Вы тут

Што зменіцца ў Крымінальным кодэксе і як гэта паўплывае на правапарушальнікаў, што збеглі за мяжу


Адзін з іх — «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (па пытаннях апеляцыйнай і нагляднай вытворчасці) — датычыцца ўдасканалення судовай сістэмы. Палажэнні праекта адпавядаюць прынцыпам законнасці, абгрунтаванасці і справядлівасці судовых пастанаўленняў па крымінальных справах, накіраваны на забеспячэнне празрыстасці судовых працэдур, фарміраванне аднастайнай судовай практыкі, павышэнне аператыўнасці і эканамічнасці судовай дзейнасці.


Як расказаў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, які прадстаўляў законапраект, дакумент падрыхтаваны Вярхоўным судом сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі па даручэнні кіраўніка дзяржавы і накіраваны на павышэнне якасці крымінальнага правасуддзя на ўсіх яго стадыях. Па яго словах, дагэтуль якасці крымінальнага правасуддзя на заключных стадыях крымінальнай судавытворчасці не ўдзялялася дастатковай увагі.    

У першым чытанні быў разгледжаны праект Закона «Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (па пытаннях спецыяльнай вытворчасці). Як адзначыў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара, дакумент дазволіць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асоб, якія хаваюцца за межамі Рэспублікі Беларусь і здзейснілі злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенныя злачынствы, іншыя цяжкія злачынствы тэрарыстычнай і экстрэмісцкай накіраванасці.

«Акрамя таго, прыняцце гэтага закона дазволіць нам прадпрыняць канкрэтныя рашэнні ў дачыненні да абвінавачаных асоб аб канфіскацыі іх маёмасці, абмежаванні правоў, — заўважыў старшыня Следчага камітэта. — Мы зможам больш эфектыўна аднаўляць парушаныя правы грамадзян, адстойваць інтарэсы дзяржавы».

Дзмітрый Гара заўважыў, што спецыяльная вытворчасць не будзе мець масавага характару, і расказаў, што Польшча адмовіла Беларусі ў выдачы Сцяпана Пуцілы, а Літва — Святланы Ціханоўскай. «Яшчэ ў лістападзе 2020 года ў Рэспубліку Польшча быў накіраваны запыт аб выдачы Пуцілы для ажыццяўлення крымінальнага пераследу за распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і розні, арганізацыю масавых беспарадкаў і іншыя злачынствы, — удакладніў ён. — Афіцыйная адмова на нашу просьбу прыйшла толькі ў лютым 2022 года. З фармулёўкай — „аказанне прававой дапамогі можа нанесці шкоду суверэнітэту і бяспецы, правам і законным інтарэсам грамадзян або супярэчыць асноўным прынцыпам дзеючага заканадаўства“. Літоўскай Рэспублікай адмоўлена ў выдачы Ціханоўскай, якая таксама абвінавачваецца ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

— Сёння вельмі важна адаптаваць заканадаўства ў сувязі з новымі выклікамі і пагрозамі для нашай нацыянальнай бяспекі, — акцэнтавала ўвагу член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Марына Лянчэўская. — І мы павінны дзейнічаць вельмі дакладна, канкрэтна і адэкватна абставінам, якія складваюцца. Сёння ёсць абвінавачаныя ў злачынствах супраць нацыянальнай бяспекі, супраць міру, бяспекі чалавецтва, ваенных злачынствах. Гэтыя злачынцы хаваюцца ў замежных дзяржавах, якія ў парушэнне ўсялякіх міжнародных норм або адмаўляюць у экстрадыцыі абвінавачаных у Рэспубліку Беларусь, або ў прынцыпе ігнаруюць нашы запыты. Таму і прапаноўваецца ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс увесці так званую спецыяльную вытворчасць: гэта па сутнасці правядзенне ўсіх працэсуальных дзеянняў у адсутнасць абвінавачанага.

