Вы тут

Вітаміны D, А, Е і Амега-3 могуць сур'ёзна нашкодзіць здароўю?


Сардэчна-сасудзістыя захворванні па-ранейшаму з'яўляюцца асноўнай прычынай смерці ў свеце. За апошнія дзесяцігоддзі дасягнуты істотныя поспехі ў лячэнні іх вострых і хранічных формаў, пацыенты выжываюць пасля інфарктаў і інсультаў, добрыя вынікі дае хірургічнае лячэнне. Аднак усе мы часта недаацэньваем значнасць прафілактыкі. Таму нават у паспяхова прааперыраваных пацыентаў з-за невыканання рэкамендацый вынікі не захоўваюцца доўга. А ў здаровых людзей з-за няправільнага харчавання, злоўжывання тытунём і адсутнасці дастатковай фізічнай нагрузкі сардэчна-сасудзістыя захворванні з'яўляюцца значна раней, чым маглі б.

Якія памылкі мы робім у штодзённым жыцці? Што зношвае нашу сардэчна-сасудзістую сістэму? Чым небяспечны бескантрольны прыём вітамінаў, якім многія захапіліся, перанёсшы каранавірусную інфекцыю? Як своечасова заўважыць сімптомы інфаркту? Пра гэта расказала загадчыца лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія», доктар медыцынскіх навук Вольга Суджаева.


Адтэрмінаваць наступленне хваробы

— Прафілактыка мусіць пачынацца не ў тых, хто ўжо захварэў, а ў абсалютна здаровых людзей. Важна як мага даўжэй працягнуць час да наступлення сардэчна-сасудзістых хвароб. З самага ранняга ўзросту, калі закладваюцца харчовыя і паводзінскія звычкі, варта пачынаць прафілактычныя мерапрыемствы, — адзначае суразмоўніца. — Сёння яны не носяць ультыматыўны характар: калі раней мы казалі пра дыету і павышэнне фізічнай актыўнасці, то цяпер — пра здаровае харчаванне і рацыянальную фізічную нагрузку. Як вельмі нізкая фізічная актыўнасць шкодная ў аддаленым перыядзе, так і празмерна інтэнсіўная. Калі здаровы чалавек не займаўся гэтым раней, варта звяртацца да ўрача, які падбярэ нагрузку па індывідуальным узроўні трэніраванасці, полу і ўзросце. Карысць будзе толькі тады, калі фізічная нагрузка дастаткова інтэнсіўная, але не настолькі, каб прыводзіць да вычарпання фізічных рэсурсаў.

Сур'ёзны напрамак прафілактыкі — адмова ад ужывання тытуню ў любым выглядзе. Сёння, нягледзячы на сучасныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў гэтай галіне, ёсць адна рэкамендацыя — пазбягаць тытуню.

Важны кантроль за артэрыяльным ціскам і дысліпідэміяй — яны набылі актуальнасць асабліва пасля каранавіруснай інфекцыі. На жаль, ковід пакінуў негатыўныя наступствы. У тых, хто перанёс інфекцыю, можа назірацца дэстабілізацыя першапачаткова добра адрэгуляванага медыкаментозна артэрыяльнага ціску, развіваецца артэрыяльная гіпертэнзія. Таму кантроль ціску набывае ўсё большую значнасць.

Прыхільнасць да тэрапіі ў беларусаў, заўважае ўрач, па-ранейшаму застаецца нізкай. Калі прааналізаваць даныя STEPS за 2008 і 2018 гады, яна знізілася ў два разы. Пры гэтым адтэрмінаваць наступленне сардэчна-сасудзістых захворванняў можна, шмат у чым гэта ў руках кожнага з нас. І калі доктар дае рэкамендацыі, гэта не плён яго фантазій або асабістых назіранняў, а адпрацаваныя і старанна вывучаныя стратэгіі, якія сапраўды бяспечныя.

Як не прапусціць сардэчны прыступ?

Інфаркт міякарда і іншыя праблемы з сэрцам вельмі каварныя, пры тым, што ў большасці пацыентаў маюцца тыповыя сімптомы.

