Вы тут

Азірнуцца, каб не страціць


У чарговы раз Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур правёў разам з партнёрамі творчую стажыроўку для кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці – на базе арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, прафесійных калектываў мастацкай творчасці Беларусі


Па розных прычынах мільёны нашых супляменнікаў жывуць цяпер за межамі Беларусі. Яны змаглі стварыць там этнакультурныя суполкі, аматарскія калектывы мастацкай творчасці і цяпер пашыраюць беларускую культуру ў замежжы. Час ад часу прыязджаюць здалёк на Бацькаўшчыну, зямлю продкаў: каб набрацца досведу, новых уменняў ды годна прадстаўляць нашы нацыянальныя адметнасці ў іншых краінах.

Вось і сёлета, за месяц да Новага года, яны сабраліся на стажыроўку ў Мінску. Іх чакалі майстар-класы і практычныя заняткі па беларускім традыцыйным мастацтве. Апошнія ладзіліся ў беларускай сталіцы на базе РЦНК, у Беларускім дзяржуніверсітэце культуры й мастацтваў. Многім спадабаліся паездкі ў гарадскі пасёлак Івянец і аграгарадок Ракаў Мінскай вобласці, а таксама ў Магілёў, дзе й па гэты час перадаюцца ўменні, развіваюцца рамёствы. У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры, напрыклад,  гасцям свае вырабы паказалі адразу некалькі майстроў. У Ракаўскім цэнтры народнай творчасці іх навучылі ткаць паясы, ствараць батлеечны тэатр, у Івянецкім музеі традыцыйнай культуры прадэманстравалі, як робяцца збаны з гліны. Дарэчы, Івянец раней называлі сталіцай ганчарства. І гэта не ўсё: праграмя яшчэ большая.

Мы папрасілі “стажораў” расказаць крыху пра сябе і тыя суполкі, у якіх яны выяўляюць свае таленты. Пацікавіліся: якімі ведамі збіраюцца дзяліцца з сябрамі пасля стажыроўкі.

Ганна Чарнавок, сяброўка асацыяцыі “Bellarus” у Неапалі (Італія), майстар па прыкладных відах мастацтва:

“Сяброўкі ў Італіі, што раней прыязджалі на падобныя стажыроўкі ад нашай суполкі, гаварылі: “Ой, як класна! З’ездзі туды, паглядзі, што можна зрабіць сваімі рукамі на беларускую тэматыку”. Я люблю штосьці майстраваць, шукаю парады ў інтэрнэце, але там рэдка сустрэнеш нешта сапраўды беларускае. На стажыроўцы ўпершыню. Ва Універсітэце культуры і мастацтваў у Мінску нас вучылі спяваць і танцаваць. На занятках па харэаграфіі лекцый доўга не чыталі – прапанавалі самім станьчыць Польку, Ручаёк ды іншыя танцы. І сапраўды: тыя танцы, у якіх ты сам удзельнічаў, запомняцца надоўга. Некалькі відэа з тых заняткаў я адправіла ў Італію. Мне сяброўкі напісалі: “Калі вернешся, абавязкова нам пакажаш, як гэта робіцца”. На майстар-класах у Магілёве мы рабілі сувеніры з саломкі, і я пацікавілася, як майстраваць цацкі з дрэва: мой дзядуля быў вельмі добры столяр. Маленькай заўсёды прыбягала да яго ў майстэрню, памятаю пах стружкі…

Мяне ўразіла гасціннасць, з якой сустракалі нас на месцах. Маю на ўвазе само стаўленне да нашай дэлегацыі: маўляў, вось вы прыехалі – паглядзіце, што ў нас ёсць новага, успомніце, што пакінулі, азірніцеся, што ў вас за спіной засталося, адкуль вы родам, адкуль выйшлі – і вяртайцеся назад.

У Італію я патрапіла па эканамічных меркаваннях. Паехала “на годзік”, а затрымалася на ўсе 20… Думкі вярнуцца на Радзіму ў мяне заўсёды былі. Прызнаюся, калі жывеш за мяжой, вельмі хочацца дадому. Але, на жаль, чым больш праходзіць часу, то думаеш пра тое ўсё радзей… У наш няпросты час, калі ў свеце пандэмія, усе мы становімся больш адасобленымі і “заціснутымі”. Такія стажыроўкі прыўздымаюць нас над паўсядзённасцю, раскрываюць, прымушаюць узгадаць, адкуль мы, і што мы дастаткова светлыя людзі з чыстай душой: нездарма ж нас часам называюць “белыя русы”.

