Вы тут

Скарбы з жывых крыніц


На выставе “Жывыя крыніцы” ў Нацыянальнай бібліятэцы прадстаўлена больш за 100 рэчаў, вырабленых беларускімі майстрамі


Дзякуючы майстрам у краіне зберагаюцца, развіваюцца лепшыя віды й формы традыцыйнай народнай творчасці: разьба па дрэве, ганчарства, кавальства, ткацтва, вышыўка, роспіс, пляценне з саломкі...

З адкрыццём экспазіцыі рамеснікаў павіншаваў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута: “Для суполкі гэты год своеасаблівы, юбілейны: саюзу спаўняецца 30 гадоў. Па чалавечых мерках такі ўзрост – час росквіту. І прыгожая падзея ў жыцці аб’яднання адкрываецца не менш прыгожай Рэспубліканскай выставай сучаснай народнай творчасці “Жывыя крыніцы”. Дзякуючы вашым майстравітым рукам, запрашэнню Нацыянальнай бібліятэкі ёсць магчымасць у прасторнай, прэстыжнай зале паказаць, чым багатыя мы ў дачыненні да традыцыйнай мастацкай культуры. Сёння прадстаўлены работы больш чым сотні майстроў. А ў нас жа 600 майстроў толькі ў Саюзе, а колькі яшчэ “не саюзных”! Колькі дамоў рамёстваў! І там дзясяткі майстроў працуюць, развіваюць мясцовыя, прыгожыя, адметныя традыцыі, якія мы з 70-х гадоў ледзь не страцілі. Цяпер сталі тое цаніць, і сёння маем другое ­жыццё тых традыцый. Тут прадстаўлены самыя адметныя нашы мастацкія рамёствы”.

Яўген Міхайлавіч згадаў, што Беларусь – адна з нямногіх краін у Еўропе, якая зберагла і прадаўжае, развівае багатыя традыцыі народнай мастацкай творчасці. Пры тым пашкадаваў, што Нацыянальнага музея народнага мастацтва ў нас пакуль няма: “Такую культуру маем, а музея няма, на фестывалі ж не кожны дзень патрапіш”. Што да згаданага Нацыянальнага музея народнай творчасці, то патрэба ў ім сапраўды застаецца, хоць у краіне каля дзясятка музеяў народнага мастацтва, ёсць Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”. Адпаведныя раздзелы маюць усе раённыя, абласныя краязнаўчыя музеі, Нацыянальны гістарычны і Нацыянальны мастацкі. Майстры-рамеснікі ладзяць невялічкія школы, студыі, гурткі, дзе навучаюць сваёй справе моладзь.

Выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрытая да 24 ліпеня

У кожнай з рэчаў, прадстаўленых на выставе, ёсць нешта цёплае, самабытнае. Алена Гарэцкая і Любоў Семеш, напрыклад, напярэдадні сплялі з лазы велічэзную фігуру Ярылы, язычніцкага бога ўрадлівасці і кахання. Андрэй Ганчарэнка змайстраваў драўляныя фігуркі, на іх выразаў народныя прымаўкі: “Дзе дружна, там і хлебна”, “Не хацеў шыць золатам – махай жыццё молатам”. Ці пра рыбака: “Лавіў, лавіў, а ад ката бараніцца няма чым”. Можна пабачыць на выставе і драўляныя цацкі гэтага ж майстра. Вельмі крэатыўныя лялькі Таццяны Навумавай: кампазіцыя “Бабуліны казкі” невялічкая, але такая цёплая і сардэчная – можна гадзінамі разглядаць. І сюжэт нібыта просты: бабуля расказвае захапляльныя гісторыі, а ўнучка з цікавасцю слухае.

Бог Ярыла, сплецены з лазы

Посуд, саламяныя вянкі ды капелюшы, ручнікі, скрыні-куфры, кошыкі-карзінкі, паясы з бісеру, традыцыйнае адзенне – на выставе ўсе рэчы здзіўляюць сваёй дасканаласцю. Як прызналіся на прэзентацыі яе арганізатары, экспанаты ёсць адлюстраванне сапраўднага Шляху Жыцця беларусаў. За кожным прадметам, вырабам – ці то жыццёвая сітуацыя, ці то шчаслівая сустрэча, ці то роздум у адзіноце. Стваральнікі выставы маюць надзею, што ў кожным, хто ні прыйдзе на яе, узварушацца запаветныя струны душы, адгукнуцца радасцю, абудзяць пачуцці ды ўспаміны з дзяцінства.

Выстава “Жывыя крыніцы” будзе працаваць да 24 ліпеня: ёсць час, каб пабачыць яе ўсім, каму цікавыя народныя майстры, іх творчасць. І можна будзе многаму ­павучыцца ў майстроў: пройдуць прэзентацыі, майстар-класы па стварэнні цацак з саломкі, паштовак з выцінанкай і цікавыя сустрэчы.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Скарбы з жывых крыніц

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.