Вы тут

Лукашэнка: «У вас можна жыць і працаваць. Мы будзем рабіць усё, каб вам у гэтым дапамагчы»


Прэзідэнт пабываў у пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС Чачэрску і паабяцаў працягваць дзяржаўную падтрымку чарнобыльскіх раёнаў.


Рэгіёны Беларусі, які былі забруджаны пасля выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, Аляксандр Лукашэнка наведвае штогод у дзень аварыі 26 красавіка. Гэтым разам свой візіт ён адклаў на некалькі дзён з-за ўмоў надвор’я, бо планаваў не толькі сустрэцца з жыхарамі, але і на ўласныя вочы ўбачыць, як вяртаецца да жыцця сельская гаспадарка раёна. Для камандзіроўкі Прэзідэнт абраў невялікі горад Чачэрск, што за гадзіну язды на поўнач ад Гомеля. Тут ён наведаў кукурузнае поле і малочна-таварную ферму ААТ «Отар», бальніцу, сустрэўся з мясцовымі жыхарамі. Чаму Прэзідэнт адмовіўся называць іх чарнобыльцамі і як мясцовым жыхарам удалося «надаваць па мардасах Чарнобылю» у рэпартажы з Чачэрска карэспандэнта «Звязды». 

Пра здароўе і ўраджай

Першае пытанне Прэзідэнта па прыбыцці на поле адрасавана аграрыям: што з пасяўной? Трымаў справаздачу міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло. Яравая сяўба па краіне выканана на 40 працэнтаў, раннія яравыя пасеяны на 88 працэнтаў. Чатыры вобласці скончылі сяўбу, сярод адстаючых Віцебшчына і Магілёўшчына. Уся краіна перайшла да сяўбы кукурузы. Яе за 17-22 дні плануецца высеяць поўнасцю. Прэзідэнт папрасіў паспяшацца і паспець да 20 мая.

Праблемы ёсць з грэчкай — недахоп насення ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Яго плануюць закупіць у Расіі, сваіх запасаў для пасеву не хапае. «Нам трэба глядзець тут таксама на імпартазамяшчэнне. Спрабаваць насенне ствараць самім», — заўважыў Прэзідэнт.

Палівам аграрыі забяспечаны. З-за лішку яго ў Расіі, яно будзе даступны і для беларускіх вытворцаў.

Наступнае пытанне — рамонт энерганасычаных трактароў. Па словах міністра, тэхнічная забяспечанасць па розных рэгіёнах ад 93-97 працэнтаў. Але разам з усімі недахопамі, ён сцвярджаў: краіна гатова ў аптымальныя тэрміны правесці ўсю пасяўную кампанію. «Мы зараз глядзім трактары, якія ішлі па старым лізінгу. Думаю, з усім шлейфам незапатрабаванай тэхнікі трэба развітвацца і актуалізаваць працу на той тэхніцы, якую можна падрамантаваць», — сказаў Ігар Брыло. У краіне ўжо створаны 65 цэнтраў па рамонце сельгастэхнікі. Іх Прэзідэнт даручыў захаваць назаўжды як добрую практыку і падтрымку сялянам.

Запытаў Прэзідэнт, як справы ў Віцебскай вобласці: «Яны варушыцца пачынаюць там? Разумеюць, што гэты год вырашальны для іх?»

Асобнае даручэнне Прэзідэнта Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцям — забяспечыць кармамі жывёлу. «Кармы і яшчэ раз кармы. Вяртаемся да практыкі, калі ўводзілі намеснікаў дырэктараў па кормавытворчасці. Праблема была і нікуды не знікла. Трэба кіраўнікам займацца кармамі», — заўважыў Прэзідэнт.

Ігар Брыло далажыў і пра экспарт харчавання. Па выніках трох месяцаў, прадалі на 1,8 мільярда, што ўжо рост больш чым на 20 працэнтаў. Дадалі ў продажы мяса (на 8,9 тысяч тон) і малочных прадуктаў (на 30 тысяч тон). Ды і цэны на сусветным рынку падраслі.