Трэба сказаць, што ў Італіі таксама ёсць дзяржпраграма, якая дапамагае эмігрантам уліцца ў грамадства, і пры тым італьянцам больш даведацца пра нашу культуру. Муніцыпальнае кіраўніцтва Неапаля прадаставіла для асацыяцыі “Bellarus” памяшканне, мы там сустракаемся і зберагаем альбомы, кнігі, беларускую сімволіку. Збіраемся па чацвяргах. Гэта для нас як аддушына: ладзім святы, майструем нешта, дзелімся досведам з дзецьмі (яны ўжо нарадзіліся ў Італіі), спяваем ў хоры “Спадчына”. Дарэчы, вучыць спяваць нас італьянка Роза, прафесійная оперная спявачка, выкладчыца кансерваторыі. Наша Роза кіруе яшчэ й хорам толькі з італьянцаў. Яны часта выступаюць у храме, выязджаюць на гастролі. Прычым Роза бярэ заўсёды з сабой і нас. Ёсць водгукі, што спяваем мы не горш за прафесіяналаў! Пасля стажыроўкі ў нас будзе чым здзівіць італьянскіх слухачоў. Магчыма, у нашым рэпертуары з’явіцца некалькі новых беларускіх песень.

Хацелася б пажадаць землякам-беларусам заўсёды памятаць пра родавыя карані ды не губляць лепшыя свае якасці, асабліва такія, як шчодрасць і гасціннасць”.

На майстар-класе ў Магілёве (VESTNIKMOGILEVA.BY)

Яўген Трыстан, сябар Культурнага цэнтра “Беларусь” Паўладарскай вобласці (Казахстан). Яму 25 гадоў і ён -- лідар моладзевага крыла суполкі, удзельнік народнага самадзейнага моладзевага ансамбля “Надзея”

Гэты юнак быў асабліва ўніклівы, паглыбляўся ў дэталі на майстар-класах па ткацтве. Адчувалася, што Яўгена вабяць ткацкія станкі, тканыя паясы й ручнікі.

“Ткаць паясы з беларускім арнаментам я навучыўся ў Паўладары. А тут на майстар-класе пабачыў больш складаную тэхніку ткацтва, знайшоў патрэбную літаратуру. Мая маленькая мара: змайстраваць ткацкі станок (яго яшчэ называюць кросны) сваімі рукамі ды на ім ткаць паясы, ручнікі, абрусы, сурвэткі ды іншыя рэчы, – распавёў нам Яўген. – Апошнім часам з дапамогай інтэрнэту я спрабую асвоіць тэхніку пляцення кошыкаў, лапцяў ды іншых вырабаў. Валодаю некаторымі навыкамі. Хачу ўдасканаліць майстэрства, каб потым яго перадаваць дзецям. Праводжу заняткі раз на тыдзень, а то, бывае, і два, гледзячы па абставінах. Калі вучыць майстэрству дзяцей, яны ж і дарослымі будуць цікавіцца рамёствамі. А ў падлеткаў з’яўляюцца іншыя інтарэсы… Пад кіраўніцтвам старшыні Культурнага цэнтра “Беларусь” Любові Іванаўны Богнат мы імкнемся пагрузіць усю моладзь, якая прыцягваецца да суполкі, менавіта ў беларускасць. Навучаем хлопцаў і дзяўчат, як і калі праводзіць беларускія абрады, шукаем патрэбную інфармацыю”.

Па словах Яўгена, хоць ён “з боку маці – рускі, а з боку бацькі – украінец”, але з дзяцінства цікавіцца беларускай культурай. Пэўна, так было наканавана, і калі пашукаць, то, відаць, знойдуцца ў ягоным радаводзе і беларускія карані: “прабабуля з боку маці, расказвалі, была беларускай”. Яшчэ ў маленстве Яўгена запрасілі спяваць у ансамбль “Надзея” КЦ “Беларусь”. У калектыве ён ужо каля 14 гадоў. Моладзевы вакальны ансамбль кожныя тры гады пацвярджае званне народнага. Дарэчы, яго выступленні можна паглядзець на YouTube-канале. На адным з відэа Яўген Трыстан разам з сябрамі спявае песню “Купальскі вяночак”. Ды так прыгожа, што й нам з вамі можна павучыцца. А беларускія нацыянальныя строі яму вельмі да твару.

