Вы тут

У адзінстве прыгажосць і сіла


З розных месцаў прыйшлі ў рэдакцыю паведамленні пра тое, як адзначаўся Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі

Добра вядомы слоган пра тое, што ў адзінстве наша сіла, хочацца “прыўкрасіць” і слоўцам “прыгажосць”. Робім тое з улікам вестак і фотаздымкаў, якія прыйшлі ў рэдакцыю на пачатку красавіка. Бо, як вядома, любая сіла павінна быць згарманізаванаю. Адухоўленаю. Таму, дарэчы, на шматлікіх пляцоўках і праходзяць у гонар Свята яднання культурныя імпрэзы, а не спартыўныя ці ваенныя.


Дзень яднання ў Омску – гэта і дыялог пакаленняў

Пачнем з Сібіры, у якой жыве шмат нашых супляменнікаў. З Іркуцкай вобласці дайшлі весткі: у Куйтунскім раёне правялі ўжо Другі рэгіянальны фестываль “Наша сила в единстве” – у гонар Дня яднання. Галоўны “рухавік” у справе – мясцовая НКА беларусаў Куйтунскага раёна (суполкай кіруе Людміла Лаўшук) і мясцовы ДК. І яшчэ паўдзельнічалі ў свяце 7 дамоў культуры, іх творчых гуртоў. Яркая і разнастайная была праграма канцэрта. У ліку тых, хто віншаваў грамаду са святам, былі кіраўнік Андрушынскага муніцыпальнага ўтварэння Аляксандр Лаўшук ды вядомая ў Прыбайкаллі Алена Сіпакова – старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

І ў тыя ж дні быў наладжаны тэлемост паміж Маларыцкім раёнам Брэстчыны ды Іркуцкім раёнам Расіі. У адміністрацый раёнаў у планах – падпісанне пагаднення аб супрацы, пра тое і гаварылі. Чытаем на сайце ФНКА Беларусаў Расіі: “Тэлемост быў праведзены па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле НКА Беларусы Масквы і Беларусаў Забайкалля. У тэлемосце паўдзельнічалі кіраўнікі муніцыпалітэтаў і прадстаўнікі грамадскасці”. Пры тым вітальнае слова ад імя старшыні ФНКА Беларусаў Расіі зачытаў яго першы намеснік Аляксандр Даркавіч. У працы прынялі ўдзел кіраўнікі НКА Масквы, Іркуцкай і Смаленскай абласцей, Башкірыі, члены савета ФНКА.

Досвед працы маскоўскіх беларусаў па наладжванні супрацы з беларускімі рэгіёнамі ўжо апрабаваны. І калі 31 сакавіка праходзіў тэлемост між горадам Давыд-Гарадком Брэсцкай вобласці і паселішчам Марушкінскае горада Масквы, то згадвалі: пагадненне аб партнёрстве ў іх падпісана 6 гадоў таму – па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле НКА Беларусы Масквы. У тэлемосце паўдзельнічалі кіраўнікі муніцыпалітэтаў, прадстаўнікі грамадскасці. Герой Расіі Аляксандр Дарковіч, ураджэнец Давыд-Гарадка, найбольш спрыяе такому партнёрству.

У Новасібірскай вобласці зладзілі абласное свята, яго прымаў Кочанеўскі раён і Цэнтр культуры і адпачынку “Гармония”. Прычым і там нашы супляменнікі (з Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, Новасібірскай рэгіянальнай НКА беларусаў) працавалі з мясцовымі ўладамі, культурнымі арганізацыямі. Ставілася мэта: умацаванне расійска-беларускай дружбы, зберажэнне беларускай і рускай культур. І больш за 150 чалавек з 7 раёнаў вобласці паўдзельнічалі ў свяце. Ладзілася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прайшла цікавая канцэртная праграма. У ліку іншых вітала ўдзельнікаў імпрэзы Надзея Санцэвіч – старшыня Асацыяцыі нацыянальна-культурных аўтаномій і нацыянальных арганізацый “Содружество” Новасібірска і вобласці, яна ж і старшыня Новасібірскай рэгіянальнай НКА беларусаў.

З з горада Кургана вестка: Дзень яднання там адзначалі ў горадзе Шадрынску. “Зладзілі свята ў Цэнтры рускай культуры “Лад”, – напісала кіраўніца беларускай суполкі “Батькавщина” Людміла Урванцава. – Была ў нас і цікавая размова за круглым сталом, скіраваная на далейшую супрацу, і канцэрт мастацкіх калектываў”.

Людміла Урванцава – кіраўніца суполкі “Батькавщина” з Кургана. Кадр з відэасюжэта

На сайце ФНКА Беларусаў Расіі ёсць інфармацыя пра свята ў Омскай вобласці з нагоды Дня яднання. Урачыстасць і канцэрт праводзілі рэгіянальная НКА беларусаў Омскай вобласці “Буслы” (“Аисты”) сумесна з Домам кіно. Прыйшлі ветэраны, дзеці вайны, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, працаўнікі тыла… Прыехалі з горада Тары – “Тарскія беларусы”, з Іванаўскага сельскага пасялення (Калачынскі раён) – “Іванаўскія беларусы”. Омскія курсанты, юнармейцы былі на свяце. Некалькі мастацкіх гуртоў, салістаў абласнога цэнтра ў канцэрце паўдзельнічалі.

