Вы тут

Як фенікс з попелу...


Слонімскі касцёл святога Андрэя... Наша першае спатканне з ім адбылося ў далёкіх ужо 1980-х, у мае студэнцкія гады, калі трапіў у Слонім на вайсковыя зборы.


Касцёл святога Андрэя месціцца даволі далёка ад цэнтра горада, і таму, вывучаючы наваколле, дабраўся да яго я даволі позна. Вось дзе па-сапраўднаму зашчымела сэрца...

Яшчэ і ў канцы 1980-х гадоў без шкадобы глядзець на яго было немагчыма. Паабдзіраныя мураваныя сцены, праём без дзвярэй, слабае рассеянае святло, якое трапляе ўнутр не столькі праз забітыя дошкамі вокны, колькі скрозь дзіркі ў даху. Дакладней, у яго рэштках. Кучы смецця, абломкі цэглы і шмат нечага брудна-белага (размоклай ад дажджоў і вільгаці калійнай солі ). А над галавою лапатанне крылаў і гурканне галубоў, якія засялілі руіны.

Але нягледзячы на гэта, збудаванне не падавалася спарахнелым. Яно ўражвала сваёй узвышанай прыгажосцю, веліччу, магутнасцю. Было падобным да зраненага ў бітвах састарэлага воіна, які настойліва змагаецца за жыццё, павольна, патроху саступаючы непазбежнасці...

Дзеці з найбліжэйшай школы на перапынках бегалі да руінаў гуляць у хованкі і казакоў-разбойнікаў. Больш рамантычныя натуры, як мая Ірына, шукалі скарбы і падземныя хады, расказвалі адно аднаму таямнічыя гісторыі пра труны, якія лётаюць, маўляў, па касцёле ноччу; пра таямнічыя галасы даўно сышоўшых у нябыт святароў, манахаў і міран. А кіроўцы грамадскага транспарту выкарыстоўвалі руіны ў якасці прыбіральні, бо касцёл знаходзіўся якраз на канцавым прыпынку.

Казалі, што храм аднавіць ужо немагчыма, што ён хутка абваліцца, і дзеля таго каб пазбегнуць выпадковых ахвяр, варта знесці яго наогул. Але зрабіць гэта перашкаджала сціплая шыльдачка: «Помнік архітэктуры. Ахоўваецца дзяржавай».

Ці не ў той час я даў сам сабе слова: зрабіць усё магчымае, каб уратаваць святыню ад канчатковага разбурэння — я ж вучыўся на гістарычным факультэце. І быў актыўным максімалістам паўсюль, дзе гаворка заходзіла пра захаванне беларускай спадчыны і адраджэнне яе аб'ектаў. Я сумленна выканаў зарок: больш за два дзясяткі артыкулаў пра слонімскага «Андрэя» за маім подпісам з'явілася ў розны час у рэспубліканскіх выданнях. Распавядаючы багатую гісторыю святыні, я настойліва заклікаў грамадскасць звярнуць увагу на яе стан і пачаць адраджэнне. Кроплі точаць камяні, і кожны такі заклік, я веру, памалу мяняе стаўленне людзей да ўласнай гісторыі. І, пэўна, мой удзел у тым, што касцёл святога Андрэя ў рэшце рэшт адрадзіўся, таксама ёсць. Ва ўсякім разе, мне хочацца так думаць.

Храм паўстаў з руін толькі ў 1990-х гадах. Цяпер гэта — ледзь не галоўны аб'ект паломніцтва турыстаў, якія прыязджаюць у Слонім.

Сапраўды, у храма найбагацейшая гісторыя. Упершыню на тым месцы касцёл быў узведзены ў 1490 годзе сынам польскага караля Ягайлы, Казімірам. Гэта была драўляная пабудова. Неаднаразова храм гарэў. Разбураўся, аднак вернікі кожны раз зноў узводзілі яго. Сярэдневяковы Слонім быў важным палітычным і духоўным цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага. Нядзіўна, што сюды ў розны час завітвалі многія аўтарытэтныя каталіцкія прапаведнікі. І нават праслаўлены Пётр Скарга, вялікі руплівец хрысціянства, міратворац у справах дзяржаўнай палітыкі, прызнаны вучоны-тэолаг і духоўнік каралеўскай сям'і. Яны вялі набажэнствы і прапаведавалі ў сценах касцёла святога Андрэя.

