Вы тут

Хранічныя хваробы, выбітыя пальцы і сківіца, раненае вока


На парыжскіх тэнісных кортах скончыўся турнір Вялікага шлема — Ралан Гарос. У 14-раз тытул заваяваў іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль. Не трэба быць вялікім знаўцам тэніса, каб зразумець, наколькі гэта выдатнае дасягненне — у 14-ы раз выйграць адзін з галоўных турніраў. Але яшчэ больш выдатнай гэтую гісторыю зрабілі абставіны, насуперак якім Надаль перамог. Іспанцу 36 гадоў і ён ужо шмат гадоў не ўтойвае свае праблемы са здароўем. Сёлета ў Парыжы ён перамог з болем ад старой траўмы стапы.


«Мая праблема з нагой хранічная, непапраўная. Гэта хвароба Колера — прыроджаная паталогія ступні, якая справакавала дэфект пры крапленні мышц. Гэты дэфект не вытрымліваў нагрузак прафесійнага спорту і сярод іншага прывёў да тэндзініту калена. Падчас рэабілітацыі мы спрабавалі рознае, і доўгі час не было ўвогуле ніякага выніку. І ў маім узросце, вядома, ужо сумняваешся, што зможаш вярнуцца ў спорт. Ведаючы, што траўму не вылечыць, як не пачаць сумнявацца. А маральна гэта робіць увесь працэс яшчэ цяжэйшым», — дзяліўся тэнісіст у адным з інтэрв’ю. 

На турніры ў Парыжы ён выступаў з анямелай нагой. Доктар зрабіў іньекцыю ў нерв — ступня заснула. На пытанне, колькі за турнір яму зрабілі ўколаў, Надаль толькі пакруціў галавой. Праўда, у сваёй чэмпіёнскай прамове Надаль паабяцаў яшчэ вярнуцца ў Пары ў наступным годзе. Але пасля прызнаўся журналістам, што ён бы пагадзіўся на паражэнне, калі б гэта дало яму новую нагу. 

Сваёй траўмай зламаць саперніка

Перамогі насуперак болю і траўмам у прафесійным спорце — не навінка. Жаданне перамагчы і паказаць усім свае сілы, дасгянуць сваёй мэты часам пераважаюць над здаровым сэнсам і болем. Не сталі выключэннем і беларускія спартсмены.

На Алімпійскіх гульнях 1968 года ў Мехіка спартсмены спаборнічалі не толькі з сапернікамі, але і з кліматычнымі ўмовамі: высокая тэмпература паветра, недахоп кіслароду і высокагор’е. Алімпійскі чэмпіён 1964 года барэц вольнага стылю Аляксандр Мядзведзь перад выступленнямі губляў прытомнасць. А праз 30-40 хвілін выходзіў на дыван і перамагаў у чарговай схватцы. Дактары нават казалі Мядзведзю, што ў яго перадінфарктны стан. Але нічога не перашкодзіла яму заваяваць алімпійскае «золата». У фінале яго сапернікам быў алімпійскі чэмпіён 1960-га года Вільфрыд Дзітрых. Усё было нармальна, пакуль не раздалося страшнае хрусценне. Вялікі палец правай рукі Аляксандра Мядзведзя быў выбіты. Зварот да дактароў мог пагражаць зняццем з турніру. Аляксандр сам уставіў сабе выбіты сустаў. Гэта зламіла маральны дух Дзітрыха. Аляксандр Мядзведзь стаў двухразовым алімпійскім чэмпіёнам. 

У 1972 годзе на Алімпійскіх гульнях у Мюнхене ў спаборніцтвах па фехтаванні выступаў Віктар Сідзяк. У першым паядынку супраць італьянца Мікелле Мафеі пры ўдары ад маскі Віктара Сідзяка адламаўся кавалак, які трапіў яму ў вока. Дактары дыягнаставалі пранікальнае раненне рагавіцы. Каб дастаць асколак прыйшлося рабіць аперацыю. Зразумела, што дактары раілі не працягваць выступленне. Але на наступны паядынак з Венгрыяй Віктар Сідзяк выйшаў з павязкай на воку, чым здзівіў усіх. Фехтаваць такім чынам было, канешне, няёмка. Але ў паўфінале Віктар Сідзяк змог выйграць тры баі ў венгерскіх шаблістаў, і зборная СССР перамагла, 9:7.

