Вы тут

Двухметровы пазл у падтрымку сірот


Незвычайную інсталяцыю «Пазл да пазла» з 3750 кавалачкаў прапануюць скласці наведвальнікам гандлёвага цэнтра Palazzo. Да 9 студзеня ўсе жадаючыя могуць за два рублі набыць элемент і замацаваць яго ў агульны мазаічны малюнак, а сабраныя такім чынам грошы накіруюць установе па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот «Ніці сяброўства».


Навагоднія асацыяцыі ў беларусаў звязаны з сям’ёй і сябрамі (27 %), ёлкай (22 %), мандарынамі (15%), падарункамі (11 %), святам і весялосцю (8 %). Такі топ-5 атрымаўся ў Міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў падчас апытання каля 1000 чалавек ад 18 да 64 гадоў, якія жывуць у розных гарадах Беларусі. Пры гэтым шчаслівы «мужчынскі» Новы год часцей асацыюецца з салютамі і феерверкамі, а «жаночы» — з гірляндамі, бенгальскімі агнямі і шарамі.

Цікавіліся ў беларусаў і іх навагоднімі традыцыямі. 31 % апытаных любяць сустракацца са сваякамі і сябрамі ці хадзіць у госці, набываць і дарыць падарункі лічаць абавязковым 15 %, а ўбіраць ёлку — 13 %. Святочны стол — традыцыйны атрыбут у 10 % рэспандэнтаў.
Аднак звыклыя для большасці людзей уяўленні і думкі пра Новы год не ўласцівы і недаступны дзецям з дзіцячых дамоў. Гэтую думку аўтары задумы падкрэслілі ўстаноўленай у цэнтры сценкай з навагоднімі фотаздымкамі, дзе святочная атрыбутыка замалявана чорнай фарбай.

На жаль, далёка не ўсім непаўналетнім удаецца ўладкавацца ў сям’ю. Не так часта людзі гатовыя прыняць да сябе сірату (стаць прыёмнымі бацькамі, апекунамі, стварыць дзіцячы дом сямейнага тыпу). Аднак усе нераўнадушныя могуць стаць для такіх дзяцей патранатнымі выхавацелямі. Фактычна, гэта дарослы сябра, які можа наведваць дзіця ў інтэрнаце ці запрашаць да сябе на вакацыі, выхадныя і святы.

— Штогод наша каманда фарміруе 30 пар «дарослы-дзіця». Сярод нашых супрацоўнікаў псіхолаг і сацыяльныя педагогі, якія не толькі ўважліва падбіраюць і вучаць дарослых сябраваць з малымі, але і суправаджаюць такія пары да паўналецця дзіцяці. За час існавання мы дапамаглі такім чынам ужо 251 малому, — расказаў Арцём ГАЛОВІЙ, заснавальнік установы «Ніці сяброўства».

Каб падарыць дзецям яшчэ больш магчымасцяў даведацца, як сустракаюць Новы год у звычайных сем’ях, сабранае ад продажу пазлаў ахвяраванне ўдвая павялічаць партнёры незвычайнай інсталяцыі — Visa і Збербанк.
За вынікамі праекта «Пазл да пазла» можна сачыць у Instagram «Ніцей сяброўства» @nitidruzhby.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.