Вы тут

Старшыня Гомельскага аддзялення СПБ аб Дні беларускага пісьменства


На слаўнай унікальнай гісторыяй і непаўторнымі традыцыямі добрушскай зямлі ў пер¬шыя дні верасня пройдзе цудоўнае Свята беларускага пісьменства. Чым яно будзе адметным у плане папулярызацыі кнігі, як да яго рыхтуюцца гомельскія пісьменнікі і аб многім іншым мы пацікавіліся ў заслужанага дзеяча культуры Беларусі, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», празаіка, публіцыста, драматурга Уладзіміра Гаўрыловіча. 


— Уладзімір Мікалаевіч, што для вас асабіста значыць Дзень беларускага пісьменства? 

— Тое, што мы ёсць нацыя, мы ёсць народ. Свята яскрава сведчыць аб немалых клопатах беларускай дзяржавы, каб адрадзіць гістарычную памяць і гістарычнае аблічча нашай краіны, праз помнікі старажытнасці і найлепшыя ўзоры прыгожага пісьменства звярнуць увагу сучаснікаў на тое духоўнае багацце, тую спадчыну, якую мае беларуская нацыя, а таксама разам ацаніць літаратурныя, культурныя, асветніцкія набыткі, якія прыўнеслі мы, сучаснікі. Відавочна, таму ў знакавае для беларускай дзяржаўнасці свята мы найперш аддадзім даніну павагі нашым папярэднікам, пакаленням творцаў, якія пакінулі пасля сябе сапраўдныя падручнікі жыцця — выдатныя мастацкія творы. 

— І тут ёсць пра каго весці гутарку: у агульную ўсебеларускую скарбніцу духоўных здабыткаў вялікі ўклад ўнеслі нямала выхадцаў з Добрушчыны... 

— Справядліва сказана. У савецкі час вельмі плённа працавалі ў галіне літаратуры найперш нашы землякі: празаік Леанід Гаўрылкін (нарадзіўся ў вёсцы Стэп), паэт і празаік Мікола Кусянкоў (родам з вёскі Перарост), паэт Паўлюк Прануза (малая радзіма яго — вёска Вылева). На шырокую літаратурную дарогу адсюль выйшлі паэты Віктар Шаўчэнка (родам з вёскі Карма) і Уладзімір Шварц (з Насовічаў). У Добрушы, дзе і нарадзілася, знайшла свой апошні прытулак наша калега, цікавая гомельская паэтэса і празаік Эма Усціновіч... 

Рана далучыўся да непаўторнага хараства прыроды беларускага Прыдняпроўя, душэўнай прыгажосці палешукоў і будучы народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, выдатны мастак слова Іван Шамякін (нарадзіўся ў Карме). І ў сваёй шматграннай творчасці не раз звяртаўся да родных берагоў. Невыпадкова пад¬час вялікага свята пісьменства тут яму ўдзячныя пале¬шукі ўрачыста адкрыюць помнік... 

Зразумела, гэты невялікі пералік — толькі частка імёнаў стваральнікаў вялікага мастацкага багацця, якое, падкрэслю, з кожным годам памнажаецца. 

— Раскажыце пра сучасныя яркія таленты, калі ласка... 

— З вострым сацыяльным зрокам, добрым адчуваннем маральна-этычных запатрабаванняў сучаснасці, дасканалым веданнем жыцця пішуць свае творы сённяшнія літаратары, якія лёсам звязаны з Добрушчынай (нарадзіліся ці працуюць тут). Так, хораша заявілі пра сябе ў літаратуры празаік Валянціна Кадзетава-Арэстава (нарадзілася ў в. Мікалаеўка), паэтэса, празаік, казачніца Ганна Атрошчанка (яе вытокі ў пас. Чырвоны Рог). Пад Добрушам жыве і плённа працуе ў паэзіі Іван Цітарэнка: хоць родам ён з вёскі Іванаўка Гомельскага раёна, сваё шчасце знайшоў менавіта тут. І, як мне падаецца, невыпадкова радаснае, жыццесцвярджальнае пачуццё працінае многія яго творы. 

Да паглыбленага роздуму над жыццём і чалавечымі лёсамі заклікаюць патрыятычныя і лірычныя творы Міколы Ждановіча (шмат гадоў узначальваў журналісцкі калектыў раённай газеты «Добрушскі край»; дарэчы, паэт разам з расійскім калегам Леанідам Северам толькі што перамаглі ў паэтычным конкусе «Мой Добруш») і Людмілы Яськовай (нястомна кіруе мясцовым аматарскім літаб’яднаннем «Натхненне» пры Добрушскай цэнтральнай бібліятэцы). Ёсць на Добрушчыне і новыя парасткі: на шырокія прасторы літаратуры заўважна прабіваецца з пранікнёнымі і кранальнымі творамі Вольга Астапенка — паэтка нядаўна прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Нестандартна ў паэзію ідзе Сяргей Старыкаў — праз музыку і бардаўскую песню... 

