Вы тут

Вінаваты гаджэты? Як сучасныя прылады пагаршаюць наш зрок


Такія фразы, як «не жмурся», «еш больш морквы і чарніц», «не сядзі блізка каля тэлевізара», напэўна, чуў або казаў кожны з нас. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ва ўсім свеце каля 2,2 мільярда чалавек пакутуюць на парушэнне зроку. Амаль у паловы з іх яго можна было прадухіліць ці яшчэ можна скарэкціраваць.


Блізарукасць — прыкмета сучаснасці

— Асноўныя прычыны парушэння зроку — нескарэкціраваныя анамаліі рэфракцыі (блізарукасць, дальназоркасць, астыгматызм, прэсбіяпія) і катаракта. Самым распаўсюджаным парушэннем рэфракцыі з'яўляецца блізарукасць, — кажа ўрач-эпідэміёлаг, загадчыца арганізацыйнага аддзела Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла Цітавец. — Блізарукасць, або міяпія, — гэта факусіроўка выявы наперадзе сятчаткі. Абумоўлена такая з'ява або празмернай праламляльнай сілай аптычнай сістэмы вока, або падаўжэннем пярэднязадняй восі вочнага яблыка.

Адным з фактараў, якія ўплываюць на развіццё блізарукасці, з'яўляецца перанапружанне вачэй. А ў сучасным свеце без гэтага ніяк: мабільныя прылады цяпер ва ўсіх сферах нашага жыцця. Даступнасць смартфонаў, планшэтаў, электронных чыталак, разумных гадзіннікаў спрыяе іх масаваму распаўсюджванню.

Як прадухіліць пагаршэнне зроку?

Прадухіліць перанапружанне вачэй пры выкарыстанні электронных прылад можна, калі ўлічваць наступныя скднікі.

  • Памер экрана. Чым меншы экран, тым больш даводзіцца напружваць вочы, нагружаючы акамадацыйны апарат.
  • Адлегласць ад вачэй да экрана. Адна з галоўных асаблівасцяў выкарыстання гаджэтаў заключаецца ў тым, што іх экраны размешчаны на занадта блізкай адлегласці ад вачэй. Пры гэтым пастаяннае напружанне акамадацыйных мышцаў, якія дазваляюць выразна бачыць прадметы зблізку, з часам можа прыводзіць да іх спазму. А гэта той стан, калі яны «заміраюць» у адным становішчы, не дазваляючы выразна разгледзець прадметы на іншых адлегласцях.
  • Сіняе выпраменьвальнае святло экрана. Доўгае ўздзеянне сіняга святла прыводзіць да стамлення вачэй. Гэта можа праяўляцца ў выглядзе сухасці, рэзі ці адчуванняў пяску ў вачах, што пры рэгулярным паўторы можа прывесці да пагаршэння вастрыні зроку. Таксама не рэкамендуецца карыстацца гаджэтамі перад сном, бо іх спецыфічнае святло ўскладняе засынанне і замінае глыбокаму сну. Зрэшты, каб паменшыць нагрузку на зрок, у шматлікіх сучасных прыладах прадугледжаны адмысловы «начны» рэжым экрана.
  • Яркасць экрана. Пры выкарыстанні любога гаджэта з яркім экранам чалавек пачынае ў 2-3 разы радзей міргаць, што прыводзіць да памяншэння выдзялення, парушэння размеркавання і павышэння выпаральнасці слёзнай вадкасці. Ад гэтага ўзнікае дыскамфорт у вачах і нават часовае памутненне зроку. Таму рэкамендуецца рэгуляваць узровень яркасці экрана ў залежнасці ад асвятлення. На вуліцы яна можа быць на 2/3 большая, чым у памяшканні.
  • Нестатычнасць выявы. Выявы, якія ўзнікаюць на экране любога гаджэта, прыкметна адрозніваюцца, напрыклад, ад тэксту і карцінак на старонцы кнігі. У смартфоне яны ўвесь час мільгаюць і рухаюцца. Ад гэтага вока атрымлівае дадатковую нагрузку на акамадацыйныя мышцы, якія адказваюць у тым ліку за факусіроўку зроку на аб'екце. Ведаючы гэта, уявіце, як складана вашым вачам, калі вы карыстаецеся электроннай прыладай у машыне ці аўтобусе, дзе разгляд выявы суправаджаецца дадатковымі штуршкамі і вібрацыяй транспарту.
  • Працягласць выкарыстання прылады. Пры працяглым і бесперапынным выкарыстанні любога гаджэта вочы часта знаходзяцца «ў стрэсе»: перанапружваюцца акамадацыйныя мышцы, узнікае адчуванне дыскамфорту (рэзі, болі, імглістасці малюнка), памяншаецца вылучэнне ці павялічваецца выпаральнасць слёзнай вадкасці з паверхні рагавіцы.

Рабіце перапынкі, дастаткова спіце

Каб пазбегнуць узнікнення захворванняў падчас работы з сучаснымі электроннымі прыладамі, рэкамендуецца кожную гадзіну рабіць перапынак на 10—15 хвілін і дазваляць вачам адпачыць ад глядзельнай нагрузкі зблізку.

Для здароўя вачэй вельмі важны добры і паўнавартасны сон, які павінен доўжыцца не менш за сем гадзін. Важна, каб памяшканне, дзе вы спіце, было зацемнена.

За дзве гадзіны да сну лепш адмовіцца ад выкарыстання гаджэтаў. Так вы лягчэй засняце, і сон будзе мацнейшы, а ў гэты час вочы змогуць адпачыць ад раздражняльнага святла.

Пры ўзнікненні дыскамфорту ў вачах, які паўтараецца, або зніжэння вастрыні зроку варта як мага хутчэй звярнуцца да спецыяліста.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.