Вы тут

Пад дыпламатычным прыкрыццём


Нездарма ж кажуць, што шыла ў мяшку не схаваеш. КДБ ліквідаваў рэзідэнтуру Украіны, якая дзейнічала пад дыпламатычным прыкрыццём, заявіў журналістам намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, паведаміла БелТА. «Камітэтам дзяржаўнай бяспекі на працягу апошніх гадоў фіксавалася актыўная разведвальная дзейнасць з пазіцыі


Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама консульства гэтай дзяржавы ў горадзе Брэсце. Пры агульнай колькасці дыпламатычнай місіі Украіны крыху больш за два дзясяткі чалавек, не менш за палову з іх з'яўляліся кадравымі супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны і Службы знешняй разведкі Украіны, што з'яўляецца беспрэцэдэнтным нават для дыпмісій буйных дзяржаў і сведчыць аб выбары Украінай курса на правядзенне агрэсіўнай разведвальнай дзейнасці адносна нашай краіны насуперак нармальным дыпламатычным адносінам», — падкрэсліў Канстанцін Бычак.

Аперацыя «Дэмакратыя ў Мінску»

Паводле інфармацыі намесніка начальніка Следчага ўпраўлення КДБ, супрацоўнікі пасольства ажыццяўлялі агентурную разведку, прадпрымаючы спробы сфарміраваць разгалінаваную сетку інфарматараў з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама асабіста збіралі разведвальную інфармацыю, у тым ліку адносна беларускіх ваенных аб'ектаў.

«Прыманыя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі меры па спыненні супрацьпраўных праяў з боку ўкраінскіх дыпламатаў, якія павінны былі паслужыць сігналам для ўкраінскіх спецслужбаў, не спынілі варожай дзейнасці супраць нашай краіны, — адзначыў намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ. — У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам у дзеяннях асобных украінскіх дыпламатаў ёсць прыкметы злачынства, прадугледжанага арт. 358 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Шпіянаж. Аднак у адпаведнасці з арт.31 Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах названыя асобы карыстаюцца імунітэтам ад крымінальнай юрысдыкцыі дзяржавы знаходжання. У сувязі з сітуацыяй, якая склалася, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі прыняты вычарпальныя меры па скоўванні разведдзейнасці праціўніка і ліквідацыі рэзідэнтуры, якая дзейнічала пад дыпламатычным прыкрыццём».

Афіцыйны Кіеў цесна ўзаемадзейнічае са спецслужбамі Захаду, паведамілі БелТА ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі. «Актыўна абменьваючыся інфармацыяй з суб'ектамі разведкі краін НАТА, афіцыйны Кіеў цесна ўзаемадзейнічае і са спецслужбамі Літвы. З 2016 года пашыраецца ўкраінска-літоўскае супрацоўніцтва ў сектары бяспекі і абароны, паміж разведвальнымі і контрразведвальнымі ведамствамі заключаны дадатковыя пагадненні аб супрацоўніцтве, — паведамілі ў КДБ. — У інтарэсах Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны актыўную работу на беларускім напрамку праводзяць цэнтры інфармацыйна-
псіхалагічных аперацый сіл спецыяльных аперацый Міністэрства абароны Украіны (ЦІПСА), якія рэалізоўваюць накіраваную інфармацыйную палітыку Кіева, дыскрэдытуюць падзеі і з'явы на шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, ажыццяўляюць інфармацыйную агрэсію. Устаноўлена, што магчымасці ЦІПСА выкарыстоўваюцца, а ў некаторых выпадках замыкаюцца на Службу бяспекі Украіны па лініі абароны дзяржаўнага суверэнітэту».

Сілы і сродкі ЦІПСА задзейнічаюцца ў сацыяльных сетках, паблік-чатах, грамадскіх электронных пляцоўках, інфармацыйных сайтах, праз падстаўных асоб курыруюць работу СМІ. У КДБ адзначылі задзейнічанне рэсурсаў адпаведных цэнтраў у інтарэсах Літвы і Польшчы на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі ў поствыбарчы перыяд. «Вядома, што 17 жніўня 2020 года ў Кіеве адбылася нарада кіраўнікоў ваенных разведак Украіны, Польшчы і Літвы, у ходзе якой дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі ўзаемадзеяння паміж падраздзяленнямі інфармацыйна-псіхалагічных аперацый на беларускім напрамку ў рамках правядзення ўкраінскімі спецслужбамі аперацыі «Дэмакратыя ў Мінску», накіраванай на дэстабілізацыю палітычнай сітуацыі ў Беларусі», — паведамілі ў КДБ.

Прапанавалі пакінуць краіну

Беларусь прапанавала частцы ўкраінскіх дыпламатаў пакінуць краіну. Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз.

