Вы тут

Гульня з агнём


Афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Ван Вэньбінь заклікаў ЗША атрымаць урокі з гісторыі, паважаць тры сумесныя кітайска-амерыканскія камюніке і строга выконваць прынцып «аднаго Кітая». Дыпламат зрабіў гэтую заяву на чарговым брыфінгу для журналістаў у адказ на просьбу пракаментаваць 40-ю гадавіну Камюніке 17 жніўня — аднаго з трох сумесных кітайска-амерыканскіх камюніке, надзвычай важных для двухбаковых адносін, паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа». Ключавая сутнасць гэтых дакументаў — прынцып «аднаго Кітая». Тым не менш Злучаныя Штаты значна аслабілі абмежаванні на афіцыйныя кантакты з Тайванем і актывізавалі сувязі з ім у ваеннай сферы, сказаў кітайскі дыпламат. Ён таксама адзначыў, што візіт спікера палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША Нэнсі Пэласі на востраў парушыў абавязацельствы Злучаных Штатаў аб развіцці толькі неафіцыйных кантактаў з Тайванем. Па словах Ван Вэньбіня, захаванне прынцыпу «аднаго Кітая» з'яўляецца стабілізацыйным фактарам для кітайска-амерыканскіх адносін і стабільнасці ў раёне Тайваньскага праліва. Навошта ЗША разгойдваюць Тайвань?


Небяспечная рыса

У пачатку жніўня свет аказаўся літаральна за паўкрока ад разгортвання поўнамаштабнага вайсковага канфлікту сусветнага маштабу. Злучаныя Штаты чарговы раз наладзілі правакацыю. Спецборт спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэласі прызямліўся 2 жніўня ў тайбэйскім аэрапорце Суншань. Нягледзячы на шматразовыя перасцярогі і рэзкія пратэсты Пекіна, 82-гадовая Пэласі, якая займае трэцюю па значнасці пасаду ў дзяржаўнай іерархіі ЗША, усё ж прыбыла з неабвешчаным візітам на Тайвань, які многія палічылі правакацыйным і вельмі небяспечным, адзначыла ТАСС. Яшчэ да свайго пачатку паездка выклікала рост напружанасці ў рэгіёне. Пекін неаднаразова папярэджваў Вашынгтон, што калі візіт адбудзецца, то гэта не застанецца без наступстваў: Кітай прыме жорсткія і рашучыя меры, а яго армія не будзе «сядзець склаўшы рукі».

Пазіцыю нашай краіны неаднойчы акрэсліваў беларускі лідар. «Мінск ганарыцца адносінамі жалезнага братэрства і ўсепагоднай дружбы з Пекінам, загартаванымі не толькі ў супрацьстаянні з уладнымі людзьмі, але і ў штодзённай карпатлівай працы на карысць грамадзян дзвюх краін», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі ў Аляксандр Лукашэнка сёлета ў лютым у віншаванні Старшыні КНР Сі Цзіньпіну са Святам Вясны. Беларускі лідар з задавальненнем адзначыў імклівае нарошчванне тавараабароту паміж Беларуссю і Кітаем, рэалізацыю сумесных інвестыцыйных праектаў сусветнага ўзроўню, а таксама ўзаемадапамогу ў пераадоленні пандэміі COVІD-19. «Нашымі дзяржавамі асаблівая ўвага ўдзяляецца пашырэнню гуманітарнага супрацоўніцтва, у тым ліку адукацыйным сувязям і культурным кантактам, якія яшчэ больш збліжаюць народы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падзякаваў за дакладнае і правільнае разуменне Кітаем асаблівасцяў развіцця і нацыянальных інтарэсаў Беларусі. «Запэўніваю вас у нашай пастаяннай падтрымцы КНР па карэнных пытаннях, у тым ліку прынцып «аднаго Кітая», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт прывітаў вылучэнне Сі Цзіньпінам ініцыятывы па глабальным развіцці: «Поўнасцю падзяляем яе мэты, лічым важным для сусветнай супольнасці замест канфрантацыі, якая вядзе да самаразбурэння, сканцэнтравацца на сумесным дасягненні прагрэсу».