— Калі мы кажам пра інфаркт міякарда, то гэта боль за грудзінай, які давіць і сціскае. Ён адчуваецца ў левай палавіне грудной клеткі, можа аддаваць у левую руку ці верхнюю частку жывата, у міжлапатачную зону, і гэта суправаджаецца вельмі дрэнным самаадчуваннем. Калі сімптомы ўзніклі ўпершыню, асабліва пасля фізічных ці пісхаэмацыянальных нагрузак, спалучаюцца з агульным дрэнным самаадчуваннем і рэзка выражанай слабасцю, потам ці дрыжыкамі, пацямненнем у вачах, гэта павінна насцярожыць. Калі маецца востры недахоп паветра, гэта таксама можа быць як прыкметай інфаркту, так і іншых жыццепагражальных станаў, — звяртае ўвагу Вольга Суджаева.

Калі такі стан у вас упершыню і ён пагаршаецца, доўга чакаць не трэба. На жаль, медыкі часта маюць справу з познім паступленнем пацыентаў у стацыянар, прычым і ў Мінску, і ў рэгіёнах.

— На жаль, калі такі стан развіваецца, чалавек імкнецца прылегчы, прыняць народныя сродкі, паставіць банкі, гарчычнікі, зрабіць масаж. Гэта замаруджвае аказанне спецыялізаванай дапамогі. Тут трэба ўсведамляць, што калі мы пачынаем лячэнне ў першыя гадзіны ад моманту развіцця захворвання, усё ідзе больш спрыяльна, чым калі час упушчаны.

Вітаміны: карысць для сэрца ці шкода?

Адразу адзначым, што бескантрольны прыём лекавых доз вітамінаў D, А, Е, прэпарату «Амега-3» можа сур'ёзна нашкодзіць здароўю. Вітамін D выпускаюць і рэалізоўваюць у аптэках не толькі ў прафілактычнай, але і ў лекавай дазіроўцы. І прызначаць самому сабе гэты прэпарат, што ўвайшло ў моду ў пандэмію ковід-інфекцыі і пасля, катэгарычна нельга. Лекавая дазіроўка вітаміну D у здаровага чалавека можа вельмі хутка выклікаць гіпервітаміноз (празмернасць вітаміну), які куды больш небяспечны, чым гіпавітаміноз (недахоп).

Таму прымаць такі прэпарат трэба толькі па прызначэнні ўрача. Рэкамендацыя датычыцца не толькі вітаміну D, але і тлушчарастваральных вітамінаў А, Е, групы В.

Ёсць наступствы і ў некантраляванага ўрачом прыёму прэпарату «Амега-3» — гэта поліненасычаныя тлустыя кіслоты. Тут гаворка ідзе менавіта пра лекі, якія з'явіліся ў 2008—2010-х гадах і на іх ускладаліся вялікія надзеі адносна насычэння арганізма добрым халестэрынам і прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Сёння ўрачы прызначаюць гэты прэпарат толькі для пэўнай катэгорыі пацыентаў, для якіх ён будзе гарантавана бяспечны.

— На жаль, некантраляванае спажыванне самога «Амега-3» і харчовых дабавак з «амега-3» (а там ёсць і амега-6, і амега-9, і амега-12) прывяло да павелічэння колькасці мігальных арытмій у тых, хто раней не меў хваробы сэрца і сасудаў, — заўважае Вольга Суджаева. — Папулярнасць лекавага сродку «Амега-3» з усімі наступствамі ўзрасла ў пандэмію каранавіруса. Гэты прэпарат прызначалі самім сабе і бескантрольна прымалі тыя, хто перахварэў на ковід-інфекцыю.

Спецыяліст адзначае, што людзі, якія паўнавартасна харчуюцца і з'ядаюць як мінімум 400 грамаў свежай гародніны і садавіны ў дзень, не маюць патрэбы ў дадатковым таблеціраваным прыёме полівітамінаў і мінералаў. Іх трэба прымаць, калі людзі перахварэлі, аслабленыя або маюць расстройствы стрававання, з-за чаго натуральныя вітаміны і мінералы ў іх дрэнна засвойваюцца. Таксама вітамінна-мінеральныя комплексы рэкамендуюць людзям, калі яны не харчуюцца паўнавартасна. Усім згаданым катэгорыям, каб падагнаць імунітэт, нейкі час можна прымаць прафілактычныя дозы полівітамінаў і мінералаў.

