Вы тут

Свята вакзала прайшло ў Гродзенскім раёне


Аграгарадок Парэчча прымаў гасцей на самым першым участку Беларускай чыгункі.


 

Вакзал пабудаваны 160 гадоў таму, калі праз населены пункт пачалася пракладка першай у Беларусі чыгункі. Па ёй праз Парэчча ў снежні 1862 года прайшоў першы цягнік. Парэцкі вакзал можна ўбачыць у кінафільмах «Зімародак», «Двое на востраве слёз», «Мяне завуць Арлекіна» і іншыя. Усё гэта стала падставай для таго, каб зладзіць тут брэндавае свята. Дзень вакзала ў аграгарадку Парэчча прайшло сёлета другі раз. 

На свяце адным з папулярных месцаў стаў рэтра-вагон. Праўда, не сапраўдны, а яго імітацыя, якую зладзілі супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі.

Загадчыца Парэцкай бібліятэкі Алена Санюк пазнаёміла з чытаючым вагонам. Разам з паліцамі кніг была ўсталявана фотазона з акном вагона. Таксама тут можна было пазнаёміцца з гісторыяй Парэцкага чыгуначнага вакзала. Як сведчаць дакументы, роўна 160 гадоў таму па тэрыторыі Беларусі прайшоў першы цягнік на ўчастку Гродна—Парэчча. Участак быў часткай магістралі Пецярбург-Варшава. А ў канцы ХІХ стагоддзя на станцыі Парэчча кожны дзень курсіравалі 12-14 цягнікоў, як пасажырскіх, так і таварных. Ужо тады станцыя ўяўляла сабой важны чыгуначны вузел, праз які ішлі цягнікі ў Друскенікі, Вільнюс, Санкт-Пецярбург і Варшаву. У самім мястэчку былі пабудаваны дамы для персаналу, быў свой чыгуначны клуб і крама. Дарэчы, у 70-80-я гады ХХ стагоддзя загадчыцай крамы была вядомая мясцовая прадпрымальніца Ганна Шандарук, якую падчас свята ўзнагародзілі ганаровай граматай. 

— З аграгарадком звязаны ўвесь мой лёс, — кажа яна. — Тут я пачынала сваю дзейнасць у чыгуначнай краме, але бачыла, што ў населеным пункце не хапае сучасных гандлёвых кропак. Узялася за гэтую справу. Для мяне самая важная ўзнагарода — гэта падзяка маіх аднавяскоўцаў.

Дарэчы, мелі чыгуначнікі і свой аркестр, а на прывакзальнай плошчы ў выхадныя гудзеў базар, куды з’язджаліся з усіх навакольных вёсак. 

Менавіта прывакзальная плошча і стала месцам правядзення новага брэндавага свята. Як паведаміў старшыня Парэцкага сельвыканкама Андрэй Мацкевіч, для аграгарадка вельмі важны такі ўнікальны статус. Дзе, як не тут, шырока адзначаць Дзень вакзала. Да таго і нагода адпаведная — прафесійнае свята чыгуначнікаў, якое прыпадае на першую нядзелю жніўня.

Канцэртная праграма падрыхтавана сіламі аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама. Выступілі салісты і музычныя калектывы, хэдлайнерам стаў любімы ў аграгарадку дзіцячы аркестр VIP-BAND, лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Наведвальнікі, большасць якіх жыхары аграгарадка, расказалі, што падабаецца і канцэртная праграма, і асабліва дзіцячая пляцоўка. Галіна Сахарава прыйшла з дочкай і двумя ўнукамі. Расказала, што ўнукі паспелі пабываць амаль на ўсіх атракцыёнах — і на горках, і на арэлях,і на батуце.

— Людзі задаволены, многія падыходзяць сюды на плошчу, на атракцыёны нават ёсць чэргі, — заўважыла мясцовая жыхарка.

— У апошні час у нашым аграгарадку даволі часта праводзяцца масавыя мерапрыемствы, — зазначыла Юля, якая прыйшла на свята з малым сынам. —Літаральна нядаўна тут адбыўся вельмі цікавы фестываль «Фанфары сяброў» з удзелам дзіцячых аркестраў рэспублікі. І жыхары аграгарадка вельмі рады гэтаму. У нашым клубе нямала творчых калектываў, усе яны выступаюць на свяце, гэта вельмі прыемна бачыць. 

Юлія лічыць вакзал фішкай аграгарадка. Будынак стаў месцам яе вясельнай фотасесіі. Чыгунка заўсёды займала важнае месца ў жыцці мясцовых жыхароў, кажа яна. Адсюль ідуць цягнікі на Гродна, многія дачнікі ездзяць праз Парэчча ў свае садовыя таварыствы. Раней адсюль былі прамыя рэйсы на Друскенікі і Вільнюс.

— Мой сын вельмі любіць ездзіць на цягніку, таму мы часта карыстаемся гэтым відам транспарту, — працягвае Юлія. — Неяк былі чуткі, што сюды з Гродна будзе хадзіць рэтра-цягнік, і такая падзея сапраўды адбылася. На станцыю прыбыў сапраўдны старажытны паравоз, тут адбылося тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам артыстаў, усе яны былі апрануты ў адпаведныя старажытным часам касцюмы. Але ідэя не атрымала развіцця, хоць гэта было б цікава і турыстам, і мясцовым жыхарам. Затое ля вакзала ўстаноўлены макет рэтра-паравоза. Гэта стала «фірменнай» фотазонай аграгарадка.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.