Вы тут

Заразіцца гепатытам можна дзе заўгодна. А вось вылечыцца часам немагчыма


Паводле статыстыкі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце каля 325 мільёнаў чалавек інфікцыраваны віруснымі гепатытамі В і С і каля 1,5 мільёна чалавек штогод памірае ад з'яў, з гэтым звязаных. Смяротнасць ад гепатытаў знаходзіцца на другім месцы пасля смяротнасці ад туберкулёзу, а колькасць пацыентаў, інфіцыраваных гепатытамі, у 9 разоў перавышае колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ. 28 ліпеня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з гепатытам. Чым небяспечныя гэтыя інфекцыі і чаму ад моманту заражэння да першых сімптомаў часта праходзіць 10-15 гадоў, расказаў загадчык аддзела прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і парэнтэральных вірусных гепатытаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандр Атаманчук.


Вірусны гепатыт — гэта запаленчае пашкоджанне печані, якое выклікае цяжкія захворванні і можа прыводзіць да раку печані. Існуе пяць асноўных відаў вірусных гепатытаў — A, B, C, D і E. Людзі заражаюцца вірусным гепатытам ад інфіцыраваных асоб ці ад заражаных харчовых прадуктаў і вады. Гепатыты А і Е перадаюцца праз заражаную ваду ці харчовыя прадукты і звязаныя з неналежнай санітарыяй і дрэннай асабістай гігіенай. А вось вірусныя гепатыты В, С і D перадаюцца праз кроў інфіцыраванага чалавека — пры небяспечных ін'екцыях ці маніпуляцыях, падчас якіх парушаецца цэласнасць скурнага покрыва і слізістых. Адметна, што ў выпадку з віруснымі гепатытамі В і С заражэнне можа адбывацца пры незасцярожаных сексуальных кантактах. Вірусны гепатыт D паражае толькі таго, хто ўжо мае гепатыт тыпу В.

— Магчымае заражэнне і некалькімі тыпамі вірусаў адразу. У медыцынскай практыцы гэта называецца мікст-гепатытам. І ў нас ёсць такія пацыенты. Ход мікст-формы гепатытаў больш небяспечны, бо аказвае большую нагрузку на арганізм. Калі вірусны гепатыт С можна цалкам вылечыць, то ў дачыненні віруснага гепатыту В такой магчымасці пакуль няма. Пацыенты з віурсным гепатытам В, вядома, атрымліваюць лячэнне, але вылечыцца немагчыма, — тлумачыць Аляксандр Атаманчук.

Менавіта гепатыт В і С у медыцынскім асяроддзі сёння выклікае асаблівы непакой, бо большасць інфіцыраваных можа не адчуваць ніякіх сімптомаў на ранніх стадыях, і даведваецца аб хваробе толькі тады, калі наступае хранічная форма.

— Часам ад моманту інфіцыравання да хранічнай формы і праяўлення сімптомаў, якія непакояць, праходзіць ад 10 да 15 гадоў. Акрамя таго, вірусны гепатыт В і С з'яўляюцца асноўнай прычынай цырозу і раку печані і выклікаюць амаль 80 % смерцяў, звязаных з віруснымі гепатытамі. Па даных СААЗ каля 90 % інфіцыраваных гепатытам не ведае, што ў іх ёсць гэта хвароба, — расказвае спецыяліст.

У маі 2016 года ўсе краіны-ўдзельніцы СААЗ прынялі план дзеянняў па поўнай ліквідацыі гепатытаў В і С да 2030 года. У Беларусі для зніжэння захваральнасці, распаўсюджанасці і смяротнасці ад віруснага гепатыту С і яго ўскладненняў прыняты план па элімінацыі віруснага гепатыту С да 2028 года. Ён прадугледжвае пашырэнне тэсціравання насельніцтва і праграм лячэння. Таксама план уключае забеспячэнне лекавымі прэпаратамі пацыентаў.

— За 2020 і 2021 гады ў краіне прайшло лячэнне каля 12 тысяч чалавек. На сёння прымяняюцца дастаткова сучасныя прэпараты, эфектыўнасць лячэння дасягае больш чым 90%, — прывёў лічбы Аляксандр Атаманчук.

Сёння прайсці абследаванне на гепатыт у Беларусі можна бясплатна. Для гэтага трэба звярнуцца ў арганізацыю аховы здароўя па месцы жахарства. Урач агульнай практыкі ці інфекцыяніст выпішуць накіраванне на аналізы. Таксама праводзяцца акцыі па тэсціраванні насельніцтва на гепатыты В і С. Напрыклад, да 12 жніўня ў Рэспублікаснкім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя праходзіць акцыя па экспрэс-тэсціраванні. Можна абследавацца бясплатна і ананімна.

Што датычыцца прафілактыкі віруснага гепатыту В, то тут адзіны спосаб — вакцынацыя. Прышчэпка засцерагае вас на ўсё жыццё.

— У свеце вялікая колькасць людзей прышчапляецца штогод. Праяўленне непажаданых рэакцый магчымае, але як правіла, яны нямоцныя і кароткачасовыя. Таму вакцынацыя — адзіны спосаб засцерагчы сябе і сваё дзіця ад з'яўлення захворвання і ад яго наступстваў, — звяртае ўвагу спецыяліст. — У першую чаргу рэкамендую вакцынаваць дзяцей, і калі чалавек сам не прышчэплены, ён можа схадзіць да ўрача агульнай практыкі ці ўрача-інфекцыяніста і прайсці вакцынацыю.

А вось вакцыны ад гепатыту С у свеце пакуль няма. Аднак ёсць эфектыўнае лячэнне, якое дазваляе цалкам вылечыць хваробу. Пры гэтым, паколькі розныя формы атрымання вакцын цяпер актыўна развіваюцца, з'яўляюцца РНК-вакцыны, цалкам імаверна, што ў хуткім часе з'явіцца і засцярога ад гепатыту С.

Пакуль жа ў якасці прафілактыкі медыкі раяць падчас сексуальных кантактаў выкарыстоўваць прэзерватыў, бо вірусныя гепатыты В, С і D могуць перадавацца палавым шляхам. Таксама варта памятаць, што кожная ін'екцыя мусіць быць бяспечнай. Адначасова варта з асцярожнасцю ставіцца да ўсіх маніпуляцый, падчас якіх парушаецца цэласнасць скурнага покрыву і слізістых — татуіровак, манікюру, перманентнага макіяжу, асабліва калі такія маніпуляцыі выконваюцца ў непрыстасаваных умовах, дзе не выконваюцца прынцыпы стэрыльнасці і дэзынфекцыі. Таксама пажадана выкарыстоўваць толькі асабістыя прадметы гігіены — прылады для галення, зубныя шчоткі, ручнікі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.