Беларусь поўнасцю падзяляе заклапочанасць Кітая адносна дэструктыўных дзеянняў Вашынгтона, накіраваных на ўмяшанне ва ўнутраныя справы КНР і эскалацыю сітуацыі. Гэта адзначалася ў заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі, апублікаванай на сайце ведамства напярэдадні візіту Пэласі на Тайвань. «З глыбокай занепакоенасцю канстатуем рост напружанасці, справакаваны безадказнай упартасцю ЗША ў рэалізацыі візіту спікера палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі на востраў Тайвань. Рэспубліка Беларусь поўнасцю падзяляе заклапочанасць нашага стратэгічнага партнёра — Кітайскай Народнай Рэспублікі — у адносінах да дэструктыўных дзеянняў Вашынгтона, накіраваных на ўмяшанне і эскалацыю сітуацыі», — падкрэслілі ў міністэрстве.

У МЗС заявілі, што беларускі бок падтрымлівае мірнае развіццё адносін паміж двума берагамі Тайваньскага праліва на аснове прынцыпу «аднаго Кітая», а таксама паслядоўныя меры па ўз'яднанні краіны, якія прымаюцца кітайскім бокам. «Перакананы, што кіраўніцтва Кітая і прадстаўнікі адміністрацыі Тайваня, нягледзячы на правакацыі звонку, здолеюць праявіць вытрымку і палітычную мудрасць, каб адвесці сітуацыю ад крытычна небяспечнай рысы, за якой можа адбыцца маштабная эскалацыя», — дадалі ў ведамстве.

Справа прынцыпу

Адметна, што літаральна за некалькі дзён да эскалацыі супрацьстаяння ў Тайваньскім праліве Старшыня КНР Сі Цзіньпін правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Гутарка двух лідараў працягвалася больш за дзве гадзіны. Падчас размовы Сі Цзіньпін указаў Байдэну на памылковы падыход амерыканскага ўрада, які бачыць у Кітаі саперніка і канкурэнта. Кітайскі лідар зазначыў, што ў той няпростай сітуацыі, якая сёння складваецца ў свеце, неабходна падтрымліваць кантакты і наладжваць супрацоўніцтва паміж краінамі. Пры гэтым КНР і ЗША, як дзве найбуйнейшыя краіны свету, павінны падтрымліваць бяспеку на планеце. Сі Цзіньпін таксама заклікаў Байдэна падтрымліваць дыялог у пытаннях забеспячэння глабальнай энергетычнай і харчовай бяспекі.

Кітайскі лідар падрабязна выклаў прынцыповую пазіцыю КНР па тайваньскім пытанні, паведаміла «Сіньхуа». Ён падкрэсліў, што гістарычныя дэталі тайваньскага пытання зразумелыя, таксама як факт і статус-кво, якія заключаюцца ў тым, што абодва бакі Тайваньскага праліва належаць КНР. Тры сумесныя кітайска-амерыканскія камюніке ўвасабляюць палітычныя абавязацельствы, узятыя на сябе абодвума бакамі, а прынцып «аднаго Кітая» з'яўляецца палітычнай асновай адносін КНР і ЗША. Кітай рашуча выступае супраць сепаратысцкіх крокаў у напрамку «незалежнасці Тайваня» і ўмяшання знешніх сіл, не пакідаючы прасторы для сіл «незалежнасці Тайваня» ў якой бы там ні было форме. Пазіцыя ўрада і народа Кітая па тайваньскім пытанні паслядоўная, рашучая абарона нацыянальнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны з'яўляецца цвёрдай воляй больш чым 1,4 мільярда кітайцаў. Грамадская думка не можа ігнаравацца. «Тыя, хто гуляе з агнём, загінуць ад яго», — папярэдзіў Сі Цзіньпін. — Спадзяёмся, што ЗША будуць цвяроза глядзець на гэта». Ён адзначыў, што ЗША трэба выконваць прынцып «аднаго Кітая» і тры сумесныя камюніке як на словах, так і на справе.