Адно з самых важных пытанняў — меліярацыя, вызваленне ад драўніна-хмызняковай расліннасці земляў. Тут даручэннеад кіраўніка краіны віцэ-прэм’еру Леаніду Зайцу: «Разбярыся, гэта дзяржаўнае пытанне. Мы тут продажы, харчаванне, трактары абмяркоўваем. Гэта не наша справа. Наша справа дзяржаўная: дарогі, меліярацыя, урадлівасць земляў. Гэта нашае пытанне. Мы на гэта павінны грошы накіроўваць перш за ўсё».

Прэзідэнт акцэнтаваў, што гэтыя землі неабходна выратаваць зараз — кожны год па 200 тысяч гектараў меліяраваць, адшукваючы на гэта сродкі з розных крыніц. «Гэта для мяне найважнейшае пытанне. Трэба прывесці ўжо краіну ў нармальны выгляд, каб поле было полем. За каналамі не глядзелі, меліярацыйныя сістэмы, дамбы, трубы, нават не абкошвалі каналы», — пералічыў праблемы Аляксандр Лукашэнка.

Малочна-таварная ферма «Отар», якую наведаў пасля поля Прэзідэнт, вырабляе малако гатунку «Экстра». Летась нарыхтавалі яго ў 8,5 тысячы тон, а ўдой на адну карову склаў 7745 кілаграм. Зараз на фермы трымаюць больш за 4400 кароў. Прэзідэнт цікавіўся забеспячэннем іх кармамі, рацыёнам жывёл і назваў такія комплексы аптымальным варыянтам будаўніцтва фермаў. 

«Калі ў цябе такі парадак кожны дзень — гэта добра», — сказаў кіраўнік краіны Таццяне Струк, дырэктару ААТ «Отар». Ён пацікавіўся заробкамі ў гаспадарцы. Як расказала дырэктар, сярэдні складае 1737 рублёў.

Наступны пункт маршруту Прэзідэнта — Чачэрская цэнтральная раённая бальніца. Укамплектаванасць медыцынскімі кадрамі там амаль 100%, ды і забеспячэнне сучасным абсталяваннем не падвяло. У студзені адкрыты кабінет камп’ютарнай тамаграфіі, працуе кабінет гемадыялізу. З красавіка запускаецца пілотны праект па скрынінгу раку лёгкіх з камп’ютарнай тамаграфіяй органаў грудной клеткі. Пра сітуацыю з аховай здароўя ў рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, расказаў профільны міністр Дзмітрый Піневіч. Па яго словах, стан здароўя насельніцтва чарнобыльскіх рэгіёнаў і ўвогуле Гомельскай вобласці не адрозніваецца ад агульнарэспубліканскіх паказчыкаў.

«Які вывад робім? Праграмы вырашаюць праблемы. Мы забяспечылі ахову насельніцтва ўсімі магчымымі сродкамі. Другі момант — медыцына ў пацярпелых рэгіёнах — гэта кадры, аснашчэнне, тэхналогіі, мабільная медыцына», — падкрэсліў міністр.

Прэзідэнт дадаў: «Зразумела, больш увагі надавалі. Прыярытэт. Тэхніка, ды і кадры. Зразумела, калі ўвагі больш — адпаведны стан здароўя людзей».

Пасля дакладу Аляксандр Лукашэнка наведаў кабінет правядзення рэнгендаследаванняў, міжраённы кабінет КТ, міжраённае аддзяленне гемадыялізу, аперацыйную малаінвазіўнай хірургіі, педыятрычнае аддзяленне.

Асаблівыя людзі Прэзідэнта

Традыцыйна паездкі Прэзідэнта ў пацярпелыя рэгіёны не абыходзяцца без сустрэчы з мясцовымі жыхарамі. Так было і гэтым разам. Але спачатку Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да помніка адселеным вёскам, усталяванага пры выездзе з горада. 

