Вы тут

На Палессі сумна быць не можа, і «Вытокі» гэта даказалі


Спорт, рамёствы, мода, спевы і адукацыя — усё гэта сумясціў фестываль «Вытокі». У мінулыя выхадныя яго прымала Брэсцкая вобласць. Свята, якое прайшло ў Століне, дазволіла не проста добра правесці час, але і выканаць вельмі важную функцыю. Яно паказала, што нават у далёкіх раённых цэнтрах кіпіць насычанае спартыўнае і культурнае жыццё.


На гэта звярнуў увагу і намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Луцкі. Дарэчы, Столін — яго малая радзіма. «Такія маштабныя спартыўныя святы павінны дапамагаць далучаць маладое пакаленне да заняткаў спортам. Дзеці павінны больш рухацца, як мы раней тут на Століншчыне, не пакідалі днямі спортпляцоўкі. Хачу заўважыць, што фестываль «Вытокі» выдатна спраўляецца з гэтай задачай: шмат дзяцей, шмат спартыўных пляцовак і магчымасці праявіць сябе. Самае галоўнае — выхаваць здаровую нацыю», — адзначыў Ігар Луцкі. Па яго словах, лепей за ўсё сацыялізацыі дзяцей садзейнічаюць фізкультура і спорт. «Гэта пастаянны кантакт, пастаянная гульня ў камандзе, гульня локаць у локаць. Усё гэта прыводзіць да кансалідацыі людзей, грамадства і ўсёй краіны. Футбол і баскетбол — тыя спартыўныя гульні, найбольш даступныя ў маім дзяцінстве. Пляцоўкі і палі былі ў кожнай школе. Памятаю, што мне ў дзяцінстве вельмі цікавы быў тэніс. Кортаў у нас не было, але мы ўмудраліся прыстасаваць ракеткі для бадмінтона пад тэніс. Самі стваралі нейкія пляцоўкі ці корты і гулялі. Цяпер, вядома ж, у моладзі значна больш магчымасцяў для заняткаў практычна любым відам спорту», — расказаў Ігар Луцкі.

Сапраўды, найбольш папулярныя на Століншчыне гульнявыя віды спорту. На першым месцы, зразумела, футбол. У мінулым годзе каманда раёна перамагла ў рэспубліканскім турніры «Скураны мяч». Але валейбол, баскетбол, тэніс і іншыя спартыўныя гульні не адстаюць. Для таго, каб у юных палескіх спартсменаў было яшчэ больш магчымасцяў для развіцця, Нацыянальны алімпійскі камітэт падарыў раёну сертыфікат на 100 тысяч рублёў. Прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка перадаў яго старшыні Столінскага райвыканкама Рыгору Пратасавіцкаму. Як адзначыў Віктар Лукашэнка, так свята застанецца не толькі ў сэрцы, але і ў выглядзе матэрыяльнай падтрымкі. Рыгор Пратасавіцкі паабяцаў, што ўсе грошы будуць накіраваны на спартыўную інфраструктуру. Ён таксама заўважыў, што за апошнія тры гады дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы раёна перадалі ў школу алімпійскага рэзерву 23 выхаванцаў.

«Нам прыемна знаходзіцца на Століншчыне — у краі, дзе жывуць адны з самых працавітых людзей нашай краіны. Мы пастараліся прыкласці максімум намаганняў, каб свята атрымалася насычаным, цікавым і карысным», — падкрэсліў Віктар Лукашэнка падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю.

Калі сустракаюцца хакей і Дакар

Пакуль дарослыя абмяркоўвалі спартыўныя планы раёна, моладзь пазнавала тое, што ўжо ёсць. Алімпійскі квэст з 30 спартыўных пляцовак выклікаў вялікі ажыятаж у малых гасцей свята. Асабліва папулярнымі сталі пляцоўкі, дзе ўдзельнікаў квэсту чакалі іх куміры — вядомыя спартсмены. Напрыклад, майстар-клас па гандболе даў найлепшы варатар чэмпіянату Беларусі Ілья Усік, які прадстаўляе клуб «Мяшкоў Брэст». Узнагародай для тых, хто прайшоў пляцоўку сучаснага пяцібор'я, стала сустрэча з бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў Настассяй Пракапенкай. «Фестываль «Вытокі» дае добрую магчымасць праявіць сябе, атрымаць каштоўныя прызы і ўзняць сабе настрой. Вельмі патрэбны такія святы ў малых гарадах. Столькі дзяцей, якія жадаюць прыняць удзел у конкурсах! На іншых пляцоўках вельмі шмат людзей. Зрабілі сапраўднае свята», — падзялілася спартсменка сваімі ўражаннямі.