У сваю чаргу Байдэн заявіў, што свет перажывае крытычны момант. Супрацоўніцтва ЗША і КНР прыносіць карысць не толькі двум народам, але і народам усіх краін. Амерыканскі лідар выказаў спадзяванне, што паміж дзвюма краінамі будзе падтрымлівацца палітычны дыялог. Ён таксама запэўніў Сі Цзіньпіна, што падыход амерыканскіх улад у палітыцы «аднаго Кітая» не змяніўся і не зменіцца і што ЗША не падтрымліваюць «незалежнасць Тайваня».

«У свеце існуе толькі адзін Кітай, Тайвань з'яўляецца неад'емнай часткай кітайскай тэрыторыі, а ўрад Кітайскай Народнай Рэспублікі — адзіны законны ўрад, які прадстаўляе ўвесь Кітай. Гэта асноўны кантэнт прынцыпу «аднаго Кітая», які стаў кансэнсусам міжнароднай супольнасці і асноўнай нормай міжнародных адносін, — адзначыў БелТА часовы павераны ў справах Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ло Шысюн. — Варта нагадаць, што ў кастрычніку 1971-га 26-я Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю № 2758, якая пастанавіла: «Аднавіць усе правы Кітайскай Народнай Рэспублікі. Прызнаць прадстаўнікоў яе ўрада адзінымі законнымі прадстаўнікамі Кітая ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і неадкладна выгнаць , якія яны незаконна займаюць у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ва ўсіх яе органах». 181 краіна свету, уключаючы ЗША, устанавіла дыпламатычныя адносіны з Кітаем менавіта на аснове прынцыпу «аднаго Кітая».

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш адзначыў, што сусветная арганізацыя прытрымліваецца рэзалюцый, прынятых Генеральнай асамблеяй, а значыць, прынцыпу «аднаго Кітая». «На гэта мы арыентуемся ва ўсім, што робім», — адзначыў Гутэрыш. Генеральны сакратар Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Чжан Мін заявіў, што арганізацыя прытрымліваецца прынцыпу «аднаго Кітая» і асуджае спробы ўмяшання звонку ў справы дзяржаў — членаў ШАС, паведаміла «Сіньхуа». Ён адзначыў, што ШАС «падтрымлівае дзяржавы-члены ў справе захавання нацыянальнага адзінства, абароны ўласнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці і ў далейшым будзе садзейнічаць умацаванню супрацоўніцтва ў вобласці для забеспячэння міру ў рэгіёне, бяспекі і стабільнасці».

Той факт, што Тайвань з'яўляецца часткай Кітая, прыняты абсалютна ўсёй міжнароднай супольнасцю. Пра гэта заявіў легендарны брытанскі музыкант, удзельнік гурта Pіnk Floyd Роджэр Уотэрс у інтэрв'ю CNN. На сцвярджэнне вядучага тэлеканала Майкла Смерконіша аб тым, што «кітайцы занадта занятыя акружэннем Тайваня», Роджэр Уотэрс адказаў: «Яны не акружаюць Тайвань. Тайвань — частка Кітая». «Калі вы гэтага не ведаеце, значыць, вы недастаткова чытаеце. Вы не можаце весці размову аб правах чалавека (і Тайвані), не будучы насамрэч дасведчаным», — заявіў музыкант інтэрв'юеру. — Вы верыце сваёй прапагандзе, прапагандзе вашага боку», — дадаў ён. «Кітайцы не ўрываліся ў Ірак і не забівалі мільён чалавек у 2003 годзе», — падкрэсліў Роджэр Уотэрс. «Куды кітайцы ўварваліся і каго забілі?» — задаўся ён рытарычным пытаннем.

