Вы тут

Прэстыж-сустрэча, цукеркі ў форме ягад і «вішнёвае» вяселле


На мінулым тыдні ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці прайшоў юбілейны X «Вішнёвы фестываль», які даўно стаў візітнай карткай паўночнага рэгіёна.


Цікава, што менавіта вішня стала глыбоцкім брэндам, а не славутая згушчонка ў блакітна-белай бляшанцы. Аказваецца, што ў 20-30-я гады XIX стагоддзя селекцыянер Баляслаў Лапыр вывеў асабістыя зімастойкія гатункі вішань — гібрыды чарэшні і вішні, якія адрозніваліся сакавітымі і буйнымі пладамі. З таго часу гэтыя дрэўцы займаюць пачэснае месца ў кожным двары Глыбоччыны, а той факт, што менавіта глыбоцкія вішні самыя смачныя, агульна прызнаны даўно.

Свой адлік фестываль вядзе з 2012 года, калі праект заняў другое месца ў фінале рэспубліканскага конкурсу творчых работ па развіцці гарадоў і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Салодкі фэст запусціў працэс вяртання Глыбокаму ганаровага звання «Горад-сад», і, як паказвае 10-гадовы фестывальны вопыт, даволі паспяхова. У 2013 годзе ў горадзе ўсталявалі скульптуру «Вішанька», якая з’яўляецца сімвалам фестывалю і галоўнай фота-славутасцю для зацікаўленых турыстаў і жыхароў Глыбоччыны. 

Пачаўся фестываль прэстыж-сустрэчай у рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы. Там госці змаглі адправіць брэндзіраваныя паштоўкі са святочным штэмпелем сваім блізкім і сябрам, перадаўшы прывітанне з вішнёвай сталіцы. Пакуль адны займаліся поштай, другія стралялі ў мішэнь вішнёвымі костачкамі-веліканамі. Пераможцам у гэтым конкурсе стала госця з Мінска, дарэчы, турыстычнае бюро арганізавала для жадаючых тур у Глыбокае, што вельмі спадабалася мінчанам. На майстар-класы па саломапляценні і стварэнні лялек з нітак запрашалі работнікі мясцовага Дома рамёстваў. Этна-вечарына «У вішнёвым садзе», інтэлектуальна-прыгодніцкі квэст, конкурс паветраных змеяў, урачыстае шэсце — вочы і ногі імкнуліся ў розныя бакі! Для навучэнцаў мастацкай школы кітайскі мастак Пань Уліцзі правёў майстар-клас па акварэльным жывапісе, а ўсе жадаючыя маглі наведаць выставу яго работ. 

Пераспрабаць усе гатункі вішань і прысмакі з іх было немагчыма: печыва, пірагі, цукеркі ў форме ягад — на любы густ, а падчас конкурсу-дэгустацыі «Варым вішнёвае варэнне разам» можна было не толькі пакаштаваць кулінарныя вынаходніцтвы гаспадынь, але і назапасіць шмат цікавых рэцэптаў. Рупліва гатаваліся да свята не толькі гаспадары і арганізацыі раёна, але і Глыбоцкі мясакамбінат, які штогод рыхтуе да фестывалю мясныя навінкі. Сёлета прэзентавалі сыравялены рублены «Тар-тар Глыбоцкі» з вішняй. Прадукт з серыі элітных вырабляецца па свежаастуджанай ялавічыны, якая пасля засолу прыпраўляецца вострымі спецыямі і свежымі або сушанымі ягадамі. Пасля мясны прадукт падвэнджваюць дымам ад спальвання букавай шчапы, і духмяны дэлікатэс гатовы ўпрыгожыць любы святочны стол.

Адной з самых шчырых традыцый фестывалю з’яўляецца «вішнёвае» вяселле, ды не тэатралізаванае — сапраўднае! Маладыя часта абіраюць для сябе адметныя даты, а для Дар’і Герман і Андрэя Санько дзень нараджэння іх сям’і супаў з юбілейным фестывалем. Урачыстая цырымонія шлюбу прайшла па традыцыі на беразе возера Кагальнае ў скверы маладых. Свае віншаванні і падарункі даслала новай сям’і гаспадыня свята — Вішнёвая каралева, а яшчэ менавіта гэта цырымонія стала для мясцовага аддзела ЗАГС сотай. А ўсяго за два фестывальныя дні на Глыбоччыне «нарадзілася» 10 сямей.

У міжнародным конкурсе на лепшае валоданне баянам, акардэонам і гармонікам узялі ўдзел прафесіяналы і самавучкі двух узроставых катэгорый не толькі з Беларусі, але і з бліжэйшага замежжа. Галоўны прыз — новенькі «вішнёвы» баян — атрымала вучаніца Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў Паліна Сіняўская, а гэта значыць, што баян зноў застаўся ў Глыбокім. Упершыню на юбілейным свяце прайшла выстава-конкурс работ, выкананых у тэхніцы лапікавага шыцця, «Вішнёвая мазаіка».

На два дні салодкая сталіца Віцебшчыны ператварылася ў рознакаляровы гарадок, напоўнены танцамі і звонкімі песнямі, пакінуўшы ў кожнага ўдзельніка фестывалю на вуснах адметны вішнёвы смак.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.