Вы тут

За рысай беднасці. Чаму літоўцы ўсё больш расчароўваюцца ва ўладах?


У Літве ўзровень гадавой інфляцыі ў маі, паводле папярэдніх ацэнак, дасягнуў 18,5 працэнта. Гэта максімальны паказчык з 1996 года, паведаміла Delfі. У параўнанні з красавіком у маі рост цэн у Літве склаў 2,2 працэнта. Статыстычнае ведамства краіны адзначыла, што рост інфляцыі выкліканы павышэннем цэн на прадукты, камунальныя паслугі, бензін і іншыя пазіцыі. Высокая інфляцыя назіраецца сёння ў многіх краінах еўразоны. Пры гэтым Літва знаходзіцца сярод лідараў па росце цэн. Такая сітуацыя шмат у чым вынік дзеянняў улад. Нядзіўна, што афіцыйны Вільнюс усё часцей справядліва крытыкуюць літоўцы. Аднак высноў улады відавочна не робяць і працягваюць працаваць насуперак інтарэсам уласнага народа.


Вялікія праблемы

Літва палітызуе пытанні энергетыкі, заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» палітык, экс-дэпутат гарсавета Клайпеды Вячаслаў Цітоў. «Энергетычная частка вельмі балючая, бо практычна ўсё ацяпленне ў Літве на газе. Ключавая частка, прынамсі. І магу сказаць, што жыхары Літвы ўжо са снежня адчулі рэзкі скачок цэн на электрычнасць, газ. І сумарна ўтрымліваць кватэру выходзіць 300 еўра. Вазьмі і аддай, каб проста жыць
у сваёй кватэры. І, вядома ж, гэта балюча і людзей яшчэ больш падштурхоўвае шукаць магчымасці большага заробку. Вельмі складана людзям у такіх умовах, працуючы ў Літве», — сказаў Вячаслаў Цітоў.

Паводле яго слоў, гэта можа прывесці да сацыяльнай напружанасці ў будучыні. «Таму што ніхто не ведае, як гэта разаўецца, што будзе ўжо восенню-зімой пры такой недальнабачнай палітыцы, — адзначыў літоўскі палітык. — Пакуль Еўрапейскі саюз друкуе грошы, дае Літве, спараджаючы тым самым інфляцыю, вядома, у ЕС, улады асабліва не перажываюць. Як толькі гэты друкарскі станок спыніцца, я думаю, будуць вялікія праблемы ў Літвы, Прыбалтыкі, таму што Прыбалтыка ўжо не жыве за ўласны кошт», — падкрэсліў ён.

«Калі б Літва жыла за свой кошт, яна думала б аб сваёй энергетыцы, не закрывала Ігналінскую электрастанцыю. Пры пабудове беларускай электрастанцыі супрацоўнічала, каб атрымліваць тым самым таннейшую электраэнергію. Не, яны ўсё палітызуюць, спрабуюць закупіць у Скандынавіі электраэнергію, якая даражэйшая за беларускую ў 3—5 разоў», — адзначыў Вячаслаў Цітоў.

З трактароў на коні

Тым часам стала вядома, што літоўскія фермеры на фоне росту цэн на паліва і сыравіну вяртаюцца да даіндустрыяльных метадаў вядзення сельскай гаспадаркі, замяняючы трактары коньмі, паведаміў партал навін Baltіc Word. Нядаўні ўсплёск цэн на нафту і газ, выкліканы санкцыямі Захаду супраць Расіі, стаў прычынай рэзкага павышэння затрат для еўрапейскай прамысловасці і аграрнага сектара. Негатыўныя наступствы не абмінулі і Літву. Яна гістарычна з'яўляецца сельскагаспадарчай краінай. Аграрны сектар выконвае вельмі важныя эканамічныя, сацыяльныя, экалагічныя і этнакультурныя функцыі і лічыцца прыярытэтнай галіной народнай гаспадаркі. Статыстыка сведчыць, што каля 32,6 працэнта насельніцтва Літвы пражывае ў сельскай мясцовасці. У АПК занята 6,4 працэнта працаздольнага насельніцтва. Літва таксама займае чацвёртае месца па экспарце пшаніцы ў краіны ЕС.

Аднак сёння з-за высокіх затрат на паліва і электраэнергію фермерам даводзіцца адмаўляцца ад цяжкай тэхнікі і апрацоўваць зямлю з дапамогай коней. Літоўскія фермеры цалкам сур'ёзна ставяцца да такой перспектывы: яны прадаюць трактары і купляюць ці арандуюць коней. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі Літвы эфектыўнасць такіх метадаў вядзення гаспадаркі ставяць пад сумненне. У ведамстве таксама зазначаюць, што ў краіне налічваецца каля 15 тысячы коней, гэтага не хопіць для вядзення палявых работ.