Безгаловая курыца

Жыхары вострава адрэагавалі рашуча: на Тайвані прайшлі акцыі пратэсту супраць візіту на востраў спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША, паведаміла кітайскае выданне Global Tіmes. У акцыях прынялі ўдзел палітыкі, прадстаўнікі бізнесу і прамысловасці, а таксама грамадзянская супольнасць. У прыватнасці, акцыя пратэсту адбылася каля гатэля Grand Hyatt, дзе, як паведамляецца, спынілася Пэласі. Дэманстрацыя сабрала каля тысячы чалавек. Жыхарка Тайваня Чжан Сюе, якая ўдзельнічала ў акцыі пратэсту, заявіла Global Tіmes, што амерыканскія палітыкі пастаянна ствараюць напружанасць па абодва бакі Тайванскага праліва і «выкарыстоўваюць Тайвань у якасці банкамата». «Абодва бакі Тайванскага праліва — адна сям'я, і мы можам сесці і пагаварыць без умяшання янкі. Мы шчыра спадзяёмся на больш хуткае ўз'яднанне», — сказала жанчына. Удзельнікі мітынгу выказвалі апасенні, што візіт Пеласі падштурхне Тайвань да пажару і ператворыць востраў у поле бітвы.

Між тым візіт Пеласі прывёў не толькі да росту ваеннай напружанасці ў рэгіёне, але і да эканамічных наступстваў. З-за росту геапалітычнай напружанасці давер інвестараў да тайваньскіх акцый быў падарваны. Так, 2 жніўня Тайваньскі фондавы рынак упаў на 250 пунктаў, знізіўся кошт акцый буйной тайваньскай кампаніі па вытворчасці паўправадніковых вырабаў Taіwan Semіconductor Manufacturіng Co (TSMC).

Кітай на фоне абвастрэння сітуацыі вакол Тайваня мае намер праяўляць пільнасць, бо ЗША могуць скарыстацца нестабільнасцю і пагоршыць крызіс. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Кітая Ван І у інтэрв'ю кітайскім СМІ, пішуць РІА Навіны. «Сітуацыя ў Тайваньскім праліве ўсё яшчэ неспакойная, і мы будзем пільныя да таго, што ЗША могуць скарыстацца выпадкам, плануючы нарасціць ваенную прысутнасць і спрабуючы пагоршыць крызіс», — адзначыў Ван І.

Прадстаўнік МЗС Кітая Чжаа Ліцзянь выклаў пост у «Tвітэры», дзе нагадаў пра войны і ваенныя злачынствы, у якіх удзельнічалі ЗША. Дыпламат прымацаваў фота, на якім намаляваны бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі, карэйская і в'етнамская войны, уварванне ў Ірак і Афганістан, ваенная кампанія ў Пакістане, а таксама югаслаўскі канфлікт. Ліцзян адзначыў, што амерыканцы думаюць аб сабе як аб супергероях, якія ратуюць свет, у той час як іншыя краіны бачаць у гэтым толькі разбурэнні і чалавечыя пакуты. «Кожнаму трэба мець дакладнае разуменне, хто ён ёсць насамрэч. І краінам у тым ліку, — напісаў дыпламат КНР.

Як заявіў дацэнт Пекінскага ўніверсітэта Сюй Лян, дзеянні Вашынгтона накіраваны на дэстабілізацыю свету дзеля захавання ўласнай гегемоніі. Ён дадаў, што пік Злучаных Штатаў пройдзены, а цяпер наступіла фаза заняпаду. «ЗША сёння — гэта хворы чалавек, які адчайна шукае лячэнне, як безгаловая курыца, быццам можа здабыць сваё былое здароўе, апусціўшы свет у хаос, — заявіў Сюй Лян. Спецыяліст адзначыў, што ў амерыканскага кіраўніцтва застаецца ўсё менш і менш палітычных магчымасцяў. Пераемнікам Злучаных Штатаў брытанскае выданне Express называе Кітай: «Верагодна, ён ускалыхне планету, усталяваўшы новы біпалярны сусветны парадак, нябачаны з часоў халоднай вайны».

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.