Вы тут

Уімблданскі турнір пазбавілі рэйтынгавых балаў з-за адхілення беларускіх і расійскіх тэнісістаў


Беларускія тэнісісты пачалі сваё выступленне на адным з турніраў серыі «Вялікага шлема» — адкрытым чэмпіянаце Францыі. Першая ракетка Беларусі і сёмы нумар сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка ўвайшла ў чацвёрку галоўных фаварытаў «Ралан Гарос — 2022», паведамілі ў прэс-службе турніру.


Фота pixabay.com

Кампанію ёй склалі першая ракетка свету, палячка Іга Швёнтак, шостая ракетка Онс Жабер з Туніса і партнёрша Арыны Сабаленкі па парным разрадзе, іспанка Паўла Бадоса, якая займае трэці радок у сусветным рэйтынгу. Акрамя Арыны Сабаленкі, на французскіх кортах выступаюць Аляксандра Сасновіч, Вікторыя Азаранка і Ілья Івашка. Праўда, выступяць беларускія тэнісісты ў нейтральным статусе. Адкрыты чэмпіянат Францыі пройдзе з 22 мая да 5 чэрвеня. 

Аднак сапраўдныя і, на жаль, неспартыўныя жарсці разгортваюцца вакол наступнага турніру «Вялікага шлема» — Уімблдана, які пачнецца ў чэрвені. У красавіку арганізатары турніру забаранілі беларускім і расійскім тэнісістам выступаць на сваіх кортах. Такое рашэнне выклікала вялікае абурэнне як у тэнісных зорак, так і ў галоўных тэнісных арганізацый — Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) і Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Яшчэ ў пачатку сакавіка сем вядучых тэнісных арганізацый — ATP, WTA, ITF і чатыры турніры «Вялікага шлема» — сумесна вырашылі дазволіць беларускім і расійскім гульцам удзельнічаць ва ўсіх індывідуальных турнірах, але без сцяга, гімна і ўказання назвы краіны. Такі кампраміс задавальняў усіх, але арганізатары Уімблдана вырашылі яго парушыць. Адказ не прымусіў сябе чакаць. 

Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) і Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) пазбавілі Уімблдан рэйтынгавых балаў з-за адмовы дапусціць да турніру расійскіх і беларускіх тэнісістаў. «Магчымасць для гульцоў любой нацыянальнасці ўдзельнічаць у турнірах на аснове заслуг і без дыскрымінацыі мае асноўнае значэнне для нашага тура. Рашэнне Уімблдана забараніць расійскім і беларускім гульцам спаборнічаць у Вялікабрытаніі гэтым летам падрывае гэты прынцып і цэласнасць рэйтынгавай сістэмы ATP. Гэта таксама супярэчыць нашаму пагадненню аб рэйтынгах. У бягучых умовах мы з вялікім шкадаваннем не бачым іншага выйсця, акрамя як прыбраць рэйтынгавыя балы ATP з Уімблдана на 2022 год», — сказана ў афіцыйнай заяве АТР. 

Стаць чэмпіёнам Уімблдана, як і любога «Вялікага шлема», заўсёды была ганарова. Калі з’явіліся прафесіянальныя тэнісныя туры — мужчынскі АТР і жаночы WTA — якія вядуць сваю рэйтынгавую сістэму, найбольшая колькасць балаў у індывідуальны залік налічвалася менавіта за турніры «Вялікага шлема». Так, чэмпіён, акрамя тытула, трафея і салідных прызавых, атрымлівае па 2000 рэйтынгавых балаў. Распараджаюцца гэтымі баламі выключна ATP і WTA. Такім чынам, чэмпіён Уімблдана сярод мужчын гэтага года сваіх рэйтынгавых балаў не атрымае. 

Рашэнне АТР пракаментаваў старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Рутэнка. Па яго словах, гэта можна назваць добрай навіной. Але з іншага боку, у дадзенай сітуацыі цяжка казаць пра нейкі пазітыў. «Добрая навіна была б, калі б нашых спартсменаў аднавілі ў правах і дазволілі ім гуляць. Шмат людзей мне патэлефанавала і сказала, што ёсць справядлівасць. Я б моцна не спакушаўся. Але на мой погляд, гэта маё суб’ектыўнае меркаванне, прысутнічаюць нейкія асабістыя інтарэсы. Бо ёсць і спонсарскія кантракты, якія падобныя неадназначныя сітуацыі разглядаюць менавіта ў бок штрафных санкцый. Там варочаюцца вельмі вялікія грошы і адназначнага адказу быць не можа. Але ў дадзенай сітуацыі, калі ўсё ідзе не па выразным плане „дэмакратычных сіл“, гэта не можа не радаваць», — сказаў Сяргей Рутэнка. 

Кіраўнік БТФ падкрэсліў, што ў сітуацыі, калі арганізацыя дзейнічае па ўсіх законах, а яе адхіляюць, даваць нейкія прагнозы вельмі цяжка. Ён выказаў спадзяванне, што ўсе дзеянні міжнародных арганізацый будуць накіраваны на развіццё спорту, а не на падзел спартсменаў: «На наступным тыдні будзе пасяджэнне Міжнароднага Алімпійскага камітэта. Томас Бах сам пацярпеў як спартсмен. Па яго ініцыятыве быў зменены дэвіз алімпійскага руху. Да „Хутчэй! Вышэй! Мацней“ дадалі „разам“. Як выглядае, у дадзенай сітуацыі гэтае „разам“ не працуе. Але я спадзяюся, што хутка ўсё павернецца ў бок да „разам“. Спорт, на мой погляд, павінен быць аб’яднальнай сілай і прыкладам для астатніх, як можна дамаўляцца і як працаваць разам, нягледзячы на ўсё, што адбываецца ў свеце».

Сяргей Рутэнка дадаў, што, на жаль, у свеце пастаянна адбываюцца канфлікты. І дадзены прэцэдэнт адчыняе скрыню Пандоры, калі кожную краіну можна будзе караць за нейкія дзеянні менавіта ў спартыўным плане, што непрымальна. Па яго словах, дзяліць спартсменаў па нацыянальнасці, расе і іншых крытэрыях — гэта зусім не пра спорт. 

А пакуль міжнародныя арганізацыі ўдзельнічаюць у падобных зусім не спартыўных мерапрыемствах, беларускія трэнеры актыўна працуюць у канструктыўным рэчышчы. Днямі ў Мінску прайшоў семінар для трэнераў па тэнісе ў рамках нацыянальнай праграмы. Мерапрыемства сабрала каля 60 чалавек з усёй краіны. Хэдлайнерам семінара стала знакаміты трэнер Ірына Чычмарова. Спецыялісты абмяняліся вопытам, папоўнілі запас ведаў. Плануецца, што такія мерапрыемствы будуць праходзіць рэгулярна. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.