Вы тут

Як рабіць дзяўчыне прапанову выйсці замуж, каб яна не адмовіла?


У Магілёве падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу маладых сямей «Шчаслівыя разам». Па традыцыі яго арганізатарам і ідэйным натхняльнікам з’яўляецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій з Магілёва.


Сёлета конкурс праводзіўся ў чацвёрты раз, яго ўдзельнікамі сталі восем студэнцкіх сямей практычна з кожнага рэгіёна Беларусі. Для перамогі ім трэба было прадэманстраваць уменне весці агульную гаспадарку, гатаваць, годна выходзіць са складаных сітуацый. У нялёгкай барацьбе перамаглі сужэнцы з Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы Дзмітрый і Кацярына Валчкі. Прадстаўнікі гэтай ВНУ бяруць удзел у конкурсе з моманту яго заснавання, але пераможцамі сталі ўпершыню. 

— Пара вельмі цікавая і прыгожая, бачна як яны кахаюць адзін аднаго, — адзначае прарэктар па выхаваўчай рабоце Магілёўскага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Вольга Мацыкава. — У іх была незвычайная канцэпцыя сервіроўкі, арыгінальныя стравы, кранальны творчы нумар. Пара выключная. Мне таксама спадабалася пара з Гродзенскага медуніверсітэту, яны былі самыя юныя ўдзельнікі і вельмі ўлюблёныя. Калі глядзіш на такія сем’і, сэрца радуецца.

Разыначкай конкурсу стала сапраўднае студэнцкае вяселле. Студэнты ўніверсітэта — арганізатара конкурсу зарэгістравалі шлюб. Яна — з Віцебска, ён — са Жлобіна, пазнаёміліся ў сценах магілёўскай ВНУ. Пралогам конкурсу стаў іх сямейны танец, маладых павіншавалі залатыя юбіляры сямейнага жыцця — Уладзімір Львовіч і Вольга Дзмітрыеўна Малышавы, выкладчыкі ўніверсітэта. Яны, дарэчы, узнагароджаны расійскім ордэнам Святых набожных князёў Пятра і Фяўронні і ўяўляюць сабой прыклад сапраўднай, моцнай сям’і. Абодва доўгі час працавалі ва ўніверсітэце. Зараз Вольга Дзмітрыеўна на пенсіі, але актыўны член магілёўскай гарадской ветэранскай арганізацыі.

— Для нашых маладажонаў Уладзімір і Вольга Малышавы сапраўдны прыклад для пераймання, — кажа Вольга Мацыкава. — І парады такой вопытнай сямейнай пары для пачынаючай — вялікая справа. Не выключна, што Лера і Данііл, якія распісаліся падчас правядзення нашага конкурсу, налета стануць яго ўдзельнікамі.

Цікавасць да конкурсу наогул расце. Пастаянныя яго ўдзельнікі — Гродзенскі ўніверсітэт імя Я.Купалы, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія з Горак, не першы раз прымаюць удзел курсанты інстытута пагранічнай службы з Мінска і гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Упершыню ўдзельнічаў Беларускі ўніверсітэт транспарту (іх студэнцкая сям’я заняла трэцяе месца), Віцебскі ўніверсітэт імя П. Машэрава, Беларускі тэхнічны ўніверсітэт, Беларуская акадэмія мастацтваў.

— Штогод геаграфія ВНУ пашыраецца, — адзначае Вольга Мацыкава. — І сем’і — цудоўныя! Толькі дзеля таго, каб пазнаёміцца з імі, трэба арганізоўваць гэты конкурс. Кожны раз, калі бачыш гэтыя шчаслівыя твары і чуеш словы ўдзячнасці, адчуваеш задавальненне. З моманту правядзення конкурсу ў нашым універсітэце рабяты сталі смялей уступаць у шлюб. Адзін наш студэнт прызнаўся, што цяпер ведае, як рабіць дзяўчыне прапанову выйсці замуж, каб яна не адмовіла. Ён даведаўся пра гэта на нашым вечары знаёмстваў, які прайшоў у рамках конкурсу.

Яшчэ адна фішка сёлетняга конкурсу — удзел студэнцкіх сямей у журы. У якасці суддзяў выступілі некалькі пар магілёўскага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. Адна пара ацэньвала кулінарны конкурс і конкурс сервіроўкі, другая — вынікі квэста. Справіліся на выдатна, галоўнае — атрымалі вопыт.

На мерапрыемстве таксама прысутнічаў прарэктар Беларускага тэхнічнага ўніверсітэта, які прызнаўся, што прыехаў пераймаць вопыт, бо рэзананс пра конкурс вялікі. Маўляў, такія добрыя практыкі трэба вывучаць і браць на ўзбраенне. Чаму б і не? Вопыт паказвае, што сем’і, якія ўзніклі падчас студэнцкага перыяду жыцця, самыя моцныя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Таццяны ПАДЛІПСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усвядомлены выбар. Ці модна сёння «купляць беларускае»?

Усвядомлены выбар. Ці модна сёння «купляць беларускае»?

Гутарым з намеснікам старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталляй Мурашка.