Ён адзначыў, што з 2020 года беларускім бокам фіксаваліся шматлікія недружалюбныя дзеянні Украіны, накіраваныя на безадказнае разбурэнне міждзяржаўных адносін з Беларуссю, дзелавых кантактаў і сувязяў паміж людзьмі, якія даўно ўстаяліся. «Дайшло да таго, што ўкраінскія ўлады пачалі непасрэдна або ўскосна ўмешвацца ў нашы ўнутраныя справы, паставілі на нейкую паўзу кантакты паміж дзяржавамі. Яшчэ ў 2021 годзе на высокім афіцыйным узроўні назвалі Беларусь варожай краінай», — згадаў прэс-сакратар.

Паводле яго слоў, за гэтымі заявамі, на жаль, было здзейснена шэраг практычных дэструктыўных дзеянняў: «Дастаткова згадаць, што ў рамках незаконнай авіяблакады кіраўніцтва Украіны адзінае з усіх краін, якія далучыліся, не дазволіла пралёт праз сваю тэрыторыю нават гуманітарнага рэйса з беларускімі грамадзянамі. Падкрэслю, усё гэта ініцыятыўна і гучна ажыццяўлялася ў адносінах да Беларусі, якая нават у самыя складаныя часы не зрабіла ніводнага антыўкраінскага кроку».

На гэтым фоне беларускаму боку было таксама вядома аб дзейнасці шэрагу супрацоўнікаў пасольства і генеральнага консульства Украіны ў Беларусі, несумяшчальнай з дыпламатычным статусам. Актыўнасць гэтай дзейнасці нарастала. «Украінскі народ пры любых абставінах быў і застаецца для нас брацкім, а Украіна — суседкай. Менавіта гэты пастулат і разлік на разважлівасць ляжаў у аснове заўсёды стрыманай рэакцыі беларускага боку, — падкрэсліў Анатоль Глаз. — Але за гранню нашага разумення знаходзяцца нядаўнія дзеянні ўкраінскіх уладаў у адносінах ні ў чым не вінаватых беларускіх грамадзян, якія не па сваёй волі апынуліся ў зоне канфлікту. Канфіскацыя маёмасці, хамскае абыходжанне з беларускімі дыпламатамі і членамі іх сем'яў на кантрольна-прапускным пункце «Магілёў-Падольскі» — усё гэта цынічныя спробы распаліць нянавісць паміж народамі, перанесці палітычныя звады на простых людзей. Мы такога ніколі не дапусцім».

«У поўнай адпаведнасці з арт.11 Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах Рэспублікай Беларусь прынята рашэнне аб скарачэнні колькасці ўкраінскіх дыпламатаў на сваёй тэрыторыі», — сказаў Анатоль Глаз. Гэты крок, паводле яго слоў, накіраваны на спыненне недыпламатычнай дзейнасці шэрагу супрацоўнікаў украінскіх замежустаноў. «Ім прапанавана пакінуць нашу краіну на працягу 72 гадзін», — заявіў прэс-сакратар МЗС. Украінскае пасольства працягне работу ў Беларусі ў фармаце 1+4, гэта значыць, пасол і чатыры супрацоўнікі.

«У сувязі з фактычнай адсутнасцю персаналу беларускім бокам таксама прынята рашэнне аб закрыцці консульства Украіны ў горадзе Брэсце. Яшчэ раз падкрэслю, што ўкраінцы былі і будуць заставацца для нас блізкім народам», — заўважыў Анатоль Глаз. Ён таксама ўдакладніў, што беларускі бок не прымаў рашэнне аб закрыцці свайго пасольства ва Украіне.

Шпіёнскае кубло

Мы маем справу са стварэннем шпіёнскага кубла ў цэнтры Мінска, якое займалася падрывам беларускай дзяржаўнасціі. Аб гэтым заявіў старшыня праўлення Беларускага таварыства «Веды» Вадзім Гігін у эфіры «Салаўёў Lіve».

«У дачыненні да ўкраінскага пасольства ў нас ніколі асаблівых ілюзій не было. Украінская дыпламатыя — гэта нешта асаблівае. Дапусцім, пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім заўсёды адрозніваўся, мякка кажучы, зусім недыпламатычнымі звычкамі. Мы неаднаразова рабілі заўвагу на гэты конт. Тое, што выявілася цяпер, — вынік доўгачасовага назірання за дзейнасцю гэтых нібыта дыпламатаў, — сказаў Вадзім Гігін. — Дарэчы, украінскае пасольства выступала ў якасці аднаго з такіх каардынацыйных цэнтраў у 2020 годзе. Яны наўпрост спансіравалі, падтрымлівалі, кіравалі дзейнасцю штатных прапагандыстаў, так званых апазіцыйных. Такіх як Івашын і гэтак далей. Прычым яны закраналі пытанні, якія ніякага дачынення да беларуска-ўкраінскіх сувязяў не мелі, праекты нашага супрацоўніцтва з журналістамі. Сам пасол Кізім даваў на гэты конт прамыя ўказанні — збіраць любую магчымую інфармацыю».

Пётр ДУНЬКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.