Дзякуючы «Вытокам» у паўднёвым Століне разгарнулася сапраўдная хакейная бітва. Праўда, спаборніцтвы былі па аэрахакеі. Таксама хакейны клуб «Брэст» прапанаваў праверыць свае сілы ў дрыблінгу — спецыяльнай тэхніцы, якая дазваляе рабіць падманныя рухі клюшкай і пры гэтым не губляць кантроль над шайбай. Галоўнымі дзеючамі асобамі тут былі хакеісты «Брэста» — Раман Пятручык і Віктар Боўбель. А за хакейнымі баталіямі назіраў старшыня Беларускай федэрацыі хакея Аляксандр Багдановіч. Ён прызнаўся, што на «Вытоках» першы раз і па-сапраўднаму ўражаны размахам свята і колькасцю ўдзельнікаў. «Здорава, што такія мерапрыемствы праходзяць у глыбінцы. Гэта развівае рэгіён, кожны раён нашай краіны ўнікальны. Што ж датычыцца дзяцей, то любое ўключэнне дзяцей у спорт — добра. Выдатна, калі гэта адбываецца ў абстаноўцы фестывалю, свята, калі дзеці могуць самі паразмаўляць са спартсменамі. Яны ўцягваюцца ў гэты працэс пад наглядам вопытных атлетаў», — адзначыў Аляксандр Багдановіч.

Удзельнікі свята не маглі абмінуць гоначны грузавік каманды «МАЗ-СПОРТаўта». Як заўважыў пілот «МАЗ-СПОРТаўто» Сяргей Вязовіч, не кожны можа на свае вочы ўбачыць знакаміты гоначны аўтамабіль, а дзякуючы «Вытокам» гэта абсалютна рэальна. Таксама дзякуючы фестывалю абсалютна рэальна зрабіць сэлфі ў аўтамабілях пажарнай службы. Рэальнымі сталі і парашутысты, якія прызямліліся на плошчу з самалёта МНС.

«У нас атрымаўся вялікі культурны і спартыўны фестываль, шмат пляцовак, шмат гасцей і ўдзельнікаў. Арганізатары пастараліся, ніхто не застанецца без прызоў. Дзякую НАК Беларусі, які падарыў такое свята. Паглядзіце, колькі ўдзельнікаў, дзяцей з бацькамі! Упэўнены, у Століне ўсім спадабалася», — сказаў Юрый Шулейка, старшыня Брэсцкага аблвыканкама.

Убачыць Столін у розных фарбах

На столінскіх «Вытоках» было цікава і тым, хто вялікім аматарам спорту сябе не лічыць. Цікавостак хапіла на любы густ. Для моднікаў — прэзентацыя калекцый адзення «Роднае-моднае» ад беларускіх вытворцаў, дызайнераў і прадпрымальнікаў. Для аматараў музыкі — выступленні юных вакалістаў у межах конкурснай праграмы. Дарэчы, у катэгорыі 12—16 гадоў перамагла Міхайліна Хвясюк, а сярод спевакоў 17—30 гадоў найлепшай стала Лізавета Козак. Нагадаем, у першым сезоне «Вытокаў» перамагла прадстаўніца Брэстчыны Соф'я Рустамава.

Століншчына славіцца народнымі промысламі. Усе іх дасягенні былі прадстаўлены на адпаведнай выстаўцы. А цэнтрам прыцягення у гэтай частцы фестывалю стаў загадчык цэнтра ганчарства вёскі Гарадная Васіль Казачок. У студзені гэтага года ён стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Майстар не проста расказаў пра асаблівасці палескага ганчарства, але і даў цэлы майстар-клас па гэтым рамястве.

«Вытокі» раскрылі, што Столін, як і ўсё Палессе, варты ўвагі, тут сапраўды ёсць на што паглядзець. Спецыяльна для гэтага ў першы дзень фестывалю быў арганізаваны прэс-тур па ключавых славутасцях раёна. «Падчас прэс-тура быў прадстаўлены брэнды: і эканамічны, і турыстычны. Століншчыну мы ўбачылі ў зусім розных фарбах, бо кожны куток нашай Беларусі вылучаецца чымсьці цікавым, і Століну ўдалося паказаць сваю самабытнасць», — падкрэсліла Валянціна Дыніч, дырэктар ТАА «БелБрэндАўдыт».

Яркі фестываль і скончыўся ярка — канцэртам з удзелам артыстаў беларускай эстрады і феерверкам. Палессе традыцыйна шчыра прыняла гасцей і паказала ўвесь свой каларыт. А «Вытокі» ўжо чакае старажытны Навагрудак, тут свята пройдзе з 17 да 18 чэрвеня.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.