Кіраўнік краіны заўважыў, што пасля 36 гадоў з моманту трагедыі можна ўжо параўноўваць, чаго дасягнулі за гэты перыяд Чарнобыльскія рэгіёны. Асабліва парадаваўся, падзяліўся ён, пазітыўнай ацэнцы здароўя мясцовых жыхароў ад профільнага міністра.

«Мы ж пастаянна абследуем людзей больш у Чачэрску, Ветцы, Брагіне, Хойніках і Нароўлі, чым у іншых раёнах. Больш сочым у Гомельскай, Магілёўскіх абласцях за людзьмі. Праз шмат гадоў пачынаем паказчыкі параўноўваць: што было і што ёсць. У нас вельмі добрая дынаміка па змяншэнні захваральнасці людзей», — дадаў кіраўнік краіны.

Ён падзякаваў жыхарам забруджаных рэгіёнаў, што шмат гадоў таму яны не пакінулі гэтыя землі і рабілі усё, каб забяспечыць добрае жыццё.

«Мы стараліся пры нашай беднасці грашовай не забываць пра Чарнобыльскія раёны. Гасподзь дапамог і падарыў нам гэта шчасце, што людзі тут больш здаровыя, чым у іншых раёнах Беларусі. Будзем цяпер на вас раўняцца. Таму самы галоўны вывад: ніколі, нідзе не трэба здавацца. Неабходна змагацца да апошняга, і тады прыйдзе перамога. Гэта галоўны вывад які я раблю з вопыту, які атрымаў тут», — акцэнтаваў Прэзідэнт.

Ён падзяліўся, што калі пытаюцца аб найбольш значных дасягненнях яго і беларускага народа, адзначае будаўніцтва незалежнай дзяржавы і перамогу над Чарнобылем.

«Яе (незалежнасць — «Зв.») неабходна цаніць, берагчы. Чаго б ні каштавала, нельга ўляпацца ў нейкі бруд, нельга дапусціць вайны. Вы ж бачыце, як зусім побач бяда ў нашых расіян і ўкраінцаў. Другая рэч, якую я заўсёды падкрэсліваю: калі мы нават і не перамаглі Чарнобыль, дык па мардасах яму надавалі моцна»,— канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка краіны, людзі ў нас жывуць па-рознаму, але калі ўмеюць і жадаюць працаваць — добра.

«Я прыехаў з малочна-таварнага комплексу. Там я запытаў, які заробак у даяркі? Гэта адна з найлепшых гаспадарак у вас тут, і сярэдні па гаспадарцы заробак пад 1800 рублёў. 1700 рублёў зарабляюць даяркі. Значыць — можна зарабляць. І ў гэтым плане мы будзем Гомельшчыну падтрымліваць. Мы вам накіравалі сюды крайні прэзідэнцкі рэзерв — былога міністра сельскай гаспадаркі губернатарам»,— падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і жартам папрасіў мясцовых не крыўдзіць Івана Крупко, бо тады яму самому прыйдзецца ехаць губернатарам на Гомельшчыну. 

Кіраўнік краіны падзякаваў жыхарам Чачэрска за тое, што ў цяжкія часы яны засталіся на гэтай зямлі і рабілі шмат для аднаўлення рэгіёна.

«Я ўпэўнены, што амаль усе вы разумееце, што мы тады паступілі правільна. Каму вы былі патрэбны дзесьці там, нават у Беларусі?! Я сустракаўся з перасяленцамі, яны ўвесь час прасілі: «Вярніце назад». Многіх з іх, верагодна, ужо няма, бо ім тады было па 70-80 гадоў. Гэта была катастрофа з перасяленнем. Тады я ўпэўніўся, што мы тут павінны ствараць нармальныя ўмовы. Мы іх патроху стварылі. Магчыма, самі не шыкоўна пажылі, але дзецям будзе нармальнае жыццё»,— дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што зараз у пацярпелых рэгіёнах можна жыць і працаваць. «У вас можна жыць і працаваць. Мы будзем рабіць усё, каб вам у гэтым дапамагчы»,— заявіў ён.