Пасля чарговага разбурэння ў ХVІІІ стагоддзі ўладальнік Слоніма граф Міхал Казімір Агінскі ў 1775 годзе фінансаваў будаўніцтва новага мураванага касцёла. І майстры-будаўнікі пастараліся. Узвялі храм, які адразу ж стаў найлепшым упрыгажэннем і гонарам горада. Праз дваццаць пяць гадоў, згодна з апошняй воляй Агінскага, сэрца яго было замуравана ў адну са сцен храма. Ці не гэта ўратавала сцены святыні ад канчатковага разбурэння?

У ХІХ і ХХ стагоддзях вакол храма палыхалі паўстанні і войны. Мянялася ўлада ў горадзе і дзяржаве. А касцёл кожны дзень з году ў год збіраў у сваіх сценах парафіян, склікаючы іх сваім звонам, накіроўваючы думкі да ўзвышанага арганнай музыкай. Словамі святароў, якія служылі тут, заклікаў людзей любіць блізкіх сваіх, берагчы адно аднаго, утрымліваць сумленне сваё ў чысціні.

Касцёл быў закрыты ў часы ваяўнічага атэізму ўжо пасля Другой сусветнай вайны. Некаторы час будынак прастаяў без прымянення і без нагляду. Потым камусьці з «руплівых» кіраўнікоў прыйшло ў галаву ператварыць «нікому не патрэбнае збудаванне» ў склад калійнай солі...

З якога боку на гэта ні глянуць, ідэя была дрэннай. Пад дахам, які прыпадобніўся рэшату, соль хутка скамянела і ператварылася ў суцэльны маналіт. Павазіліся з ім трохі, пакорпалі з краёчку, ды і спісалі на «стыхійнае бедства». З тых часін гарадскія ўлады касцёлам перасталі цікавіцца. Злашчаснага «Андрэя» разбуралі дажджы і салявыя выпарэнні.

Праўда, трэба быць сумленнымі, час ад часу пытанне пра магчымасць рэстаўрацыі ўзнімалася, у асноўным «нефармаламі-патрыётамі». Гэта менавіта яны дабіліся «ў вярхах», каб касцёл быў уключаны ў «Звод помнікаў гісторыі і культуры» як помнік архітэктуры. А супрацоўнікі Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі і атэізму нават збіраліся на свае сродкі адрэстаўрыраваць храм і стварыць у ім свой філіял. Цудоўная ідэя! Але ў той час кіраўніцтва горада наадрэз адмовіла музейшчыкам.

А потым сталася сапраўдная крымінальная гісторыя. Сярод белага дня з фасадаў Святога Андрэя невядомыя знялі метровыя драўляныя статуі апосталаў і вывезлі іх са Слоніма. І гэты крадзеж выявіўся не адразу. Сведкі падзей, простыя гараджане, думалі, што ўсё робіцца з ведама і адабрэння «вялікіх начальнікаў». А «вялікія начальнікі» са здзіўленнем заўважылі, што касцёл стаіць без статуй ужо толькі тады, калі шум узнялі заезджыя турысты. Міліцыя завяла крымінальную справу, але зусім безнадзейна: як і дзе шукаць выкрадальнікаў, што прыехалі на машыне з літоўскімі нумарамі, ніхто не ведаў.

Аднак крадзеж ясна паказаў — касцёл і сам па сабе, і ў дэталях з'яўляецца каштоўнасцю. Пэўна, менавіта нахабны і дзёрзкі гэты крадзеж і падштурхнуў далейшыя, вельмі спрыяльныя для храма падзеі. Мясцовы ксёндз Вітольд Жыльветра арганізаваў вернікаў, і яны ў свой вольны час сталі прыходзіць да касцёла і працаваць. Выграблі паўтараметровы слой солі, цаглянай крошкі, птушыных экскрэментаў і смецця. Неўзабаве і гарадскія ўлады пайшлі насустрач вернікам. Касцёл было вырашана ўрэшце вярнуць абшчыне.

Цяпер трэба было вызначыцца наконт уласна рэстаўрацыі і абраць спецыялістаў. Ксёндз настойваў на тым, што храм мусіць набыць той жа самы выгляд, які меў да закрыцця. У адным з польскіх архіваў святар здабыў нават даваенны здымак алтара, на якім было відаць, дзе і якія іконы размяшчаліся. Цяпер можна было заказаць копіі сучасным мастакам. На жаль, давялося адмовіцца ад ідэі аднавіць скляпенні храма такімі, якія яны былі. Бо майстроў, якія маглі б выканаць такую цагляную кладку, ужо няма.