«Такім чынам, Літва вяртаецца да даіндустрыяльнай эканомікі. Адзіным апраўданнем такіх метадаў вядзення сельскай гаспадаркі ў стагоддзе высокіх тэхналогій з'яўляецца яго экалагічнасць. Але гэтае апраўданне занадта слабае на фоне пагаршэння дабрабыту фермераў і нявызначанай будучыні. Дурныя і небяспечныя палітычныя рашэнні цяперашніх улад паставілі жыхароў пад пагрозу галечы і прывялі да дэградацыі народнай гаспадаркі», — заўважыў The Baltіc Word.

Цэны выраслі ў разы

Надыходзячай восенню жыхары Літвы могуць сутыкнуцца з новым скачком цэн на харчовыя тавары. Пра гэта заявіў кіраўнік Літоўскага саюза фермераў Раймундас Юкнявічус, паведамляе Delfі. Ён адзначыў, што сёлета фермеры ў Літве сутыкнуліся са значным ростам цэн. Так, кошт угнаенняў вырас у шэсць разоў. Цана на паліва і электрычнасць таксама вырасла ў разы. Многія літоўскія фермеры скарачаюць пасяўныя плошчы, а таксама ўносяць менш мінеральных угнаенняў. Эксперты прагназуюць, што ў выніку ўраджай зменшыцца.

Па словах Юкнявічуса, зніжэнне ўраджаю прывядзе да скарачэння асартыменту прадуктаў харчавання ў крамах. А значыць, на іх вырастуць цэны. Літоўскі саюз фермераў таксама прагназуе, што прадукцыя ўласнай вытворчасці ў Літве можа стаць неканкурэнтаздольнай. Суседнія дзяржавы дапамагаюць сваім вытворцам, зніжаюць падаткі, даюць ільготы на закупку ўгнаенняў і паліва. Гэта можа прывесці да таго, што на паліцах літоўскіх крам з'явіцца больш танная прадукцыя з Польшчы ці Эстоніі, якая выцесніць літоўскія тавары.

Літоўскія ўлады падлічылі, колькі людзей у краіне жывуць па-за рысай беднасці. Аказалася, што летась да гэтай катэгорыі адносіўся кожны пяты літовец, паведамляе RuBaltіc. «Узровень беднасці па выніках мінулага года склаў 20 працэнтаў», — адзначаецца ў паведамленні Дэпартамента статыстыкі Літвы. Атрымліваецца, што з 2,79 мільёна чалавек, якія цяпер пражываюць у краіне, 560 тысяч знаходзяцца за рысай беднасці. Гэта больш, чым насельніцтва Вільнюса.

Пратэсная хваля

Пашыраецца пратэсная хваля. Раней стала вядома, што ў Літве 80 кампаній прыпынілі будаўнічыя работы на аб'ектах дзяржаўнага значэння. Пра гэта паведаміла Delfі. Кіраўнік Літоўскай асацыяцыі будаўнікоў Далюс Гедвілас растлумачыў, што такім чынам будаўнікі хочуць звярнуць увагу ўлад на праблемы. У забастоўцы не было б неабходнасці, калі б урад прымаў належныя дзеянні для вырашэння праблем у будаўнічым сектары. Асацыяцыя будаўнікоў неаднаразова звярталася да літоўскіх улад, у прыватнасці да прэм'ер-міністра, з просьбай вырашыць існуючую сітуацыю з ростам цэн на будматэрыялы і сыравіну. Некаторыя матэрыялы, як сцвярджае Далюс Гедвілас, падаражэлі на 200 працэнтаў, драўніна і металы — больш чым на 100.

Літоўскія грузаперавозчыкі хацелі б захаваць для сябе беларускі і расійскі рынкі. Пра гэта ў інтэрв'ю радыё Žinių Radijas заявіў кіраўнік літоўскай асацыяцыі аўтатранспарту Lіnava Ромас Аўстынскас, паведамляе ТАСС. «Мы імкнёмся захаваць гэтыя рынкі з вялікай колькасцю жыхароў і вялікім патэнцыялам», — заўважыў эксперт. Паводле яго слоў, у Літве дзясятая частка велікагрузнага транспарту занята ў перавозцы грузаў у Беларусь і Расію. Бізнес пачаў прыстасоўвацца да работы ва ўмовах абмежаванняў. У прыватнасці, паводле яго слоў, Беларусь на сваёй тэрыторыі адкрыла сямнаццаць пунктаў, куды літоўскія грузавікі могуць заехаць і перагрузіць тавар для далейшай транспарціроўкі. Ромас Аўсцінскас адзначыў, што грузаперавозчыкі паспяхова выкарыстоўваюць такую магчымасць.

