Вы тут

Не адзінкі нас – мільёны!


Як родных людзей сустракалі ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў кіраўнікоў, актывістаў беларускіх суполак і творчых гуртоў з замежжа – яны праходзілі творчую стажыроўку ў Беларусі

У чарговы раз у Беларусі прайшла творчая стажыроўка (з 3 па 9 красавіка 2022 года) кіраўнікоў замежных беларускіх калектываў мастацкай творчасці ды кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа. Такія стажыроўкі Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур (дырэктар Вольга Антоненка) праводзіць з 2016 года, і яны вельмі запатрабаваныя сярод актывістаў беларускай дыяспары.

У часе стажыроўкі паглыблена вывучаюцца беларускія песні, танцы, праводзяцца майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, вывучаюцца народныя абрады, традыцыі. Усё гэта дае добры імпульс для таго, каб удзельнікі стажыроўкі яшчэ больш актыўна пашыралі беларускую культуру ў краінах, дзе жывуць, прыўносілі новыя фарбы ў жыццё беларускіх суполак замежжа.


Калі да нас у чарговы раз прыязджаюць беларусы з замежжа, то ўвага да тэмы дыяспары ў калег-журналістаў павялічваецца. І ўсё ж далёка не ўсе, робячы рэпартажы пра тое, як гасцінна Бацькаўшчына вітае суайчыннікаў, добра ўсведамляюць сабе: як гасцям нашым у замежжы далёкім і блізкім жывецца. Беларусы ж, як вядома, людзі сціплыя: душу адразу не раскрываюць. І едуць стажоры на зямлю продкаў не проста “спасцігаць беларускую аўтэнтыку” ці “знаёміцца з жыццём нашых сучаснікаў”… Едуць “духам беларускім напітацца”, сілы душэўныя тут падмацаваць, знайсці новых аднадумцаў, новы досвед у змаганні за месца пад сонцам, а часам і за жыццё.

На гэты раз у ліку амаль 30-ці курсантаў была і Алена Аляксеенка: з украінскага Міргарада. У спісе ўдзельнікаў стажыроўкі пра яе напісана: дарадца старшыні Усеўкраінскага Саюза Беларусаў па пытаннях культуры, нацыянальных традыцый і народнай творчасці. Яна ж і дарадца старшыні суполкі “Беларусы Украіны” па культуры, кіраўніца Студыі эстраднага вакалу “Соняшник”. Як дабіралася Алена Валер’еўна ў Мінск з тэрыторыі, на якой доўжыцца расійская ваенная спецаперацыя, пісаць пакуль рана. Да таго ж найвялікім узрушэннем для яе перад пачаткам стажыроўкі стала вестка пра гібель сяброўкі Таццяны. У каментарах да поўнага смутку і болю верша Алены, змешчанага на яе старонцы ў Фэйсбуку, прачытаў я пра гібель “нашай Таццяны”. Заканчэнне верша: “Тебя нет! И назвать уже некого/ Ни любимой, ни дочкой, ни мамой…/ Тебя нет! Очень горько от этого…/ Ты всегда будешь рядом с нами… / ПРОСТИ, Танечка... Не спасли... 02.04.2022” Спачуванні ў каментарах выказаў і Пётр Лайшаў – кіраўнік Усеўкраінскага Саюза Беларусаў, і Валянціна Каракіна – актывіста суполкі “Голас Радзімы” з Мікалаева. Ведаючы, што Алена сябравала з Таццянай Дзяменнікавай, якая стварала тую суполку, развівала з вялікай інфападтрымкай нашай газеты – я запусціў у пошукавік словы: “загінула Таццяна Дзяменнікава”. І гэта сапраўды аказалася не фэйкам – трагічнай праўдай. Ураджэнка вёскі Сіманавічы Глускага раёна, Таццяна Анатолеўна Дзяменнікава (у дзявоцтве Белавушка) працавала ў эканамічным дэпартаменце Мікалаеўскай абласной дзяржадміністрацыі. Родныя паведамілі пазней Алене, што “ў беларускай вышыванцы пахавалі Таццяну, і была яна вельмі прыгожая”.