Асобных клопатаў патрабавалі пошукі зніклых драўляных апосталаў. З вялікай цяжкасцю ўдалося даведацца пра музей, у якім яны ў рэшце рэшт апынуліся. Музей быў за межамі краіны. Вярнуць іх таксама аказалася справай не аднаго дня. І, безумоўна, без адпаведных органаў, без прад'яўлення дакументацыі і ўмяшання кіраўнікоў розных узроўняў тут не абышлося.

Вернікаў чакаў яшчэ адзін удар. Спецыялісты «Белрэстаўрацыі», якія па заказе гарвыканкама правялі абследаванне касцёла, далі заключэнне, што для аднаўлення «Андрэя» трэба поўнасцю разабраць яго, а потым будаваць наноў (як Траецкае прадмесце ў Мінску). Маўляў, соль і вільгаць сваю справу зрабілі. Структура камянёў разбурана.

Даведаўшыся пра такі прысуд і пра прыкладны кошт будучых работ, усе ўстановы і арганізацыі, якія заяўлялі пра сваю гатоўнасць узяцца за рэстаўрацыйныя работы, адмовіліся ад ідэі. Давялося запрашаць іншага спецыяліста, які даследаваў касцёл і ўстанавіў, што разбураць яго няма патрэбы. Трохі пазней ён даслаў сваё заключэнне і рэкамендацыі.

Айчынным рэстаўратарам давялося згадзіцца з гэтым заключэннем. Яны паставілі (ды і тое толькі з дапамогай вернікаў) рыштаванні вакол храма і... зніклі. Над касцёлам павісла пагроза ператварыцца ў чарговы рэстаўрацыйны даўгабуд. Аднак людзей гэта не задавальняла. Яны настойвалі на правядзенні работ.

У рэшце рэшт у красавіку 1991 года было прынята рашэнне аб перадачы забудовы каталіцкай абшчыне. І адразу ж усё змянілася. З'явіліся і грошы, і будматэрыялы. Праўда, насцярожвалі планы рэстаўратараў. Яны разлічвалі, што работы расцягнуцца гадоў на 10-15.

Аднак ксёндз увёў своеасаблівы акордна-прэміяльны падрад. Ставіў перад рабочымі задачу, назначаў тэрмін выканання. І папярэджваў, што калі яна з любых прычын будзе выканана пазней хоць бы на дзень-два, то і зарплата стане ў два-тры разы меншай. І што вы думалі? Справа пайшла. Дапамагалі рэстаўрыраваць касцёл і самі сланімчане. Кожны дзень на будоўлю прыходзіла чалавек з дзесяць. А на суботнікі — па сорак-пяцьдзясят. Потым быў здзейснены роспіс купала, сцен. Фрэскі аднаўляліся дзякуючы фотаздымкам, якія захаваліся ў архівах. Толькі ў двух месцах пэндзаль мастака не крануў паверхні — там, дзе цудам захаваліся невялічкія фрагменты старога роспісу.

І храм паўстаў, бы фенікс з попелу. Сёння сланімчане і наведвальнікі Слоніма могуць убачыць касцёл святога Андрэя менавіта такім, якім бачылі яго людзі ў 40-х гадах ХХ стагоддзя. І апосталы вярнуліся ў свае нішы на фасадзе, адшуканыя нераўнадушнымі людзьмі і адабраныя ў выкрадальнікаў. Гісторыя ўратавання храма, які стаў часткай маёй асабістай духоўнай прасторы, аказалася са шчаслівым канцом. Каб жа гэтак пашанцавала ўсім нашым храмам, палацам ды панскім сядзібам, якія сёння яшчэ ставяць у руінах і чакаюць свайго часу!

Мікола БАГАДЗЯЖ


Ад рэдакцыі

Аўтар гэтага артыкула — гісторык, пісьменнік, журналіст Мікола Багадзяж, з якім вы неаднойчы сустракаліся на старонках нашай газеты, чые кнігі выходзілі ў Выдавецкім доме «Звязда». Мікола рыхтаваў матэрыял адмыслова для гэтай рубрыкі, але, на жаль, не паспеў яго скончыць... Тым не менш напісана было дастаткова, каб атрымаўся цэласны і вельмі цікавы твор — яго падрыхтавала да друку сааўтар Міколы, яго жонка, таксама гісторык і пісьменніца Ірына Масляніцына. Такім чынам, прапануем вашай увазе апошні артыкул Міколы Багадзяжа, які гучыць як запавет слыннага гісторыка. А таксама раім звярнуць увагу на кнігу Міколы Багадзяжа і Ірыны Масляніцынай «Легендарныя героі беларускай гісторыі Хl — ХlХ стст.», якую яшчэ можна набыць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.