Вы тут

Sex-балясы. Падарункі-раздарункі...


Пасля расстання ён усё пакінуў былой жонцы... Многія, мабыць, чулі пра такія жыццёвыя гісторыі. Часцей, вядома, маёмасць дзеляць: хутка і добраахвотна або пакутліва і доўга праз суды. Але здараюцца і іншыя сітуацыі. Так, летась Вярхоўны суд Расіі дазволіў мужу прэтэндаваць на... заробак жонкі пасля разводу. («— Цябе наогул што-небудзь цікавіць, акрамя грошай?» — «Так». — «Што?» — «Дзе яны?») Раней жыхарка Масквы высветліла, што частку заробку ёй недаплацілі, і звярнулася ў суд. Ёй пералічылі прыкладна тры мільёны рублёў, а таксама яшчэ больш як 500 тысяч рублёў кампенсацыі за затрымку. Пры гэтым муж і жонка ўжо развяліся, але былы муж вырашыў, што палова грошай належыць яму. У выніку ён падаў на экс-жонку ў суд — зрабіў гэткі «падарунак». («— Чаму ты ўсім кажаш, што ажаніўся са мной дзеля вялікага пасагу? За мяне ж нічога не давалі». — «Ну, трэба ж неяк апраўдвацца, чаму я зрабіў такі выбар».) Вярхоўны суд адзначыў, што маёмасць, нажытая мужам і жонкай падчас шлюбу, з'яўляецца іх сумеснай уласнасцю. Суды ўсіх папярэдніх інстанцый не ўлічылі, што працоўная дзейнасць здзяйснялася менавіта ў такі перыяд.


Фота: pexels.com

Хлопец пасля расстання запатрабаваў у жыхаркі Екацярынбурга больш за 600 тысяч рублёў. Вядомы фітнес-трэнер падаў іскавую заяву праз год пасля іх разрыву з дзяўчынай. Ён запатрабаваў грошы за тыя два гады, што яны сустракаліся і жылі ў яе іпатэчнай кватэры. («Каханне — гэта цудоўнае пачуццё. Кахайце, нікога не слухайце, не верце плёткам і давярайце каханым. Але кватэру афармляйце на сябе».) І нават вярнуць сродкі на манікюр, ежу і пракладкі... У пары ўсё пачыналася добра, але ў выніку дзяўчына вырашыла, што ім з маладым чалавекам не па дарозе, маўляў, той «не падарунак». «Ён сышоў з велізарнай крыўдай і злосцю на мяне за тое, што я з ім так паступіла». («— Ты мяне расчараваў». — «Гэта я яшчэ не стараўся».) У іскавай заяве пазначана, што сродкі за іпатэку на кватэру, дзе яны жылі, хлопец даваў у доўг. А значыць, мае права вярнуць іх. Патлумачыў ён матывацыю тым, што, маўляў, «гэта ж было агульнае жыллё, наша агульная кватэра, я таксама ўкладваўся, вярні мне мае грошы». («— Чаму ты рассталася са сваім хлопцам? Вы ж два гады разам здымалі кватэру?» — «Ага, толькі нядаўна высветліся, што гэта яго ўласнае жыллё».)

Пецярбуржац адсудзіў у былой сяброўкі амаль мільён рублёў за падораную машыну. Дагавор куплі-продажу быў аформлены на дзяўчыну. Першапачаткова яна паведаміла, што сама заплаціла, але пісьмовых доказаў не прадставіла. Затым пецярбуржанка сцвярджала, што грошы былы хлопец ёй падарыў. Аднак і гэтага не змагла даказаць. («Жонка спытала, калі мы ўжо, нарэшце, купім лыжачку для абутку, і сапсавала сабе сюрпрыз на дзень нараджэння».) А той факт, што мужчына ўнёс грошы за яе аўтамабіль, не кажа, што ён зрабіў тое бязвыплатна, у дар ці з мэтай дабрачыннасці. Мужчына прызнаўся, што да гэтага часу кахае адказчыцу, аднак папрасіў вярнуць яму грошы за машыну. («Вопыт — гэта тое, што атрымліваеш, не атрымаўшы таго, што хацеў».)

А што ў нас? Летась пісалі пра тое, што мужчына, адбываючы пакаранне па папярэднім прысудзе, пазнаёміўся ў інтэрнэце з дзяўчынай. У іх склаліся блізкія адносіны, неаднаразова судзімы абяцаў ёй стварыць сям'ю і выехаць разам за мяжу. Выходзіць, падарыў іншаму чалавеку надзею на змены ў жыцці? («— А чаму вы разышліся з ёй?» — «Яна два месяцы казала: «Ты мяне не любіш...» — «І што?» — «Што, што... Пераканала!») А потым пад выглядам перадачы грошай службовым асобам папраўчай установы нібыта ў мэтах свайго вызвалення ён пераканаў пацярпелую перавесці яму амаль 18 тысяч рублёў, якія патраціў. («— Святлана, хочаш, я падару табе ўсё: неба, зоркі, Месяц, увесь свет...» — «Сярожа, а што, грошай зусім няма?») За што атрымаў пяць гадоў у калоніі строгага рэжыму і штраф — пракуратура Маскоўскага раёна сталіцы падтрымала ў судзе дзяржабвінавачанне. А 64-гадовы мінчанін зрабіў яшчэ прасцей: украў ювелірныя ўпрыгажэнні ў жонкі, якія, магчыма, сам жа ёй і дарыў. («— Не ведаю, што падарыць сваёй дзяўчыне на 8 Сакавіка: кветкі завянуць, мабільнік зламаецца». — «Дык падары шарык ад падшыпніка! Арыгінальна і не зламаецца!») Пярсцёнкі ён здаў у ламбард, а грошы прапіў. Чым не «падарунак»?

Многія, мабыць, памятаюць і эпічны выпадак з акварыумам у гомельскім гіпермаркеце. 23-гадовы жыхар Брагінскага раёна ў гандлёвым аб'екце зрабіў прапанову дзяўчыне. А тая ў адказ выкінула пярсцёнак у акварыум з жывой рыбай. («— Дарагі, давай аформім нашы адносіны!» — «Ну, нясі гірлянды і дожджык!») Хлопец папрасіў прадаўца прынесці сачок, каб дастаць залатое ўпрыгажэнне, але ў выніку чакаць дапамогі не стаў: сам палез у ваду. («А ўсё пачалося з вяселля. Ён надзеў пярсцёнак не на той палец, не на тую руку і не на тую жанчыну».) У выніку маладога чалавека аштрафавалі за дробнае хуліганства. Свой учынак ён потым растлумачыў тым, што заробак у яго невялікі, а ўпрыгажэнне каштавала яму грошай. Ну, тут, думаю, не мела рацыі дзяўчына, можна ж было проста адмовіць хлопцу. Дарэчы, сышлі з гіпермаркета яны разам. Цікава, чым у іх усё скончылася? («— Мы расстаёмся!» — «Мог бы хоць прыгожа неяк сказаць». — «Мне надакучыла тануць у тваіх вачах».) Аказваецца, і так бывае ў жыцці..

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.