгістравана каля 6 000 дзікіх жывёл, якія ўтрымліваюцца як фізічнымі, так і юрыдычнымі асобамі.
— Калі раней фізічныя асобы звярталіся да нас з просьбай зарэгістраваць пераважна папугаяў, чарапах, змей, часам невялікіх сервалаў і каракалаў з сямейства кашачых, а юрыдычныя асобы прасілі дазволіць ім завесці ў заапарках і аграсядзібах ваўкоў і зуброў, то цяпер іх апетыты ўзраслі, — расказала Таццяна Жалязнова. — Уладальнікі жывёл пакуль не пасялілі побач з сабой ні тыграў, ні расамах, ні мядзведзяў, і гэта вялікі плюс, але ёсць прыклады ўтрымання змей, даўжыня якіх перавышае 4 м. Вядомы выпадак, калі грамадзянка нашай краіны пасяліла ў сваёй аднапакаёвай кватэры льва, на шчасце, яшчэ дзіцяня. Гэта і паслужыла штуршком для распрацоўкі пастановы, якая б абмяжоўвала грамадзян у іх жаданні займець асабліва небяспечныя віды жывёл.
У адпаведнасці з законам «Аб жывёльным свеце» ў абавязковым парадку рэгістрацыі ў Мінпрыроды падлягаюць дзікія жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама тыя, гандаль якімі рэгулюецца канвенцыяй CITES. У абласных камітэтах прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінпрыроды могуць быць зарэгістраваныя жывёлы, для вылучэння якіх з дзікага асяроддзя патрэбны спецыяльны дазвол. Але пасля прыняцця пастановы No 34 забароненыя віды жывел будзе немагчыма зарэгістраваць у звычайным парадку.
Спецыялісты лічаць, што прыручэнне жывёл з’яўляецца стрэсам для іх. Яны пазбаўляюцца магчымасці задавольваць свае патрэбы самастойна, не могуць разнастаіць сваё навакольнае асяроддзе, абмежаваныя ў выбары. А пастаянная прысутнасць чалавека выклікае ў дзікіх звяроў прыроджаны страх. Лічыцца, што жывёлы, якіх утрымліваюць людзі і не даюць ім збегчы, знаходзяцца ў няволі. Бо натуральным асяроддзем іх пражывання з’яўляецца дзікая прырода, толькі там яны адчуваюць сябе свабоднымі.
— Нават тая дзікая жывёла, якая нарадзілася і жыве ў няволі доўгі час, мае тыя ж якасці, той жа набор генаў, фізічныя асаблівасці і паводніцкія рэакцыі, што і яе сародзічы на волі, толькі, можа, крыху саступае ім у іх праяўленні. Таму хатняй яна ніколі не стане, — растлумачыла Таццяна Жалязнова і дадала: — Многія адчуваюць, напрыклад, пэўную сімпатыю да прыматаў і думаюць, што іх лёгка прыручыць. Але гэта міф. Прыручыць прыматаў могуць толькі спецыялісты. Яны добра ведаюць біялагічныя асаблівасці і паводзіны гэтых жывёл. У вас ніколі не атрымаецца прыручыць і льва. Гэты звер заўсёды будзе разглядаць сваіх гаспадароў як ежу, а часам нават спрабаваць імі «паласавацца». Заўважана, што людзі ў нашай краіне таксама любяць заводзіць дома змей. Нам вядомыя выпадкі, калі змей утрымлівалі ў адной кватэры разам з папугаямі або чарапахамі. Нашы патрабаванні да ўмоў утрымання жывёл агавораны пастановай No 16 Мінпрыроды і тлумачаць, як можна размежаваць тэрыторыі для розных відаў. Не дазваляецца ўтрымліваць у адным памяшканні драпежніка і яго патэнцыйную ахвяру. Гэтага б не хацелі і самі ўладальнікі. Ім нецікава, каб адзін з іх пітомцаў з цягам часу загінуў па віне другога. Прадугледжана, што змеі павінны ўтрымлівацца ў закрытых тэрарыумах, адкуль цяжка выпаўзці. Калі гэтыя ўмовы выконваюцца, то мы можам дазволіць суседства паўзуноў з іншымі жывёламі. Тым не менш пастановай забаронена ўтрыманне ў кватэрах змей, даўжыня якіх перавышае 4 м. Догляд за імі патрабуе пэўных навыкаў.