Пры гэтым, заўважыла дэпутат, інфармацыя аб тым, што спецыяльная вытворчасць вядзецца ў адносінах таго ці іншага абвінавачанага ў спецыяльным парадку будзе размяшчацца на інтэрнэт-парталах адпаведнага органа крымінальнага пераследу, абвінавачанаму будзе прадастаўляецца абаронца. Калі асоба, абвінавачаная ў злачынстве супраць нацыянальнай бяспекі, вернецца на тэрыторыю Беларусі, то такая крымінальная справа нават са стадыі судовага следства можа быць накіравана ў орган папярэдняга расследавання.   


У першым чытанні дэпутаты адобрылі законапраект «Аб урэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі». Як паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, з уводам у эксплуатацыю першага энергаблоку БелАЭС Беларусь стала краінай, якая эксплуатуе атамную станцыю. «З улікам правапрымяняльнай практыкі, новых міжнародных патрабаванняў, узнікла неабходнасць удасканальваць нацыянальнае заканадаўства ў сферы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі», — заўважыў ён.

Дакумент накіраваны на ўмацаванне і падтрыманне належнага ўзроўню ядзернай і радыяцыйнай бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі. Прыярытэт бяспекі пры выкарыстанні ядзернай энергіі, замацаваны на заканадаўчым узроўні, будзе садзейнічаць забеспячэнню абароны жыцця, здароўя, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама ахове навакольнага асяроддзя, умацаванню іміджа Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне як краіны, якая раздзяляе сучасныя міжнародныя патрабаванні да бяспекі.

Акрамя таго, у першым чытанні прынялі праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве». Па меркаванні члена Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Анатоля Насені, законапраект мае вялікае значэнне менавіта  для перспектывы адносін дзяржавы і бізнесу ў галіне рэалізацыі грамадска-значымых праектаў і ў цэлым для рашэння сацыяльна-эканамічных задач. Па яго словах, прыняцце дадзенага законапраекта знойдзе пазітыўныя водгукі ў бізнес-асяроддзі і дазволіць дадаткова прыцягнуць інвестыцыі ў эканоміку нашай краіны.

— Адным з новаўвядзенняў законапраекта з’яўляецца тое, што прадугледжаны прамыя перамовы па праектах, якія не прадугледжваюць бюджэтнага фінансавання, — расказаў парламентарый. — Другі важны момант — аптымізацыя функцый і паўнамоцтваў дзяржаўных органаў. У цэлым, дакумент накіраваны на спрашчэнне працэдуры і тэрмінаў пагаднення ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве.

Абсалютнай большасцю парламентарыі прагаласавалі за праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, разгледжаны ў першым чытанні. Дакумент накіраваны на абагульненне і актуалізацыю нарматыўных прававых актаў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці і забеспячэнне больш эфектыўнага прававога рэгулявання адносін у гэтай сферы.

Як заўважыў старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Віктар Нікалайкін, дакумент стане настольнай кнігай, дарожнай картай для будаўнікоў. «Шэраг артыкулаў Кодэкса прысвечаны спрашчэнню працэсу будаўніцтва: будаўнікі павінны будаваць, а не бегаць па кабінетах чыноўнікаў, — падкрэсліў дэпутат. — У прыватнасці, мы прапаноўваем пералік аб’ектаў, пры будаўніцтве якіх не будзе патрабавацца афармленне дазвольнай дакументацыі. У асноўным, гэта датычыцца індывідуальных жылых дамоў, дачных і садовых домікаў, гаражоў. Акрамя таго, вызначаецца шэраг будаўнічых аб’ектаў, у дачыненні да якіх будзе неабавязковае правядзенне дзяржаўнага будаўнічага нагляду. Таксама прадугледжваецца пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў улады: пачынаючы ад пытанняў будаўніцтва, заканчваючы зацвярджэннем генеральных планаў гарадоў раённага падначалення». 

У першым чытанні быў адобраны і законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання», у другім — праект Закона «Аб дзяржаўнай службе». Таксама дэпутаты ратыфікавалі Пратакол аб унясенні дапаўнення ў Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Арменіі аб узаемных бязвізавых паездках грамадзян дзвюх краін, а таксама Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Арменіі аб рэадмісіі.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.