Вы тут

Аляксандр Ярашэнка: Укладанні бюджэту ў «Вялікі камень» ужо цалкам акупіліся


Аб гэтым zviazda.by расказаў кіраўнік адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка. Што ўяўляе сабой праект цяпер, больш падрабязна ў нашым матэрыяле. 


Аб’ёмам заўяленых інвестыцый — 1,2 мільярды долараў 

Суразмоўнік перакананы: гэта самы буйны і паспяховы праект ініцыятывы Кітая «Адзін пояс — адзін шлях» за мяжой. 

— Праект развіваецца дастаткова дынамічна, — кажа ён. — Нягледзячы на аб’ектыўныя (у тым ліку пандэмійныя) прычыны, летась нам удалося прыцягнуць 20 рэзідэнтаў. 

Кіраўнік адміністрацыі парку лічыць такі вынік работы за мінулы год дастаткова добрым і падкрэслівае, што праект пазіцыянуецца як інтэрнацыянальны:

— Гэта міжнародная інвестыцыйная кітайска-беларускія пляцоўка, дзе практычна цалкам прадстаўлены Еўрапейскі рэгіён, ёсць Злучаныя штаты Амерыкі, Швейцарыя, Сінгапур — то-бок мы запрашаем да дзейнасці любую краіну свету, — кажа Аляксандр Ярашэнка. 

Паводле яго слоў, галоўныя патрабаванні да рэзідэнтаў — наяўнасць высокіх тэхналогій і інавацый. 

— Тое, што мы чакаем і развіваем у парку «Вялікі камень», — падкрэслівае ён.

Дык колькі ж іх зараз? Паводле слоў суразмоўніка, у сапраўдны час зарэгістравана 85 рэзідэнтаў з аб’ёмам заўяленых інвестыцый больш за 1 мільярд 240 мільёнаў долараў. 37 суб’ектаў гаспадарання ўжо распачалі актыўную гаспадарчую дзейнасць па выпуску прадукцыі і аказанні паслуг. Тэрыторыя індустрыяльнага парка «Вялікі камень» на дадзены момант складае 11 761 гектар. 

— Фінансавыя вынікі, яшчэ пакуль сціплыя з пункту гледжання таго, што мы знаходзімся ў пачатку свайго шляху, — кажа кіраўнік адміністрацыі, але разам з тым прыводзіць некалькі паказальных лічбаў. — У тэрыторыю на дадзены момант украдзена больш за 720 мільёнаў долараў. 

Заробак — вышэй сярэдняга па краіне ў два разы

Суразмоўнік удакладняе: больш за 300 мільёнаў долараў складаюць інвестыцыі рэзідэнтаў індустрыяльнага парка. Акрамя таго, тут прысутнічае акцыянерны капітал кампаніі па развіцці парка, бюджэты дзвюх краін. Што датычыцца выдаткаў з бюджэту Рэспублікі Беларусь, яны цалкам вярнуліся, сцвярджае ён.

— Мы ўжо ўклалі ў праект 34 мільёны долараў і для нашай невялікай краіны гэта дастаткова салідныя грошы, — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Ярашэнка. — Але пры тым што ў нас, здавалася б, добры афшор з добрымі падатковымі льготамі прамыя адлічэнні ў бюджэт у выглядзе падаткаў ад нашых рэзідэнтаў — кампаній парка — ужо цалкам перавысіла прамыя выдаткі бюджэту. 

Пры гэтым ён звяртае ўвагу і на так званы ўскосны эфект. 

— Створана больш за 1700 працоўных месцаў, пры гэтым больш 80 % работнікаў, як правіла, беларусы, — кажа кіраўнік парку і тлумачыць. — Нашы людзі працуюць на гэтых прадпрыемствах з заробкам больш з дзве тысячы 700 рублёў, што вышэй сярэдняга заробку па краіне больш, чым у два разы. 

Цікавая і геаграфія экспарту кампаній-рэзідэнтаў. Цяпер прадукцыя пастаўляецца на экспарт у 20 краін свету і летась даход (паводле статыстыкі за 9 месяцаў) склаў 64 мільёны долараў.

— Выручка ў нашых рэзідэнтаў вырасла больш, чым у два разы, але пры гэтым экспартная выручка (ад прадукцыі, вывезенай за межы Беларусі) вырасла больш, чым у тры разы, — падкрэслівае Аляксандр Ярашэнка і тлумачыць. — Ідзе актыўнае прасоўванне прадукцыі на экспарт, то-бок наша прадукцыя — экспартаарыетаваная. А значыць, яна якасная, карыстаецца попытам і гатова канкурыраваць на знешніх рынках. 