— А што сабой уяўляе абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, якім вы кіруеце? 

— Калі ж гаварыць пра ўсю пісьменніцкую сям’ю Гомельшчыны, якая ўвосень стане сапраўдным гаспа¬даром на свяце літаратурных традыцый і духоўнасці беларускага народа і з’яўляецца ініцыятарам шматлікіх творчых праектаў і акцый, то яна немалая: звыш шасцідзесяці паэтаў, празаікаў, драматургаў пры дапамозе мастацкіх сродкаў і вобразаў даследуюць жыццё, уплываючы не толькі на розум, але і на пачуцці чытача, лірычным і празаічным словам услаўляюць родны край, яго ўнікальнасць і прыгажосць. Бо Гомельшчына — сапраўды прыгожы і ўнікальны Сусвет! 

Не абыдуся без некаторай статыстыкі. За апошнія 15 гадоў з-пад пяра сучасных гомельскіх пісьменнікаў выйшла звыш 800 кніг, многія мастацкія творы былі прызнаны грамадскасцю, высока адзначаны як у нашай краіне, так і за яе межамі. Нашы творцы пастаянна ў гушчы жыцця, нясуць жывое мастацкае слова ў школы і дзіцячыя садкі, у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, сустракаюцца з чытачамі ў бібліятэках, на прадпрыемствах і ў арганізацыях: штогод такіх сустрэч на добраахвотнай аснове наладжваецца не менш чым паўтары тысячы. 

Па клічы сэрца, не іначай, закладваецца адчуванне прыгожага ў душы найперш падрастаючага пакалення, чым мы робім немалую справу дзеля духоўнасці будучыні краіны. Толькі для пачаткоўцаў у літаратуры, што з часам прыйдуць нам на змену, за апошнія тры гады праведзена 40 літаратурных конкурсаў, выдадзена некалькі складанак пераможцаў іх і фіналістаў — маладых аўтараў. Пастаянна моладзі аддаюцца старонкі абласнога альманаха, для іх творчага развіцця ладзяцца майстар-класы, сустрэчы з прафесійнымі літаратарамі, ёсць нават свая школа «Малады літаратар». Ды і пераняць вопыт маладым на Гомельшчыне ёсць у каго! 

Цікава, нестандартна працуюць у літаратурнай галіне актывісты Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун, Яўген Калашнікаў, Ніна Шклярава, Тамара Кручэнка, Міхась Сліва, Вольга Раўчанка, Лілія Вялічка, Наталля Шэмет, Святаслаў Крупенька, Аляксандр Джад, Рыгор Бабчанок, Аляксандр Каляда, Аляксандр Атрушкевіч, Іна Спасібіна, Ева Дударга, Лідзія Долбікава, Іна Зарэцкая, Галіна Нячаева, Іван Бісеў, Вера Квяткоўская ды іншыя літаратары. 

— Яшчэ вы займаецеся і выдавецкай дзейнасцю. 

— З мэтай папулярызацыі новых мастацкіх твораў пісьменнікаў аддзяленне штогод выпускае па адным-два выпускі абласнога альманаха «Літаратурная Гомельшчына», а таксама зборнікі вядомых і маладых аўтараў, якія дасягнулі значных творчых поспехаў (напрыклад, адзначаем па выніках пэўнага года абласной і міжнароднай літаратурнымі прэміямі «Вернасць слову» ці прызнаём «Пісьменнікамі года» Гомельшчыны). 

Мы ганарымся і тым, што на Гомельшчыне па ініцыятыве пісьменніцкай арганізацыі адной з першай у краіне з’явілася свая абласная літаратурная прэмія, якая носіць імя Кірылы Тураўскага. У 2022 годзе прэмія абласнога выканаўчага камітэта (гэта выданне кнігі для пераможцы творчага конкурсу і пэўны грашовы эквівалент) будзе ўручацца ўжо дзясяты раз. Звыш 40 прафесійных літаратараў і пачаткоўцаў атрымалі яе за гэты час дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва вобласці. Сёлетняя падзея чакаецца менавіта на вялікім рэспубліканскім свяце ў Добрушы, што, безумоўна, за¬помніцца лаўрэатам на ўсё жыццё. 