Вітаміны для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў шырока прадстаўлены ў аптэках. Аднак у гэтым сэнсе яны бескарысныя. Апошнія 20 гадоў навукоўцы з розных краін вывучалі, як уплываюць на прафілактыку кардыяхвароб прыём вітаміну С, комплексаў А, Е, С і іншых. Аднак, на жаль, усе спробы займацца прафілактыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў з дапамогай «аптэчных» вітамінаў, мінералаў пацярпелі няўдачу.

— Значна больш эфектыўна для прафілактыкі хвароб сэрца і сасудаў весці здаровы спосаб жыцця. Калі больш канкрэтна, прытрымлівацца прынцыпаў правільнага харчавання, не пераядаць, больш рухацца, высыпацца і не перанапружвацца. Тым, хто курыць, — «завязаць», тым, хто злоўжывае спіртным, — кінуць піць. Сэрца любіць прагулкі на свежым паветры і пазітыўны настрой. А вось стрэсы яго губяць, — кажа Вольга Суджаева.

Фітазборы і травяныя чаі можна піць не ўсім

Памятайце, што любая фітатэрапія мусіць быць падабрана спецыялістам. Для ўжывання фітазбораў ёсць выразныя паказанні і супрацьпаказанні. Перш чым піць травяныя чаі, пажадана пракансультавацца з урачом.

— Ужыванне некаторых травяных збораў можа справакаваць халецыстыты і пячоначныя праблемы. Акрамя таго, любыя травяныя зборы ўтрымліваюць вітамін D, які можа прывесці да змены метабалізму ў людзей з мігальнай арытміяй або з механічнымі клапанамі сэрца. Такія людзі пастаянна прымаюць антыкаагулянты. І калі яны будуць піць фітачаі, папярэдне не параіўшыся са сваім урачом, то лекі, якія разрэджваюць кроў, перастануць працаваць, як трэба, — папярэджвае ўрач.

У спякоту чалавек шмат пацее, з-за чаго ў яго павышаецца рызыка тромбаўтварэння. Таму трэба наталяць смагу натуральнымі напоямі, якія валодаюць лёгкім дзеяннем і разрэджваюць кроў. У спякоту вельмі карысныя хатнія ліманады з лёдам, калі цытрусавыя заліваюцца кіпячонай вадой. Таксама падыдуць журавінавыя морсы і адвары з сухафруктаў без цукру. А вось ў гарачыню варта адмовіцца ад падфарбаваных падсалоджаных напояў, салодкіх адвараў і газіроўкі, квасу.

У зялёным чаі змяшчаецца вялікая колькасць вітаміну D, таму адным людзям ён карысны, а іншым — шкодны. Калі чалавек прымае прэпараты, якія разрэджваюць кроў (варфарын, фенілін), то яму піць зялёны чай катэгарычна нельга. Рэч у тым, што на фоне ўжывання зялёнага чаю канцэнтрацыя гэтых лекаў у крыві можа катастрафічна змяніцца і прывесці да драматычных наступстваў. Іншымі словамі, зялёны чай і згаданыя антыкаагулянты несумяшчальныя. На жаль, далёка не ўсе людзі дачытваюць памяткі да канца.

Шматлікая інфармацыя ў розных крыніцах аб карысці кавы ці чаю, як правіла, ініцыіраваная кававымі і чайнымі кампаніямі. Даказаная карысць чорнай кавы пры яе разумным ужыванні — 1-2 кубкі ў дзень. Таму што кафеін — усё-ткі лекавы сродак. Тым, у каго ёсць праблемы з артэрыяльным ціскам ці парушэнні сардэчнага рытму, кардыёлаг раіць не захапляцца чорнай кавай, асабліва моцнай.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.