У 2004 годзе беларуская каманда выйшла ў Сусветную групу Кубка Дэвіса. Першым сапернікаў беларускіх тэнісістаў стала каманда Рассі. Матч праходзіў у Мінску і выклікаў вялізны ажыятаж. У першым матчы Уладзімір Валчкоў сустрэўся з Ігарам Андрэевым. У двух сэтах перамагаў беларус, пакуль не здарылася тое, што пазней вызначыць лёс матчу — Уладзімір Валчкоў упаў на корт, працягваць гульню не змог. Першы матч скончыўся на карысць расіян. Капітан каманды Сяргей Цяцерын пазней скажа журналістам: «адбыліся ўнутраныя мікранадрывы мяккіх тканін і пашкоджанні галёнкаступнёвых звязкаў». Але было і нешта добрае ў тым дні: Максім Мірны перамог Марата Сафіна. Парная сустрэча прынесла яшчэ адно ачко расіянам: Марат Сафін і Міхаіл Паўднёвы абгулялі Максіма Мірнага і Аляксандра Швеца. Затым Максім Мірны абыграў Ігара Андрэева. Вынік сустрэчы 2:2, уступаць ніхто не мае намеру. Можна толькі ўявіць, якое напружанне было ў той дзень у футбольным манежы. І што там рабілася, калі на вырашальны матч супраць Міхаіла Южнага выйшаў... Уладзімір Валчкоў. Мусіць, іншага зыходу ў гэтай гісторыі быць не магло. З лікам 3:2 далей у сусветную групу прайшла каманда Беларусі.

Рука хворая, але ногі здаровыя — ідзі бегай 

Змагацца з траўмамі спартсменам прыходзіцца не толькі на спаборніцтвах, але і на трэніроўках. І тут галоўнае — не апусціць рукі і працаваць далей. Алімпійскі чэмпіён 1988 года па гандболе Аляксандр Каршакевіч у 21 год увайшоў у склад зборнай СССР, наперадзе была Алімпіяда-1980. І нічога не магло яго спыніць.

«У 1979 годзе я лёг на аперацыю, лячылі плячо. Урачы сказалі паўгода ўвогуле не трэніравацца. Я прыйшоў у залу, прысеў на лаўку. І тут пытанне ад Спартака Пятровіча Мірановіча: „Саша, ты на алімпіяду хочаш паехаць?“. Ну хто ж не хоча на алімпіяду. „Рука баліць, але ногі то цэлыя, ідзі бегай, рука потым падцягнецца“, — кажа мне Спартак Пятровіч. У снежні 1979 года мне зрабілі аперацыю, а ў ліпені 1980 я ўжо гуляў на алімпіядзе. Для сучасных спартсменаў гэта нерэальна. Ён палец крыху выб’е і месяц лечыцца, не трэніруецца. Я неяк на турніры ў Львове вывернуў галенастоп, так нага апухла, што пальцаў не было відаць. Праз тыдзень ужо трэніраваўся», — успамінае Аляксандр Уладзіміравіч. 

Алімпійскі чэмпіён Токіа-2020 у скачках на батуце любіць расказваць, як аднойчы зламаў сківіцу сваім жа каленам. «Прызнаюся, не чакаў, усё звычайна ламаюць рукі, ногі. Я проста рабіў элемент, расслабіўся, апусціў галаву і ўбачыў, што калена ляціць у твар. Спачатку ўсміхаўся, а сківіца не злучалася — прыкольна. Потым убачыў маму ў слязах, яна плакала і смяялася адначасова», — узгадваў спартсмен у інтэрв’ю «Звяздзе». 

Вялікі спорт — гэта не толькі перамогі і радасць ад іх. Гэта яшчэ і боль, які трэба перажыць на шляху да гэтых перамог. Але ці не таму, спорт здольны закранаць усе чалавечыя пачуцці?

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.