Прэзідэнт падзяліўся з прысутнымі некаторымі аспектамі цяперашняй эканамічнай сітуацыі ў краіне з нагоды чутак ад магчымай адмене чарнобыльскіх ільгот. Санкцыі ён чарговы раз назваў магчымасцямі для беларускіх вытворцаў — айчынная прадукцыя будзе больш запатрабавана на рынках Расіі і Кітая.

«Палова Гомельскай вобласці— лясы. Дзесьці паўднёвей Украіны лес ёсць? Няма. А мэбля неабходна ўсім, дамы будаваць неабходна ўсім. Так давайце навучымся прадаваць наша багацце і больш перапрацоўваць, — мяркуе кіраўнік краіны. — Мы, магчыма, не паспяваем перапрацоўваць лес. Ён не павінен перастойваць. Яго неабходна перапрацаваць і пажадана ў мэблю. І мы зоймем сваіх людзей, яны будуць атрымліваць годныя заробкі».

Па словах Аляксандр Лукашэнкі, стаяць у чарзе за айчыннай сельскагаспадарчай тэхнікай расіяне. За яе гатовы атрымліваць плату ў рублях, але тады і расійскі газ, нафту будзем купляць за рублі, расказаў пра дамоўленасці Прэзідэнт.

«Не трэба плакацца: санкцыі! Так, санкцыі — неабходна дзесьці варушыцца. Дык нас 30 гадоў імі бамбяць. Нам што лягчэй было калісьці? Але мы знаходзілі шляхі. Нам закрывалі адну дарогу, мы ішлі па другой. Не будзе санкцый — будзе канкурэнцыя», — заявіў кіраўнік краіны.

Ён адзначыў, што паставіць на калені Беларусь і Расію не атрымаецца з-за ўзроўню інтэлекту, адукацыі, тэхналогій і вялікіх рэсурсаў. Прэзідэнт расказаў, што знайшлі ў санкцыйны час новыя шляхі і айчынныя калійныя ўгнаенні, і прадукты харчавання, і сельскагаспадарчая тэхніка, і нафтапрадукты.

«Мы аптымізуемся, глядзім, каб грошы трацілі, куды неабходна. Мы сёння з губернатарам гаварылі не аб скарачэнні фінансавання. Наадварот, пра дапамогу Гомельскай вобласці, каб тут развівалася вытворчасць»,— сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прапанаваў не «размазваць» чарнобыльскія грошы па 10 рублёў у год кожнаму жыхару, а сабраць іх, напрыклад, для будаўніцтва станцыі абезжалезвання пітной вады.

«Ніякіх ільгот мы скарачаць не збіраемся. Хаця я праціўнік усякіх ільгот і называння вас чарнобыльцамі. Пакуль я Прэзідэнт, памятаю, з якога бруду мы тут выкарабкаліся. Гэта не таму, што я такі герой гэта рабіў, а вы. Вы паслухаліся мяне»,— канстатаваў Прэзідэнт.

Ён расказаў, што адна з яго мар, каб чарнобыльцы жылі даўжэй, чым у сярэднім людзі па краіне. Гэта будзе пацвярджэннем, што беларусы перамаглі Чарнобыль.

«Справа не ў ільготах, а ў тым, каб вам было дзе працаваць і нармальна зарабляць. Ды і пенсіянераў неабходна падтрымаць, як бы цяжка не было», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Жыхары Чачэрскага раёна запрасілі Прэзідэнта на адкрыццё гэтым летам мемарыяльнага комплексу «Партызанская крынічка» пад Гомелем. У часы вайны там быў створаны партызанскі атрад «Бальшавік», які змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Кіраўнік краіны паабяцаў пастарацца наведаць мерапрыемства. «Назавіце канкрэтную дату, толькі загадзя, каб я мог спланаваць. Я пастараюся. Гамяльчане для мяне асаблівыя людзі. Ніхто так не падтрымліваў мяне за ўсе гады прэзідэнцтва, як Гамяльчане. Я гэта помню і цаню», — акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

г.Чачэрск

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.