Мы “ў рэале” ўпершыню пабачыліся з Аленай Аляксеенкай у РЦНК, а потым і на сустрэчы з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам. І хоць была ў Аляксандра Аляксеевіча і грунтоўная запіска, інфармацыя па тэмах, цікавых для гасцей (да яе і звярнуўся потым), аднак пачаў ён размову з душэўных слоў пра беларускую роднасць. Казаў, што ўсім нам баліць, калі недзе ў свеце гора-бяда напаткае родных людзей. І што ў Беларусі велізарныя намаганні прыкладваюцца, каб пажар вайны не перакінуўся на нашу тэрыторыю: “Калі нешта разбурыш, то адбудоўваць вельмі цяжка. І таму мы, нягледзячы на выклікі часу, імкнемся дзейнічаць спакойна, эвалюцыйна. Таму ўсім нам разам сёння вельмі важна зберагчы мір і грамадзянскую згоду на нашай зямлі”.

Дададзім: зберагаем стабільнасць у грамадстве мы ў тым ліку і дзеля таго, каб родным людзям “у крайнім выпадку” было куды вярнуцца. Скажам, у выніку канфліктаў ва Украіне, на Данбасе пачынаючы з 2014 года жыць у Беларусь вярнуліся, у тым ліку з сем’ямі, дзясяткі тысяч беларусаў. Едуць і ўкраінцы, якія ніколі не былі дый не будуць для нас чужымі. Паводле афіцыйных звестак, толькі з 24 лютага сёлета ў Беларусь прыбыло з Украіны звыш 23 тысяч бежанцаў, і ўсім знайшоўся прытулак.

Пазней намесніца старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі – кіраўнік парламенцкай групы па справах беларусаў замежжа Валянціна Ражанец, якая таксама ўдзельнічала ў сустрэчы, адзначыла, што “стварэнне гэтай групы ў Парламенце сёмага склікання – яскравае пацверджанне прызнання ўзаемадзеяння з дыяспарай як аднаго з важных кірункаў дзейнасці”. Група будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню супрацоўніцтва, пашырэнню кантактаў з арганізацыямі беларускай дыяспары за мяжой. І ёсць ужо ў сацсетках Фэйсбук, “Вконтакте” група “Беларусы свету”, і дзейнічае больш простая працэдура прыняцця грамадзянства або аднаўлення ў грамадзянстве для тых супляменнікаў ды суайчыннікаў, хто вяртаецца жыць на Бацькаўшчыну.

А між тым пра велізарны сацыяльны патэнцыял беларускай дыяспары многім у Беларусі невядома. Газета “Голас Радзімы” таму і надае шмат увагі актывістам суполак, таленавітым людзям з беларускага замежжа, іх падзвіжніцкай дзейнасці, каб тыя больш за тры з паловай мільёны нашых супляменнікаў, што жывуць за межамі Бацькаўшчыны, ведалі, бачылі, адчувалі: яны для нас родныя людзі. Давайце ўдумаемся: за межамі гістарычнай Бацькаўшчыны жывуць не адзінкі, не тысячы – мільёны беларусаў! Родных нам як па крыві (супляменнікі), так і па месцы нараджэння (суайчыннікі).