І беларусы Томскай вобласці зладзілі 1 красавіка ў Доме дружбы канцэртна-інфармацыйную імпрэзу ў гонар Дня яднання. Актывісты НКА беларусаў у Томскай вобласці запрасілі сяброў з усіх нацыянальна-культурных аўтаномій, дыяспар вобласці. На свяце згадваліся этапы на шляху стварэння і ўмацавання Саюзнай дзяржавы, гаварылі пра напрамкі супрацы між Томскай вобласцю і Беларуссю. Выступалі вакальныя і харэаграфічныя гурты, салісты беларускай дыяспары, а потым накрылі святочны стол – з дэгустацыяй традыцыйных беларускіх страў.

Пра ўрачыстасць у Тальяці, у Культурным цэнтры “Автоград” паведаміла кіраўніца суполкі “Нёман” Людміла Дзёміна – яна ж і вітала ўдзельнікаў свята. У зале быў аншлаг: шмат ганаровых гасцей і звыш 800 гледачоў. Працавала выстава з бібліятэкі “Истоки”.У канцэртнай праграме “У гасцях у «Купалiнкi»” гучалі новыя песні беларускіх аўтараў, выступалі творчыя партнёры беларускай суполкі.

Сёлета актывізаваліся кантакты паміж Беларуссю і Рэспублікай Крым. А 1 красавіка на базе міжнароднага інфармагенцтва “Россия сегодня” прайшоў тэлемост “Мінск – Рэспубліка Крым” – па ініцыятыве РНКА “Беларусы Крыма”. Прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі грамадскіх суполак абмяняліся думкамі на тэму “Эканамічны патэнцыял развіцця Крыма і Беларусі”. Гаварылі й пра турыстычны патэнцыял рэгіёнаў, развіццё культурных і гуманітарных сувязяў. Абмеркавалі новы этап інтэграцыі краін: бо прынята рашэнне ўрадаў аб пераходзе ва ўзаемаразліках у нацыянальных валютах. Адзначалася:  на фоне санкцыйнага ціску ЗША і калектыўнага Захаду ў дачыненні да Расіі і Беларусі значна актывізаваліся інтэграцыйныя працэсы на прасторы Саюзнай дзяржавы.

У рэдакцыі аднавіліся кантакты з Севастопальскім нацыянальна-культурным таварыствам “Беларусь”, і яго старшыня Валерый Казьянін паведаміў: у слаўным горадзе рускіх маракоў прайшла святочная вечарына “Дзве сястры – Беларусь і Расія”, прысвечаная Дню яднання. Месцам сустрэчы стаў рэтра-кінатэатр “Украіна”. Паўдзельнічалі ў свяце прадстаўнікі Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Севастопаля на чале са старшынёй Яўгенам Баккалам: гагаузы, марыйцы, мардва, чувашы й прадстаўнікі іншых народаў віншавалі сяброў па АНКОС з агульным святам. Вядучыя імпрэзы (беларус Валерый Казьянін і сябар Таварыства рускай культуры Вольга Карманава) нагадалі, што першы помнік Севастопаля усталяваны ў славу ўраджэнца Беларусі Аляксандра Казарскага, і некалькі вуліц горада названыя ў гонар беларускіх герояў. Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. Гучалі са сцэны вершы, песні на беларускай і рускай мовах, выступалі беларускія творчыя гурты “Натхненне” і “Белая Русь”, салісты і калектывы сяброў. А напрыканцы канцэрта ўсе яго ўдзельнікі разам спявалі песню “Беларусь – Расія”.

Пра святочную імпрэзу ў крымскай Еўпаторыі ў рэдакцыю паведаміла Дзіна Шаўчэнка – кіраўніца суполак “Крым – Беларусь” і “Беларускі Крыма” імя Еўфрасінні Полацкай. Дарэчы, адначасова на свяце адзначалася і 25-годдзе Мясцовай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Крым – Беларусь”. Імпрэза праходзіла ў Еўпатарыйскай дзіцячай школе мастацтваў.

І ў тыя ж дні ў Растоўскай вобласці адзначылі Дзень яднання: у Зернеградскім раённым Доме культуры. Дарэчы, якраз у тым рэгіёне жыве найбольш беларусаў на Доне, і таму Зернеград у дзясяты ўжо раз стаў цэнтрам свята. У ліку ганаровых гасцей – кіраўнік аддзялення ў Растове-на-Доне Пасольства Беларусі ў Расіі Дзяніс Цімохін і старшыня савета РНКА “Беларусы Растоўскай вобласці” Уладзімір Жываткевіч. Свята было шматнацыянальнае, з удзелам прадстаўнікоў шматлікіх дыяспар, кіраўнікоў паселішчаў, суседніх раёнаў і грамадскіх арганізацый. Каларытныя выступленні нацыянальных калектываў чаргаваліся з уручэннем падзячных лістоў ад арганізатараў удзельнікам урачыстасці.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.