Да дня беларускага пісьменства выйдзе таксама міжнародны альманах «Літара. Литера. Ліцера» (заснавальнік У. Гаўрыловіч): за тры апошнія гады выйшла 8 тэматычна аб’яднаных нумароў, у якіх змешчаны творы 100 паэтаў і празаікаў Беларусі, Расіі і Украіны на іх родных мовах. Альманах збліжае, аб’ядноўвае славянскіх пісьменнікаў. Прычым асаблівая ўвага рэдкалегіі — творчай моладзі. А таксама да свята мы падрыхтавалі і выдалі абласны альманах «Літаратурная Гомельшчына». Усё пералічанае было б немагчымым, калі б на працягу станаўлення і развіцця пісьменніцкая арганізацыя Гомельшчыны не атрымлівала б падтрым¬ку ад дзяржавы. Нельга не быць удзячным Гомельскаму аблвыканкаму, асабіста яго старшыні І. І. Крупко, кіраўнікам камітэтаў і ўпраўленняў, гарвыканкаму і райвыканкамам за падтрымку творчых ініцыятыў нашай пісьменніцкай арганізацыі. Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву, напрыклад, з галоўным упраўленнем адукацыі, робіцца шмат карысных спраў, накіраваных на папулярызацыю творчасці і прапаганду мастацкага слова сярод вучняў, моладзі. 

— А якую праграму падрыхтавала Гомельскае аб¬ласное аддзяленне да восеньскіх літаратурных свят? 

— Ведаеце, яна вельмі насычаная на творчыя падзеі, і пералічыць усё складана (гл. сайт: pismennik.by). Напярэдадні, з 31 жніўня да 2 верасня, у Гомелі, Тураве, Жыткавічах і Мазыры пройдуць два фестывалі: XVII міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі» і ІV абласны фестываль літаратуры «На зямлі Кірылы Тураўскага». Ва ўсіх літаратурных падзеях — майстар-класы, прэзентацыі новых кніг, творчыя лабараторыі і дыялогавыя пляцоўкі, ушанаванні пераможцаў, канцэрты самадзейных аўтараў і прафесіяналаў і г. д. — прымуць удзел 25 пісьменнікаў з Расіі і Украіны, 60 творцаў Гомельшчыны і звыш 400 фіналістаў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў, якія мы арганізавалі і правялі. Упершыню ў фармаце фестываляў пройдуць аўтарскія літаратурныя вечары-партрэты славянскіх пісьменнікаў: напрыклад, Расію сёлета прадстаўляе заслужаны дзеяч культуры Кубані, вядомая паэтэса і празаік Святлана Макарава. А ганаровымі гасцямі ад Беларусі будуць народны пісьменнік краіны Мікалай Чаргінец і народны артыст Беларусі, член СПБ Эдуард Ханок. Вялікае кола творчых сустрэч-прэзентацый, якія павінны парадаваць чытача, адбудзецца і падчас ХХІХ Дня беларускага пісьменства. Мы гасцінна запрашаем на свята ў Добруш усіх літаратараў краіны — гэта ж, па сутнасці, наша прафесійнае свята. Усім будзем рады! 

— А як плануеце адзначаць сваё 55-годдзе, якое на¬дарыцца 30 жніўня? 

— Ведаеце, асабліва не да ўласнага свята, калі жывеш працай — арганізацыйнай, найперш, бо на творчасць часу не хапае зусім... 

Але ж неяк у пандэмію напісаўся і выйшаў у Выдавецкім доме «Звязда» новы раман «Па веры вашай...» Твор для мяне асабіста няпросты, бо як пісьменнік я не меў права не выказаць уласную пазіцыю адносна нядаўніх падзей 2020 года і адказаць некаторым калегам на пытанне: ў якой краіне я жыву — паліцаяў ці герояў... І я яе выказаў. Як мог. Праўда для гэтага мне нават спатрэбілася зазірнуць і ў мінулыя стагоддзі. А калі напісана кніга — яе трэба данесці да чытача праз прэзентацыю ці творчы вечар, што, відавочна, ізраблю. 

А адзначаць... спадзяюся, буду ў сям’і — збяру ў роднай вёсцы Вятчын, што на Жыткаўшчыне, родных мне людзей. Не дзеля ўласна сябе толькі, а каб успомніць разам з братам, сёстрамі, пляменнікамі, уласнымі дзецьмі і ўнучкай нашых дзядоў і бацькоў, якія сышлі, на святой зямлі, дзе пупавіна твая закапана. 

Гутарыла Валянціна КАНСТАНЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.