Вы тут

Святлана Папова: Кожны спартсмен — гэта брыльянт, які трэба апрацаваць


Кожныя Алімпійскія гульні прыносяць спорту нешта новае: імёны, рэкорды, тэхналогіі, дысцыпліны. Нязменным застаецца адно — медалі беларускіх фрыстайлістаў на кожных Гульнях. Пачынаючы з 1998 года яны літаральна з кожнай Алімпіяды вяртаюцца з узнагародамі. Пекін гэтую традыцыю, на шчасце, не парушыў. Алімпійская чэмпіёнка 2018 года Ганна Гуськова сёлета заваявала «серабро» ў спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы. Нямногім фрыстайлістам у свеце такое ўдаецца. У гісторыі беларускага фрыстайла такое ўдавалася толькі Аляксею Грышыну. Да «бронзы» Солт-Лэйк-Сіці 2002 года ён дадаў «золата» Ванкувера-2010.

У чым сакрэт такога поспеху і як далей будзе развівацца беларускі фрыстайл, «Звяздзе» расказала намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле Святлана Папова.


— Святлана Уладзіміраўна, Алімпійскія гульні — гэта кульмінацыя ўсяго алімпійскага цыкла. Якім выдаўся гэты алімпійскі цыкл для фрыстайлістаў?

— Вельмі цяжкім і неадназначным, дакладна не такім, як усе папярэднія. Пасля Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане нашы спартсмены актыўна лячыліся, аднаўляліся. Станіслаў Гладчанка перанёс аперацыю на плечавым суставе. Складанасці дадалі і лагістычныя пытанні, пытанні з вакцынацыяй, адмены спаборніцтваў ды іншыя праблемы, выкліканыя пандэміяй. Мы гэта адчулі аднымі з першых. Але перад Алімпійскімі гульнямі ў Пекіне мы адпрацавалі поўны цыкл падрыхтоўкі з трэніроўкамі на вольным паветры, гарналыжнай падрыхтоўкай. Гэта дазволіла напрацаваць патрэбныя аб'ёмы і вырашыць задачы, якія перад намі стаялі. Задача была — узяць адзін-два медалі, і мы з ёю справіліся. Безумоўна, разлічвалі на камандныя спаборніцтвы, але як ёсць.

— На Алімпійскіх гульнях спартсмены не ведалі схілу, бо не было тэставых спаборніцтваў, і да тако ж цяжкае надвор'е. Наколькі гэта ўскладніла выступленне?

— Надвор'е нечаканасцю для нас не стала, нашы спартсмены выступалі ў розных умовах. У тым жа Пхёнчхане надвор'е таксама было няпростае. Заключны збор перад Гульнямі каманда праводзіла ў фінскай Руцы, там таксама быў моцны мароз, моцны вецер. А што датычыцца схілу, то яшчэ ўсе былі ў роўных умовах, акрамя кітайскай каманды, якая, напэўна, яго праверыла. Вядома, было б лепш, калі б была магчымасць год таму выступіць на этапе Кубка свету, прайсці тэставыя спаборніцтвы, каб разумець, якія дзеянні выконваць пры прызямленні.

— Пасля Алімпіяды 2018 года Ганна Гуськова прапусціла два сезоны з-за траўмы, перад Пекінам у спартсменкі было мала прызавых месцаў. А на Алімпійскіх гульнях — «серабро». Раскажыце, калі ласка, як была пабудавана яе падрыхтоўка з улікам усіх умоў?

— Ганна Гуськова заваявала «серабро» з залатым адлівам. Яна выканала самы складаны скачок у сваім арсенале. Падчас сезона разам з трэнерамі яна адпрацоўвала два тактычныя падыходы — на двайным і на трайным трамплінах. Варыяцыя паміж двума трамплінамі дазволіла ёй максімальна эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці схілу. На Алімпійскіх гульнях яна прадэманстравала ўпэўненае выступленне на двайным трампліне ў камандных спаборніцтвах і атрымала высокую адзнаку ад суддзяў. Акрамя таго, у яе быў дадатковы дзень, каб адпрацаваць прызямленне. Усё гэта і тактычная паслядоўнасць у трэніроўках дапамаглі ў дзень індывідуальных спаборніцтваў справіцца з рэалізацыяй пастаўленых задач. Уся яе падрыхтоўка па днях, па гадзінах, па элементах была дасканала пралічана, і гэта дало свой вынік. А тую траўму Ганна пераадолела і выконвала ўсе нагрузкі ў поўным аб'ёме. Нагадаю, што кваліфікацыйны турнір быў перанесены з-за надвор'я і кваліфікацыя была адзін дзень з фіналам. Гэта не навіна для фрыстайлістаў, але гэта вельмі цяжка. Аднак Ганна змагла мабілізавацца і ў адзін дзень прайсці ўвесь шлях да медаля.

— Ганна Дзяруга і Настасся Андрыянава ўпершыню выступалі на Алімпійскіх гульнях. Што вы можаце сказаць пра выступленне гэтых спартсменак?