З ліку супляменнікаў, дарэчы, і стажорка з Аргенціны, удзельніца сустрэчы ва Упаўнаважанага Ірына Аслоўскі. Яна – “першая дзейная асоба” Сацыяльна-культурнага і спартыўнага клуба “Восток”, удзельніца ансамбля беларускага танца “Чайка” з горада Бярыса. У часе інтэрв’ю “Каралева Ірына” – такі ганаровы статус беларусцы па крыві афіцыйна прысвоены за перамогу ў конкурсе 26 (!) дыяспар – казала мне, што родавыя карані ў яе з Гродзеншчыны, а дзед Нестар Шушкевіч ды бабуля Вольга Басурка былі першымі заснавальнікамі Грамадскага аб’яднання беларусаў “Клуб «Восток»”. Адзінай, між іншым, чыста беларускай суполкі ў Аргенціне (іншыя ўключаюць і рускіх, і ўкраінцаў). Зрэшты, прозвішчы Шушкевіч ды Басурка, магчыма, у Заходняй Беларусі маглі мець і нейкае іншае гучанне, напісанне. У эмігрантаў, казала госця, на мяжы забіралі дакументы – а новыя выпісвалі “на слых” памежнікаў, якія іх сустракалі. Таму Ірына праз перакладчыка Паўла Міронава (ён працаваў дыпламатам у Аргенціне, супрацоўнічаў з нашай газетай) папрасіла Упаўнаважанага: дапамагчы беларусам Аргенціны, хто шукае родавыя карані, знайсці архіўныя дакументы пра іх родзічаў з Заходняй Беларусі. Просьба Каралевы мела водгук, і потым Аляксандр Аляксеевіч удакладняў дэталі ды фатаграфаваўся з Каралевай-беларускай.

Кіраўніца беларускай суполкі з Петразаводска Святлана Барташэвіч у чарговы раз агучыла просьбу беларусаў замежжа пра неабходнасць зберажэння і ўмацаванне газеты “Голас Радзімы” ў друкаваным фармаце: каб у часе інфавайны не знішчана яна была “націскам кнопкі”. Адзначыла: сотні тысяч асіміляваных беларусаў жывуць сёння ў Карэліі, аднак на генетычным узроўні пра родавыя карані ўсе памятаюць. І газета можа быць пасрэднікам, які дапаможа ім умацоўваць повязі з зямлёй продкаў.

Шмат іншых прапаноў па развіцці супрацы дыяспары з дзяржавай прагучала на сустрэчы. Аляксандр Румак па ходзе яе расказаў і пра Трохгодку малой радзімы, і пра сёлетні Год гістарычнай памяці. Прызнаўся, што і яму знаёмае пачуццё настальгіі: калі доўга не бывае ў Моталі, родным палескім мястэчку, то на сэрцы неспакойна. І ён, і Валянціна Ражанец шчыра дзякавалі гасцям, якія, жывучы ў замежжы, “нясуць Беларусь у сваіх сэрцах”. Што, дарэчы, ва ўмовах адкрытай русафобіі, беларусафобіі ў некаторых краінах часам патрабуе і грамадзянскай мужнасці. Бываючы на зямлі бацькоў і дзядоў, беларусы замежжа могуць бачыць, як упэўнена развіваецца, глядзіць у будучыню наша Бацькаўшчына, як шмат робіцца тут для сацыяльнай абароны людзей у няпростую пару нестабільнасці ў свеце.

Усе актывісты й кіраўнікі беларускіх суполак на сустрэчы атрымалі каштоўныя сувеніры, некаторым суполкам у падарунак (паводле папярэдніх заявак) Аляксандр Румак і яго памочніца па нацыянальных пытаннях Алена Бязручка ўручылі прыгожыя сцэнічныя беларускія строі: каб і надалей таленавітыя людзі з дыяспары гожа прадстаўлялі Бацькаўшчыну на розных імпрэзах. “А калі што каму з касцюмаў не падыдзе – не перажывайце, – па-свойску суцяшаў Аляксандр Аляксеевіч. – Прыязджайце да нас часцей – будзем з чаем-кавай сустракаць, і да чаю нешта знойдзецца. Заадно меркі здымем, на заказ вам касцюмы пашыем. Тым, хто працуе на карысць Бацькаўшчыны, мы заўсёды гатовыя дапамагаць. Ну а разам, калі жывем у згодзе, падтрымліваем адзін аднаго, – усе мы больш моцныя”.

Іван Ждановіч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.