Вы тут

Ідэі грамадзянскай актыўнасці моладзі абмеркавалі з сенатарам


Аўтарскія экспазіцыі аб родным краі ў сельскіх Дамах культуры, абменныя экскурсіі для жыхароў аграгарадкоў, удзел у прыёмах грамадзян у сельсаветах... Гэтыя і іншыя ідэі грамадзянскай актыўнасці моладзі абмеркавалі ўдзельнікі сустрэчы са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктарам Лісковічам у Гомельскім раёне.


Для парламентарыя падрыхтавалі насычаную праграму візіту. Пачаўся ён з матывацыйнай сустрэчы, як самі маладыя людзі назвалі некалькі гадзін жывых стасункаў з сенатарам. Задавалі хвалюючыя пытанні сенатару, дзяліліся ідэямі і напрацоўкамі актывісты маладзёжных Саветаў Гомельскага раённага Савета дэпутатаў і Гомельскага раённага аб'яднання прафсаюзаў.

Маладым актывістам было цікава пачуць ад Віктара Лісковіча пра яго асабісты досвед выкарыстання сучасных інфармацыйных рэсурсаў для дэманстрацыі грамадзянскай пазіцыі і «трансляцыі» той работы, якую праводзіць сам парламентарый і яго калегі. Сенатар падзяліўся, што самастойна, без памочнікаў, вядзе свае старонкі ў сацсетках.

— Заўсёды гатовы пазіцыянаваць каштоўнасць дзяржавы, у прыватнасці, і праз сваё жыццё, і праз работу. Для мяне важна паказаць, наколькі насычанае жыццё з пункту гледжання службовай дзейнасці ў кожнага, хто ёю займаецца. І ў той жа час хачу паказаць, што мы такія самыя простыя людзі, як усе. Мы можам і адпачываць, і атрымліваць задавальненне ад жыцця, заўважаем прыгажосць навакольнага свету, любуемся прыродай... У нас у краіне ёсць усё, чым можна ганарыцца і шанаваць, усё, каб гарманічна пражыць гэтае жыццё, — распавёў пра свой досвед вядзення акаўнта ў Іnstagram сенатар, на якога падпісаны, дарэчы, 15 тысяч чалавек, у асноўным — моладзь.

Не саромецца рабіць сэлфі на важных афіцыйных мерапрыемствах, — прагучаў і такі рэцэпт цікавай падачы дзяржаўнай дзейнасці ад сенатара. Ён падкрэсліў, што сацсеткі дапамагаюць і ў вырашэнні хвалюючых пытанняў, якія паступаюць ад грамадзян.

— Ідэі, звароты і прапановы паступаюць перыядычна. За два гады актыўнай прысутнасці ў сацсетках не было пагрозлівых ці крытычных пасылаў у адрас органаў улады ці асабіста мяне. Наадварот, паступаюць словы падтрымкі. Ідэі, у тым ліку ад моладзі, заўсёды імкнуся трансфармаваць у дзеянні, прыцягнуць ініцыятараў да іх рэалізацыі. Ёсць і тыя, хто звяртаецца па дапамогу ў індывідуальным парадку, — адпраўляю запыты ў органы дзяржаўнай улады, — падзяліўся Віктар Лісковіч.

На сустрэчы аб тым, як сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца моладдзю Гомельскага раёна, расказаў член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Станіслаў Сямёнаў. Малады чалавек — аўтар інтэрнэт-партала і мабільнага дадатку «Гомельскі раён у тваёй руцэ». Гэта праект стаў адным з пераможцаў першага абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Рэсурс не толькі знаёміць з жыццём раёна, але дапамагае вырашаць і канкрэтныя праблемы, з якімі анлайн звяртаюцца жыхары раёна.

— З пачатку года атрымалася вырашыць 30 зваротаў. Людзі звярталіся па самых розных пытаннях — ад усталявання кантэйнераў для збору смецця да дапамогі ў афармленні дзіцяці ў дзіцячы садок, — распавёў Станіслаў Сямёнаў.

Яго пазіцыя: пры кожным сельсавеце неабходна ствараць ініцыятыўную маладзёжную групу, якая будзе дапамагаць у стварэнні і рабоце вясковых чатаў.

Карыстаючыся магчымасцю непасрэдна звярнуцца да моладзі раёна, Віктар Лісковіч акцэнтаваў увагу на некалькі цікавых ідэй. Прагучала прапанова, напрыклад, правесці маладзёжныя спаборніцтвы па азеляненні населеных пунктаў.

— Я ў Гомелі не першы раз і мяне заўсёды ўражвае багацце кветак. Але каб яны цешылі, неабходныя велізарная праца і клопат. Улады знаходзяць час і магчымасць ствараць прыгажосць для сваіх гараджан. Кветкі — гэта гармонія ў гарадской атмасферы. Заўсёды ў Гомелі лаўлю сябе на думцы, наколькі мудра паступаюць улады горада, не шкадуючы сродкаў і сіл, каб праз кветкі паказваць пазітыў жыцця, — падзяліўся сенатар.

Ідэю па стварэнні маладзёжных зялёных зон адразу падтрымалі раённая арганізацыя БРСМ, Маладзёжны савет Гомельскага райсавета дэпутатаў і Маладзёжны савет раённага аб'яднання прафсаюзаў.

Ініцыятывы вясковай моладзі могуць садзейнічаць унутранаму турызму як драйверу развіцця сельскіх тэрыторый — з такім пасылам да моладзі раёна звярнуўся старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі.

— У кожным сельскім Доме культуры можна распрацаваць найбагацейшую музейную экспазіцыю. Моладзь, вазьміце на сябе рэалізацыю такой ідэі і прыцягніце да яе ўсіх школьнікаў раёна! — заклікаў Віктар Лісковіч. — А яшчэ з добрага савецкага мінулага мы забыліся, як важна абменьвацца паездкамі: паміж аграгарадкамі, сельсаветамі, раёнамі. Гэта аб'яднае і стане самай лепшай інфанагодай, пра якую вы зможаце цікава расказаць у сваіх сацсетках.

Таксама сенатар прапанаваў раённым органам улады запрашаць маладзёжных актывістаў браць удзел у прыёмах грамадзян.

— Работа вопытных кіраўнікоў — найлепшы прыклад для моладзі, — падкрэсліў Віктар Лісковіч.

Пасля сустрэчы парламентарый і маладзёжныя актывісты раёна наведалі мемарыяльны комплекс «Партызанская крынічка» і месца пошукавых работ у Чонкаўскім лесе. Таксама Віктар Лісковіч азнаёміўся з работай санаторыя «Чонкі», дзіцячага аздараўленчага летніка «Чонкаўскі бор» і ўнікальнай для раёна дзіцячай дашкольнай установы — ясляў-сада «Вясёлка-горад».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.