Вы тут

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?


Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. На працягу многіх стагоддзяў у гэтым невялікім гарадку, што на Гродзеншчыне, жывуць праваслаўныя, католікі і мусульмане (да Вялікай Айчыннай вайны — яшчэ і іудзеі). Жывуць мірна, паважаюць традыцыі адзін аднаго. А яшчэ іўеўчане любяць працаваць на зямлі, але ўмеюць і адпачываць — адзін памідорны фестываль, вядомы не толькі на ўсю Беларусь, а і далёка за мяжой, чаго варты!


У Іўі зна­хо­дзіц­ца най­ста­рэй­шая мя­чэць кра­і­ны.

Ужо з першых хвілін знаходжання ў райцэнтры нават непадрыхтаваны турыст зразумее — паселішча старажытнае. Дамы і пабудовы, узведзеныя два стагоддзі таму, вялікая колькасць храмаў, вузкія вулачкі... Уяўляеш, як калісьці шпацыравалі па іх Радзівілы ці Сапегі, Агінскія або Гаштольды. Руіны Геранёнскага замка, які належаў апошнім, дагэтуль прыцягваюць выпадковых і не толькі падарожнікаў. Але калі пра гісторыю гэтага мястэчка мы нядаўна пісалі, то чым жывуць Геранёны сёння, за рэдкім выключэннем, ведаюць толькі месцічы.

Кветкавых спраў майстар

Між іншым, аграгарадок славіцца сваімі майстрамі. Наведаўшы Геранёнскі Дом культуры, які з'яўляецца філіялам Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, дзівішся, наколькі таленавітыя і працавітыя людзі жывуць у мястэчку. Якія прыгожыя кампазіцыі з саломы, што іначай як творамі мастацтва і не назавеш, стварае загадчык сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры Юзэфа Старасціна! Дзякуючы гэтай таленавітай жанчыне можна ўбачыць, як выглядаў той жа Геранёнскі замак: яго копія — упрыгажэнне саламянай калекцыі, багатай на самыя розныя вырабы.

Чаго толькі не ўмее рабіць майстар сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры Ганна Пуйдак... Жанчына таксама займаецца саломапляценнем, роспісам па шкле, прыгожа малюе. Адно з апошніх захапленняў — прасаваная фларыстыка. Складана перадаць, якія прыгожыя пейзажы, нацюрморты і кампазіцыі атрымліваюцца з засушаных кветак і іншых раслін. Карціна ў рамцы — вынік работы, якой папярэднічае доўгі падрыхтоўчы працэс.

— Перш чым наклеіць кветку, яе трэба засушыць, — дзеліцца сакрэтамі майстэрства Ганна Іванаўна. — У кожнага майстра свая тэхналогія засушкі. Я дзеля гэтай мэты карыстаюся звычайнай кнігай. Кожная кветка сохне па-рознаму. Калі браткі высыхаюць за тры-пяць дзён, то цюльпаны будуць сохнуць два тыдні. Васількоў не засушыш у кнігах: кветкі страчваюць свой колер. У такім выпадку выручыць прас.

Найбольш непатрабавальный кветкай майстар сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры называе белы рамонак. Таксама жанчына прызнаецца, што любая расліна можа ўпрыгожыць карціну, нават калі гэта пустазелле. «Самы просты элемент у фларыстыцы падкрэслівае прыгажосць нечага іншага, — заўважае Ганна Пуйдак. — Цікава, што і кветкі, якія растуць у розных краінах, не канфліктуюць, а сыходзяцца ў адной кампазіцыі. Кожная кветка мае сваю біяграфію, жыццёвую лінію: як яе паказаць, усё залежыць ад фларыста-мастака. Які б у нас ні быў настрой, гледзячы на прыродную прыгажосць, мы адчуваем сябе добра. А яшчэ фларыстыка — гэта фітатэрапія: бярэшся за работу і пра ўсе хваробы забываешся».

Са­ла­мя­ная ко­пія Ге­ра­нён­ска­га зам­ка.

Прасаванай фларыстыцы, як і ўсяму астатняму рамяству, Ганна Іванаўна вучылася сама. Гэта цяпер самаадукацыяй можа займацца кожны: вялікая колькасць літаратуры, інтэрнэт. Раней жа сакрэты майстэрства спасцігалі шляхам проб і памылак. І не дзеля самаразвіцця, як прынята ў сучасным свеце, а каб зарабіць якую-небудзь капейку. А яна Ганне Пуйдак была патрэбная: жанчына нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей, носіць званне «Маці-гераіня». Майстрыха ўжо даўно на пенсіі, але яна ніколі не сядзіць без работы, заўсёды вучыцца нечаму новаму: у хуткім часе плануе займацца вырабамі з бяросты.

Цэнтр духоўнасці і сілы

У Іўі знаходзіцца найстарэйшая мячэць краіны. На малітву ў храм 1882 года пабудовы дагэтуль прыходзяць людзі. Сёння татарская абшчына Іўеўскага раёна складае каля 500 чалавек. Гэта самая буйная абшчына ў Беларусі з карэнных татараў, якая сёлета адсвяткуе сваё 625-годдзе.

Традыцыйна мячэць ажывае па пятніцах, калі ў мусульман дзень адпачынку і калектыўнай малітвы. Для жанчын яна неабавязковая, аднак яны ўсё роўна імкнуцца ў гэты дзень наведаць храм. А вось мужчынам без уважлівай прычыны калектыўную малітву прапускаць нельга. У святы ў мячэці ўвогуле шматлюдна: каб выказаць павагу суседзям-мусульманам, у храм прыходзяць прадстаўнікі і іншых веравызнанняў.

