Вы тут

Якія змяненні плануецца ўнесці ў Працоўны кодэкс? Падрабязнасці


Змяненні ў Працоўны кодэкс, якія будуць унесены ў выпадку прыняцця новага законапраекта, прадугледжваюць выдзяленне аплачваных дзён для праходжання дыспансерызацыі, грошы замест малака тым, хто працуе ў шкодных ці небяспечных умовах, магчымасць дзяліць водпуск больш чым на дзве часткі, а зарплату выплачваць не радзей, чым двойчы на мессяц. Новы законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін» прадставіла ў Палаце прадстаўнікоў міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, а дэпутаты прынялі яго ў аўтарскай рэдакцыі ў першым чытанні. Пры далейшай рабоце над законапраектам некаторыя нормы могуць змяніцца, аднак пакуль расказваем пра магчымыя новаўвядзенні.


Фота: БелТА

Магчымасць камбінаваць дыстанцыйную работу з офіснай

Прапануецца шэраг навацый у частцы дыстанцыйнай работы. У цяперашні час Працоўны кодэкс дазваляе працаваць або на працоўным месцы, або дыстанцыйна, што мусіць быць адпаведным чынам адлюстравана ў працоўным дагаворы.

— Разам з тым побач з чыста дыстанцыйнай работай сёння становіцца запатрабаванай і такая форма працоўных адносін, якая дазваляе працаваць работніку ў асобныя дні тыдня на рабочым месцы, а ў іншыя — дыстанцыйна. Напрыклад, на працягу працоўнага тыдня чатыры дні ў офісе, адзін дзень — дастанцыйна. Або частку працоўнага дня ў офісе, а частку — дастанцыйна. Працоўны кодэкс не прадугледжвае магчымасць сумяшчаць формы работы. У сувязі з гэтым прапануецца дапоўніць яго нормамі, якія щрэгуляююць магчымасць чаргавання работы дыстанцыйна і на рабочым месцы ў арганізацыі, — адзначыла Ірына Касцевіч.

Такім чынам, прапануецца замацаваць, што дыстанцыйная работа можа быць пастаяннай, часовай ці камбінаванай. Часовая дыстанцыйная работа можа быць устаноўлена наймальнікам для работніка на пэўны тэрмін, які не павінен перавышаць шасці месяцаў у год. Работа будзе лічыцца камбінаванай пры выкананні яе з чаргаваннем дыстанцыйнай работы і работы па месцы знаходжання наймальніка. Пры гэтым для выканання дыстанцыйнай работы часова, на пэўны тэрмін, дастаткова загаду наймальніка. Умовы дыстанцыйнай работы могуць устанаўлівацца па дагаворы паміж наймальнікам і работнікам як пры прыёме на работу, так і пасля.

У Працоўны кодэкс прапануецца щключыць нормы электроннай формы ўзаемадзеяння наймальніка і работніка. Гэтыя змяненні ў асобных выпадках дазволяць адмовіцца ад папяровага дакументаабароту. Напрыклад, пры азнаямленні работніка з лакальнымі прававымі актамі, са змяненнямі працоўных абавязкаў, з загадамі аб часовым пераводзе, выдзяленні працоўнага адпачынку, звальненні.

Аплачваны дзень для дыспансерызацыі

Важны блок новаўвядзенняў — дадатковыя сацыяльна-прававыя гарантыі, якія даюцца работнікам. У прыватнасці, прапануецца дапоўніць Працоўны кодэкс новым артыкулам, які ўстанаўлівае гарантыі работніку пры праходжанні дыспансерызацыі ў арганізацыях аховы здароўя. Работнікі будуць вызваляцца наймальнікамі ад работы з захаваннем сярэдняга заробку на пэўную колькасць дзён, якая абумоўлена ўзростам работніка.

Прапануецца ўстанавіць, што работнікі пры праходжанні дыспансерызацыі будуць вызваляцца ад работы на адзін дзень адзін раз на тры гады. Пры гэтым работнікі, якія дасягнулі ўзросту 40 гадоў і старэй, будуць вызваляцца ад работы на адзін дзень адзін раз на год. Работнікі, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, а таксама работнікі за пяць гадоў да дасягнення такога ўзросту будуць вызваляцца ад работы на два дні адзін раз на год. Гэта будзе магчымым на падставе пісьмовай заявы работніка ва ўзгодненыя з наймальнікам дні.

Прапануецца пашырыць і сацыяльна-працоўныя гарантыі бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей. Дадаецца норма, у адпаведнаці з якой дадатковы свабодны дзень у тыдзень, які даецца ў цяперашні час, можа быць заменены скарачэннем штодзённай  працы на адну гадзіну. Такім чынам, бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў ці траіх і больш дзяцей да 16 гадоў, могуць скараціць працягласць штодзённай работы на адну гадзіну замест вызвалення ад работы на адзін дзень у тыдзень. Пра такія ўмовы работнікі мусяць дамаўляцца непасрэдна з наймальнікам, каб такое права не перашкаджала дзейнасці арганізацыі.

Работнікі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку дысертацыі, атрымаюць права на аднаразовы водпуск з захаваннем заробку працягласцю не больш за 30 каляндарных дзён. Яго мэта — завяршэнне работы над дысертацыяй на саісканне вучонай ступені доктара навук.

