Вы тут

Качанава: Жанчына па сваёй прыродзе павінна быць міратворцам


Спікер верхняй палаты парламента сустрэлася з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Крысцінай Хонегер Залатухін.


Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі актуальны стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Швейцарыі ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, гуманітарнай і іншых галінах. Падчас гутаркі бакі адзначылі, што краіны маюць добры патэнцыял супрацоўніцтва, а таксама пацвердзілі зацікаўленасць у развіцці міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

Вітаючы госцю ў Савеце Рэспублікі, яго Старшыня адзначыла, што рада асабістаму знаёмству з дыпламатам. Яна станоўча ацаніла рашэнне швейцарскага боку накіраваць пасла ў Беларусь.

— Тут вы зможаце разабрацца ў працэсах, якія адбываюцца, і пераканайцеся ў тым, што наша краіна заўсёды выступала і выступае за мір і згоду з усімі краінамі, якія па-добраму ставяцца да нас і нацэлены на супрацоўніцтва. У гэтым няма ніякага сумневу, — пераканана Наталля Качанава. 

Яна нагадала, што Беларусь і Швейцарыю звязваюць даўнія адносіны, аднак ў апошнія гады стасункі прыпыніліся. Па ацэнцы спікера, прычына гэтаму — пандэмія каранавіруснай інфекцыі і пэўныя палітычныя моманты. Разам з тым, яна нагадала, што сёлета ў лютым споўнілася 30 гадоў усталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі. 

Старшыня Савета Рэспублікі выказала ўпэўненасць, што распачаўшы місію ў нашай краіне, дыпламат асабіста пераканаецца, як жыве беларускі народ, якія задачы на парадку дня, якія пытанні вырашаюцца ўнутры краіны. 

Акрамя таго, спікер падкрэсліла важнасць міжпарламенцкага ўзаемадзеяння паміж краінамі: 

— У нас ёсць рабочая група па супрацоўніцтве са Швейцарыяй. Вядома, нам хацелася б супрацоўнічаць па лініі парламентарыяў. Гэта вельмі важна. Таму што гэта людзі, якіх абірае народ, яны ведаюць, што адбываецца ў грамадстве. 

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу дыпламата на тым, што беларускія парламентарыі неаднаразова звярталіся да сваіх калег, дэпутатаў еўрапейскіх краін:

— Тады, калі ў 2020-м годзе пачаўся, скажам, ціск на нашу краіну (звярнуліся. — Заўв. аўт.) для таго, каб нас пачулі. Мы прапаноўвалі: прыедзьце, паглядзіце, давайце сустрэнемся, аб’ектыўна ацаніце падзеі, якія адбываюцца. 

Старшыня Савета Рэспублікі станоўча ацаніла таксама той факт, што дыпламат распачала місію ў нашай краіне:

— Рада перш за ўсё, што вы — жанчына, таму што жанчыны некалькі па-іншаму ўспрымаюць працэсы, якія адбываюцца. Жанчына па сваёй прыродзе павінна быць міратворцам — адзначыла Наталля Качанава і выказала ўпэўненасць, што на месцы пасол зможа аб’ектыўна ацаніць сітуацыю ў Беларусі. 

Таксама спікер разлічвае, што дыпламат выкарыстае ўсе намаганні, каб добрыя адносіны, якія звязвалі бакі, працягваліся і надалей: 

— Каб мы працавалі, падтрымліваючы адно аднаго ў розных пытаннях. 

Спікер верхняй палаты парламента расказала дыпламату аб структуры Савета Рэспублікі і яго дзейнасці. 

— Мы глыбока валодаем працэсамі, якія адбываюцца ў грамадстве ў розных рэгіёнах нашай краіны, і мы гатовыя з вамі супрацоўнічаць, калі гэта спатрэбіцца, — падкрэсліла Наталля Качанава і звярнула ўвагу дыпламата на садзейнічанне ва ўсталяванні адносін паміж парламентарыямі Беларусі і Швейцарыі. 

Таксама Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што праўда аб нашай краіне павінна дайсці да тых краін, хто хоча яе пачуць, акцэнтаваўшы ўвагу на прыярытэце дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі:

— Гэта людзі і справядлівае стаўленне да іх, — канстатавала Наталля Качанава. — Таму мы стараемся рабіць на карысць нашай дзяржавы, нашай краіны — суверэннай Беларусі, якой па мерках гісторыі зусім няшмат гадоў.

Са свайго боку Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Хонегер Залатухін паведаміла, што знаходзіцца ў Беларусі больш месяца таму і сваёй задачай на гэтым этапе бачыць пашырэнне зносін з людзьмі:

— Слухаць, сустракацца з рознымі людзьмі, каб складвалася шматгранная карціна ў разуменні працэсаў, — кажа дыпламат. 

Яна патлумачыла, што сваёй мэтай бачыць знайсці сумесныя тэмы, якія цікавыя абодвум бакам. 

— У нас былі за гэтыя 30 гадоў розныя перыяды. Я думаю, напэўна, нам трэба папрацаваць. Мне будзе цікава пачуць ад вас, па якіх пытаннях вы лічыце магчымым узаемадзеянне, Якім чынам Швейцарыя можа на нешта паўплываць, дзе нашы спробы вітаюцца, дзе — менш, — падкрэсліла дыпламат і выказала прапанову па развіцці далейшых кантактаў. — Мне здаецца, было б вельмі добра, каб мы маглі высветліць такія рэчы ў дыялогу. Тым больш што сітуацыя ў рэгіёне складаная, яна, напэўна, усіх турбуе. Напэўна, без дыялогу — ніяк.


Наша даведка

Крысціна Хонегер Залатухін 25 лістапада 2020 года рашэннем Федэральнага сходу Швейцарыі прызначана на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Пратакол аб усталяванні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Швейцарскай Канфедэрацыяй заключаны 10 лютага 1992 года шляхам абмену лістамі міністраў замежных спраў. У 1993 годзе пачало работу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі.

Афіцыйнае адкрыццё Пасольства Швейцарыі ў Беларусі адбылося 13 лютага 2020 года. У лютым 2022 года споўнілася 30 гадоў з моманту ўсталявання дыпламатычных адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і Швейцарскай Канфедэрацыяй.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.