Па словах спецыяліста Мінпрыроды, небяспечна, калі побач з чалавекам апынецца і казуар, сваяк страуса. У гэтай вялікай экзатычнай птушкі моцныя ногі з вострымі і доўгімі кіпцюрамі. Адзін удар такімі канечнасцямі можа прывесці да цяжкіх траўмаў. А вось марскія чарапахі ў лік забароненых трапілі таму, што для іх утрымання складана стварыць адпаведныя ўмовы: размясціць у кватэры ці на прыдваровай тэрыторыі вялікі басейн з вадой, адсочваць якасць вады ў такой ёмістасці, падтрымліваць адпаведны тэмпературны і светлавы рэжым.
— Больш за тое, марскія чарапахі — від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Такія жывёлы, калі і могуць утрымлівацца ў няволі, то толькі з мэтай развядзення і далейшай інтрадукцыі ў навакольнае асяроддзе, — адзначыла субяседніца.
У спіс забароненых па прапанове грамадскасці ўнесены і некаторыя насякомыя. У прыватнасці, шэршні і восы. Яны могуць нападаць на людзей і моцна джаліць. Яд восаў таксама мае таксічнае дзеянне і можа выклікаць анафілактычны шок, які патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі. І шматлікія ўкусы шэршняў таксама могуць аказацца смяротнымі для чалавека: іх яд выклікае моцныя алергічныя рэакцыі.
Для кантактных заапаркаў пастановай No 34 устаноўлены абмежаваны спіс дзікіх жывёл, якіх там дазваляецца ўтрымліваць. Такіх няшмат. Сярод іх нутрыя, марская свінка, дэгу (чылійская белка), мадагаскарскі таракан, таракан-аўтамабільчык.
— Раней у кантактных заапарках трымалі ў асноўным сельскагаспадарчых або хатніх жывёл, якія прывыклі да чалавека і не адчуваюць стрэсу ад кантакту з ім. Але пасля 2017 года там пачалі з’яўляцца дзікія жывёлы, якіх сустрэча з чалавекам напружвала, а таму іх паводзіны немагчыма было прадбачыць: хтосьці забіваўся ў вугал, а хтосьці мог і ўкусіць. Што і здаралася з тымі ж янотамі. Трэба ведаць, што ўкус гэтых жывёл можа аказацца смяротным для чалавека: яноты здольныя пераносіць шаленства.
А вось тараканы-аўтамабільчыкі і мадагаскарскія тараканы зусім бяспечныя і нават цікавыя для наведвальнікаў кантактных заапаркаў.
— На мой погляд, гэта даволі мілыя істоты. Многія захапляюцца менавіта насякомымі. Яны атрымліваюць задавальненне ад назірання за іх бясконцым рухам і шабуршэннем. Гэта выклікае ў чалавека станоўчыя эмоцыі і настройвае на спакойны лад, — расказала Таццяна Уладзіміраўна.
Яшчэ адной істотнай зменай, якая нядаўна была ўнесена ў закон «Аб жывёльным свеце» і якую супрацоўнікі Мінпрыроды таксама ставяць сабе ў заслугу, з’яўляецца забарона перасоўных заапаркаў.
Дагэтуль у нашай краіне не было такой забароны і ў Мінпрыроды паступала шмат нараканняў на іх дзейнасць ад неабыякавых грамадзян. Перш за ўсё трэба разумець, што такое перасоўны заапарк. Прасцей кажучы, гэта ўстаноўка стацыянарных клетак на платформу з калёсамі, памер якіх цяжка павялічыць. Жывёлы вымушаныя жыць у такой клетцы на працягу доўгага прамежку часу, не маючы магчымасці схавацца ад цікаўных позіркаў.
— Шмат што ў такім спосабе ўтрымання жывёлы сведчыць пра жорсткае абыходжанне з ёю. Таму Мінпрыроды і прапанавала забараніць перасоўныя заапаркі, — растлумачыла Таццяна Жалязнова.
Ганна ЛАГУН
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.