Грошы замест малака

Яшчэ адной навацыяй у сацыяльна-працоўных гарантыях стане магчымасць па жаданні работніка, занятага на работах са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі працы, замяніць выдачу малака ці паўнацэнных харчовых прадуктаў выплатай грашовай кампенсацыі. Такое права з'явіцца ва ўсіх работнікаў, занятах на такіх работах, для гэтага таксама спатрэбіцца падача заявы. Памер кампенсацыі будзе ўстанаўлівацца ўрадам.

Для кампенсацыі наймальніку затрат на арганізацыю харчавання работніка прапануецца дадаць норму, якая дае права наймальніку ажыццяўляць утрыманне сумы з заработнай платы работнікаў, затрачаных на харчаванне, арганізаванае наймальнікам.

Заработная плата не радзей, чым двойчы ў месяц

Устанаўліваецца агульны падыход да пытання перыядычнасці выплаты заработнай платы работніку незалежна ад віду заключанага з ім працоўнага дагавора. Прапануецца рабіць выплату зарплаты не менш за два разы на месяц, у тым ліку работнікам, з якімі заключаны кантракты, а не мінімум адзін раз на месяц, як гэта вызначана цяпер.

Паўставачнікам можна адмовіцца ад перапынку на абед

Новы законапраект карэкціруе падыходы да ўрэгулявання асобных пытанняў па працоўным часе. У прыватнасці, удакладнены нормы Працоўнага кодэкса ў частцы працягласці рабочага часу ў рабочы дзень, які папярэднічае дзяржаўнаму святу для работнікаў, якія працуюць няпоўны рабочы час. Для такіх работнікаў працягласць работы ў перадсвяточны дзень будзе скарачацца прапарцыянальна іх няпоўнаму рабочыму часу. Іншымі словамі — калі штодзённая працягласць работы для работніка складае 4 гадзіны, то ў перадсвяточны дзень яго рабочы час скароціцца на 30 хвілін, а не гадзіну, як гэта ўстаноўлена для работнікаў, якія працуюць поўны рабочы дзень ці восем гадзін.

Зменяцца і нормы атрымання перапынкаў для адпачынку і харчавання. Усім работнікам на працягу працоўнага дня даецца перапынак для адпачынку і харчавання працягласцю не менш за 20 хвілін і не больш за дзве гадзіны, якія выкарыстоўваюцца паводле свайго меркавання і ў рабочы час не ўключаюцца. Прапануецца ўстанавіць, што перапынак для адпачынку і харчавання па жаданні работніка можа не выдзяляцца, калі працягласць яго работы не перавышае чатырох гадзін.

Будуць пашыраны магчымасці прыцягнення работніка да работы ў дзяржаўныя святы і святочныя дні. Прапанавана дазволіць прыцягваць работнікаў з іх згоды да работ, звязаных з правядзеннем масавых мерапрыемстваў.

Водпуск можна дзяліць больш чым на дзве часткі

З улікам правапрымяняльнай практыкі ўдасканальваюцца нормы, якія рэгулююць нормы выдзялення работнікам працоўных і сацыяльных водпускаў. Працягласць працоўнага водпуску пры дзяленні яго на часткі будзе вызначацца на дату атрымання кожнай з частак. Выплата сярэдняга заробку можа быць здейснена са згоды работніка не пазней чым два рабочыя дні з дня пачатку працоўнага водпуску.

Работнік можа раздзяліць працоўны водпуск больш чым на дзве часткі не толькі ў тых выпадках, калі гэта прадугледжана калектыўным дагаворам, але і калі такое рашэнне будзе прынята наймальнікам. Пры гэтым як і цяпер адна з частак працоўнага водпуску мусіць быць не меншай за 14 каляндарных дзён.

Змяняюцца падыходы ў частцы выдачы водпуску па сямейна-бытавых прычынах. Цяпер указаны водпуск даецца рацягласцю не больш за 30 каляндарных дзён за год без захавання заработнай платы. Іншая працягласць можа быць прадугледжана калектыўным дагаворам. Прапануецца ўстанавіць, што калектыўны дагавор ці наймальнік змогуць даць большую працягласць водпуску — да трох каляндарных месяцаў на працягу каляндарнага года. Дадзены сацыяльны водпуск даецца па такіх уважлівых сямейных прычынах, як нараджэнне дзіцяці, вяселле, смерць блізкага, догляд хворага блізкага сваяка. З улікам гэтага прапануецца замацаваць, што з захаваннем заработнай платы такі водпуск выдзяляецца на не больш чым тры каляндарныя дні па кожнай з указаных прычын.

Пры навучанні абавязаны даць водпуск

Скарэкціраваны нормы выдачы адпускоў у сувязі з навучаннем. У прыватнасці, прапануецца ўстанавіць абавязак наймальніка даваць такі водпуск без захавання заработнай платы работнікам, якія ўпершыню атрымліваюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю і работнікам, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, без прывязкі да крытэрыя «ўпершыню». У цяперашні час наймальнік мае права адмовіць работніку, які навучаецца ва ўстановах адукацыі ў атрыманні нават неаплачванага водпуску, калі наймальнік у гэтым не зацікаўлены. Навучанне работнікаў па накіраванні наймальніка, як і раней, будзе ажыццяўляцца з захаваннем заробку за час навучання.

Устанаўліваецца таксама абавязак наймальніка даваць работніку водпуск без захавання заробку на час паступлення ва ўстанову адукацыі. Яго працягласць — да 12 каляндарных дзён без захавання зарплаты.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.