Вы тут

Вяскоўцы чакаюць калодзеж


Вось ужо амаль год жыхары вёскі Коматава Гродзенскага раёна звяртаюцца ў мясцовы сельвыканкам з просьбай адрамантаваць калодзеж. На першы погляд, сітуацыя не такая праблемная, бо аб'ект невялікі — усяго толькі зрабіць навес. А між тым для вяскоўцаў ён важны, бо многія карыстаюцца менавіта гэтай вадой.


Сапраўды, калодзеж патрабуе рамонту. Асабліва — навес, праз які відаць неба. Па словах старасты Тамары Кузьміцкай, калодзежы ў вёсцы яшчэ даваенныя. На некаторых падворках ёсць свае, уласныя, але не ва ўсіх. Таму частка вяскоўцаў карыстаецца агульным. Магчыма, ён абнаўляўся, бо аснова яшчэ моцная — і драўляная абшыўка, і слупы, і калаўрот. А вось накрыўка і навес знасіліся. Накрыўку вяскоўцы адрамантавалі самі — збілі некалькі дошак, выраўнавалі і паклалі на калодзеж замест старой, каб у ваду не трапляла лісце і ападкі. А вось навес без спецыяльнай падрыхтоўкі і будаўнічых матэрыялаў не асіліць.

— Ва ўсіх вёсках такія калодзежы за кім-небудзь замацаваны, а ў нас даваенныя, яны ні на чыім балансе не лічацца, таму і адрамантаваць іх складана, — адзначыла стараста.

Наступны адказ жанчына атрымала ў мясцовым сельсавеце. Маўляў, гэта адкрытая крыніца для карыстання, хто-небудзь ваду забрудзіць, а адказваць прыйдзецца сельвыканкаму. Агучваўся і такі варыянт — засыпаць калодзеж, каб закрыць пытанне.

Аргументы слушныя, але і людзей можна зразумець. Калодзеж для некаторых вяскоўцаў — адзіная водная крыніца, іншай у іх няма. Таму на крайні варыянт людзі не пагадзіліся.

Дапамогу ў мясцовай гаспадаркі жыхары пакуль не прасілі. Ды і ў сельвыканкаме не сталі падключаць СВК — і без таго часта звяртаюцца да кіраўніцтва па дапамогу. Такім чынам, «калодзежнае» пытанне пачало прабуксоўваць, у асноўным — з-за адсутнасці аб'екта на чыім-небудзь балансе.

Але месцічы не супакоіліся. Знайшлі на калодзежы інвентарны нумар. Аказалася, што аб'ект усё ж такі лічыцца на балансе сельскага Савета, праўда, як дэкаратыўны. Прасцей кажучы, гэта малая архітэктурная форма, рамантаваць якую за бюджэтныя сродкі не забаронена.

— У сельсавеце мне сказалі, што ёсць і спонсар для такой мэты, — паведаміла Тамара Кузьміцкая. — Але калі ён распачне работу, невядома. Нібыта гэта дорага, бо аб'ект няпросты. Але ж калі паабяцалі, значыць, зробяць. Вось мы і чакаем.

А што з якасцю вады? Ці правяраюць калодзеж санітарныя службы? Стараста адказала, што вельмі рэдка, хацелася б, часцей.

Сапраўды, як ажыццяўляецца праверка вады ў грамадскіх калодзежах?

У аддзеле камунальнай гігіены Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі маё пытанне выслухалі і параілі адправіць пісьмовы запыт кіраўніцтву цэнтра. Магчыма, яго разгледзяць і дадуць пісьмовы адказ. Але гэта ўжо будзе іншая тэма — пра якасць пітной вады.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.