— Ганна і Настасся — спартсменкі юніёрскага ўзросту. І вельмі добра, што яны змаглі адабрацца на Алімпійскія гульні. Настасся заняла 12-е месца. З ёй былі падрыхтаваны тры скачкі на двайным трампліне. У фінал яе вывеў найскладанейшы скачок у яе арсенале. Ёй толькі 17 гадоў, і пакуль узрост не дазваляе выконваць больш складаныя скачкі, для гэтага патрэбныя час, база. Тое ж самае датычыцца і Ганны. На працягу сезона ад старту да старту яна паказвала прагрэс, на этапе Кубка свету ў ЗША заняла шостае месца ў фінале, гэта добры вынік. Аднак на Алімпійскіх гульнях яна не змагла справіцца з хваляваннем і эмоцыямі, што прывяло да неўпэўненага выступлення. Алімпійскія гульні — гэта зусім іншы старт з вялікай адказнасцю. І спартсмену вельмі важна з гэтым справяцца. Для Ганны гэта быў першы сезон у Кубку свету і атрыманы вопыт у будучым трансфармуецца ў вынік. Былі, вядома, і тактычныя памылкі. Але асноўную ролю адыгралі хваляванне і недахоп вопыту. Ганне і Настассі трэба было набрацца вопыту. А нам трэба было паказаць, што ў нас ёсць моладзь, на якую мы разлічваем.

— На жаль, без узнагарод засталася мужчынская частка каманды. На ваш погляд, у чым прычына?

— Сапраўды так, хлопцы не ўвайшлі ў лік прызёраў. Станіслаў Гладчанка ў фінале заняў 11-е месца. У камандных спаборніцтвах ён дапусціў памылку перад прызямленнем, што прывяло да значных выніковых убавак. Паколькі камандны турнір праходзіў упершыню ў алімпійскай праграме, гэта дадало хвалявання, што і прывяло да памылкі. Да індывідуальнага турніру Станіслаў падышоў у поўнай баявой гатоўнасці. У яго арсенале была праграма з двух варыянтаў двайнога сальта з чатырма піруэтамі, а таксама магчымасць ускладнення праз выкананне трайнога сальта з пяццю піруэтамі. Аднак суддзі выставілі празмерна строгія адзнакі, якіх было недастаткова для выхаду ў суперфінал. Станіслаў дэманстраваў упэўненыя скачкі і прэтэндаваў на месца вышэй за выніковае. Але суб'ектыўнае ўспрыманне спорту ўносіць свае карэктывы.

— А Павел Дзік і Максім Гусцік?

— Максім Гусцік заняў выніковае 20-е месца ў індывідуальных спаборніцтвах.У яго арсенале была праграма трайнога сальта з чатырма піруэтамі. Аднак назапашвальны эфект ад тэхнічных памылак за час спартыўнай кар'еры не дазволіў атрымаць высокія адзнакі на Алімпійскіх гульнях. Максім паказаў самы складаны скачок, але запасу трываласці не хапіла для канкурэнтнай барацьбы. Гэта ўсё памылкі, якія ён назапасіў за сваю шматгадовую спартыўную кар'еру, суддзі на іх глядзяць ужо па-іншаму. Павел Дзік заняў 22-е месца ў індывідуальных спаборніцтвах. У яго добрая праграма з двума варыянтамі трайнога сальта з чатырма піруэтамі. Для Паўла гэта першы вопыт удзелу ў спаборніцтвах такога ўзроўню. Залішняе хваляванне і псіхалагічная нагрузка не дазволілі тактычна падысці да выканання элементаў, што пацягнула за сабой шэраг памылак.

— Вы кажаце, што на выступленні паўплывалі хваляванне і псіхалагічная нагрузка. Можа, варта ўключыць у падрыхтоўку спартсменаў і работу з псіхолагам?

— У камандзе ёсць трэнер-масажыст, які мае псіхалагічную адукацыю. Ён працуе са спартсменамі. Але ў фрыстайле самае галоўнае і самае важнае — гэта ўзаемадзеянне трэнера і спартсмена. Від спорту дастаткова экстрэмальны. Поўнае разуменне і давер паміж трэнерам і спартсменам прывядзе да пэўных вынікаў. У нас сапраўды каманда, усе стаяць гарой адзін за аднаго. І як такая, наяўнасць псіхолага, магчыма, і не зусім неабходная. Агульнае паразуменне трансфармуецца ў добры псіхалагічны клімат унутры камандаў, які сам па сабе прыводзіць да станоўчага выніку. Мы кіруемся гэтым.

— З аднаго боку, камандныя спаборніцтвы на Алімпійскіх гульнях — гэта добра, дадатковы шанц на медаль. З іншага боку, гэта ўплывае на псіхалагічны настрой спартсменаў...

— Камандныя спаборніцтвы — гэта, вядома, адказнасць. І налажыла адбітак тое, што мы выступалі пад першым нумарам. Тыя, хто ішлі пасля нас, маглі замяніць свае скачкі, прадказаць адзнакі. Нашы спартсмены дапусцілі памылкі ў тэхнічным плане пры прызямленні. Аня выдатна выканала свой скачок, яна са сваёй задачай справілася. Але ў фінале «пасыпаліся» ўсе. Медаль быў вельмі рэальны. Нам і ў 2020 годзе на чэмпіянаце свету крыху не хапіла да медаля, былі чацвёртымі. Гэта цікавы фармат, як для спартсменаў, так і для трэнераў, бо трэба знаходзіць асаблівую тактыку, фарміраваць каманду.

