Вы тут

Грузапаток праз Беларусь расце


Паток грузавога транспарту праз нашу краіну летась павялічыўся больш чым на 5 %, нягледзячы на абмежаванні ў сувязі з пандэміяй, закрыццём пунктаў пропуску па гэтай і іншых прычынах і некаторых санкцыйных мерах. Кіраўніцтва Дзяржаўнага мытнага камітэта падвяло вынікі работы, расказала аб прымяненні навігацыйных пломб, а таксама растлумачыла, з чым звязаны чэргі фур на граніцах.


Грузапаток расце, чэргі застаюцца

Нягледзячы на сітуацыю з ковіднымі абмежаваннямі і закрыццё некаторых пунктаў пропуску па іншых прычынах, летась захоўвалася тэндэнцыя да павелічэння транспартнага грузапатоку праз нашу краіну. У 2021 годзе праз мытную граніцу прайшло больш за 2,4 мільёна грузавых аўтамабіляў — на 5,6 % больш, чым у 2020-м. Аб'ём перавезеных імі тавараў таксама вырас — на 7,7 % і склаў амаль 32 мільёны тон. У рэспубліканскі бюджэт ад мытнай дзейнасці ў 2021 годзе паступіла больш за 10,5 мільярда рублёў, што амаль на 20 % больш, чым у 2020-м.

У сувязі з чэргамі грузавых машын на польскім і літоўскім напрамках летась актыўна развівалі пляцоўкі чакання перад пунктамі пропускаў. Сістэма электроннай чаргі створана ў сямі з іх — дзве на беларуска-польскай граніцы (Брузгі і Брэст), дзве на беларуска-латвійскай (Грыгароўшчына і Урбаны), тры на беларуска-літоўскай (Катлоўка, Каменны Лог, Беняконі).

Сітуацыю з чэргамі пракаментаваў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі.

— У нас па ўсіх напрамках — польскім, украінскім, літоўскім, латвійскім — ёсць пагадненні з сумежнай краінай аб колькасці транспартных сродкаў, якія афармляюцца, а гэта значыць прымаюцца да сябе, па кожным пункце пропуску. На ўезд заўсёды афармленне больш складанае, кантроль большы, так што чарга залежыць ад таго, як хутка сумежны бок прымае аўтамабілі. Апошнія 2-3 гады ў нас рэгулярна чэргі на літоўскім напрамку, таму што тыя нормы, якія ўстаноўлены ў нашых пагадненнях, калегі не заўсёды выконваюць. Гэта сістэмная праблема. Калі б нормы выконваліся, думаю, такіх чэргаў дакладна не было б, — адзначыў Уладзімір Арлоўскі.

Акрамя таго, з мінулага года літоўскі бок пачаў рэканструкцыю самага вялікага пункта пропуску на граніцы з Беларуссю — «Мядзінінкай». Пасля пачатку рэканструкцыі прапускная здольнасць скарацілася ў два разы — з 500 да 250 аўтамабіляў у суткі.

Што да польскага напрамку, сітуацыя на граніцы звязана з закрыццём палякамі пункта пропуску «Кузніца Беластоцкая» (з беларускага боку — «Брузгі»). Да гэтага ў сувязі з ковіднымі абмежаваннямі было закрыта яшчэ два пункты пропуску — Дамачава і Пясчатка. Усё гэта сур'ёзна паўплывала на чэргі на граніцы.

— Закрыццё Брузгоў у лістападзе мінулага года стала нечаканым, перавозчыкі былі не гатовы, тым больш што гэта адбылося ў канцы года, калі найбольшы грузапаток, імпарцёры і экспарцёры імкнуцца закрыць свае кантракты. Так што сітуацыя была вельмі напружаная. У пачатку года крыху лягчэй, але ўсё роўна чэргі ёсць, — сказаў старшыня мытнага камітэта. — Мы на ўезд сваю норму выконваем, стараемся рабіць і больш. Акрамя таго, праведзены шэраг перагавораў на сваім узроўні — як з кіраўніцтвам мытных службаў Польшчы і Літвы, так і па лініі МЗС. Мы прапаноўвалі адкрыць хаця б адзін з трох закрытых пунктаў пропуску на польскім напрамку і знізіць нагрузку. На жаль, нашы калегі нас не чуюць, прыкрываючыся або ковідам, або мігрантамі, або яшчэ нейкімі пытаннямі, — канстатаваў Уладзімір Арлоўскі.

З беларускага боку на беларуска-ўкраінскай граніцы ў ліпені 2021 года ўведзены ў эксплуатацыю рэканструяваны пункт пропуску «Верхні Церабяжоў». У выніку агульная прапускная магчымасць пунктаў пропуску на гэтым напрамку павялічылася на 930 аўтамабіляў у суткі і складае амаль 32 тысячы машын. Сёлета плануецца пабудаваць новы пункт пропуску «Аляксандраўка» ў Мазырскім рэгіёне замест рэканструкцыі старога.

Механізм прымянення навігацыйных пломб адладжаны

Першапачаткова нямала пытанняў, у тым ліку арганізацыйных, выклікаў механізм прымянення навігацыйных пломб на транспартных сродках. Як адзначыў Уладзімір Арлоўскі, сёння ён цалкам адладжаны. Час усіх аперацый — ад звароту да аператара і аплаты да навешвання пломбы і яе актывацыі — займае 15—20 хвілін. Ёсць адзінкавыя выпадкі, калі здараюцца чэргі, і працэс можа зацягнуцца да дзвюх гадзін, але гэта здараецца крайне рэдка.

Трэба сказаць, што пагадненне аб прымяненні навігацыйных пломбаў для адсочвання перавозак было зацверджана ў канцы 2021 года на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Беларусь пачала іх прымяняць яшчэ ў 2020-м, не чакаючы прыняцця гэтага рашэння ў рамках ЕАЭС.

— Раней мы іх прымянялі толькі адносна перавозчыкаў, па якіх ёсць інфармацыя, што яны парушаюць мытнае заканадаўства. У 2021 годзе мы пашырылі сферу прымянення. Цяпер выкарыстоўваем навігацыйныя пломбы на літоўскім і польскім напрамках, бо там учыняецца больш за ўсё правапарушэнняў у мытнай сферы. Гэты механізм дае магчымасць скараціць колькасць мытнага кантролю непасрэдна на граніцы, суправадзіць транспартны сродак або ва ўнутраны пункт мытнага афармлення, або да выезду з тэрыторыі Беларусі, — патлумачыў Уладзімір Арлоўскі.

З пачатку прымянення механізму навесілі ўжо 235 тысяч навігацыйных пломбаў. Адначасова кантралюецца каля чатырох тысяч транспартных сродкаў з такімі пломбамі, у суткі імі аснашчаецца каля дзвюх тысяч аўтамабіляў. Кошт для перавозчыка складае 10 базавых велічынь за адну паслугу. Пры фарміраванні цаны за аснову браліся выраб праграмнага прадукту, яго суправаджэнне, купля і эксплуатацыя пломбаў, зарадка, навешванне, зняцце, дастаўка ў пункты пропуску, кругласутачны маніторынг, выезд на парушэнні.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.