— Калі людзі сабраліся на малітву і зачынілі ў мячэці дзверы, не пускаючы каго-небудзь, іх малітва будзе несапраўдная, — кажа старшыня мусульманскай рэлігійнай абшчыны г. Іўе Іван ШАБАНОВІЧ. — Для людзей з добрымі намерамі, няхай гэта нават не мусульмане, у мячэці заўсёды павінна быць месца.

Гісторыя іўеўскай мячэці вельмі цікавая. Татарская абшчына тут існавала даўно, але доўгі час свайго храма не мела. Лес на пабудову мячэці дала тагачасная гаспадыня Іўя — графіня Эльвіра Замойская. Яна была каталічкай, жыла ў Варшаве, але з татарамі мела добрыя адносіны. Па словах Івана Шабановіча, мячэць будавалі цесляры-яўрэі.

З 1882 года, калі быў пабудаваны храм, ён зусім не змяніўся. Вядома, пэўныя рамонтныя работы за гэты час вяліся, але асаблівых змен мячэць не зведала. Нават немцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны пашкадавалі храм. Не пацярпеў ён і ў бязбожны час савецкага перыяду. Аднак, як успамінае Іван Шабановіч, спробы закрыць мячэць усё ж такі былі. «У 1950-я гады прыходзілі адказныя супрацоўнікі, але выйшлі людзі і не далі, — расказвае старшыня мусульманскай рэлігійнай абшчыны. — Магчыма, не закрылі яшчэ і таму, што гэта на той час была адзіная мячэць у Беларусі, а калі пазбавіць людзей і яе, то недалёка і да бунту. Праўда, самі вернікі захаванне мячэці ў такія няпростыя ў нашай гісторыі часы іначай як цудам Божым не называюць».

Злачынства без апраўдання

Каб зразумець Іўеўшчыну, трэба абавязкова пабываць і ў Музеі нацыянальных культур, які адзін такі на ўсю краіну. У экспазіцыйных залах падрабязна расказваецца аб гісторыі ўсіх народаў, якія маюць дачыненне да іўеўскай зямлі. Адлюстроўваюцца іх традыцыі, культура, паказваюцца асаблівасці быту, прафесійнай дзейнасці, адбываецца знаёмства са знакамітымі продкамі і сучаснікамі.

Асаблівае месца ў музеі займае тэма Халакосту. Справа ў тым, што да Вялікай Айчыннай вайны Іўе было яўрэйскім мястэчкам (у 1938 годзе 76 % насельніцтва складалі яўрэі). Сёння ж прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці, на жаль, не сустрэнеш на вуліцах гарадка — у гады вайны яўрэйскае насельніцтва поўнасцю знішчылі акупанты.

— Горад быў акупаваны 29 чэрвеня 1941 года, — расказвае дырэктар Іўеўскага музея нацыянальных культур Кацярына МАСКАЛЕВІЧ. — З пачаткам вайны яўрэяў сталі перасяляць на вуліцы, якія размяшчаліся каля Рыначнай плошчы. Не хапала вады, ежы, антысанітарыя — умовы былі жудаснымі. Мужчын кожны дзень выганялі на работы. Немцы баяліся супраціўлення, таму 2 жніўня 1941 года была арганізавана першая акцыя знішчэння мірных жыхароў. Загінула 220 чалавек: у асноўным пісьменныя мужчыны, якія кіравалі абшчынай. Пасля таго было створана гета, куды зганялі яўрэяў з найбліжэйшых мястэчак. У жудасных умовах утрымлівалася звыш чатырох тысяч чалавек. Ажыццяўляліся спробы ўцёкаў, аднак многія з яўрэяў, у каго гэта атрымлівалася, не маглі знайсці сабе прыстанішча і вымушаныя былі вярнуцца ў гета. Мясцовыя жыхары, чым маглі, дапамагалі ім. Вядома, што маці старшыні (муфцыя) Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання Беларусі Абу-Бекіра Шабановіча часта падкормлівала яўрэяў і нават хавала ў сваёй хаце.

Ган­на ПУЙ­ДАК — май­стры­ха на ўсе ру­кі. Апош­нім ча­сам яна за­ха­пі­ла­ся ства­рэн­нем пры­го­жых кар­цін з за­су­ша­ных кве­так.

12 мая 1942 года — трагічны дзень у гісторыі Іўеўшчыны. Людзей вывелі на плошчу і павялі ў бок урочышча Стоневічы. Яны ведалі, чым скончыцца гэты шлях: чакаючы сваёй чаргі каля касцёла, людзі чулі стрэлы і крыкі людзей. Некаторым пашчасціла ўцячы, але жыць у Іўі нават пасля вайны яны не засталіся: тут загінулі іх самыя блізкія людзі. У той дзень у Стоневічах адбылася масавая акцыя знішчэння мірных жыхароў — 2524 яўрэі, ад малога да вялікага, былі забітыя каля расстрэльных ям.

Сёння, паводле апошняга перапісу, яўрэі ў Іўеўскім раёне не пражываюць. Аднак тутэйшыя памятаюць пра сваіх землякоў і рэгулярна наведваюць брацкую магілу, якая сёння завецца мемарыяльным комплексам «Стоневічы».

Вераніка КАНЮТА

Фота аўтара і Вячаслава ЗЯНКЕВІЧА

Шчырую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі газета «Звязда» выказвае намесніку старшыні Іўеўскага райвыканкама Лідзіі Вайцехаўне Носуль.

Загаловак у газеце: Край нацыянальнага шматаблічча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.