— Святлана Уладзіміраўна, ці ёсць у беларускага фрыстайла планы па развіцці іншых дысцыплін, акрамя лыжнай акрабатыкі?

— Усё залежыць ад матэрыяльнай базы і трэнерскага патэнцыялу. Няма трэнера — няма базы, штучна ствараць і развіваць нешта няма сэнсу. Мы цяпер актыўна развіваем лыжную акрабатыку. Пасля Пхёнчхана лыжная акрабатыка з'явілася ў Віцебскай вобласці. Дзякуючы энтузіязму трэнера Артура Пярфільева, там адкрылася аддзяленне ў Віцебскай СДЮШАР БФСТ «Дынама», аддзяленне фрыстайла з'явілася ў абласным цэнтры алімпійскага рэзерву. Патэнцыял ёсць, у вобласці можа развівацца фрыстайл, і ён можа дасягнуць пэўных поспехаў. Гэта вельмі прыемна назіраць. Я хачу сказаць вялікі дзякуй школе, Віцебскаму абласному ўпраўленню па фізічнай культуры, цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі, цэнтру алімпійскага рэзерву. Яны дапамагаюць станаўленню фрыстайла ў Віцебску. Я спадзяюся, што мы давядзём да ладу схіл у пасёлку Руба. Улічваючы, што Віцебская вобласць — паўночны рэгіён, там можна і трэба праводзіць гарналыжную падрыхтоўку для дзяцей. Я спадзяюся, што ў наступным сезоне мы ўжо ўбачым там аднасальтавы трамплін.

— Якія яшчэ рэгіёны можаце вылучыць?

— Даўно развіваецца гомельская школа, у іх ужо ёсць свае традыцыі. Частка нацыянальнай каманды — гэта дзеці з Гомельскай вобласці. Пакуль фрыстайл у нас развіваецца толькі ў трох рэгіёнах — Віцебску, Мінску і Гомелі. На студзень 2022 года ў нас было 533 спартсмены і 28 трэнераў.

— Але не кожныя бацькі адважацца аддаць сваё дзіця ў такі экстрэмальны від спорту...

— Сапраўды, не кожны чалавек зможа скакаць на трампліне. Усім падабаецца, але скокнуць вырашыцца не кожны. Мы сутыкаемся са складанасцямі набору дзяцей. Не ўсе бацькі рашаюцца. Я ўдзячная бацькам, якія прыводзяць дзяцей, якія жывуць фрыстайлам. Яны прыводзяць і сваіх малодшых дзяцей, і дзяцей сяброў. У нас расце вялікая сям'я. Мы набіраем малых з сямі гадоў. У бацькоў часта ўзнікае страх, што мы запусцім дзяцей на трамплін. Да таго, як дзеткі першы раз стануць на трамплін і паспрабуюць скокнуць, праходзіць каля сямі гадоў. Вельмі шмат работы, якую мы робім у зале: батут, акрабатыка, агульная і спецыяльная фізічная падрыхтоўка, вядома, гарналыжная падрыхтоўка. Мы рады ўсім дзецям і іх бацькам.

— Каго з маладых спартсменаў вы можаце вылучыць як найбліжэйшы рэзерв?

— Нашы знакамітыя спартсмены, якія кавалі гісторыю фрыстайла, безумоўна рана ці позна будуць заканчваць са спортам. І змена пакаленняў ужо ў нас адбываецца. На ўвазе ў нас Макар Мітрафанаў, які на жаль, на Алімпіядзе на трэніроўцы пашкодзіў локаць і не змог стартануць. Было б вельмі цікава паглядзець на яго. Ганна Дзяруга, Анастасія Андрыянава, Андрэй Кузьмін, Станіслаў Цімерцаў — перспектыўныя спартсмены. Моладзь ёсць, але ёй патрэбны час. Нельга адразу памяняць аднаго на другога.

Мы не скідваем з рахунку Паўла Дзіка. Дзмітрый Мазуркевіч быў запасным на Алімпійскія гульні. Фрыстайл — не масавы від спорту, кожны спартсмен — гэта брыльянт, які трэба апрацаваць.

— Беларуская школа фрыстайла — адна з самых моцных у свеце. На ваш погляд, чым яна вылучаецца?

— Дзмітрый Дашчынскі расказваў, што калі Аня Гуськова заваявала медаль, замежныя калегі падыходзілі і казалі, што Беларусь — адзіная краіна ў фрыстайле, якая столькі гадоў мае медаль. Сакрэт у тым, што традыцыі, якія былі закладзены, выконваюцца. І самы галоўны сакрэт — жаданне трэнераў развівацца і рыхтаваць спартсменаў высокага ўзроўню. Фрыстайл жыве ў іх унутры.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.