Вы тут

Жаваць і не перажываць. Як зубы звязаныя са станам усяго арганізма?


Нягледзячы на ковідныя абмежаванні, у Беларусі працягваюць аказваць стаматалагічную дапамогу. Ва ўсіх рэгіёнах створаны выязныя брыгады для хворых на каранавірус, разам з тым у планавым парадку ўрачы працягваюць прыём пацыентаў.


Фота: pexels.com

Асноўныя кампаненты для работы ў ковід-умовах для стаматалагічных клінік і аддзяленняў — тэрмаметрыя, захаванне дыстанцыі, апрацоўка рабочага месца. Акрамя таго, стаматалагічная служба з'яўляецца адной з самых аснашчаных у плане санітарнай бяспекі.

Ва ўсіх рэгіёнах краіны створаны выязныя брыгады па аказанні неадкладнай медыцынскай дапамогі пацыентам з COVІD-19. Напрыклад, у Мінску даросламу насельніцтву такую дапамогу аказвае 3-я стаматалагічная паліклініка Мінска, дзіцячаму — 4-я гарадская дзіцячая бальніца.

— У 2021 годзе планавая стаматалагічная дапамога не спынялася, і цяпер урачы працягваюць працаваць. Колькасць наведванняў захоўваецца на ўзроўні 2020 года. Летась было каля 13 мільёнаў наведванняў, у 2020 годзе — 12 мільёнаў. Прычым амаль 22 % наведанняў — з мэтай прафілактычных аглядаў, і гэта сведчыць аб тым, што беларусы сталі больш клапаціцца пра сваё здароўе, — расказвае галоўны пазаштатны стаматолаг Міністэрства аховы здароўя, галоўны пазаштатны стаматолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач 7-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі Валерый Недзень.

Амаль 102 мільёны рублёў атрымана ў 2021-м ад аказання платных паслуг (80 мільёнаў у 2020-м). У дзяржаўнай стаматалагічнай службе працуе больш за 9 тысяч медыкаў, з іх 37 % урачы-стаматолагі. У цэлым урачы-стаматолагі складаюць каля 8-10 % ад усіх урачоў.

Як расказала доктар медыцынскіх навук, прафесар 3-й кафедры тэрапеўтычнай стаматалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Юлія Дзянісава, сёння стаматалогія знаходзіцца на этапе перазагрузкі на новы ўзровень — мультыдысцыплінарны. Калі раней пры вялікай праблеме да стаматолага-терапеўта падключаліся артадонт, артапед, сківічна-тваравы хірург, то сёння гэта ўзаемадзеянне з іншымі медыцынскімі і немедыцынскімі спецыялістамі. Напрыклад, клетачная інжынерыя, лічбавыя і геномныя тэхналогіі. Адным з такіх кірункаў з'яўляецца мультыдысцыплінарная перыданталогія.

— Калі з карыесам мы спраўляемся, то хвароба перыядонту — тканак, якія акружаюць зуб, — выходзіць на першы план. У пацыентаў ад 35 гадоў і старэйшых яго распаўсюджанасць складае больш за 95 % — ад лёгкіх формаў гінгівіту да складаных формаў хутка прагрэсуючага перыядантыту. Каля 30 % сярод хвароб перыядонту — паталагічны працэс, які далёка зайшоў і прыводзіць да хуткай страты зубоў. Прычым людзі маладога ўзросту дастаткова хутка іх страчваюць, — звяртае ўвагу Юлія Дзянісава.

Калі раней перыядантолагі маглі аказаць толькі неадкладную дапамогу — зняць запаленне і выдаліць зуб, то сёння распрацаваны комплекс мерапрыемстваў, якія дазваляюць не толькі захаваць зубы і стабілізаваць паталагічны працэс, але і палепшыць якасць жыцця пацыента.

— Часта хваробы перыядонту і змяншэнне аб'ёму касцявой тканкі звязаныя з сістэмнай паталогіяй. Напрыклад, гэта могуць быць праявы цукровага дыябету, іншай эндакрыннай паталогіі, дэфіцыту вітаміну Д, астэапарозу, пра якія пацыент можа не ведаць, але стаматолаг можа меркаваць і накіраваць да патрэбнага спецыяліста.

У гэтай катэгорыі пацыентаў выкарыстоўваюцца і клетачныя тэхналогіі, калі ўласныя ствалавыя клеткі пацыента дыферэнцыруюцца і ўводзяцца ў выглядзе ін'екцыі пацыенту, каб павялічыць аб'ём дзясны і якасць касцявой тканкі. Каманда беларускіх стаматолагаў пад кіраўніцтвам прафесара Сяргея Рубніковіча стала піянерам у гэтым кірунку на постсавецкай прасторы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.