Эканамічнае самагубства

Літва займаецца эканамічным самагубствам, заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» літоўскі палітолаг Крыстафер Войшка, паведамляе БелТА. «Цэны растуць, асабліва на камунальныя паслугі і прадукты харчавання. Гэта было яшчэ і да пачатку спецаперацыі ва Украіне, але пасля гэтага ўсё стала яшчэ больш нарошчвацца, — распавёў Крыстафер Войшка. — Гэта звязана адначасова з глабальнымі тэндэнцыямі, а з другога боку, з палітыкай літоўскай улады і картэльнымі дамоўленасцямі паміж кампаніямі, таму што яны хочуць зрабіць вялізныя прыбыткі за кошт простага народа». Палітолаг канстатаваў: «Па-мойму, яны ўжо зрабілі максімум, каб знішчыць гэтыя адносіны, асабліва з Расіяй. Тое, што адбываецца зараз, — гэта вар'яцтва. Можна назваць нават самагубствам з боку нацыянальных эканамічных інтарэсаў краіны. Таму з часам будзе нарошчвацца супрацьстаянне ў самім грамадстве».

Залежнасць Літвы ад ЗША прывядзе яе да эканамічнага краху, перакананы Крыстафер Войшка. «Літва знаходзіцца ў такім геаграфічным месцы, дзе яна можа стаць вельмі перспектыўным актарам міжнароднага, міжкантынентальнага транзіту. І мы маглі б вельмі паспяхова гэта зрабіць. Але ў нас ёсць русафобская, праамерыканская ўлада, якая сабатуе гэтую магчымасць. І мы маем вынік усяго гэтага, — сказаў Крыстафер Войшка. — ЗША мяркуюць зрабіць тут буферную зону. Я хачу верыць, што людзі будуць змагацца, супраціўляцца. Іншага выбару ўжо няма».

Афіцыйнаму Вільнюсу яўна не да надзённых патрэб простых людзей. Днямі стала вядома, што з пачатку канфлікту ва Украіне Літва аказала ёй ваенную дапамогу ў памеры 115 мільёнаў еўра. Аб гэтым паведаміў міністр абароны Арвідас Анушаўскас. Прыбалтыйская рэспубліка ўваходзіць у групу першых пятнаццаці краін па памеры ваеннай дапамогі Украіне, і хацелася б бачыць яе ў першай дзясятцы, заявіў кіраўнік Камітэта сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА) Лаўрынас Кашчунас, перадала delfі.lt.

Не сапсаваныя капіталізмам

У Беларусі ўсё інакш. Тут людзі не сапсаваныя капіталізмам. Аб гэтым пасля вяртання ў Літву пасля паездкі літоўскіх блогераў па нашай краіне расказала БелТА каардынатар «Форуму добрасуседства» Эрыка Швянчэненэ. У цэлым у літоўскіх гасцей засталіся выключна станоўчыя ўражанні ад паездкі. «У вас людзі не сапсаваныя капіталізмам. Яны шчыра прымаюць гасцей. Калі мы былі на БелАЭС, то адзначылі, што ў яе кіраўнікоў столькі шчырасці, столькі праўды. Я думаю, пакуль пры ўладзе ў Беларусі такія людзі, яна будзе моцнай. Адказнасць у іх на самым высокім узроўні», — лічыць Эрыка Швянчэненэ.

На яе думку, гэта вельмі моцна адрознівае беларускіх палітыкаў ад літоўскіх. «Нашы ўлады думаюць толькі пра ўласнае дабро, пра тое, як бы больш зарабіць. Чалавек як каштоўнасць у нас не ўспрымаецца. Галоўнае — гэта грошы», — расказала літоўскі народны дыпламат. Яна падзялілася планамі на найбліжэйшую будучыню. «Мы арганізоўваем шмат сустрэч з суайчыннікамі. Ім вельмі цікава, як жывуць людзі ў Беларусі. А расказваць мы можам вельмі шмат. І весткі гэтыя добрыя, як ад добрага суседа», — заўважыла Эрыка Швянчэненэ.

Літоўцам варта расказваць, як у Беларусі ідуць справы насамрэч. Аб гэтым заявіў літоўскі эксперт, намеснік кіраўніка грамадскага аб'яднання «Форум добрасуседства» Эдыкас Ягелавічус. Ён раскрытыкаваў літоўскія СМІ за стварэнне неаб'ектыўнага ўяўлення аб Беларусі. «Распавядаюць, што ў вас усё дрэнна, ледзь не мядзведзі па вуліцах ходзяць. А мы, тыя, хто прыехаў у Беларусь, імкнёмся распавесці пра тое, як тут ідуць справы насамрэч. Лічым, што трэба сябраваць з суседзямі, за гэтую пазіцыю мы падвяргаемся нападкам. А яшчэ кажуць, быццам у Літве дэмакратыя», — абурыўся літоўскі эксперт.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.