Працягваючы тэму эканамічнага эфекту, кіраўнік Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» упэўнены, што лічбы па чыстым прыбытку па выніках года значна палепшацца. 

— Улічваючы ў цяперашні час актыўную інвестыцыйную стадыю развіцця нашага праекта (будуюцца заводы, насычаюцца абсталяваннем, выпускаецца першая прадукцыя), летась мы атрымалі станоўчы эканамічны эфект непасрэдна рэзідэнтамі, — падкрэслівае Аляксандр Ярашэнка і выказвае спадзяванні, што такі дынамічны пачатак адаб’ецца на перспектывах развіцця гэтага амбіцыйнага праекта. 

Рэзерв для будучых рэзідэнтаў 

Расказваючы аб інфраструктуры парка, яго кіраўнік звярнуў увагу на выставачны комплекс, дзе летась праходзіла выстаўка «Белагра-2021». 

— У нас ёсць, што паказаць і расказаць, аб праекце можна казаць гадзінамі, — кажа з усмешкай суразмоўнік. — Больш за тое, у нас з’явіўся цудоўны аб’ект — інавацыйны цэнтр, які мае форму васьмёркі і займае амаль 19 тысяч «квадратаў».

Гэта пяціпавярховы будынак з адным нулявым (пад зямлёй) і чатырма паверхамі, які будаваўся за сродкі тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая. У ім ёсць адмысловая дэманстрацыйная зала, у якой плануецца арганізацыя выстаўкі прадукцыі кампаній-рэзідэнтаў. 

— Але самае галоўнае, дзеля чаго ён ствараўся і будаваўся, — пад новае заканадаўства для суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці, так званыя стартапы, — кажа суразмоўнік. — На два гады мы ім даем ільготныя перавагі, якімі карыстаюцца рэзідэнты парка, але яны пакуль не рэзідэнты. Чалавек прыходзіць з ідэяй. Мы даем месца, фінансавую падтрымку, тэхнічнае суправаджэнне і гэтак далей, ён ні за што не плаціць, аднак павінен прайсці абарону сваёй ідэі. 

Тлумачачы задуму такога кроку, Аляксандр Ярашэнка звяртае ўвагу, што гэта выдаткі ў будучыню:

— Мы суправаджаем старпаты ад ідэі да камерцыйнага ўвасаблення, каб потым яны сталі нашымі рэзідэнтамі: для нас важны інавацыйны шлях развіцця. 

Паводле яго слоў, летась з трох такіх стартапаў быў зарэгістраваны адзін рэзідэнт, які займаецца дакладным земляробствам. 

— Праект вельмі цікавы і накіраваны на кропкавае нанясенне ў зямлю хімікатаў і ўгнаенняў, — рэзюмуе кіраўнік адміністрацыі парку.


У тэму

Кампетэнцыі адміністрацыі парка пашырацца

На мінулай пазачарговай сёмай сесіі Савета Рэспублікі быў разгледжаны праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень»

У прыватнасці, на пасяджэнні была акцэнтавана ўвага, што «Вялікі камень» прывабны адмысловымі фінансавымі ўмовамі, развітой інфраструктурай, лагістыкай і геаграфічным месцазнаходжаннем. Пра што сведчыць стабільны і паступальны рост колькасці рэзідэнтаў (на 10 — 15% у год) і вытворчасцяў, якія ствараюцца.

Парк створаны для прыцягнення ў нашу краіну найвышэйшых тэхналогій. Для гэтага рэзідэнты Парку павінны аператыўна, па месцы знаходжання ў парку атрымліваць неабходныя дазволы і іншыя дакументы, патлумачылі сутнасць прапанаваных змен у Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. 

У абгрунтаванні неабходнасці прыняцця змен звяртаецца ўвага, што дадзены законапраект накіраваны на ўдасканаленне прававых адносін у індустрыяльным парку, што дасць магчымасць забяспечыць аператыўнасць ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур і, як следства, палепшыць інвестыцыйны клімат.

Праектам Закона пашыраецца кампетэнцыя дзяржаўнай установы «Адміністрацыя Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» у галіне выкарыстання і аховы нетраў, а таксама найменні геаграфічных аб’ектаў.

Сенатары цалкам пагадзіліся з прапанаванымі навацыямі. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота: БелТА, belgazprombank.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.