“Так атрымалася, што я пачаў самастойна вучыць беларускую мову, – расказаў Яўген. – Запытаць, як правільна вымаўляецца тое або іншае беларускае слова, не было ў каго. Носьбітаў і выкладчыкаў беларускай мовы ў нас мала. Але ёсць беларускія кнігі, творы мастацкай літаратуры, падручнікі “Роднай літаратуры” – па іх і вучуся. І ўжо заўважныя поспехі. Дома я паўсядзённа размаўляю на рускай і казахскай мовах, а ў цэнтры “Беларусь” стараюся гаварыць па-беларуску, асабліва з дзецьмі, падлеткамі. Спрабую правільна вымаўляць беларускія фразы, што сустракаюцца ў песнях. Хачу, каб гэтыя выразы былі на слыху ў нашых спевакоў, каб яны разумелі, пра што спяваюць”. У рэпертуары калектыву такія песні, як “Дзеўка і казак”, “Маруся”, “Купалінка”, “Чаму ж мне ня пець”, “Купальскі вяначак” ды іншыя. З цягам часу Яўген мае намер паступіць у Паўладарскі педуніверсітэт і вывучыцца на выкладчыка музыкі: “Тады ў мяне будзе больш ведаў, я змагу імі дзяліцца з дзецьмі, моладдзю цэнтра”.

На майстар-класе ў Магілёве (VESTNIKMOGILEVA.BY)

Уладзімір Абрамчук

Уладзімір Абрамчук, сябар Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі, кіраўнік фолк-гурта “Партизан FM”:

“На стажыроўку я прыехаў упершыню і думаю, што гэта пойдзе мне на карысць. Я ж фалькларыст, але больш па рускай казацкай традыцыі: заканчваў у свой час Маскоўскі дзяржінстытут культуры, займаўся на кафедры народна-спеўнага мастацтва. Хацелася б даведацца больш пра беларускія спеўныя традыцыі”, – патлумачыў Уладзімір.

Ён нарадзіўся ў Падмаскоўі, яго бацькі родам з вёскі Соміна Брэсцкай вобласці. У дзяцінстве Уладзімір бываў у гасцях у бабулі і дзядулі, але не так часта, як хацелася б. Цяпер Абрамчука ў Соміна больш ведаюць як хлопца, што згуляў там сваё вяселле ў аўтэнтычным стылі. Па гэты час вяскоўцы пад уражаннем: раней такога ніколі ў іх не было. “Вяселле з жонкай у беларускай вёсцы мы справілі ў 2007 годзе, – расказаў Уладзімір. – Пастараліся зрабіць яго як мага больш аўтэнтычным, у двары дома паставілі шацёр, а ў ім – сталы з лаўкамі. На сталах была самая простая вясельная ежа: рыба печаная, заліўныя стравы, бульбачка... Мы, як жаніх і нявеста, апрануліся ў старадаўнія вясельныя строі, крышачку стылізаваныя. Запрасілі шмат гасцей. Цяпер, калі прыязджаю, то мяне пазнаюць: “О, дык гэта ж той, што вяселле ў нас гуляў!”. А бабулі з мясцовага фальклорнага гурта “Каліна” сустракаюць, песні спяваюць, сталы накрываюць”.

На майстар-класе ў Магілёве (VESTNIKMOGILEVA.BY)

Такое сяброўства ў іх пачалося задоўга да вяселля, калі ў 2003-м Уладзімір з будучай жонкай яшчэ студэнтамі згаданага інстытута прыехалі ў Беларусь у экспедыцыю па фальклор. Абое пісалі дыпломы на кафедры народна-спеўнага мастацтва. “У навуковых мэтах” аб’ездзілі нямала вёсак Івацэвіцкага і Пінскага раёнаў Брэстчыны. “Вынікам сталі дзве дыпломныя працы на тэму беларускага Палесся: адзін дыплом быў па каляндарных песнях, другі – па працяглых або лірычных. З таго часу я й пачаў ездзіць у Беларусь часцей”, – падзяліўся Уладзімір.

Вядомы сёння мой суразмоўца не толькі тым, што згуляў вяселле ў беларускай вёсцы. Уладзімір – дырыжор, кіраўнік гурта “Партизан FM”, які ведаюць і ў Расіі, і ў Беларусі. “Гурт “Партизан FM” – гэта сучаснае бачанне фальклорных песень, – расказаў Уладзімір.

– Калектыў можна назваць вакальна-інструментальным. Мы граем на розных інструментах: баяне, балалайцы, саксафоне, бас-гітары, трубе і ўдарных. Большасць з іх народныя. Ніколі не працуем пад фанаграму, заўсёды жывы гук. Спяваем у асноўным рускія казацкія песні. Да беларускіх чарга не дайшла, але стажыроўка наводзіць на такія думкі (смяецца)… У Беларусі гурт бываў неаднаразова з канцэртамі. Мы выступалі на Бярозаўскім маторарамонтным заводзе, на фестывалі “Ружанская брама” у гарпасёлку Ружаны Пружанскага раёна, у Давыд-Гарадку на Століншчыне, у Целяханах Івацэвіцкага раёна – усё гэта Брэстчына. А калі я пачаў супрацу з ФНКА Беларусаў Расіі, то прыязджаў на свята “Конікі” ў Давыд-Гарадок у складзе дэлегацыі: нас 30 чалавек было. Два-тры дні мы  каледавалі, потым давалі вялікі канцэрт. Пабрацім Давыд-Гарадка ў Падмаскоўі – пасёлак Марушкіна. Там наш гурт зладзіў відовішчнае “Купалле”. На яго запрасілі артыстаў з Беларусі”.

Валерый Амбросаў, сябар праўлення Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» (Даўгаўпілс, Латвія), удзельнік танцавальнага гурта “Лянок”:

“Мне заўсёды цікава прыязджаць у Беларусь, бо прымаючы бок якасна рыхтуе прыём. Да большасці гэтых імпрэзаў арганізатары ставяцца вельмі прафесійна: каб і пазнавальна было, і з выхаваўчым эфектам. Пашырэнне беларускай культуры, беларускай традыцыі ў свеце – гэта не гучныя словы. Клопат пра тое тут сапраўды адчуваецца, – казаў Валерый. – На стажыроўцы ў Мінску я быў раней, здаецца, у 2015-м. Сваёй чаргі, бывае, трэба пачакаць, бо ў Даўгаўпілсе вялікая беларуская грамада. Ёсць таварыства “Уздым”, ёсць муніцыпальная ўстанова Цэнтр беларускай культуры, таму шмат ахвочых. На гэты раз вучоба ў Беларусі будуецца крыху па-іншаму. Відаць, што ў людзей, якія ладзяць яе, іншае бачанне. Раней мы займаліся толькі ў сталіцы, цяпер выязджаем за межы Мінска, і гэта цікава. У маленькіх гарадах Беларусі я бываў менш. Ведаю Глыбокае, Відзы, Браслаў, Мёры, Докшыцы – там, у Віцебскай вобласці, жывуць мае сваякі. На гэты раз мне пашанцавала патрапіць у Ракаў ды Івянец. Я жыву ў Даўгаўпілсе, на гістарычна-культурнай тэрыторыі Латгаліі. Беларусам Даўгаўпілса імпануе, што яны блізка ад Беларусі. У горадзе, напрыклад, ладзіцца Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, на прыродзе святкуецца “Беларускае Купалле”. Такія імпрэзы прыцягваюць шмат гасцей з Беларусі. На святы на цэнтральнай плошчы горада абавязкова вывешваюцца беларускія сцягі. У Даўгаўпілсе пастаянна знаходзіцца нейкая беларуская дэлегацыя: спартыўная, культурная, адукацыйная... Магу сказаць, што ў Латгаліі добра ставяцца да беларусаў. Латгайцы іх лічаць сябрамі, падтрымліваюць з імі цесныя стасункі”.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Азірнуцца, каб не страціць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.